ту́пат, ‑у, М ‑пане, м.

Стук, шум ад удараў ног аб цвёрдую паверхню чаго‑н. пры хадзьбе, бегу і пад., а таксама самі такія ўдары. Конскі тупат. □ Толькі па тупату ног ахоўнік здагадаўся, што хлапчук апынуўся ў яго ззаду. Нядзведскі. [Сцяпан:] — Мае словы згубіліся ў тупаце цяжкіх ног, у гамонцы, у скрыпе дзвярэй. Пянкрат. Дрыжэлі сцены, сатрасалася падлога пад разухабістым тупатам ног, вухалі галасы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Хапаць паветра і выдыхаць раскрытым ротам; цяжка дыхаць. — Ліха бо ведае гэтага нездаляку, — падзівіўся сам сабе Ахвіцэрык. — Нядаўна ж ляжаў і ледзь хаўкаў. Даніленка. Панок зноў закашляўся і сціх. Ішоў ззаду за ўсімі, дыхаючы, як рыба на пяску, ажно хаўкаў. Пташнікаў.

2. Пазяхаць. — Яшчэ не прыдумаў. — Віця пазяхае. — Мабыць, пераспаў. Не даспіш, ці пераспіш — хаўкаеш, як сабака. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыганя́ць, прыгна́ць ’прывесці, даставіць; прымушаць, падахвочваць’ (ТСБМ), прыгыня́ць ’тс’ (Бяльк.). Узыходзіць да прасл. *prigъnati/*prigoniti/*priganʼati, прэфіксальных утварэнняў ад *gъnati/*goniti/*ganʼati; гл. ганя́ць, гнаць. Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі з развіццём і пашырэннем семантыкі: прыго́н, прыго́нка ’дастаўка; прымус прыйсці, з’явіцца; згон’ (Нас., ТСБМ); прыго́н ’пасаг маладой у выглядзе жывога інвентару, статак’ (Федар.), прыгі́н ’дамашнія жывёлы, якіх бацькі далі як пасаг заручоным’ (Сіг.); з архаічнай словаўтваральнай структурай прыганя́ты ’слуга памешчыка, які наглядаў за працай сялян у час прыгону; цівун; аканом’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.); параўн. маляўніча вобразнае мн. л. перан. прыгыня́тыя ’нязжатыя сцяблы збожжа, якія засталіся ззаду’ (рас., Шатал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

упе́радзе, прысл. і прыназ.

1. прысл. На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н., наперадзе; проціл. ззаду. Уперадзе .. ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. Уперадзе, з-за ўзгорка, выпаўзалі чырвоныя камяніцы станцыі. Мележ. // На пярэднім месцы, непасрэдна перад кім‑, чым‑н. (сядзець, стаяць і пад.). Вядома, калі пышная Лізавета Назараўна сядзе ўперадзе, а Ніна Раманаўна і Лена ззаду, то і для маці месца хопіць. Корбан. // Сярод першых, першым у якой‑н. справе. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго [брата] не падвяду. Гілевіч.

2. прысл. У будучым. Але ўперадзе было яшчэ многа цікавага, нязведанага, бо гэта ж толькі адна мяжа, за якою разгортваюцца новыя краіны жыцця, новыя хвалі яго вечнай плыні. Колас.

3. прыназ. з Р. Перад кім‑, чым‑н. Збоку пясчаных узгоркаў, якія раскінуліся ўперадзе грэблі, грымнула некалькі дружных гарматных залпаў. Лынькоў. Уперадзе ўсіх ветрыкам лёгкім ляцела Люба. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папіха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Штурхаючы або падштурхваючы, прымушаць ісці куды‑н. або перамяшчаць у якім‑н. напрамку. Я далікатна, але настойліва папіхаў худую спіну Апанаса Прохаравіча да дзвярэй. Пянкрат. Чалавек у чырвонай шапцы і начальнікі з ліхтарамі папіхаюць паравоз ззаду. Самуйлёнак.

2. перан.; каго. Абыходзіцца зняважліва з кім‑н. Даўно.. [Платон] ведаў Юрку Хмялеўскага — працаўніка і гаротніка, якога і тут, у маёнтку, папіхалі хто куды хацеў. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уціхамі́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Супакоіцца, суняцца. [Васіль Міронавіч:] — Пачынаем вечар пытанняў і адказаў... Таварышы — уціхамірцеся... Нічога не пачуеш там ззаду. Пташнікаў. // Заспакоіцца душэўна. [Галіна] кінулася да калыскі, і сэрца ўціхамірылася. Сабаленка. // Аслабець (пра сілу, праяўленне чаго‑н.); аціхнуць. Перастала штарміць. Мора ўціхамірылася. Машара.

2. Стаць паслухмяным, пакорным; утаймавацца. Раз’юшаны тыгр нарэшце ўціхамірыўся. □ Я скрыгатаў зубамі, лаяўся, махаў кулакамі, а хросны падскокваў да мяне, хапаў за рукі, прасіў уціхамірыцца. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

За, прыназоўнік. Рус., укр., серб.-харв., балг., макед. за, польскі серб.-луж., чэш., славац., славен. za, палаб. zo. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. за. Прасл. za не мае пэўнай і.-е. этымалогіі. Покарны (1, 451–452) звязвае з літ. дыял. ažu, (літ. už(u)), лат. дыял. az (літ. àiz) і ўзводзіць да *gʼhōззаду’ (параўн. прасл. *za‑dъ і *na‑dъ). Фасмер (2, 69) услед за Эндзелінам (Darbu, 1, 323) указвае, што слав. za суадносіцца з балт. *ažuo, як *na з грэч. ἄνω. Сувязь з прэфіксам vъz‑ (> уз‑) няпэўная, таксама як супастаўленні з арм. za, əz, z. Агляд літаратуры гл. у Фасмера, а таксама ў ESSJ SG, 1, 294.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыл ‘ задняя частка, процілеглая пярэдняй; задні бок чаго-небудзь’ (ТСБМ, Яруш.; шчуч., ашм., Сл. ПЗБ), ‘зад, задняя частка (тушы)’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ‘ніжняя частка тулава чалавека, клубы’ (трак., Сл. ПЗБ), ‘знешняя паверхня рукі, процілеглая далоні’, ‘тэрыторыя ззаду лініі фронта’ (ТСБМ), ‘задні двор’ (навагр., Дзмітр.), ‘сцяна ў хаце насупраць варотаў’ (ТС), ст.-бел. тылъ ‘задняя частка, старана чаго-небудзь, процілеглая пярэдняй; тэрыторыя ззаду вайсковага падраздзялення, асобы’ (ГСБМ): подали тылъ ‘набеглі, адступілі’ (XVII ст., Карскі 2-3, 393). Параўн. укр. тил(ь), тило́ ‘хрыбетнік, спіна’, ‘задняя частка чаго-небудзь’, ‘тыльная частка нажа, нажніц’, ‘заднік абутку’; рус. тыл ‘зад, задняя частка чаго-небудзь’, ‘спіна’, ‘адварот, спод, левы бок’; стараж.-рус. тылъ ‘задняя часткі шыі, патыліца’, польск. tył ‘бок, процілеглы пераду, фронту’, ‘цела чалавека ззаду ніжэй спіны’, ‘частка цела жывёлы, якая знаходзіцца найдалей ад галавы’; палаб. tål ‘патыліца’; н.-луж. tył, tyło ‘карак’, в.-луж. tył ‘тс’, ‘тупы край нажа’; чэш. týl ‘карак’, ‘прастора за фронтам’, славац. tylo ‘карак, патыліца’, ‘абух’, ‘прастора за фронтам’, славен. tȋl ‘задняя частка шыі’, tȋlnik, zatȋlnik ‘карак’, харв. zàtiljak, pòtiljak, серб. за̀тиљак, по̀тиљак ‘карак’, дыял. тил ‘патыліца’, балг. тил ‘карак, патыліца’, макед. тил ‘задняя частка, карак’, ‘прастора за фронтам’, ‘абух’, дыял. тило ‘карак’: фана га за тило. Прасл. *tylъ, *tylo ‘задняя частка галавы і шыі’ (Борысь, 658; Бязлай, 4, 180) роднаснае літ. tū́las ‘іншы, шмат які’, tūlė̃ ‘(вялікае) мноства’, ст.-прус. tūlan ‘шмат’, вал. twl ‘круглае ўзвышэнне’, нова-в.-ням. бавар. Dollfuß ‘распухлая нага’, цірольск. doll ‘тоўсты’, ст.-грэч. τύλη ‘мазолістая спіна’, ‘падушка’, τύλος ‘мазоль’, ‘гуз’, алб. tul ‘мякіш (хлеба)’, ‘лытка, сцягно’, магчыма, таксама ст.-інд. tū́la‑ ‘пук валасоў’, утвораныя пры дапамозе суф. *‑l‑ ад і.-е. *teu̯ə‑/*tēu‑/*tu‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ > прасл. *tyti ‘таўсцець, пабухаць’, ‘густа расці’. Паводле Мартынава (Становление, 11), лексікалізаваны дзеепрыметнік на *lъ ад *tyti (як прасл. *ǫz‑l‑ъ ‘вузел’), параўн. харв. лак. til ‘тлусты’ — па паходжанні дзеепрыметнік ад titi ‘таўсцець’ (Борысь, Czak. stud., 110), гл. тыць. Куркіна (Этимология–1982, 23) падае яшчэ адзін апафанічны варыянт асновы *teu̯ə‑*tu̯el‑, параўн. каш.-славін. tvėla ‘тоўстая галіна, доўгі парастак’, аднак Борысь (SEK, 4, 184) выводзіць яго з н.-ням. Twehl ‘галіна’, Twäl ‘развіліна’, с.-ням. twele ‘тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 4, 131; Чарных, 2, 275; Брукнер, 589; Махэк₂, 664; Голуб-Копечны, 399; Сной, 764; ЕСУМ, 5, 567; Арол, 4, 125; ESJSt, 17, 1002. Гл. таксама тул. Сюды ж вытворныя ты́лак ‘ягадзіцы’ (Адм., Сержп. Прык.; лях., Сл. ПЗБ), ‘заднік абутку’ (гродз., Сл. ПЗБ), тыло́к ‘задніца, зад’ (Баршч.), тыльё ‘тыльная (тупая) частка нажа, касы’ (Чуд., ТС), тыло́к ‘зад (у асы)’ (ТС); тылавы́, ты́льны ‘задні’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘знешні, які знаходзіцца зверху’ (гродз., Сл. ПЗБ), апошняе, як і тыл, няма падстаў выводзіць з польск. tył, tylny (гл. Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 154); тылы́ ‘сукупнасць часцей, падраздзяленняў і ўстаноў, створаных для забеспячэння войск’ (ТСБМ, з рус. тылы́ ‘тс’), ты́льна сцяна, тылавая ‘глухая сцяна з цэлых бярвёнаў, прасла’ (баран., слуц., ЛА, 4), тылава́ць ‘адцягваць каня задам назад’, ‘адыходзіць задам’ (Шат.), з тылуззаду’ (Бяльк.; вільн., трак., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перабо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. перабіраць — перабраць (у 1, 3, 4 і 6 знач.) і перабірацца — перабрацца (у 2 знач.).

2. Дзеянне паводле дзеясл. перабіраць (у 2 знач.).

3. Лішак, узятае звыш меры, нормы; проціл. недабор. Перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Колас.

4. Частае чаргаванне якіх‑н. гукаў; перазвон, перастук. Пералівістыя пераборы галасоў. □ Баяны і гармонікі заігралі ў перабор. Калачынскі. Ззаду грымелі, разрываючыся, снарады і густа, з пераборамі, ляскаталі кулямёты. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зма́хваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да змахнуць.

зма́хваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Нагадваць каго‑н., быць падобным на каго‑н. Генадзь з арліным носам і гордай паставай сапраўды змахваў на каршуна. Няхай. Лабановіч у параўнанні з Грыньком быў горкі пралетар, і ён нават са знявагаю паглядзеў на свой сурдут, які ён купіў у Курульчука за два рублі з палавінаю і ў якім ён, асабліва ззаду, вельмі змахваў на местачковага рабіна. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)