прыма́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., каго-што.
1. Злёгку, тонкім слоем замазаць. Госць адрэзаў ад доўгай булкі не па-тутэйшаму тоўстую лусту, нажом зачэрпаў са слоіка мармеладу, цераз сілу культурна прымазаў хлебныя ноздры чырвоным. Брыль.
2. Прымацаваць дзе‑н., далучыць да чаго‑н., замазваючы чым‑н. клейкім. Бабура на скорую руку залажыў дзірку зверху печы кавалкам іржавай бляхі і прымазаў глінаю, каб хоць дым не валіў на хату. Колас.
3. Разм. Змазаўшы чым‑н., прыгладзіць (валасы).
4. перан. Разм. Уладкаваць куды‑н. Томчак падарыў .. [Барылу] свой плюшавы камзол з галунамі і «прымазаў» у солтысы. Бажко.
5. У азартных гульнях — дадаць сваю долю да стаўкі якога‑н. іграка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысла́ць 1, прышлю, прышлеш, прышле; прышлём, прышляце; зак., каго-што.
1. Даставіць што‑н. поштай або праз каго‑н. Поштай маці мне прыслала ў інтэрнат пасылку. Лойка. [Цыпрук:] — Прышлю табе праз унука старыя граблі. Бядуля. З другім пісьмом Надзя прыслала Салаўёву фотакартку. Шахавец.
2. Накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. Сяльчонак абяцаў прыслаць машыну, адвезці Льва Раманавіча ў горад на аэрадром. Асіпенка. Такое не здаралася, відаць, як свет светам: да мужыцкага сына прыслалі сваццю з панскага двара. Брыль.
прысла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; зак., што.
Трохі, няпоўнасцю заслаць, прыкрыць зверху. Сяк-так давалок [мяшок збожжа]. На палаткі ўсцягнуў. Сенам прыслаў. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пуцёўка, ‑і, ДМ ‑цёўцы; Р мн. ‑цёвак; ж.
1. Афіцыйнае пасведчанне, якое выдаецца асобе пры накіраванні куды‑н. (у санаторый, дом адпачынку, новабудоўлю і пад.). Турысцкая пуцёўка. Камсамольская пуцёўка. □ У чэрвені, пасля здачы экзаменаў, Косця атрымаў пуцёўку на курорт і паехаў на Чарнаморскае ўзбярэжжа. Карпюк.
2. Лісток у вадзіцеляў транспарту, у якім указваецца маршрут і заданне. Якаў паказаў пуцёўку, потым шафёрскае пасведчанне. Кулакоўскі.
•••
Пуцёўка ў жыццё — а) веды, навыкі і пад., якія даюць магчымасць займацца працоўнай дзейнасцю; б) тое, што сведчыць аб прыгоднасці чаго‑н. да выкарыстання. Вылепіўшы і адштукаваўшы фігуры і пешкі, Іван Сарока афарбоўваў іх у адпаведныя колеры, і тады ўжо выраб атрымліваў пуцёўку ў жыццё. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распа́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распарыць.
2. у знач. прым. Які стаў мяккім пад уздзеяннем пары, гарачай вады і пад.; прыгатаваны параннем. Распараныя венікі. □ Многія рыбы ўлетку добра ловяцца на чорны і белы хлеб, на рознае распаранае зерне, гарох. Матрунёнак. На ферме, цёплай і чыстай, густа пахла варанай бульбай і распараным вотруб’ем — свіней нядаўна кармілі. Савіцкі.
3. у знач. прым. Разгарачаны, разамлелы (ад гарачыні, парання і пад.). Выходзячы з ванны ў паласатай піжаме, пачырванелы, распараны, Іван Трахімавіч сказаў жонцы: — Гануля! Зірні там у партфель. Я табе падарунак прывёз. Корбан. — Больш няма куды. Па завязку. — Дзмітрый высунуўся з люка, абцёр распараны твар. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.
1. Кіраваць рулём. Шашу дагнаў на веласіпедзе Міхайла Прымак, ён спрытна руляваў адной рукой. Шамякін. // Кіраваць рухам чаго‑н. (лодкі, санак і пад.). Надзя рулявала ўпершыню, і лодка, вядома, больш слухалася маіх двух вёслаў, чым яе аднаго. Кірэенка. Я рулюю нагамі, выкіроўваю санкі на лёд. Жычка. // Разм. Ехаць па чым‑н., кіруючы рулём. [Сяргей Сяргеевіч:] — У Змітрака ўжо была ў той час свая машына, дык ён, як толькі вернецца, бывала, з работы, пасадзіць дачку і жонку і рулюе куды-небудзь за горад — у лес або на раку. Ляўданскі.
2. Спец. Каціцца па зямлі (пра самалёт).
3. Спец. Весці самалёт па зямлі (пра лётчыка).
[Ад фр. rouler — каціць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ско́нчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад скончыць.
2. ско́нчана; безас. у знач. вык., звычайна з кім-чым. Пра заканчэнне, спыненне чаго‑н. (адносін, справы і пад.). [Стэфан:] — Пайшоў бы ты, Андрэй, куды трэба, прызнаўся, сказаў бы, што з мінулым усё скончана і ты пачынаеш новае жыццё. Ваданосаў. У-у-у, — загула Томка. — Хвацкі хлопец... І ў цябе з ім усё скончана? — спачувальна працягнула яна. Арабей.
3. у знач. прым. Вырашаны, кончаны. Скончаная справа.
4. у знач. прым. Адпеты, непапраўны ў сваіх паводзінах, імкненнях і пад. (пра чалавека). — Скончаны чалавек! — наліліся чырванню вочы Кастроўскага. Гурскі.
•••
І скончана — рашэнне канчатковае, далей размоў не можа быць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спажы́так, ‑тку, м.
1. Тое, што служыць для харчавання, для ежы. Тры сыны былі ў мамы, тры сыны былі ў таты. Разумелі ўжо і самі, што пара шукаць занятак. Бо адкуль бацькі старыя будуць браць для іх спажытак? Дубоўка.
2. перан. Карысць, каштоўнасць. Спажытак ад мастацтва, вядома, не той, што ад матэрыяльных рэчаў, сцвярджае «Апокрыфам» паэт [М. Багдановіч], але гэты спажытак — такая ж рэальная рэч, нібы карысць ад хлеба. Лойка.
3. Карыстанне. Ідучы, [гурткоўцы] падзяліліся на чатыры звяны, каб ужо зусім самастойна абмураваць усе іншыя крынічкі на добры спажытак добрым людзям. Дубоўка.
4. Рэчы, якімі карыстаюцца; маёмасць. Чаго толькі не было на вышках старой клеці, куды гаспадары выкідалі розныя непатрэбныя спажыткі. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спача́тку, прысл.
1. У першы момант. Хлопцам страшна было спачатку, а пасля ўсякі страх мінуў. Колас. — Між іншым, мы з вамі з аднаго цэха, — засмяялася дзяўчына. Алесь спачатку здзівіўся. Шыцік. // Напачатку чаго‑н. (шляху, працы і пад.). Спачатку.. [партызаны] ішлі балотам, асцярожна шукаючы нагамі больш цвёрдага месца. Шчарбатаў. // Перш за ўсё, папярэдне, раней. Пачынаем дзень спачатку Фізкультурнаю зарадкай. Раз — налева, Два — направа, Крок наперад, Крок назад. А. Александровіч. Я выпраг Дэраша, прывязаў да воза, ён і пачаў хрумстаць памаленьку сена, выбіраючы спачатку лепшае. Якімовіч.
2. Яшчэ раз; зноў. [Жонка] быццам ажыла ці спачатку пачала жыць. Чорны. [Лаўрэн:] — Куды ні зірні — усё пачынай спачатку, а тут табе ані хамута, а ні шыі. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сыно́к, ‑нка, м.
1. Памянш.-ласк. да сын (у 1 знач.). Прыйшла ў каморку, а з калыскі сынок ёй [Марыне] голас падае. Колас. Знаю я: сынок мой скончыць школу, Толькі б быў на свеце мірны час. Смагаровіч.
2. Зніж. да сын (у 1, 4 знач.). [Сегень:] — А я ж думаў, што сынок гэты .. [Нахлябіча] немаведама куды адгэтуль выкруціўся. Чорны. Бацькі .. [Лаўрука] доўга адстойвалі ў кухні, пакуль сынок з’явіўся к ім. Бядуля.
3. Ласкавы зварот старога або дарослага чалавека да маладога чалавека, юнака, хлопчыка. — Сынкі мае вы! — урачыста звярнуўся дзед наш да гасцей. Колас.
•••
Мамчын сынок — а) сын, вельмі падобны на маці; б) (іран.) збалаваны, распешчаны хлапчук, малады чалавек.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
турбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; незак.
1. Праяўляць клопат, трывожыцца аб кім‑, чым‑н. Круглатварая, кірпаносая, з бялявым тварам, ветлівая і вясёлая,.. [Аўдуля] заўсёды турбавалася аб Міхалу. Лупсякоў. — Работы? Шукай, брат, сам. Сам турбуйся аб сабе, — спакойна адказаў Варановіч. Дуброўскі. «За азімыя можна не турбавацца, — разважае Анатоль. — Цяпер на чарзе новыя клопаты: сяўба яравых». Шымук.
2. Хвалявацца, непакоіцца. — Значыць, турбуешся, куды пайсці вучыцца? — гаворыць дзядзька Ахрэм і знімае з Тараскавай галавы папяровую шапку. Юрэвіч. Такім чынам Грамабой і сам ведаў, што яму рабіць: — яшчэ да сямейнай нарады цішком пераказаў некаторым з радні — няхай не турбуюцца, вяселля заўтра не будзе. Крапіва. Справа амаль скончылася, думалася, што турбавацца, уласна, і не было чаго. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)