пасо́л, ‑ела, м.

1. Дыпламатычны прадстаўнік вышэйшага рангу адной дзяржавы, акрэдытаваны пры ўрадзе іншай дзяржавы. Гэтай вячэрняй парой на балконе аднаго з дамоў на Арцішчаўскай вуліцы стаяў паўнамоцны пасол РСФСР Сяргей Міронавіч Кіраў. Самуйлёнак. Паслы імперыялістычных дзяржаў, якія спадзяваліся на магчымую змену палітычнага курсу, былі расчараваны. В. Вольскі.

2. Той, хто пасланы куды‑н. з якім‑н. даручэннем; пасланец, пасыльны. Прыйшлі паслы — Ад плугоў, ад пілы. Павялі паслаў Да прыбраных сталоў. Лось.

3. У Польшчы — дэпутат сейма. На з’ездзе выступалі два беларускія паслы сейма, якія прыехалі з Вільні. Пестрак. З часу абрання Тарашкевіча паслом сейма ўвесь свой творчы запал ён аддае палітычнай барацьбе. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спец, ‑а, м.

Разм.

1. Прадстаўнік інтэлігентнай прафесіі, спецыяліст (ужывалася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі да сярэдзіны 20‑х гадоў у адносінах да выхадцаў з непралетарскага асяроддзя). Турбіну манціравалі замежныя спецы. Гроднеў. Бацька, вялікі спец, інжынер, які прыехаў у Расію яшчэ да імперыялістычнай вайны і астаўся жыць пасля рэвалюцыі, хацеў, каб адзіная яго дачка стала ўрачом. Навуменка.

2. Вельмі дасведчаны ў чым‑н. чалавек, майстар сваёй справы. Прыходзіць, стомленая за дзень, мая суседка, кабардзінка з Нальчыка, спец па віну. Лось. [Іван:] — Як ты лічыш, хто нам соткі ўзарэ — баба, Вольга, Лявонка? А можа ты? Ты ж на ўсё спец. Паўлаў. // Іран. Лоўкі, хітры, пранырлівы чалавек. Тавару дастаць усякага .. [Віктар] спец. І ніколі не пратаргаваўся яшчэ. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тата́рынпрадстаўнік аднаго з народаў цюркскай моўнай групы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4), тата́р ’тс’ (ушац., Полымя, 2001, 3), тата́ры ’народ, асноўнае насельніцтва Татарстана, а таксама некаторыя іншыя народнасці цюркскай моўнай групы’, гіст. ’цюркскія, мангольскія і некаторыя іншыя плямёны Залатой Арды’ (ТСБМ), ’спецыяльныя вайсковыя фарміраванні ў ВКЛ (“казакі, а менавіта татары”)’ (Arche, 2008, 1–2, 89), ст.-бел. татаринъ, татарынъ ’татарын’ (1340 г., КГС), сюды ж татарчу́к ’татарскае дзіця’ (Некр. і Байк.), ’татарын’ (Сл. ПЗБ), татарва́ зборн. ’татары’ (там жа), тата́ршчына ’нашэсце татар’ (ТС), тата́рскі прым. (ТСБМ, Некр. і Байк.), тата́рсʼкі ’тс’ (Вруб.). Укр. тата́ри́н, та́та́р ’тс’, рус. тата́рин, польск. Tatar, Tatarzyn, чэш. Tatar, славац. Tatár, славен. Tatar, серб.-харв. Tàtar, макед. татар, балг. тата́рин, ц.-слав. татаринъ. Запазычанне з цюркскіх моў, дзе тат. татар ’татарын’, тур. Tatar ’тс’, манг. та́тар ’тс’, чув. тутар ’тс’, чагат. татар ’жыхары краіны, што на поўначы ад Кітая’, ст.-цюрк. tatar ’мангол’, магчыма, звязанае з манг. tatari, калм. tatṛ ’той, у каго іншамоўная вымова’ (Фасмер, 4, 27; Анікін, 539). Пачатковы кампанент цюркскага слова tat‑ першапачаткова значыў ’іранец’ (ЕСУМ, 5, 527).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тып ‘узор, мадэль’, ‘сукупнасць якіх-небудзь характэрных рыс, якасцей’, ‘знешні выгляд’, ‘чалавек з адмоўнымі рысамі, да якога ставяцца пагардліва’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ‘мастацкі вобраз’ (пач. XX ст., Прабл. бел. тэрм.), ‘постаць’ (Ласт.), ст.-бел. типъ ‘друкаваны шрыфт’ (1653 г., ГСБМ). Запазычанне (праз польскую мову) з заходнееўрапейскіх моў, параўн. франц. type ‘ўзор’, ‘від, тып’, разм. ‘арыгінал, дзівак’, ‘тып, суб’ект’, ням. Typ ‘тып, узор’, ‘форма’, ‘вобраз’, англ. type ‘тып, род, клас; тыповы прадстаўнік’, ‘сімвал, вобраз’, якія з позналац. typus ‘адлюстраванне, вобраз’, а апошняе ўзыходзіць да ст.-грэч. τύπος ‘удар’, ‘пісяг (ад удару), след’, ‘адбітак, адлюстраванне, абрыс’, ‘узор, прыклад (у Новым Запавеце)’ < τύπτω ‘б’ю’, роднаснае ст.-інд. tōpati ‘штурхае’, лат. staũpe ‘сляды конскіх капытоў’, што ўзыходзяць да індаеўрапейскага кораня *(s)teu‑ ‘біць, штурхаць’ (Фасмер, 4, 60; Брукнер, 589; Голуб-Копечны, 399; Голуб-Ліер, 495; Даза, 733–4; ЕСУМ, 5, 570; Арол, 4, 72). Сюды ж тыпо́вы ‘адпаведны ўзору’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.) < польск. typowy ‘тс’, тыпі́чны ‘тс’ (Ласт., ТСБМ) < рус. типичный ‘тс’; экспр. ты́пус ‘непрыемная асоба’ (ТСБМ), аформленае на ўзор лацінізма з суф. ‑ус, які характарызуе асоб па негатыўнай прыкмеце (Сцяцко, Афікс, наз., 70), параўн. бы́кус, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

селяні́н, ‑а; мн. сяляне, ‑лян; м.

Жыхар сельскай мясцовасці, асноўным заняткам якога з’яўляецца апрацоўка зямлі. Бацькі Ціхона Піменавіча Бумажкова былі бедныя сяляне з вёскі Пудоўля на Магілёўшчыне. Чорны. // Да рэвалюцыі — прадстаўнік ніжэйшага падатковага саслоўя.

•••

Асадныя сяляне — сяляне ў Вялікім княстве Літоўскім, асноўнай павіннасцю якіх быў грашовы чынш.

Беглы селянін — селянін, які збег ад памешчыка.

Дзяржаўны селянін — у 18–19 стст. селянін, які знаходзіўся на дзяржаўнай зямлі і, акрамя падаткаў, плаціў аброк казне.

Прыгонны селянін — селянін, які з’яўляўся ўласнасцю памешчыка.

Прыпісныя сяляне — у Расіі 18–19 стст. дзяржаўныя сяляне, якія валодалі казённымі землямі і былі прыпісанымі цэлымі паселішчамі да казённых і прыватных прамысловых прадпрыемстваў для выканання дапаможных работ.

Часоваабавязаныя сяляне — былыя памешчыцкія сяляне ў Расіі, якія паводле рэформы 1861 г. вызвалены ад прыгону, але асталіся абавязанымі ў адносінах да памешчыкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раб, ‑а, м.

1. У рабаўладальніцкім грамадстве — прадстаўнік прыгнечанага класа, чалавек, які быў пазбаўлены правоў і сродкаў вытворчасці і з’яўляўся поўнай уласнасцю гаспадара-рабаўладальніка. Хрысціянства нарадзілася на тэрыторыі велізарнай Рымскай імперыі, пераважная большасць насельніцтва якой складалася з рабоў — людзей, пазбаўленых элементарных чалавечых правоў. «Звязда». // Прыгонны селянін. // Пра паднявольная, бяспраўнага чалавека, які знаходзіцца ў поўнай эканамічнай, палітычнай і пад. залежнасці ад каго‑н. [Галя:] Калісьці я марыла стаць урачом, каб лячыць людзей, але ў гэтыя гады навучылася забіваць тых, хто хацеў зрабіць нас рабамі. Пятніцкі.

2. перан. Той, хто пакорна, угодліва выконвае волю другога; духоўна залежны, бязвольны чалавек. Фельчар Зяблік, адданы раб паноў Зырачанскіх, стаяў здалёку, баючыся блізка падысці да раз’ятраных мужыкоў. Бядуля. І для іх [дзяцей] далёка не ўсё роўна, Хто іх бацька: раб або змагар. Гілевіч.

3. перан.; чаго. Той, хто поўнасцю падначаліў чаму‑н. сваю волю, свае ўчынкі. Раб прывычкі. Раб пачуццяў. Раб уласнасці. Раб моды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каза́к 1, казака і казака; мн. казакі, ‑коў і казакі, ‑аў; м.

1. На Русі ў 15–17 стст. вольны чалавек з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы — Дон, Запарожжа, Яік. Запарожскія казакі. □ Большая частка казакоў складалася з былых прыгонных сялян, якія ўцякалі на Украіну і паўднёвыя вобласці Беларусі ад прыгоннай няволі. «Беларусь».

2. У дарэвалюцыйнай Расіі з 18 ст. — прадстаўнік ваеннага саслоўя — ураджэнец вайсковых абласцей (Кубанскай, Арэнбургскай, войска Данскога і інш.), які быў абавязан несці службу ў асобых вайсковых часцях за льготнае карыстанне зямлёй. Данскія казакі. // Радавы асобых (звычайна кавалерыйскіх) вайсковых часцей, якія камплектаваліся з ураджэнцаў вайсковых абласцей. У вёсцы трывога: прыехаў земскі з казакамі. Якімовіч.

3. Ураджэнец некаторых (былых вайсковых) абласцей СССР.

4. перан. Пра спрытнага, маладога мужчыну. — Па-нашаму было гэтак, — хто хлопец хлёсткі і смелы, той і казак. Брыль.

•••

Вольны казак — пра свабоднага чалавека, які ні ад каго не залежыць.

[Ад цюрк. казак — вольны чалавек.]

каза́к 2, ‑а, м.

Тое, што і казачок (у 3 знач.). Разгарнуў Грамыка полы, Казака йдзе сам-адзін. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

персо́на, ‑ы, ж.

1. з азначэннем. Кніжн. і іран. Асоба, чалавек. На сцяне вісеў партрэт міністра шляхоў зносін, але Блок, здавалася, касаваў яго сваёю персонаю. Колас. // Важная, значная асоба. Расказваюць, аднаго разу па чыгунцы праз горад праязджала нейкая вельмі важная персона. Айзік ніяк не мог прабіцца ў вагон, сфатаграфаваць яе. Сабаленка. Не ляжыць да яго, пэўна, сэрца яе. Але ж бацька хлапца не малая персона. І дзяўчына надзею хлапцу падае. Вялюгін.

2. Чалавек, асоба (за сталом). Накрыць стол на пяць персон.

•••

Персона грата (лац. persona grata — пажаданая асоба) — а) дыпламат, кандыдатура якога на дыпламатычны пост адобрана ўрадам той краіны, куды ён накіраваны; б) (уст. і іран.) пра чалавека, які карыстаецца асобымі прывілеямі, прыхільнасцю з боку высокапастаўленай асобы.

Персона нон грата (лац. persona non grata) — дыпламатычны прадстаўнік, які не карыстаецца давер’ем з боку ўрада дзяржавы, куды ён назначаецца.

Уласнай персонай (жарт.) — сам, асабіста. — Вось ён, уласнай персонай, — пачуўся ў гэты час з парога мужчынскі голас. Васілевіч. [Камендант] часам сам, мінаючы кур’ера, прыносіць ёй паперы, уласнай персонай заходзіць да яе. Лынькоў.

[Лац. persona.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экземпля́р, ‑а, м.

Асобная адзінка, узор з ліку аднародных рэчаў (звычайна пра друкаваны ці рукапісны тэкст). У той вечар газету сапраўды чыталі ўсе, экземпляры яе пераходзілі з хаты ў хату, і людзі, якія не выпісвалі абласную газету, упершыню пашкадавалі. Шамякін. Стасік Кудрэвіч збірае паштовыя маркі. Яго калекцыі настолькі багатыя рэдкімі экземплярамі, што дарослыя філатэлісты ахвотна з ім мяняюцца сваімі набыткамі. Мяжэвіч. // Асобны прадстаўнік якой‑н. пароды, віду, разнавіднасці (пра жывёл, расліны). — А я злавіў цікавы экземпляр... — сказаў Дзіма. Затым адкрыў баначку і выняў чорна-бархацістага з чырвонымі палоскамі пасярод крыльцаў матыля. Сіняўскі. — Хіба зрабіць з яе [змяі] чучала для нашага тэхнікума, экземпляр добры, — згадзіўся Віктар. Маўр. // Пра чалавека як прадстаўніка якой‑н. групы людзей, якім уласцівы пэўныя характэрныя рысы, прыкметы. Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экземпляр роду чалавечага. Караткевіч. // Разм. Пра чалавека, які адрозніваецца незвычайнымі ці адмоўнымі ўласцівасцямі. — Вылюдак, — сказаў Міхал. — Трапляюцца экземпляры, — пакруціў галавою і Сасноўскі. Карпаў.

•••

Сігнальны экземпляр — першы друкаваны экземпляр, які з’яўляецца ўзорам для ўсіх іншых экземпляраў пэўнага выдання.

[Ад лац. exemplar — узор.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сын, ‑а; мн. сыны, ‑оў; м.

1. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да сваіх бацькоў. Было ў .. [Прыборнага] шэсць дачок і ніводнага сына. Шамякін. Тады сыноў рыбак паклікаў: — Дзеці, шукайце лёсу лепшага на свеце. А. Вольскі.

2. звычайна мн. (сыны́, ‑оў). Бліжэйшыя патомкі, маладое пакаленне. І сэрцы не запэцкаюцца ў брудзе — Нам сорамна не будзе за сыноў. Панчанка. І мастакі і скульптары шукаюць Сакрэты рысаў, фарбаў, Каб як найлепш увекавечыць Для будучых сыноў зямлі Магутны воблік Леніна, — Усім цяпер вядомы. Бядуля.

3. (звычайна ў зваротку). Уст. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да свайго духоўніка або асобы духоўнага звання. — Ідзі, мой сын, і болей не грашы! — Сказаў архірэй на развітанне і блаславіў музыку ад душы, Не палажыўшы жаднага спагнання. З. Астапенка.

4. (з азначэннем). Уст. Асоба мужчынскага полу, якая належыць да пэўнага грамадскага саслоўя. Купецкі сын.

5. каго-чаго. Кніжн. Чалавек як ураджэнец, жыхар якой‑н. мясцовасці або прадстаўнік якой‑н. нацыянальнасці. Сын стэпаў. □ Партызаны, партызаны, Беларускія сыны! Купала. // Чалавек, кроўна, цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Сыны рэвалюцыі. □ Разам з народам волю кавалі Партыі слаўнай сыны. Колас. // Чалавек, на якім адбіліся характэрныя рысы якой‑н. эпохі. Сын свайго часу. □ Сыны вякоў. Эпох і пакаленняў З лучынай смольнай, З дымным ліхтаром Спускаліся ў зямныя сутарэнні Крышыць руду жалезную Кайлом. Верамейчык.

•••

Блудны сын (жарт.) — пра члена сям’і або якога‑н. калектыву, што не падпарадкоўваецца яго волі, парушае яго парадкі (з евангельскай прытчы пра непакорнага сына, які пайшоў з бацькоўскага дому, а пасля бадзяння з раскаяннем вярнуўся да бацькі).

Гадзіцца ў сыны каму гл. гадзіцца ​1.

Сукін (чортаў) сын — ужываецца як лаянкавы выраз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)