ЗДО́ЛЬНАСЦІ,
індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці асобы, якія з’яўляюцца суб’ектыўнымі ўмовамі паспяховага ажыццяўлення пэўнага роду дзейнасці. Вылучаюць З. агульныя (здзяйсненне разнастайных відаў дзейнасці, напр., разумовыя З., развітая памяць, мова і інш.) і спецыяльныя (поспехі суб’екта ў пэўных відах дзейнасці, напр. муз., матэм., літ.). З. фарміруюцца і развіваюцца ў працэсе ажыццяўлення розных відаў дзейнасці. Яны не тоесныя сукупнасці ведаў, уменняў і навыкаў індывіда, а праяўляюцца ў дынаміцы (хуткасці, глыбіні, трываласці) авалодання спосабамі і прыёмамі дзейнасці. Своеасаблівае спалучэнне З., якія абумоўліваюць дыяпазон магчымасцей суб’екта, узровень і спецыфіку яго дзейнасці, — адоранасць, вышэйшая ступень адоранасці — талент, найвышэйшая — геніяльнасць. Выяўленне і развіццё З. мае значэнне для прафес. арыентацыі чалавека.
Літ.:
Теплов Б.М. Избр. тр. Т. 1. М., 1985;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. М., 1989. Т. 2. С. 122—147;
Готсдинер А.Л. К проблеме многосторонних способностей // Вопросы психологии. 1991. № 4.
М.Ф.Усціновіч.
т. 7, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС ПАКУПНО́Й ЗДО́ЛЬНАСЦІ,
паказчык, што характарызуе колькасць тавараў і платных паслуг, якія можна набыць за адну грашовую адзінку пры дадзеным узроўні цэн на тавары і тарыфаў на паслугі. Адваротная велічыня індэкса цэн. Калі індэкс цэн на тавары і тарыфаў на паслугі зніжаецца, то І.п.з. павялічваецца, і наадварот. Ён адлюстроўвае змену намінальнага кошту грашовай адзінкі (кошту, пазначанага на грашах) з улікам змены цэн і тарыфаў. Умовамі павелічэння і замацавання пакупной здольнасці рубля з’яўляюцца ўстанаўленне правільных суадносін паміж попытам і прапановай, вытворчасць тавараў і паслуг, неабходных для задавальнення бягучых патрэб грамадства, эфектыўнае дзярж. рэгуляванне грашовага прапанавання і інш.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФА́ЗІЯ (ад а... + грэч. phasis выказванне),
парушэнне мовы з поўнай або частковай стратай здольнасці карыстацца словамі ці фразамі для выказвання думак або разумець чужую мову пры пашкоджванні пэўных участкаў кары галаўнога мозга, але захаванні функцыі артыкуляцыйнага апарата і слыху. Часта камбінуецца з парушэннем чытання (алексія), пісьма (аграфія), ліку (акалькулія). Узнікае пры інсультах, пухлінах і абсцэсах мозга, чэрапна-мазгавых траўмах і інш. Адрозніваюць афазію маторную (цяжка або немагчыма вымавіць слова, выказаць думку пры захаванні здольнасці вымаўляць асобныя гукі і разумець мову), сенсорную (неразуменне мовы пры нармальным слыху), семантычную (парушэнне разумення сэнсу фраз пры захаванні разумення асобных слоў), амнестычную (хворыя забываюць назвы прадметаў, але даюць ім характарыстыку), татальную (страта хворымі здольнасці гаварыць, разумець, чытаць і пісаць). Пры ўсіх формах афазіі лечаць асн. захворванне, праводзяць заняткі з лагапедам.
т. 2, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОД у вылічальнай тэхніцы,
адзінка хуткадзеяння (прапускной здольнасці) канала сувязі, роўная 1 біт/с. Названа ў гонар Ж.Бадо.
т. 3, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РХГОФА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
адзін з асноўных законаў цеплавога выпрамянення, які ўстанаўлівае залежнасць паміж вылучэннем і паглынаннем эл.-магн. выпрамянення целам пэўнай т-ры. Устаноўлены Г.Р.Кірхгофам у 1859. Паводле К.з.в. адносіны выпрамяняльнай здольнасці ε(λ,Τ) цела да яго паглынальнай здольнасці α(λ,Τ) не залежаць ад прыроды выпрамяняльнага цела і з’яўляюцца універсальнай функцыяй даўжыні хвалі λ (або частаты ν) і абс. т-ры Τ: ε(λ,Τ)/α(λ,Τ) = ε0(λ,Τ). Функцыя ε0 з’яўляецца выпрамяняльнай здольнасцю абсалютна чорнага цела, для якога α(λ,Τ) = 1 і ў яўным выглядзе вызначаецца Планка законам выпрамянення.
т. 8, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПЛАЦЕЖАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
страта фірмай або дзяржавай здольнасці своечасова і поўнасцю выконваць свае фін. абавязацельствы, абумоўленая іх валютна-фін. становішчам, адсутнасцю свабодных сродкаў, дэфіцытнасцю бюджэту і плацежнага балансу. Гл. таксама Банкруцтва.
т. 11, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНЕМАТЭ́ХНІКА (ад грэч. mnemē памяць + techne мастацтва, майстэрства),
1) тое, што мнемоніка.
2) Цыркавы і эстрадны нумар (дзея), заснаваны на здольнасці запамінання («адгадвання» лікаў, прадметаў, дат, імён). Выконваецца 2 артыстамі пры дапамозе спец. распрацаванага кода.
т. 10, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ,
здабыча некаторых (асобных) кампанентаў цвёрдага рэчыва з дапамогай растваральніку. Заснавана на здольнасці гэтага кампанента растварацца ў вадкасці (напр., вадзе, водных растворах кіслот, шчолачах) лепш за інш. кампаненты матэрыялу. Выкарыстоўваецца ў гідраметалургіі, горнай і хім. прам-сці, вытв-сці цукру, дубільных рэчываў.
т. 4, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІ́ЗМ СПАРТЫ́ЎНЫ,
адзін з тэхнічных відаў спорту, які ўключае канструяванне, стварэнне і спаборніцтвы дзеючых і стэндавых мадэляў аўтамабіляў, лакаматываў, лятальных апаратаў, суднаў і інш. Развівае канструктарскія здольнасці, тэхн. кругагляд. Спаборніцтвы праводзяцца на пяршынствы свету, кантынента, краіны. Гл. таксама Авіямадэлізм, Аўтамадэлізм, Суднамадэльны спорт.
т. 9, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАСТРАПА́ДКА»,
бел. нар. танец. Муз. памер 2/4, тэмп жвавы. Назва ад растрапаць, трапаць. Выконваецца пад песню. Мае сольны імправіз. характар; кожны танцор імкнецца найлепш паказаць свае здольнасці. Зафіксаваны ў 1930-я г. ў беларусаў Лудзенскага пав. (цяпер Лудзенскі р-н, Латвія).
Л.К.Алексютовіч.
т. 13, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)