Лясок, лесок ’невялікі лес’ (ТСБМ; ганц., Сл. ПЗБ), ’зараснік арэшніку’ (івац., Нар. сл.). Да лес (гл.). Улічваючы семантыку лексем, можна дапусціць, што ў некаторых прасл. гаворках lěsъ > абазначала ’ліставы лес’ — магчыма, як вынік балт. субстрату. Параўн. літ. laĩškas ’ліст (дрэва)’, а таксама першасную семантыку лексемы lěsъ y зах.-слав. мовах (Марван, Inform bul. pro otázky jazykovědné, 5, Praha, 1964, 30–31; Трубачоў, Дополн., 2, 485).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Медзюля́н ’тоўсты, непаваротлівы’, мідзюля́н ’тс’, медзюля́нскі сабака (Нас., Бяльк.), медзяля́н ’свавольнік’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). З польск. medelan, (pies) medelański ’паляўнічы сабака, з якім хадзілі на мядзведзя’, якое ад назвы г. Мілана — Mediolana < гальск. Mediolanum ’пасярод поля’ (Насовіч, 283; Брукнер, 327), — з гэтага раёна Паўночнай Італіі паходзілі вялікія паляўнічыя сабакі. Неверагодна Карскі (Труды, 390), які тлумачыў лексему уплывам літ. слоў з коранем med‑ ’лес’: medė́jas ’паляўнічы’, medìnis ’дзічына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ну — часціца ўзмацняльная (Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’так, але’ (Некр., Сл. ПЗБ; мядз., чэрв., Жыв. сл.; ТС), укр. ну, рус. ну, польск. nu, чэш. пи, в.- і н.-луж. nu, славен. nu, серб.-харв. ну̏. Прасл. *nu/*nǫ, этымалагічна блізкія прасл. *na (гл. на), *no (гл. но), *nъ і інш., усе ўзыходзяць да указальнага *ono‑/*eno‑ (Махэк₂, 402; Бязлай, 2, 229; 2, 507, з літ-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пава́луш ’столь’ (Тарн.), ’скляпеністая столь, якая больш сустракаецца ў клецях і істопках’ (Бломк, 79). Бясспрэчна, дэрыват ад павал ’столь’, аднак суфіксацыя няясная, паколькі з гэтым суф. у бел. м. вядомы ўтварэнні толькі ад прыметнікаў і дзеясловаў (параўн. Сцяцко, Словаўтв., 72, 125). Магчыма, запазычанне з літ. pavatušis ’навес над свірнам, клеццю’, якое ўтворана ад запазычанага з польск. pavalas ’столь’ з дапамогай суф. ‑ušis (Фрэнкель, 555).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паду́шка ’пасцельная рэч — напханы пухам, пер’ем, сенам і пад. мяшок’, дыял. ’частка калёс’. Рус. поду́шка, укр. поду́шка, поду́ха, ст.-рус. подушька, польск. poduszka, чэш., славац. poduška, ст.-чэш. poducha. Праслав. podušьka. Большасць даследчыкаў звязваюць з серб.-харв. ду̏хња ’пярына’, чэш., польск. duchna ’тс’ і далей з дух (гл.) (Фасмер, 3, 301; там жа і інш. літ-ра). Інакш Махэк (467), які выводзіць з podъ і ucho.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пала́та ’вялікія пышныя пакоі ў палацы, харомы; асобны пакой, дзе ляжаць хворыя ў лячэбных установах’ (ТСБМ). Рус., укр. пала́та, ст.-рус. полата (XI ст.), ст.-слав. полата ’палац, пакой, шацёр’. З сяр.-грэч. παλατιον ад лац. palātium ’палац’ (гл. Фасмер, 3, 307; тут жа гл. і агляд літ-ры). У значэннях ’назва заканадаўчых або прадстаўнічых устаноў’, ’назва некаторых дзяржаўных устаноў’ запазычанне з рус. палата ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пане́ль ’дарожка для пераходаў па баках вуліцы; драўляная абшыўка або афарбоўка ніжняй часткі сцяны ў памяшканні’ (ТСБМ). З рус. пане́ль (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79). У рус. з н.-ням. Paneel або нідэрл. paneel ’панель, абшыўка’, сяр.-н.-ням. panele, pannele ’драўляная абшыўка сцен пакоя’, якія ўзыходзяць да рам. *pannellus ’сукно’, або panịs ’футэроўка, набіўка’ (Мацэнаўэр, 270; Фасмер, 3, 197, у якога гл. і інш. літ-ру).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вурча́ць ’бурчаць, гудзець’ (Нас., Касп.), вурчэ́ць ’тс’ (Бяльк.; КЭС, лаг.); ’гыркаць (пра сабаку)’ (КСТ), сюды ж форма з цоканнем — вурца́ць (Рам., 8, 140) і вурча́ць ’жраць’ (Грыг.), укр. ворча́ти, рус. ворча́ть, польск. warczeć, чэш. vrčeti, славац. vrčať, в.-луж. warcać, н.-луж. warcaś, славен. vŕčati, серб.-харв. вр́чати. Прасл. *vъrkěti; параўн. літ. ur̃kti ’бурчаць’, ũrkioti ’варкаваць; сварыцца’ (Фасмер, 2, 356; Брукнер, 602; Шанскі, 1, В, 169).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́шмала, ву́шмъла ’пра чалавека (звычайна пра хлопчыка) з насунутай на вочы шапкай’ (мядз., міёр., Малько, вусн. паведамл., З нар. сл.), ву́шмалы ’вушы’ («дам па вушмалах», КСП). Падабенства да літ. ãšmalas ’рукавіца з футра’, нягледзячы на семантычную аддаленасць, прымушае бачыць тут запазычанне, аднак сувязь з ву́ха, ву́шы не выклікае сумнення; экспрэсіўным характарам слова, відаць, тлумачыцца рэдкая суфіксацыя (інфікс ‑ма‑, як у таўсма́ты < тоўсты, параўн. вушлаты).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гру́ша ’груша’ (БРС). Параўн. рус., укр. гру́ша, польск. grusza, чэш. hruška, далей балг. кру́ша, польск. дыял. krusza, каш. kreša, ц.-слав. хруша. Параўн. і літ. kriáušė ’тс’. Магчыма, старое запазычанне (гл. агляд версій у Фасмера, 1, 465). Трубачоў (Эт. сл., 7, 156–157) выступае за слав. крыніцу гэтых слоў (ад дзеяслова *grušiti, *krušiti ’драбіць, крышыць’), маючы пры гэтым на ўвазе крупчастую структуру мякаці груш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)