Кламбу́шка ’клубок нітак’ (Мат. Гом.). Рэфлексацыя насавога паказвае на польскі уплыў. Параўн. польск. kłąb ’клубок’. Мадэль з суфіксам ‑ушка можна аднесці да назваў розных прадметаў ітаводле іх уласцівасцей, формы. Параўн. цяплушка, рабушка, двайнушкі (Сцяцко, Афікс. наз., 126).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шпу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Звычайна драўляны, полы ўнутры стрыжань з кольцамі па абодвух канцах, на які намотваюцца ніткі, тасьма, шнур і пад. Галя нешта шыла. Калі прыйшоў Пракаповіч, яна ўторкнула іголку ў шпульку з ніткамі, усміхнулася, прайшла ўзад-уперад каля тахты. Радкевіч. Чаго тут [у шуфлядцы] толькі не было — і пустыя шпулькі ад нітак, і нейкія дроцікі, іржавыя кнопкі, якімі прышпільваюць паперу, пагнутыя шпількі ад валасоў. Арабей. // Разм. Колькасць нітак, тасьмы, шнура і пад., наматаная на такі стрыжань. Учора брат прыслаў мне з Ленінграда цэлую шпульку лескі і дваццаць кручкоў. Дайліда.

2. Спец. У радыётэхніцы, электратэхніцы — прыбор, які складаецца з полага цыліндра ці металічнага каркаса з накручаным на іх дротам. Толькі, можа, гадзіна заставалася да прыёму з Масквы апошніх паведамленняў, а Захарэвіч усё яшчэ, не заўважаючы трывожнай нецярплівасці прысутных, спакойна грэбаўся гарачым паяльнікам у павуцінні праваднічкоў, паміж разнастайных шпулек і лямп. Паслядовіч.

3. Спецыяльнае прыстасаванне ў ткацкіх, прадзільных і швейных машынах для намотвання нітак.

4. Тое, што і шпуля (у 3 знач.). Скакун узяў шпульку з кабелем. Таня — два кароценькія вясельцы. Шашкоў. Калі 30 красавіка пасля артпадрыхтоўкі пяхота накіравалася ў атаку, разам з ёю з дзвюма шпулькамі тэлефоннага кабелю рушыў і Фёдар Ёрш. «Звязда».

[Ад ням. Spule.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пляску́н1 ’дзяружка з ільняных нітак’ (Сцяшк. Сл.). Да плоскаю (гл.).

Пляску́н2 ’гарэза’ (Нар. Гом.). У выніку кантамінацыі плясун (ці пляска) і ’скакун.

Пляску́н3 ’пухір у рыбы’ (воран., ЛА, 1). Да пляск, пляскаць ’лопацца, трэскацца’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́матаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зрасходаваць матаючы; зматаць. Выматаць маток нітак.

2. перан. Знясіліць, змардаваць. Я думаю, што фашысты знарок выбралі такую тактыку, каб выматаць нашы сілы. Шамякін.

3. перан. Разм. Прымусіць паступова выдаткаваць што‑н.; выцягнуць, забраць па частках усё. Выматаць усе грошы.

•••

Выматаць усю душу (духі, нервы, кішкі) — змучыць, давесці да знямогі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сатка́ць, ‑тку, ‑тчэш, ‑тчэ; ‑тчом, ‑тчаце, ‑ткуць; зак., што.

1. Вырабіць, ткучы; выткаць. Табе вышыла сарочку цветам васільковым І саткала паясочак з нітак каляровых. А. Александровіч. Дзяўчаты сядзелі дома, рыхтавалі кросны. Рыхтавала і Лісавета. Трэба было да вясны саткаць усё тое, што было спрадзена за зіму, каб не стаялі ў хаце кросны. Чарнышэвіч.

2. Зрасходаваць, ткучы. Саткаць усю пражу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сачо́ўка1 ’пасма нітак, навітая асобна на клубок’ (Шат., Інстр. 3), ’шпулька’ (Мат. Гом.). Метатэза з часоўка ’тс’ (гл.).

Сачо́ўка2 ’грэбень для часання ільну’ (Мат. Гом.). Няясна. Відаць, этымалагічна тое ж, што і папярэдняе, з часоўка, ад часаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагачы́ ’прылада для звівання нітак’ (Сцяшк.), ’звязаныя разам тры драўляныя калкі, на якія ставілі калыску’ (гродз., Сл. ПЗБ), ’драўляныя вілы’ (Выг.), рагачэ́ ’прылада, якой абмерваюць поле’ (гродз.). Ад рог1 (гл.). Усе прадметы маюць вытыркальныя часткі, якія напамінаюць рогі жывёлы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Табаці́рка, тобаці́рка, тубаці́рка ’зробленая з кары каробачка для тытуню, для захавання дробных рэчаў накшталт іголак, нітак і інш.’ (драг., бяроз., З нар. сл.). Укр. табате́рка, табати́рка ’табакерка’, чэш. tabatěrka, славац. tabatierka ’тс’. Праз украінскую мову з франц. tabatière ’табакерка’, параўн. табаке́рка, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

філе́ 1, нескл., н.

1. Мяса вышэйшага гатунку з сярэдняй часткі хрыбта тушы.

2. Кусок мяса або рыбы. ачышчаны ад касцей. // Ежа з такога мяса. Спяшаючыся, я з’еў сваё рыбнае філе. Некалькі разоў за гэты час я лавіў на сабе позірк жанчыны і зразумеў, што яна хоча яшчэ нешта сказаць. Кірэенка.

[Фр. filet.]

філе́ 2, нескл., н.

Вышыўка на сетцы з нітак або ажурная вязка.

[Фр. filé.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падабра́ць, падбяру́, падбярэ́ш, падбярэ́; падбяро́м, падбераце́, падбяру́ць; падбяры́; падабра́ны; зак.

1. што. Сабраць, падняць з зямлі.

П. рассыпаныя арэхі.

2. што. Паправіць; сагнуўшы, падцягнуць пад сябе (пра часткі цела).

П. валасы.

Сабака падабраў хвост.

3. каго-што. Падмяць, наваліўшыся; прыціснуць.

Мядзведзь падабраў пад сябе паляўнічага.

4. каго-што. Выбраць адпаведнае, патрэбнае.

П. брыгаду.

П. ключ да замка.

П. патрэбныя словы.

П. цытаты.

|| незак. падбіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. падбо́р, -у, м. (да 4 знач.) і падбо́рка, -і, ДМ -рцы, ж.

Падбор кадраў.

Падборка нітак патрэбнага колеру.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)