маста́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мастацтва (у 1 знач.). Мастацкая літаратура. Мастацкі фільм.
2. Які мае адносіны да дзейнасці ў галіне мастацтва. Мастацкі кіраўнік тэатра. // Звязаны з мастацтвам (у 1 знач.). Мастацкая студыя. Мастацкая прамысловасць.
3. Які мае дачыненне да твораў мастацтва. Мастацкая выстаўка. Мастацкі музей. □ [Кіра, Лёдзя і Пракоп] усёй брыгадай наведалі мастацкую галерэю. Карпаў.
4. Уласцівы творам мастацтва. Мастацкі стыль. Мастацкі вобраз. // Які мае адносіны да формы мастацкіх твораў, сістэмы эстэтычных сродкаў і прыёмаў. Мастацкая дасканаласць твора. Мастацкая палітра. Мастацкая дэталь. // Які ўключае ў сябе элементы мастацтва, артыстычнасці. Мастацкая гімнастыка.
5. Які адпавядае патрабаванням мастацтва; эстэтычны. Мастацкі густ.
6. Прыгожы, выкананы з густам. Мастацкая вышыўка.
7. Які мае адносіны да мастака (у 1, 2 знач.). Мастацкія здольнасці.
•••
Мастацкая літаратура гл. літаратура.
Мастацкая самадзейнасць гл. самадзейнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́явіцца, ‑яўлюся, ‑явішся, ‑явіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наглядна праявіцца; паказацца (пра што‑н. скрытае). У хлопца выявіліся добрыя арганізатарскія здольнасці, старанне, настойлівасць і акуратнасць у рабоце. Кулакоўскі. // Разм. Паказаць сябе. Макар Лагун ужо не раз казаў Сцёпку, чаму ён не ў ячэйцы, .. і чаму не выявіўся нічым, як бязбожнік. Колас. // Выкрыцца, стаць відавочным. Выявіліся недахопы. Выявілася нястача грошай.
2. безас. (звычайна ў спалучэнні са злучнікам «што»). Аказацца на самай справе, у выніку чаго‑н. Ужо з першых крокаў выявілася, што такое заданне даць лягчэй, чым яго выканаць. Якімовіч. Калі праверылі людзей, то выявілася, што ўсе былі ў зборы. Мележ. Як выявілася, рыбакі паехалі ў сяло. Краўчанка.
3. Разм. Выпісацца адкуль‑н. Выявіцца з дамавой кнігі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сляпі́ць, сляплю, слепіш, слепіць; незак., каго-што.
1. Пазбаўляць зроку, рабіць сляпым. // Пагаршаць зрок, псаваць вочы. Твая дзяўчына пры кудзелі Сляпіць не будзе ясных вочак. Купала. Эх, жэўжык! Замарыўся ўчора, ходзячы за каровамі, а ўсё роўна ўвечары сляпіў вочы: штосьці пісаў. С. Александровіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асляпляць яркім, моцным святлом. Кругом было так чыста, такая бель, што сляпіла і адбірала вочы. Колас. Святочныя ілюмінацыі на вуліцы сляпілі вочы. Карпюк.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перашкаджаць глядзець, бачыць, засыпаючы ці залепліваючы, засцілаючы чым‑н. вочы. Слёзы сляпілі вочы. □ Паваліў густы мокры снег, сляпіў вочы, слізкімі палякамі спаўзаў за каўнер. Грахоўскі.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Пазбаўляць здольнасці разумна разважаць. Гнеў пачынаў сляпіць. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
та́лент, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.
1. ‑у. Надзвычайныя прыродныя здольнасці. Музыкальны талент. □ Канечне, звычайнаму чалавеку столькі ведаць немагчыма, тут патрэбен талент, а талент даецца чамусьці не кожнаму. Васілёнак. Сутнасць яго [Багдановіча] заключаецца ў тым, што талент дасягае вяршыні мастацтва іптэнсіўнай працай і сардэчнай самаадданасцю раз абранаму ідэалу паэзіі. Майхровіч. // Здольнасць, уменне. — Так, так, — сказаў Сухавараў, — на гэта трэба мець асаблівы талент. — У пана Лабановіча і ёсць гэты асаблівы талент, — прамовіла Ядвіся. Колас. // Разм. Занятак. У канцы імперыялістычнай вайны Вэня Шпулькевіч знайшоў сабе талент: ён ад’ехаў з Мінска кіламетраў за сто і там астаўся на службу. Чорны.
2. ‑а. Чалавек з надзвычайнымі здольнасцямі. Маладыя таленты. □ [Валодзя:] — Стась — талент, ён выдатны мастак. Усе партрэты, усе лозунгі, усе плакаты, карціны і дыяграмы — усё гэта зроблена ім.. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тума́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Засцілаць, закрываць сабой (пра пыл, дым і пад.). Дым туманіць далягляд. // Засціць што‑н. чым‑н. Часамі пастушкі .. туманілі неба дымам сухога [бульбоўніку]. Чорны.
2. Завалакаць (вочы), перашкаджаць добра бачыць. [Антосіха] глядзіць на сваіх кватарантаў, і вочы яе туманяць слёзы. Кулакоўскі. // перан. Засціць (свядомасць, думкі); пазбаўляць здольнасці ясна разумець, успрымаць. Хмель помсты туманіў .. [Соміку] свядомасць. Крапіва. Скрыпелі да болю зубы, скрыпелі масніцы, злосць туманіла розум. Шашкоў. Усё цела .. [Яўхіма] поўнілася нецярплівай, гарачай прагай, якая ап’яняла, паліла, туманіла развагу. Мележ. // Разм. Рабіць няясным, незразумелым, блытаць. [Антон:] — Ведаеш, брыгадзір, давай на чыстату. Выкладвай, як яно было... І не тумань мне галавы! Савіцкі. І Змітрок не заходзіць. Яшчэ туманіць, што па справах да старасты. Разам на полі — не могуць дамовіцца. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ахво́та, ‑ы, ДМ ‑воце, ж.
1. Жаданне задаволіць якія‑н. свае патрэбы, імкненні, схільнасці, захапленні. У нашай цудоўнай Савецкай Айчыне шлях у жыццё ім шырока адчынен і да навукі, да усякай работы, абы ты здольнасці меў і ахвоту. Дубоўка. З гулам, з грукатам страшэнным Яна [маланка] рухае машыны. Хутка бегае па дроце (Не па ўласнай хоць ахвоце). Крапіва. Іліко плёскаўся ў вадзе, колькі было ахвоты. Самуйлёнак. Дзе няма ахвоты, там няма работы. Прыказка.
2. безас. у знач. вык. Ёсць жаданне што‑н. рабіць. Хай глядзіць ён [звярок] на людзей І на іх работу... Бор грыміць, звініць, гудзе, Мне спяваць ахвота! Бялевіч.
3. Разм. Пара цечкі, жаданне да спарвання ў самак.
•••
Адбіць ахвоту гл. адбіць (у 5 знач.).
Ахвота бярэ — ёсць жаданне да чаго‑н.
Паддаць ахвоты гл. паддаць.
Сагнаць ахвоту гл. сагнаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.
1. Адразаючы па краях ці з канцоў, пакараціць, паменшыць што‑н.; падрэзаць. // Аддзяліць, адрэзаць што‑н.; зрэзаць. Абрэзаць на яблыні сухія галіны. □ Не марудзячы ні хвіліны, ён [Маеўскі] абрэзаў стропы і адскочыў убок. Шамякін. // Зняць, зразаючы збоку, па ўсёй паверхні. Абрэзаць гарэлую скарынку ў хлебе. // перан. Паменшыць, скараціць памеры ці колькасць чаго‑н. Абрэзаць паёк. □ У адных абрэзалі зямлю, другім далі. Каваль.
2. Пашкодзіць, параніць чым‑н. вострым. [Жэнька] яшчэ не ўмее жаць, — раз прабавалі: ды палец абрэзала — яшчэ знак ёсць. Крапіва.
3. перан. Разм. Рэзка перапыніць, абарваць чым‑н. гаворку, прымусіць змоўкнуць. — Як з цябе прымак, калі кашуля ў цябе чорная, як у камінара, — абрэзала жартаўніка бойкая Зоя. Грахоўскі.
•••
Абрэзаць (падрэзаць) крылле (крылы) каму — перашкодзіць каму‑н. шырока разгарнуць сваю дзейнасць, выкарыстаць свае здольнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ухі́л, ‑у, м.
1. Пэўны напрамак дзейнасці, інтарэсаў, спецыялізацыі. Лазарэт будзе мець хірургічны ўхіл. Алешка. Кожная навучальная ўстанова з будаўнічым ухілам пасылала.. [на будаўніцтва магістралі] некалькі сваіх выпускнікоў. Пальчэўскі. // Наяўнасць здольнасці да чаго‑н. Гаварыў ён па-беларуску прыгожа, нават, я сказаў бы, з літаратурны ўхілам. Дубоўка.
2. Адхіленне, адыход ад генеральнай лініі партыі. Асабліва актыўную дзейнасць праявілі .. [Я. Купала і Я. Колас] у часы барацьбы з рознымі нацыяналістычнымі скажэннямі і ўхіламі. Шакун.
3. Нахіленая, пакатая паверхня; схіл, адхон. Было ясней за яснае: вагоны, пакінутыя на ўхіле незатарможанымі, скрануліся з месца і пакаціліся самі па сабе... Васілёнак.
•••
Левы ўхіл — чужая марксізму-ленінізму псеўдарэвалюцыйная, авантурыстычная палітыка, якая прыкрывае рэвалюцыйнай фразай апартуністычную, згодніцкую сутнасць.
Правы ўхіл (у ВКП (б) — апартуністычная плынь у 1928–30 гг., якая адмаўляла неабходнасць і магчымасць паскоранай індустрыялізацыі краіны, правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі і прапаведвала «тэорыю» затухання класавай барацьбы і мірнага ўрастання кулака ў сацыялізм.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
магчы́масць, ‑і, ж.
1. (у спалучэнні з наз. або інф.). Тое, што можа пры пэўных умовах адбыцца, ажыццявіцца, здзейсніцца. Магчымасць перамогі. □ [Ігнат] і ў думках не мог дапусціць магчымасці здрады .. [Багуцкага]. Лынькоў. Магчымасць пастаяць у сапраўдных варотах сапраўднага стадыёна прывабіць хоць каго. Васілёнак. // Дазволенасць, дапушчальнасць. Дзедава фантазія трохі разгулялася і свавольна пераходзіла межы рэальных магчымасцей. Колас.
2. Сродкі, умовы, неабходныя для здзяйснення чаго‑н. Пакуль Мірон зноў учапіўся за дрэва ды агледзеўся, човен быў на такой адлегласці, што дагнаць яго не было магчымасці, тым больш чалавеку адзетаму і абутаму. Маўр. [Сержант:] — Я ўжо даўно не хацеў служыць у польскай арміі, хацеў перайсці да бальшавікоў, але не было магчымасці... Нікановіч.
3. толькі мн. (магчы́масці, ‑ей). Унутраныя сілы, рэсурсы, здольнасці. Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.
•••
Па магчымасці (у знач. пабочн.) — наколькі магчыма.
Па меры магчымасцей гл. мера.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аглушы́ць, аглушу, аглушыш, аглушыць; зак., каго-што.
1. Моцным гукам, шумам часова пазбавіць здольнасці чуць. Асляпіў горад сваім святлом, аглушыў грукатам, здзівіў сваёй прыгажосцю. Каваль. Свет страсянуўся, жудасны гук аглушыў яго, і стала цёмна. Чорны. // перан. Напоўніць аглушальнымі гукамі (паветра, прастору). Калі, бывала, грому ўдары аглушаць ціхае сяло, на фоне цёмна-сіняй хмары мільгае белае крыло. Вялюгін.
2. Разм. Моцна ўдарыць па галаве; ударам давесці да непрытомнасці. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. // перан. Чым‑н. нечаканым моцна ўразіць, ашаламіць. Не сказаць, каб Сымона Чуйку вельмі аглушыла навіна, што ягонага Рыгора няма на лесапільні ўжо можа больш за тры гады. Чорны. Гітлераўцы разлічвалі, што начное забойства страшэнна ўразіць людзей, аглушыць іх. Шамякін.
3. перан. Разм. Выпіць вялікую дозу чаго‑н. (гарэлкі, спірту). [Міхась] выняў з кішэні портак паўлітроўку. — Поўненькая. З чырвонай галоўкай. Адну такую, Вася, сам аглушыў. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)