Рабу́ха 1 ’рапуха’ (слуц., ашм., ЛА, 1). Магчыма, другаснае ўтварэнне ад рапу́ха (гл.) на базе рабы́ (гл.), параўн. раба́я жа́ба ’рапуха’ (капыл., петрык., ЛА, 1).
Рабу́ха 2 ’пярэстая жывёліна’, ’рабая жанчына’. Ад рабы́ (гл.).
Рабу́ха 3 ’грыб Panaeolina’ (Сярж., Грыбы). Ад рабы́ (гл.), паколькі грыб мае чырвона-рудыя (рабыя) пласткі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Саба́чы, прым. ад сабака 1; часта як састаўная частка назваў некаторых раслін і грыбоў: саба́ччая мята ’мята палявая’ (Шат.), саба́ча, саба́чая, саба́ччая, саба́чча мята, соба́ча мнята ’мята вадзяная і палявая’ (Сл. ПЗБ), саба́ча мята ’мята перцавая’ (Жыв. сл.), саба́чы рамон ’рамонак’ (Бяльк.), саба́чы рамонак, саба́чы румянак ’тс’ (Сл. ПЗБ), саба́чча мыла ’вятроўнік вязалісты’ (Жыв. сл.), саба́чы баравік ’воўчы грыб’ (Сл. ПЗБ), саба́чыя грыбы ’неядомыя грыбы’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.), саба́чы грыбок ’від грыба’ (Байк. і Некр.). Як заўважае Мяркулава (Очерки, 89), назвы такога тыпу існуюць у большасці індаеўрапейскіх моў. Значэнне прыметніка, утворанага ад назваў жывёл і птушак, звычайна выпустошана; ён указвае толькі на неядомасць або непрыдатнасць для чалавека гэтай расліны. Пра сінанімію сабачы — воўчы гл. Жураўлёў, Язык и миф, 378–380.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
прыво́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які шырока, вольна раскінуўся (пра мясцовасць, прастору і пад.). Ёсць штось незвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасвецкіх шляхах Беларусі. Колас. Прывольная, цёмная пушча: Вялізныя ліпы, дубы, Асінніка, ельніка гушча, Між хвоі апаўшай грыбы. Багдановіч.
2. перан. Вольны, нічым не абмежаваны (пра ўмовы жыцця). Раслінны свет быў багаты, корму для .. [зуброў] хапала, жыццё было прывольнае. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Бэ́тка ’грыб’ (Сцяшк. МГ). Укр. дыял. бе́тка ’тс’. З польск. betka (bedłka, bedła, мн. bdły; да польскіх форм гл. Бартніцка-Дамбкоўска, Nazwy grzyb., 26–27) ’тс’ (зах.-слав. *bъdъla; параўн. і чэш. bedla; гл. Слаўскі, 1, 29; Брукнер, 19; Махэк₂, 50; магчыма, сюды ж і рус. дыял. бли́цы ’грыбы’, гл. Фасмер, 1, 176; Мяркулава, Очерки, 173–174).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жаро́нка ’што-н. смажанае’ (Сл. паўн.-зах.), ’грыбы смажаныя’, жаранка ’бульба смажаная’ (Мат. Гом.), жа́ренка ’што-н. смажанае’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. урал. жа́реньки ’піражкі смажаныя’, жа́ренки, жарёнки ’смажаная ежа’. Паводле спосабу прыгатавання, ад дзеяслова жа́рыць 1 (гл.) з суфіксальным ‑ан‑к‑а або ‑он‑к‑а < ‑ен‑ък‑а, як і падобныя назвы ежы: мачанка, сечанка, паранка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
зялёнка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Ядомы грыб з пласціністай зялёнай шапкай. Міця па-ранейшаму ходзіць у лес. Цяпер па зялёнкі, самыя познія, апошнія грыбы восені. Навуменка.
зялёнка 2, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Разм. Вадкасць зялёнага колеру на спірце з антысептычнымі ўласцівасцямі для змазвання скуры. Апёкі на твары пачарнелі, едкая зялёнка распаўзлася да вушэй. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лісі́ца 1, ‑ы, ж.
1. Тое, што і ліс (у 1, 3 знач.).
2. Тое, што і ліса (у 1 знач.).
лісі́ца 2, ‑ы, ж.
Разм.
1. Тоўстае круглае палена, якое кладзецца ўпоперак саней для перавозкі бярвення.
2. Прыстасаванне для сціскання дошак; ціскі.
лісі́ца 3, ‑ы, ж.
Тое, што і лісічка 2. Ля кратовых ямак — грыбы лісіцы выскачылі з зямлі, дробненькія яшчэ. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
марынава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
1. што. Кансерваваць, прыгатоўваць харчовыя прадукты ў марынадзе. Марынаваць рыбу. Марынаваць грыбы.
2. перан., каго. Разм. Знарок затрымліваць каго‑н. у адным якім‑н. стане, званні. [Нэля:] — Мужа цэлы год .. марынавалі ў Азове — выкарыстоўвалі на самых звычайных работах на промыслах. Лупсякоў. // што. Знарок затрымліваць рашэнне, выкананне чаго‑н. [Шылаў:] Цяпер я ведаю, чаму ты заказ мой марынуеш. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Маладыя дрэвы, кусты і пад., якія выраслі ў лесе сярод дрэў іншай пароды. За просекай то тут, то там зелянеў бярэзнік з лазовай падсадай. Асіпенка. У астатнія ж дні не вылазіла [маці] з лесу: то збірала грыбы і ягады, то зарабляла капейку — паліла лаўжы, акопвала на дзялянках падсаду. Сачанка. Навокал .. заходзяцца ў падсадзе салаўі. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укасі́ць, укашу, укосіш, укосіць; зак.
1. (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы касіць. Трава такая густая, што і не ўкосіш.
2. што і чаго. Накасіць, скасіць нейкую колькасць травы, сена. Укасіць травы каню нанач. □ Паўз будку шыбуюць у лес местачкоўцы. Ідуць кожны па сваёй патрэбе: хто па ягады, хто па грыбы,.. а хто неўзаметку, патаемна ад лесніковага вока, укасіць між кустоўя капу сена. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)