Ашу́шкацца ’надзець на сябе многа адзежын’ (Нас., Чач., КЭС, лаг.), ошушкацца (КСТ), абшушкацца ’цёпла адзецца’ (КСП), ушушкацца (Бір. Дзярж.), нашушкацца (таўбц., жыт., петрык., брагін., Цыхун, вусн. паведамл.). Ад шушкацца ’цёпла апранацца, укрывацца’, што звязана з шушкацца ’капацца, шастаць; паволі і ціха што-небудзь рабіць’, да семантыкі параўн. копша ’занадта цёпла адзеты чалавек; той, хто капаецца, павольна працуе’, параўн. варыянты з х і ст у корані: нашухацца ’адзецца цёпла і многа’ (КСТ) і нашуштацца (нашустацца) ад шухацца, шустацца (па тэрміналогіі Махэка — «ch‑» і «st‑intensivum», параўн. чэш. ošoust, ošusta ’абарванец’ і славац. ošuchaný ’абарваны’, гл. Махэк₂, 619, 629), што можна разглядаць як вынік кантамінацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабіна лета. Рус. бабье лето, укр. бабине літо, бабське літо, польск. babie lato, чэш. babí léto, ням. Altweibersommeri г. д. Назва шырока вядома ў еўрапейскіх мовах. Здаецца, што яна асноўваецца на ўяўленні аб познім каханні старых жанчын, удоў. Гл. Леман, Altweib.; Пауль, Wörterb., 19; Клюге, 18 (там і шмат ням. дыял. форм, якія раскрываюць этымалогію); Махэк₂, 40; Галынська–Баранова, Ukr. nazwy, 61 (Качэрган, Мовознавство, 1971, 2, 87, як і Я. Галавацкі, непераканаўча лічыць, што назва адносіцца да дамашняй працы жанчын пасля жніва). З неіндаеўрапейскіх моў можна прывесці тур. gelin havasí ’цёплае, яснае надвор’е’ (дзе gelin ’нявеста, маладая’, ’нявестка’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баўку́н ’ярмо для запрагання аднаго вала’ (КЭС, лаг.), частка ярма’ (Сцяц.). Укр. бовку́н ’ярмо для аднаго вала; вол, якога запрэглі ў адзіночку; вялікі сноп чароту’, рус. дыял. болку́н ’вупраж валоў’. Шаравольскі (Рум., 55) выводзіў укр. слова (без бел. і рус. матэрыялу) з рум. boŭ ’бык, вол’ + суф. ‑ун; так і Рудніцкі, 157. Фасмер, 1, 188 (без бел. і ўкр. матэрыялу), выводзіў з об‑ і валоку. Гэту этымалогію можна прыняць. Дзеяслоўны вакалізм быў у ступені рэдукцыі (*vъlk‑ < *vьlk‑). Такая этымалогія робіць зразумелым, чаму, напр., ва ўкр. гаворках бовку́н азначае і сноп чароту’ (*’тое, што цягнуць, нясуць, ахапка’). Гл. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 127.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́лка1 ’невялікая колькасць’ (Інстр. III), ’малютка’ (Нас., Шат.), ’малая дзяўчына’ (мазыр., Мат. Гом.), ’нізкарослая дзяўчына’ (драг., КЭС), ’малая булачка з рэшткаў цеста ў дзяжы’ (паўд.-усх., КЭС). Рус. ма́лка ’меншы брат ці сястра’, ’эй, малец!’, пск., цвяр. ’маларослая дзяўчына’; серб.-харв. малка ’імя курыцы’, балг. ма̀лката ’эй, дзяўчынка!’ Відаць, з прасл. malъka. Да малы́ (гл.).

Ма́лка2 ’навугольнік рухомы, які можна ставіць пад любым вуглом’ (Інстр. II), рус. алан. ма́лка ’мерка ў сталяроў’. Запазычана з рус. мовы, у якую прыйшло з галан. mal ’вымяральны інструмент’ (Фасмер, 2, 563). Параўн. таксама швед. mall ’шаблон, контур’, ’лякала’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́рат ’нерат’ (Бяльк.). Да не́рат (гл.). Аб мене н > м гл. Карскі, 1, 324.

Ме́рат2 ’д’ябал’ (Уласт). Рус. наўг., цвяр. ме́рет ’тс, нячысцік’. З рус. ме́рек: пск., цвяр. ’трызненне’, ’прывід, здань’, вяц. ’д’ябал’, зах.-рус. мере́кать ’здавацца, уяўляцца’, перм. мерещить ’тс’, вяц. меречить ’намервацца рабіць благое’, балг., макед. мера́к ’моцнае жаданне да чаго-небудзь, цяга, ахвота’. Можна меркаваць, што ‑т у выніку спарадычнага чаргавання ўзыходзіць да ‑k‑ (*мерекʼ > *меретʼ > ме́рат). Да прасл. merk‑/mьrk. Роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. mérkti ’жмурыцца’, лат. mir̃kšţêt ’маргаць’, гоц. maurgis ’ранак’ (Фасмер, 2, 602 і 605). Паводле Уласта (Крывіч, 4, 1923, 30), звязваецца з мара́1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Мядоўнік1, іван., пін. мэдбу́нік ’мядовы пернік’ (слонім., Сцяшк. Сл.; Вешт. дыс.). Польск. miodownik ’тс’. Параўн. ст.-рус. медовникъ, якому ў «Лексиконе полоно-словенском» (1670 г., с. 193) адпавядае польск. piernik. Аднак ст.-польск. miodounik ’пернік’ (Reczek S., Podręczny sł. dawnej polszczyzny, 210). Таму бел. лексему можна лічыць запазычанай з польск. мовы.

Мядоўнік2 ’яснотка (глухая крапіва), Lamium album L.’ (маг., Кіс.), лельч. мідоўнік ’канюшына лугавая, Trifolium pratense L.’, пін. медоўніца ’пакрывец лекавы, Anchusa officinalis L.’ (Бейл.), мядулька ’кветка чырвонай лугавой канюшыны’ (міёр., Жыв. сл.), ’медуніца, Pulmonaria L.’ (свісл., Сл. ПЗБ|. Да мёд (гл.): усе расліны — добрыя меданосы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абрыня́ць ’напухнуць, азызнуць’ (Шн.). Можна рэканструяваць як obъriněti < *obъrinъ ’волат’ (гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2), ст.-рус. объринъ захавала толькі значэнне ’авар’, але ст.-польск. ob‑rzym ’волат’ дало ст.-польск. obrzmieć ’напухнуць’. Параўн. таксама чэш. obr, славац. obor, славен. ober ’волат’. У выніку памылковай дэкампазіцыі польск. obrzmieć > o‑brzmieć, na‑brzmieć. Апошняя форма была запазычана ў чэшскую мову з ляш. nabrnět ’напухнуць’ (Махэк₂, 406 і 67). Менш верагодна сувязь адрыняць з укр. брунька ’почка’, чэш. brnka ’паслед’, якія Трубачоў (Этымалогія, 1964, 3–4) супастаўляе з ст.-інд. bhrūná ’зародак’, лат. braũna ’луска’. Апошнія да і.-е. *bhrē̆u/bhrū̆ ’пухнуць’ (Покарны, 169).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апара́т, апара́ты ’царкоўныя рэчы, у тым ліку адзенне свяшчэнніка’ (Нас.); аднак ужо ў аповесцях XVI–XVII стст. апаратъ военныи (Шакун, Гісторыя, 106). У старабеларускай мове як царкоўны, так і ваенны апарат з XVI–XVII стст. з лац. apparatus (Курс суч., 172; Гіст. лекс., 111), магчыма (але не абавязкова), праз польскую. Наўрад ці трэба лічыць, што на пачатку XX ст. слова апарат было другі раз запазычана ў беларускую мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 83; Гіст. мовы, 2, 147; Гіст. лекс., 245), хутчэй за ўсё тут можна гаварыць толькі аб пашырэнні значэння ўжо ўжыванага слова; апарат ’ваенны парад’ (Нас.) кантамінацыя парад і апарат.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Апла́тва, опла́тва ’абчасанае бервяно ў апошнім вянцы зруба над бэлькамі’ (Шушк.). Польск. oplatwa ’тс’, укр. платва верхняя бэлька ў зрубе’, славац. platva ’плоскі кавалак матэрыялу, якім што-небудзь закрываюць’. Зважаючы на ўкраінскую і славацкую формы, можна дапусціць другаснасць пачатковага о‑ як фанетычнай пратэзы, хаця гэта і не неабходна. Ад дзеяслова (а)плаціць з суф. ‑тва (параўн. малітва); роднасна слову плот ’агароджа’, плыт. Іншая магчымасць: ад дзеяслова *пластаць ’дзяліць на пласты (плахі)’, на што ўказвае чэш. plastva ’пласт’, давала б тлумачэнне слова як больш старажытнага. Узаемаадносіны беларускага, украінскага, польскага, славацкага слоў няясныя: тут магчыма захаванне старога агульнага слова, а таксама адлюстраванне ўзаемных уплываў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрэ́ва ’дрэва’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.), таксама дре́ва (Бяльк.). Укр. дре́во (памянш. форма древко) ’тс’ (Грынч.); параўн. і гуц. древору́б ’павець для дроў’ (Грынч.: з Шухевіча). Адносна бел. слова (без укр. матэрыялу) Трубачоў (Эт. сл., 4, 212) заўважае: «блр. литер. дрэ́ва неисконно». Сапраўды, бел. і ўкр. формы нельга вытлумачыць з якой-небудзь прасл. зыходнай формы, таму можна меркаваць, што гэта запазычанне з польск. drzewo ’тс’ (< прасл. *dervo; аб апошнім гл. Трубачоў, там жа, 211–212) з субстытуцыяй польск. гука rz усх.-слав. ‑р‑. Дзіўна, што ў ст.-бел. мове (гл. Булыка, Запазыч.) не адлюстраваны гэты паланізм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)