Працэ́нт ’сотая доля ліку’, ’даход за кожныя сто рублёў капіталу’, ’плата за пазыку’ (ТСБМ), про́цэнт ’тс’ (Нас.), працэ́нты ’надзел сенакосу ў разлік за працу ў калгасе’ (Сцяшк. Сл.). Як сведчыць націск, праз рус. проце́нт з ням. Prozent, якое, у сваю чаргу, з італ. per cento, якое потым набыла лацінізіраваную форму pro cento ’за сто’ (аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 386, з літ-рай). Форма про́цэнт у Насовіча з польск. procent ’працэнт’, хаця параўн. рус. пар. про́цент ’працэнт’. Пра гісторыю слова ў беларускай мове гл. Дода, Тэрм. бюлетэнь, 1, 42–45.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Салда́т ’радавы ваеннаслужачы сухапутнага войска’ (ТСБМ, Бяльк.). З рус. солда́т ’тс’, якое вядома з 1515 г.; запазычана праз зах.-еўр. мовы (ням. Soldat, франц. soldat і г. д. з італ. soldato ад soldare ’наймаць’); Праабражэнскі, 2, 352; Клюге, 568; Фасмер, 3, 709. З рус. і салдафо́н ’ваенны, інтарэсы якога не выходзяць за межы вузкапрафесійных заняткаў і ведаў; грубы, абмежаваны, некультурны чалавек’ (ТСБМ); у рус. з солдат пад уплывам уласнага імя Агафон, гл. Фасмер, там жа. Ст.-бел. салдатъ (1710 г.) з той жа крыніцы (Булыка, Лекс. запазыч., 63).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ргі, се́рьгі ‘завушніцы’ (Бяльк.), се́ргі, сяро́жкі ‘тс’ (ЛА, 4), ‘вушкі пад шыяй у свіней’ (ТС, Юрч. СНЛ). Ст.-бел. серьга ‘завушніца’ (1517 г.) з ст.-рус. серьга ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 115). Рус. серьга́ ‘завушніца’, ‘падвеска, хамуцік і да і. п.’, укр. се́рга ‘завушніца’, ‘кальцо, якое ўмацоўвае касу на касільне’. Ст.-рус. серьга з 1359 г. Запазычанне з ст.-чув. śürüɣ ‘пярсцёнак’, чув. śərə, śørə ‘тс’ (гл. Фасмер, 3, 611 з літ-рай) або чагат. isirɣa, ysyrɣa ‘вушныя падвескі’, караім., кыпч., казах., кірг. syrɣa ‘серга’ (Расянен, NM, 56, 52). Гл. таксама ЕСУМ, 5, 216.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тача́нка ’лёгкая павозка з адкрытым кузавам’ (ТСБМ, Вруб.): павозкі даўней былі… тачанкі (Маладосць, 1992, 2, 115), перан. ’павозка такога тыпу, забяспечаная кулямётам’ (ТСБМ), ’тачка’ (Ян., ПСл). Укр. тача́нка ’лёгкая павозка’, рус. тача́нка ’тс’. Відаць, арэальнае ўтварэнне на базе прасл. *tačati ’гнаць, паганяць, каціць’, параўн. стараж.-рус. тача́ти ’гнаць, паганяць’, польск. taczać ’каціць’, чэш. táčeti ’круціць, качаць’ (ЕСУМ, 5, 529). Не выключана другаснае збліжэнне з польск. najtyczanka ’від лёгкай павозкі’ (з нямецкай), адкуль Фасмер (3, 49), Трубачоў (Дополн., 4, 29) выводзяць рус. натыча́нка ’лёгкая плённая польская брычка’, тача́нка ’лёгкая павозка’. Гл. і тачаць, тачка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трын-трава́ ‘ўсё адно, усё роўна, хоць бы што’ (ТСБМ), ‘дробязь, тое, што не заслугоўвае аніякай увагі’ (Юрч. Фраз.). Параўн. рус. фалькл. трын былинушка трава ‘нейкая трава’ (СРНГ), аргат. трын‑трава ‘каноплі’ (Шчарбакова-Бруева, Соц.-корп. лексика, 174). Разглядаецца як русізм у беларускай мове; рус. трын‑трава перакладаецца як тынь-трава або апісальна: ему все трын‑трава — яму хоць бы што (Некр. і Байк.). Аналагічна Станкевіч (Язык, 948) адносна рус. трынь-трава, для якога прапануецца ў якасці адпаведніка народны фразеалагізм, запісаны на Чэрвеньшчыне: ані шум баравы. Гл. трынь-трава, тынь-трава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калабо́к ’малы хлябок’ (навагр., Жыв. сл.; Сцяшк.; в.-дзвін., Сл. паўн.-зах.; рас., Шатал.). Статус фіксацый слова ў першых дзвюх крыніцах няясны; параўн. меркаванне аўтара слоўніка: «магчыма, слова запазычана ў бежанстве з рускай ці ўкраінскай мовы ў час першай сусветнай вайны» (Жыв. сл., 23). Апошнія запісы з поўначы Беларусі можна разумець або як суаднесеныя з рус. колобок ’тс’ (паколькі гаворкі поўначы Беларусі роднасныя з рускімі), або як рус. запазычанне (на дыялектным узроўні). Рус. колобок (памянш. ад колоб) ведаюць на шырокай тэрыторыі, адносна ўкр. лексемы (прыводзіцца ў Грынчэнкі) можна сказаць, што статус яго не вельмі надзейны: слова сустракаецца ў казцы, параўн.: «Баба… витопила в печі, замісила яйцями борошно… спекла колобок» (Грынчэнка, 2, 270). Такім чынам, меркаваць аб усх.-слав. характары ўтварэння не даводзіцца. Рус. колоб этымалагічна вельмі няяснае ўтварэнне; з аднаго боку, праглядваюцца сувязі гэтага слова з утварэннямі ад колб‑ (параўн. коўб), якія называюць розныя акруглыя прадметы, абрубкі і да т. п., з другога — формы тыпу колабушек ’хлябок’, нельга не суаднесці з балабошкі ’пышкі і да т. п.’ Апрача таго. звяртае на сябе ўвагу незразумелы паралелізм коло‑ і кала‑, прычым не толькі на рус. тэрыторыі, дзе гэта можна было б вытлумачыць аканнем, але і ва ўкр. мове і ў паўн.-рус. окаючых гаворках (тут і назвы хлеба, і абрубкі дрэва, і посуд, і назвы геаграфічнага рэльефу, гл. больш падрабязна Талстой, Геогр., 231–232). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 292, дзе агляд старых этымалогій рус. колоб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вятро́ўнік ’Filipendula Mill., рус. лабазник’ (Кіс.), вятроўнік, ’Spiraea L.’, вятроўніца ’Spiraea L.?’, рус. таволга’ (БРС, РБС, КТС). Цяжка зразумець, якую расліну мелі на ўвазе складальнікі БРС, таму што рус. таволга адпавядае розным лац. тэрмінам. Параўн. Лек. расл., 6, 205, дзе рус. таволга і лабазник з’яўляюцца сінонімамі (ВСС, 1, 374, 845 і інш.). Кісялеўскі (125) рус. таволга разумее толькі як ’Spiraea L.’ Гэтыя ваганні тэрмінаў адлюстраваны і ў народнай мове; параўн. назвы спірнік, спірэй, спірэя лясная для Filipendula hexapetala Gilib. (Spiraea filipendula L.), гл. Кіс., 54; параўн. Макавецкі, Sł. botan., 153–154, 357. Бел. вятроўнік можна параўнаць з паўн.-рус. ветрянка ’дубец’, ветерье ’куст’, якія лічацца роднаснымі ст.-інд. vētráḥ ’чарот’, славен. vȋtra ’скрутак, лаза, парастак’; гл. Фасмер, 1, 307, якія далей да вить, ветвь. Да гэтага магчыма дадаць чэш. дыял. vitra ’жгут, дубец’ (< vi‑ti; гл. Махэк₂, 692–693). Бел. вятроўнік, магчыма, прымыкае да адзначаных слоў. Гэта пацвярджаецца яшчэ і наступным. Рус. лабазнік, тоеснае бел. вятроўнік, немагчыма аддзяліць ад рус. лабазка ’Spiraea ulmaria’ (Фасмер, 2, 443, іншая назва гэтай расліны — Filipendula ulmaria Maxim.). У сваю чаргу лабазка лічыцца роднасным словам тыпу рус. лабазина ’дубец, палка’, укр. лабуз ’сцяблы пустазелля’, польск. łobozg ’пустазелле’, łabuź ’вадзяныя расліны, трыснёг, чарот’; гл. больш ’падрабязна Фасмер, 2, 442–443. Параўн., дарэчы, у Даля: «Более известна под именем таволги Spiraea crenata, коей тонкие и крепкие прутья идут у нас на шомпола и кнутовища» (Даль, 4, 709) і назвы для Spiraea ulmaria — чертогрыз, топырка (Даль, 1, 135). Больш верагодным уяўляецца, аднак, што бел. вятроўнік утворана іншым шляхам. Параўн. укр. лем. вітерник ’хвароба, калі на скуры з’яўляюцца прышчы, высыпка’ і ’расліна для лячэння гэтай хваробы’. Аналагічна рус. дыял. ветреник ’Anemone silvestris L.’; ’расліна, якая ўжываецца для лячэння свербу’; ’Pulsatilla patens Mill. (= Anemone patens L.)’, якой лечаць жывёл ад свербу, ветренка (прострел!) ’Pulsatilla patens Mill.’, адвар і настой якога — добры сродак ад рэўматызму, ветрунок ’тонкія пялёсткі бяросты, якія калышуцца на ветры і якія выкарыстоўваюць як сродак ад фурункулаў’ (СРНГ). Бел. вятроўнік ’Filipendula ulmaria Maxim.’ ужываецца пры рэўматызме, падагры, хваробах скуры; гл. Лек. расл., 6, 209. Іншую матывацыю знайсці цяжка (параўн., праўда, лац. Anemone і рус. ветреница, гл. Заверуха, Квіти, 53), хаця, безумоўна, ёсць розныя прычыны, па якіх расліна можа атрымаць назву з такой асновай. У балгарскай мове, напрыклад, шмат назваў з асновай вятър‑ абазначаюць зусім розныя расліны: купену, валошку, зарніцу, касцянец, эспарцэт, букашнік і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́прастаць (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Мядзв.). Рус. вы́простать, укр. ви́простати. Ад просты (Праабражэнскі, 2, 134; Фасмер, 3, 146). Шанскі (1, В, 229) утварае ад рус. проста́ть ’апаражняць, апрастаць’, але семантыка дзеяслова (выпрамляць, распрамляць, вызваляць рукі, крылы) хутчэй сведчыць аб сувязі з адным з першасных значэнняў прыметніка просты ’прамы, адкрыты, вольны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вячэ́рнік ’малодшы брат нявесты’ (Шэйн.). Утворана з суф. ‑ік ад вячэрні у тым жа значэнні. Паводле Шэйна, вечарам напярэдадні вяселля ён расплятае нявесце косы. Блізка да бел. стаіць рус. дыял. вечерник ’сваяк нявесты, які вязе яе да вянца’, якое, аднак, не ўтварае адзінага арэала з бел. (перм., калуж., СРНГ). Параўн. яшчэ вячэрнікі (гл.), рус. вечерние.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мі́лаваць ’дараваць віну’, ’шкадаваць’, гіст. ’выказваць увагу, любіць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Яруш., Растарг.), ’спачуваць і дапамагаць бедным, няшчасным і пакрыўджаным’ (КЭС, лаг.). Са ст.-рус. (праз рус. мову) миловати ’дараваць, выказваць ласку’, якое да прасл. milovati. Гл. мі́лы. Жураўскі (SlOr, 10 (1), 1961, 40) памылкова выводзіць ст.-бел. миловати са ст.-польск. miłować się.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)