прыміры́ць, ‑міру, ‑мірыш, ‑мірыць; зак., каго-што з кім-чым.

1. Пакласці канец сварцы, варожасці паміж кім‑н. Смерць можа часова прымірыць нават самых заўзятых ворагаў... Ваданосаў. Мачыха сядзела, гаманіла з Глушачыхай, з Глушаком, чапляла часам маўклівага, ваўкаватага Яўхіма — усё намагалася палагодніць, прымірыць усіх з Ганнаю. Мележ. // перан. Згладзіць супярэчнасці паміж чым‑н.; узгадніць што‑н. з чым‑н. Прымірыць навуку і рэлігію багасловы неаднойчы спрабавалі. «Полымя». Мне хацелася, даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, і гэта была самая патаемная і самая душэўная думка. М. Стральцоў.

2. Прымусіць памяркоўна аднесціся да каго‑, чаго‑н. Мы асабліва не заўважаем бегу часу і ўсё хочам прымірыць нас ранейшых з намі цяперашнімі. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ране́й, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. рана ​2 (у 2 знач.).

2. Да пэўнага, указанага моманту. Сонца падымалася неяк марудна, раса ападала паволі. Можа яна ў гэтую раніцу ападала б і вельмі доўга, каб Аленка не прыйшла раней тэрміну. Колас. — Дык вось і зробім лаўтра пад’ём на дзве гадзіны раней звычайнага. Брыль.

3. У мінулым, да гэтага, да нядаўняга часу. Пімен Бумажкоў раней займаўся сельскай гаспадаркай, пасля пайшоў працаваць на завод рабочым. Чорны. Як ішлі камсамольцы раней на вайну, так ты сёння ідзеш узнімаць цаліну. А. Вольскі.

4. Спачатку, найперш. Раней, чым сабе, дзед накладваў мне ежу ў алавяную місачку. Бядуля. Што пачнецца раней — наступленне ці блакада — вельмі цяжка згадаць. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самапа́сам, прысл.

Разм. Без нагляду; на свабодзе. На.. [лузе] ўсю вясну, лета і восень самапасам пасвяцца гусі. Сачанка. Бацька мала калі бачыў сына, бо дзень і ноч быў заняты работай у сваім міністэрстве. Сын рос самапасам. Шахавец. Фэлькавы дзеці жылі самапасам, без мацярынскага догляду і бацькавай ласкі. С. Александровіч. // Без занятку, сам па сабе. Не жывуць самапасам і меншыя [дзеці]: у таго клопат — трусоў дагледзець, таму трэба бацвіння назбіраць і ў карыце насекчы. Ракітны. // Без дазволу, самавольна. [Алена Собаль:] — Старшыня.. [Геньку] не пускае і грозіць, што не дасць ніякіх дакументаў, калі ён толькі паедзе самапасам. Паслядовіч. // Без кіраўніцтва, як хто ўмее, як можа. У некаторыя ўрачыстыя дні.. складаецца саматужны хор. Ніхто ім не кіруе, спяваюць самапасам, як хто ўмее. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спец, ‑а, м.

Разм.

1. Прадстаўнік інтэлігентнай прафесіі, спецыяліст (ужывалася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі да сярэдзіны 20‑х гадоў у адносінах да выхадцаў з непралетарскага асяроддзя). Турбіну манціравалі замежныя спецы. Гроднеў. Бацька, вялікі спец, інжынер, які прыехаў у Расію яшчэ да імперыялістычнай вайны і астаўся жыць пасля рэвалюцыі, хацеў, каб адзіная яго дачка стала ўрачом. Навуменка.

2. Вельмі дасведчаны ў чым‑н. чалавек, майстар сваёй справы. Прыходзіць, стомленая за дзень, мая суседка, кабардзінка з Нальчыка, спец па віну. Лось. [Іван:] — Як ты лічыш, хто нам соткі ўзарэ — баба, Вольга, Лявонка? А можа ты? Ты ж на ўсё спец. Паўлаў. // Іран. Лоўкі, хітры, пранырлівы чалавек. Тавару дастаць усякага .. [Віктар] спец. І ніколі не пратаргаваўся яшчэ. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удзя́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае, выказвае ўдзячнасць. Удзячны чытач. □ Мажэйка быў удзячны Івану за тое, што ён падтрымліваў Святлану ў цяжкія дні. Шахавец. [Лабановіч:] — Я вельмі і вельмі ўдзячны за дапамогу, якую вы абяцаеце мне. Колас. [Ваня:] — Век буду ўдзячны, толькі памажыце. Новікаў. // Які прасякнуты ўдзячнасцю, выяўляе ўдзячнасць. Удзячны позірк. Удзячная ўсмешка. □ Многа яшчэ чуецца прыемных і ўдзячных слоў у адрас старога пастуха Ферапонта. Ракітны. — Жэнечка... родны мой... — шапнула [Ліда] і адразу .. заплакала ўдзячнымі слязамі маткі. Брыль. Ва ўдзячнай памяці мінчан навечна астануцца імёны герояў. «Полымя».

2. перан. Які абяцае добрыя вынікі, плён; можа апраўдаць затрачаныя сілы, сродкі. Удзячная тэма. □ Алёша .. лічыў, што больш паэтычнай, больш радаснай і ўдзячнай працы, як праца камбайнера, на свеце няма. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушанава́нне, ‑я, н.

1. Выражэнне павагі, пашаны; пэўныя цырыманіяльныя дзеянні як адзнака прызнання чыіх‑н. заслуг. Назаўтра пахавалі мы Бартало і Найдзёніка разам, з усімі нашымі партызанскімі ўшанаваннямі... Гроднеў. [Варанецкі:] — У гэтай зале ёсць людзі, якія, можа, больш варты ўшанавання, чым я. Дуброўскі.

2. Урачыстасці ў гонар юбіляра. Ушанаванне юбіляра. Ушанаванне перадавікоў працы. □ [М. Танк] .. быў членам Усесаюзнага камітэта па ўшанаванню памяці А. Міцкевіча. Бугаёў.

3. Прыстойнасць асобы. Сур’ёзныя твары .. [палешукоў] часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу. Пры гэтым палешукі, як па камандзе, адкідалі назад галовы і выпучвалі жываты. Але гэта было толькі ў тых выпадках, калі якая-небудзь з кабет, пераступіўшы ўсякія граніцы жаночага ўшанавання, адпускала штось вельмі жыццёвае і сакавітае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Суга́ ’мыс’ (Ласт.). Параўн. укр. карп. суг ’упадзіна ў зямлі’. Няясна. Магчыма, тое ж, што і аргат. суга́ ’вада’ (дрыб., шкл., навазыбк., Рам. 8–9), якое выводзіцца з тур. асман. su ’вада’ (гл. Горбач, Арго, 34), г. зн. ’месца каля вады’; назва па сумежнасці? Менш верагодная сувязь з укр. суга́ ’ржавая вада на балоце’, ’асадак у алеі’, балг. съ́га ’плесня на паверхні віна’, для якіх узнаўляецца прасл. дыял. *sǫga, гл. Пятлёва, Этимология–1976, 45; ЕСУМ, 5, 465. Можа быць і адваротным дэрыватам ад сузок (гл.) з “этымалагічным” узнаўленнем ‑г‑. Пацюпа (Arche, 2007, 3, 170) выводзіць з сугба́ ’выгін знутры’ (ад гібаць, гбаць ’згінаць’), у такім выпадку трэба дапусціць атаясамліванне фіналі -ба з адпаведным суфіксам і яго адсячэнне, што малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыюці́ць ’даць прытулак’, прыючы́цца ’знайсці прытулак’ (лід., Сл. ПЗБ). Сюды ж аддзеяслоўны назоўнік прыю́т ’дзяржаўны дом для дзяцей-сірот і састарэлых’ (Янк. 1), ’дзіцячы дом’ (Ян.), ’у дарэвалюцыйнай Расіі дабрачынная ўстанова для выхавання беспрытульных дзяцей’ (пруж., Сл. ПЗБ), прыю́тны ’ветлівы’ (Ян.), прыю́тный, прыю́тлывый ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (бяроз., ЛА, 3), прыю́тый ’мілы, прыгожы, прытульны’ (Бяльк.). Назоўнік прыют і дзеяслоў прыюціць, несумненна, запазычаны з рус. приют ’прытулак’, приюти́ть ’даць прытулак’ (параўн. ЕСУМ, 4, 586). Што да прыметнікаў, то яны могуць узыходзіць непасрэдна да *jutiti sę ’змяшчацца ў невялікай прасторы’, г. зн. ’быць блізкім адзін да аднаго’, што, паводле Трубачова, можа ўзыходзіць да і.-е. *ieu̯‑t‑, параўн. ст.-інд. yū̆tí‑ ’змяшэнне, сумесь’ (ЭССЯ, 8, 199).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рахамо́цце, рахамо́цье, рахамо́сцье ’хлам, анучы, барахло’ (ТС), сюды ж, магчыма, рахаму́д ’абарванец’ (Яўс.). Параўн. укр. палес. рахомо̂́тʼjе ’хлам, барахло’ (Лексика Пол.). Няясна. Відаць, складанае слова, першая частка якога рах(а)можа быць звязана з раха ’неахайніца’ (гл.) ці рахацца ’корпацца’ (гл.), а другая з матаць (гл.) ці му́дзіць (гл.). Параўн. таксама рахапе́цце ’манаткі’ (гл.), рахлю́ддзе ’рыззё’ (гл.) і пад. Апошняе слова дапускае сувязь з рус. ру́хлядь ’рухомая маёмасць, пажыткі’, што звязана з рух (гл.), параўн. Фасмер, 3, 524. Варыянтнасць першай часткі адзначаных слоў дазваляе звязаць іх з рухамо́цце, рухмаццё ’манаткі’ і ўрэшце з рухомасць ’рухомая маёмасць’, гл. Да фанетыкі параўн. рахавіты ’рухавы’ (гл.), рыхмазка ’неахайная жанчына’ (гл.), не выключаны ўплыў формы рахманы (гл. рахмач).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плях!1 ’боўць, шабулдых!’ (Шат.), ’плясь, ляп!’ (Шат.; сміл., Стан.), ’гук ад удару па мяккім месцы’ (Варл.), плях! — пра імклівы бег, пра ўдар (мсцісл., Нар. лекс.). Гукапераймальнае. Роднаснае да плясь! (гл.). Сюды ж: пля́хаць ’шлёпаць, хадзіць па гразі’ (Шат.), ’наносіць удары’ (сміл., Стан., Шат.), пля́хнуць ’ударыць’, ’пабегчы’ (Юрч.), ’ударыць па мяккім месцы’ (Варл.), ’плюснуць, абліць’ (Касп.), пля́хнуцца ’пляснуцца’ (Шат.), пля́хацца ’плёскацца (у вадзе)’ (беласт., Сл. ПЗБ; карэліц. Шатал.). Параўн. плёхаць (гл.).

Плях2 ’плешына, прагаліна’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Да плех1 (гл.). Галосны ‑я‑ з’явіўся, відаць, у выніку абагульнення асновы з пляха́ ’лысіна’, ’агрэх’ (швянч., Сл. ПЗБ), пляха́ ’абсевак’ (паст., ЛА, 2). Не выключана таксама, што плях можа быць запазычаннем з ням. Fleck ’пляма’, ’кавалак зямлі’, ’лапіна, акравак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)