пралі́ць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; зак., што.

Разліць. Каб у бацюшкі ў засеках поўна было, — прыгаворваў Габрусь, калі бацюшка нагінаўся сербануць з чаркі, каб не праліць «жывой вадзіцы»... Чарот. — Не забудзь жа, хлопча, тры карабкі з паловай, — затыкаючы анучкай каністру, заклапочана гаварыла бабка Ганна. — Ды глядзі ж не пралі па дарозе. Аляхновіч. // перан. Выпраменьваць, пашыраць навокал (святло, гукі і пад.).

•••

Праліць кроў чыю — параніць, забіць каго‑н.

Праліць пот — папрацаваць.

Праліць (сваю) кроў за каго-што — ахвяраваць жыццё або быць параненым, змагаючыся за каго‑, што‑н.

Праліць святло на што — растлумачыць што‑н., зрабіць ясным, зразумелым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

1. Адмяніць, ліквідаваць, прызнаць што‑н. нядзейсным, незаконным. Скасаваць дагавор. Скасаваць шлюб. Скасаваць штатную адзінку. □ [Ленін:] — Мы абяцалі народу мір, абяцалі скасаваць памешчыцкую ўласнасць на зямлю. Гурскі. Задоўга перад вайной раён скасавалі, і мястэчка паступова апусцела. Чыгрынаў. // Выкрасліць, закрэсліць. Скасаваць вершаваны радок.

2. Апратэставаць рашэнне суда ў касацыйным парадку; спыніць судовую справу. Усё падаваў прашэнні [Мудрэйка], падаваў скаргі, пасля зноў прашэнні, каб скасавалі справу. Чорны.

3. Абл. Зрабіць непрыкметным, адсунуць на задні план. Аніс, відаць, каб скасаваць сваю недарэчную выхадку, узяў пад локці Макара і Ёсіпа, якія, крыху збянтэжыўшыся, супыніліся ў парозе, і павёў іх наперад. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Зрабіцца кіслым; пракіснуць. Крупеня скісла. // Зрабіцца кіслым (пра малако). — Каня, нябось, не даў, мы на воліку возім, і ў нас малако ні разу не скісла. Шамякін.

2. перан. Разм. Страціць бадзёрасць, упэўненасць, стаць вялым, сумным. [Гэля:] — Што з табою, Адачка? Неяк ты адразу скісла. Пальчэўскі. [Дымар:] — Ды я спакойны, грамадзянін следчы. Я ўжо спакойны, — раптам скіс, згорбіўся арыштаваны, нахіліўся, кранаючыся кепкай падлогі. Шамякін.

•••

Каб (бадай) ты скіс (скісла) — ужываецца як нязлосны праклён. — Андрэй! А бадай-жа ты скіс! — радасна выгукнуў Янка. Колас. — Ах, каб ты скіс! — засмяялася гаспадыня і звярнулася да Карніцкага. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрацава́цца 1, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). У працэсе працяглай работы дайсці да непрыгоднага стану, знасіцца (пра інструмент, механізм). Матор спрацаваўся.

2. Стаміцца, страціць сілы, здароўе ад непамернай працы. [Марыля:] — Не ў тых гадах я, Амеля, не да гэтага мне цяпер. Якая была, то няма ўжо тае, спрацавалася. Лобан. [Маці] заўсёды так. Усё шкадуе, .. каб не спрацаваўся, каб у пару пад’еў. Дамашэвіч.

спрацава́цца 2, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

Дасягнуць поўнай зладжанасці, узгодненасці ў працы з кім‑н. [Зелянюк:] — Ну, што, згода? Едзем? .. Будзем разам працаваць на заводзе... Тут не спрацаваліся, дык, можа, там лепш патрапіш. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

столь, ‑і, ж.

1. Верхняе ўнутранае пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе. Сцены гладка склютаваны, Стрэхі з бляхі белай, Столь, падлога габляваны, Вокны ў сажань цэлы. Купала. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.

2. Паверхня гэтага пакрыцця з боку гары. Родзька праворна ўзбіраецца на столь, дзе пад чарапічным дахам ззяе электрычная лямпачка: здагадлівы старшыня паклапаціўся, каб працаваць .. было светла. Даніленка. Раніца ў нашым пакоі пачыналася грукам і стукам на столі. Новікаў.

•••

Пад столь — вельмі высокі. [Дзядзька Павел:] — Расці, нябожа, вялікі, каб, пакуль я прыйду з вайны, ты быў пад столь ужо. Сабаленка.

Пляваць у столь гл. пляваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улаго́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Дагаджаючы чым‑н., задобрыць каго‑н. Каб канчаткова .. [краўца] улагодзіць, Анціп дастае самасаду, закурваюць. Рылько. Каб улагодзіць Казюка, .. [Адэля] вярнулася не з пустымі рукамі. Броўка. / Пра зямлю. Калгаснікі-плужане і калгаснікі-трактарысты ўступалі ў сацспаборніцтва, пры гэтым не забывалася, што зямлю трэба ўлагодзіць таксама і гноем і, асабліва, попелам. Колас.

2. Супакоіць, суцешыць. Нячутна адчыніліся дзверы — і ўкаціўся Кляпнёў, як заўсёды з усмешачкай, вясёленькі, нёс новы анекдот, які павінен быў улагодзіць шэфа, калі той чым-небудзь угневаны. Шамякін. — Што ж ты, Паліна, не адна ж наша брыгада перайшла, — спрабаваў улагодзіць жонку Купчын. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарту́х, ‑а, м.

1. Жаночая адзежа пэўнага крою, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу, каб не забрудзіць іх. Надзейка даўно сабрала на стол, пераадзелася ў выхадное плацце, падвязала свежы вышываны фартух. Хадкевіч. // Прадмет рабочага адзення з рознага матэрыялу (скуры, гумы, брызенту і інш.), які адзяваюць, каб засцерагчы вопратку ад забруджвання. Даяркі былі ў белых касынках і белых фартухах. Шамякін. Кучаравы шавец нацягнуў замусолены фартух і заўзята ўзяўся за работу. Няхай. Уладкаваўся [хлапец] у пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Кулакоўскі.

2. Спец. Назва рознага роду покрывак, чахлоў і пад., якія прызначаюцца для машын, механізмаў, тэхнічных прыстасаванняў.

[Ням. Vortuch.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варушы́цца, -рушу́ся, -ру́шышся, -ру́шыцца; незак.

1. Ледзь прыкметна рухацца.

Ледзь варушылася лісце.

2. Кішэць, знаходзіцца ў хаатычным руху (пра вялікую колькасць каго-н.).

Каля пня варушыліся мурашкі.

3. перан. Займацца чым-н., актыўна дзейнічаць (разм.).

Каб усё паспяваць рабіць, трэба добра в.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Праяўляцца, прабуджацца (разм.).

Думкі пачынаюць в.

5. заг. варушы́(це)ся. Ужыв. пры пабуджэнні да дзеяння (разм.).

Но-о, гняды, варушыся!

|| зак. паварушы́цца, -рушу́ся, -ру́шышся, -ру́шыцца.

|| аднакр. варухну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся (да 1 і 2 знач.), зварухну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся (да 1 і 2 знач.) і паварухну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся (да 1 знач.).

|| наз. варушэ́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ю́шка 1, ‑і, ДМ юшцы; Р мн. юшак; ж.

Металічны кружок, якім закладаюць адтуліну ў коміне, каб не выходзіла цёплае паветра. Маці.. стаяла ля прыпечка і зачыняла ў коміне юшкі, каб пайшоў дух на выстуджаную за ноч хату. Капыловіч. Каб не здарылася бяда, вокны і юшкі ў коміне перад навальніцай зачыняюць. Грамовіч.

ю́шка 2, ‑і, ДМ юшцы, ж.

1. Страва са свежай рыбы з прыправамі; рыбны адвар. Увечары, калі прыехаў з горада Шыковіч, яны палілі свой касцёр і на агні варылі юшку; Яраш з сынам паспелі налавіць рыбы. Шамякін.

2. Поліўка (у 1 знач.). Сабіна з цікавасцю глядзела ў акно. Яна бачыла, як Сабастыян сам сёрбаў лыжкай юшку, спрабуючы, ці ўварыліся грыбы. Сабаленка.

3. Жыжка ва ўсякай страве. Сёрбай юшку, на дне гушча! З нар.

4. перан. Разм. Кроў. [Чалавек:] Сам бачыў, як у Бабруйску на Казначэйскай нейкі дзяцюк сунуў кулаком у храпу гарадавому, а той толькі юшку выцер, лахі пад пахі ды ходу. Грахоўскі.

•••

Пусціць юшку гл. пусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкара́скацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., ад каго-чаго.

Разм. Пазбегнуць, пазбавіцца чаго‑н., ухіліцца, адчапіцца, адвязацца ад чаго‑н. Моцна прысцігнула гора. Здавалася, канца і краю няма яму і ніколі ад яго не адкараскацца. Крапіва. Каб як адкараскацца ад надакучлівых думак.., [Іван] хутчэй засігаў далей. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)