пралі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; зак.

1. Пацячы, паліцца. Выпадае мокры снег ці пральецца дождж-абліваха, і стане зорка [на абеліску] чырвоная, такая, якой і павінна быць. Шашкоў. Густыя асеннія хмары, што вось-вось гатовы праліцца дробным нудным дажджом, нізка плылі над лесам. Няхай. Там, дзе пралілася кроў прыгажуні Аліі і смелага юнака Касыма, выраслі яркія пунсовыя макі. Даніленка. Горкіх матчыных слёз праліецца нямала, Бо сыноўняя кроў на пялёсткі упала. Бачыла.

2. перан. Распаўсюдзіцца, разнесціся (пра святло, пах і пад.). Павеяла з мора азёрным цяплом, І водар паўднёвы праліўся... Глебка. — Жыве! — пралілося гарачай радасцю па ўсім целе. Кулакоўскі. // перан. Паэт. Раздацца, пранесціся (пра гукі). Дзесьці песня пральецца, — Маці чуецца голас знаёмы. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.

1. Кіраваць рулём. Шашу дагнаў на веласіпедзе Міхайла Прымак, ён спрытна руляваў адной рукой. Шамякін. // Кіраваць рухам чаго‑н. (лодкі, санак і пад.). Надзя рулявала ўпершыню, і лодка, вядома, больш слухалася маіх двух вёслаў, чым яе аднаго. Кірэенка. Я рулюю нагамі, выкіроўваю санкі на лёд. Жычка. // Разм. Ехаць па чым‑н., кіруючы рулём. [Сяргей Сяргеевіч:] — У Змітрака ўжо была ў той час свая машына, дык ён, як толькі вернецца, бывала, з работы, пасадзіць дачку і жонку і рулюе куды-небудзь за горад — у лес або на раку. Ляўданскі.

2. Спец. Каціцца па зямлі (пра самалёт).

3. Спец. Весці самалёт па зямлі (пра лётчыка).

[Ад фр. rouler — каціць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́віцца, сла́ўлюся, сла́вішся, сла́віцца; незак.

1. (звычайна чым або са словам «як»). Мець славу, шырокую вядомасць у якіх‑н. адносінах. Стары Даніла славіўся на цэлую ваколіцу сваімі вырабамі: вёдрамі, начоўкамі, цабэркамі і лыжкамі, якія выходзілі з яго рук моцныя, гладкія. Бядуля. Міхайлаў славіўся як аматар смелых рашэнняў і шырокіх маштабаў. Карпаў. Цяпер гэты калгас [«Рассвет»] славіцца на ўвесь Савецкі Саюз. Паслядовіч. // Вызначацца чым‑н. (звычайна адмоўным). Палагея .. мела не зусім чыстую рэпутацыю і, апрача таго, славілася сваёй сварлівасцю. Шамякін.

2. Усхваляцца, праслаўляцца, ушаноўвацца. Слаўся, радзіма мая, за пачын Цяжкага шляху на Марс! Смагаровіч. Паслухай, Як соладка Славіцца шчасце У кожнай Аргана трубе! Кірэенка.

3. Зал. да славіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страчы́ць, страчу, строчыш, строчыць; незак., што.

1. Шыць, вышываць суцэльным швом. Страчыць рукаў. Страчыць сукенку. // і без дап. Разм. Шыць на швейнай машыне. Шкуркі белыя дастаў, Ніткі і машыну: Шые, строчыць... Хутка стаў І краўцом хлапчына. Бялевіч.

2. перан.; і без дап. Разм. Хутка, паспешна пісаць. Пытаюць анкеты: калі я і дзе нарадзіўся? Калі я вучыўся? І з кім і калі ажаніўся?.. І строчым адказы... Старанна!.. Кірэенка. // Хутка гаварыць. Жанчына трухае побач, строчыць несупынна, звягліва. Савіцкі.

3. без дап. Страляць (пра частую стрэльбу з аўтаматычнай зброі). Бесперапынна сакаталі два ручныя партызанскія кулямёты, страчылі аўтаматы. Васілеўская. Каля чыгуначнага моста .. чуваць рэдкія чэргі. Гэта на правым флангу .. строчыць Яша Шакурка. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́брыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

1. Прамысловае прадпрыемства, якое апрацоўвае сыравіну пры дапамозе машын і для якога характэрны падзел працы па аперацыях. Тэкстыльная фабрыка. Абутковая фабрыка. □ Магутнай ракой, перакідваючыся з завода на завод, з фабрыкі на фабрыку, з калгаса ў калгас, пацёк — разліўся стаханаўскі рух па нашай радзіме. Купала. Мы цягнікі вадзілі, Палотны на фабрыках ткалі, Лес магутны валілі. Караткевіч.

2. перан.; чаго. Пра месца, дзе што‑н. ствараецца ў вялікай колькасці. Фабрыка хлусні. □ [Васіль:] — Думаю, што нядоўга чакаць, калі калгасы нашы .. стануць буйнымі фабрыкамі хлеба, малака, мяса. Шамякін. Фашысцкай навалы і фабрык смерці Ты, малады чытач, не ведаеш І не трэба, каб іх ты ведаў. Кірэенка.

[Ад лац. fabrica — майстэрня.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гары (у 1 знач.). Горны ланцуг. Горнае паветра. // Які знаходзіцца ў гарах. Горнае паселішча. Горныя лугі. □ Стала так ціха, што здавалася — ручай грыміць, як горны вадапад. Самуйлёнак. // Гарысты; пакрыты гарамі. Горная краіна. // Прызначаны для выкарыстання ў гарах. Горная артылерыя. Горныя лыжы.

2. Які здабываецца з зямных нетраў. Горныя руды.

3. Які мае адносіны да распрацоўкі зямных нетраў. Горны інжынер. Горны камбайн.

•••

Горная хвароба гл. хвароба.

Горны баран гл. баран (у 2 знач.).

Горны хрусталь гл. хрусталь.

Горны лён гл. лён.

го́рны 2, ‑ая, ‑ае.

Разм. Поўны горычы, гора; гаротны. І маёр штораз прыгорне Да грудзей сваіх малую: — Не журыся, сум твой горны Я душой таксама чую. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ле́та, ‑ы, ж. (з вялікай літары).

У грэчаскай міфалогіі — рака забыцця ў падземным свеце.

•••

Кануць у Лету гл. кануць.

ле́та, ‑а, М леце, ж.

1. Самая цёплая пара года паміж вясной і восенню. Было гарачае, як прысак, лета. Сонца паліла, нібы вогнішча. Бядуля. У леце пачыналася ўжо тая ледзь значная змена, той паварот часу, калі жыццё прыроды ідзе на спад. Колас.

2. пераважна мн. (ле́ты, ‑аў). Разм. Гады. Мінула юнацтва, ідуць мае ў сталасці леты. Кірэенка.

•••

Бабіна лета — цёплая сонечная пара ранняй восені. Думалі, што бабінага лета так і не прычакаюць. Але ўрэшце разлагодзілася, сціхла, выясн[е]ла — і паляцела павуцінне. Місько.

Зіму і лета гл. зіма.

З лета ў лета — а) круглы год; б) кожнае лета.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падастава́ць, ‑стаю, ‑стаеш, ‑стае; ‑стаем, ‑стаяце; зак., што.

1. Дастаць, выцягнуць усе, многае або вялікую колькасць чаго‑н. Падаставаць кнігі з шафы. □ Невядомы.. падаставаў цвічкі, якія трымалі шкло, выняў шыбу і, прасунуўшы руку ў сярэдзіну, адшчапіў кручок. Курто. [Антон Аўдзеевіч:] Колькі.. [лейтэнант] падаставаў мін, колькі разоў хадзіў па краю бездані... Кірэенка. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выняць што‑н. схаванае — пра ўсіх, многіх. Апусцела пляцоўка: адны пайшлі абедаць у сталоўку, другія падаставалі загорнутыя ў газеты пакуначкі, паселі на шпалы і са смакам падмацоўваліся. Дадзіёмаў. Канвойнікі спыніліся пад вярбою, зараз жа падаставалі кісеты і пачалі вярцець папяросы. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць, раздабыць што‑н. — пра ўсіх, многіх. — Нашы хлопцы немаведама скуль падаставалі стрэльбы і давай жарыць. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакасі́ць 1, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., што.

1. пераважна безас. Зрабіць касым, скрывіць. Дзверы пакасіла.

2. і чым. Павярнуць вочы ўбок, коса паглядзець. Я пакасіў вокам .. і напраўду, побач з месцам, дзе я толькі што ляжаў, убачыў выціснутую ад сядзення ямку, на купіне, а спераду купіны выбіты нагамі мох. Кірэенка.

пакасі́ць 2, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., каго-што.

1. Скасіць усё, многае. Едзе, едзе к нам падмога, Усё пакосім, убяром!.. Парахневіч.

2. перан. Забіць, загубіць усіх, многіх. Усіх фашыстаў, якія на чале з Фрыдрыхам Фенсам былі ў Макушоўскім лесе, пакасілі партызанскія кулі. Паслядовіч.

3. і без дап. Касіць некаторы час. — Пакашу да вечара, — хоць душу адвяду, — сказаў Алесь і пагнаў пракос. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Звесці, шчыльна злучыць адно з другім. Самкнуць ножкі цыркуля.

2. перан. Злучыць у адно цэлае. Самкнулі шарэнгі Чырвонагвардзейцы. Глебка. // Акружыць, узяць у клешчы. Калі чужынцы свой самкнулі круг, Падняў з гранатаю руку мой друг, Магутны выбух страсянуў наўколле... А. Астапенка. Затое не забывалася тая цёмная ноч у сярэдзіне лета, калі вярталіся з бежанцаў: непадалёку ад Клінцоў немцы самкнулі клешчы, і ў акружэнні, разам з вайсковымі часцямі, апынуліся бежанская абозы. Чыгрынаў.

3. Заплюшчыць, стуліць (вочы, губы і пад.). А па ранку, ледзь самкнула Вочы стомлена дзяўчынка, Хтось устаў над ёй — пачула — З ціхім шэптам: — Сірацінка... Кірэенка.

•••

Не самкнуць вачэй — не спаць зусім.

Самкнуць рады — згуртавацца, аб’яднацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)