пралі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; зак.
1. Пацячы, паліцца. Выпадае мокры снег ці пральецца дождж-абліваха, і стане зорка [на абеліску] чырвоная, такая, якой і павінна быць. Шашкоў. Густыя асеннія хмары, што вось-вось гатовы праліцца дробным нудным дажджом, нізка плылі над лесам. Няхай. Там, дзе пралілася кроў прыгажуні Аліі і смелага юнака Касыма, выраслі яркія пунсовыя макі. Даніленка. Горкіх матчыных слёз праліецца нямала, Бо сыноўняя кроў на пялёсткі упала. Бачыла.
2. перан. Распаўсюдзіцца, разнесціся (пра святло, пах і пад.). Павеяла з мора азёрным цяплом, І водар паўднёвы праліўся... Глебка. — Жыве! — пралілося гарачай радасцю па ўсім целе. Кулакоўскі. // перан. Паэт. Раздацца, пранесціся (пра гукі). Дзесьці песня пральецца, — Маці чуецца голас знаёмы. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і зме́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Вызначыць якой‑н. мерай велічыню чаго‑н. Змераць тэмпературу. □ Вадзік узяў вясло, на ўсякі выпадак змераў глыбіню возера. Гамолка. Дарогі, цёмныя дарогі! Вы так маўклівы, вы так строгі! Хто вас аблічыць? Хто вас змерыць? Колас. Думак народных сягоння не змераць, Шчырых пачуццяў нічым не абняць. Глебка.
2. (у спалучэнні з назоўнікамі «поглядам», «позіркам», «вокам» і пад.). Прыкінуць, вызначыць на вока велічыню, памеры чаго‑н. Вокам змералі салдаты, Ці далёка да сяла. Калачынскі. // Агледзець з галавы да ног, вызначаючы што‑н. ці выяўляючы якое‑н. пачуццё (звычайна пагарду, гнеў, абурэнне). Васіль змераў Дразда халодным позіркам і адвярнуўся. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзённік, ‑а, м.
1. Храналагічны запіс падзей, у якіх сам аўтар удзельнічаў ці быў іх сведкам. Дарожны дзённік. Дзённік з’езда. □ У блакнот свой заношу пачатак Вандроўнага дзённіка, Дзень уч[а]рашні, вечар, Ноч і сённяшні досвітак шэры, Усе ростані і сустрэчы Пішу на паперы. Куляшоў.
2. Кніга, сшытак і пад. з такімі запісамі. Марына сядзела за сталом у Валі Арэшкі, калі Собіч праглядаў яе касавыя дзённікі. Скрыган. Яшчэ перад ад’ездам у пушчу дзед Рыгор перадаў .. [Архіпу Паўлавічу] рукапісы і дзённік Васіля Крамнёва. Шашкоў. // Вучнёўскі сшытак для запісу зададзеных урокаў і выстаўлення ацэнак. Пятро Захаравіч нечакана пацікавіўся Рыгоркавым школьным дзённікам. Краўчанка. [Галя] несла абгорнуты чыстай сіняй паперай дзённік з аднымі круглымі пяцёркамі на пераводнай старонцы. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раз’я́траны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад раз’ятрыць.
2. у знач. прым. Які раз’ятрыўся; раз’юшаны. Раз’ятраны бык. □ [Селянін] пачаў расказваць, як чулі яны са свае вёскі гэты бой і як пасля туды наскочылі раз’ятраныя фашысты, пагражала спаліць да аднае хаты. Чыгрынаў. [Йонас] выбег з барака і кінуўся ўцякаць ад раз’ятранага Кузьмы, які імчаўся за ім. Броўка. // Які адлюстроўвае моцнае раздражненне, злосць. Раз’ятраны позірк. □ Твары салдат былі ва ўсіх грозныя, у некаторых раз’ятраныя. Лынькоў. // перан. Вельмі моцны; шалёны, неўтаймаваны. Захутаўшы ў каўнер галаву, Валя сядзела поруч з Васілём і моўчкі прыслухоўвалася, як шалее раз’ятраны вецер. Шашкоў.
3. у знач. прым. Моцна развярэджаны, раздражнёны, растрывожаны. Цішыня і раз’ятраны боль У зялёным лясным шпіталі. Дзяргай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́льскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сяла. Сельская школа. Сельская электрастанцыя. Сельская гаспадарка. // Які жыве і працуе ў сяле, вёсцы. Сельская інтэлігенцыя. Сельскі карэспандэнт. // Уласцівы сялу, вёсцы, жыхарам сяла, вёскі. Сельскія звычаі. Сельскі ўклад жыцця. □ І твар Лявона быў звычайны — твар сельскага жыхара: абветраны, цёмна-карычневы, нібы выразаны з альховага карча. Шашкоў. // Які мае адносіны да кіравання і самакіравання сяла. Сельская абшчына. Сельскі сход. □ Гаспадар хаты, сельскі стараста, пісаў у хаце на кавалачку сіняй паперы загад. Чорны. З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня. □ Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч.
2. Які знаходзіцца за горадам, не гарадскі. Сельская мясцовасць. // Уласцівы такой мясцовасці. Сельская прырода. Сельская цішыня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.
Агаляць, паказваць зубы (звычайна пра жывёлу). Сытыя коні то нагінаюцца раз-поразу да высокай травы, то гуляць вушы, скаляць зубы і паіўкваюць адзін па аднаго. Брыль. Падаляка качаргою падварушваў дровы ў печцы і скаліў зубы, крывячыся ад гарачыні. Пестрак.
•••
Скаліць (шчэрыць) зубы — смяяцца, рагатаць; насміхацца. Хлопцы пырснулі ад смеху. [Інструктар райкома:] — Ну, хопіць... Справа сур’ёзная, а вы зубы скаліце. Новікаў. Усе засмяяліся, а Рыгор зазлаваў: — Я сур’ёзна кажу, а ты зубы скаліш! Шашкоў. [Леснічыха:] Ат, што мне зубы з табой скаліць! Няма ў мяне часу на гэта. Козел. [Левановіч:] — Ну, ты, Фарафонаў, з мяне зубы не скаль. Я старэй за цябе... Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уздзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., што.
1. Надзець, нацягнуць на сябе або на каго‑н. (адзенне, абутак і пад.). Уздзець паліто. Уздзець боты на ногі. □ Уздзеў [Платон] кепку, схапіў са сцяны дубальтоўку і выскачыў. Пестрак. Вокны Параска посцілкамі пазавешвала, лепшы андарак уздзела. Лобан.
2. Павесіць, начапіць на што‑н.; прымацаваць да чаго‑н. Уздзець рукзак на плечы. Уздзець пятлю на крук. □ Лаўрэн Карпавіч, не спяшаючыся, уздзеў на нос акуляры і пачаў чытаць. Гроднеў.
3. Насадзіць што‑н. на вастрыё, на які‑н. стрыжань; праколваючы, надзець на што‑н. вострае. Уздзець кола на вось. □ Збан уздзеў на відэлец скрылёк кілбасы і на момант задумаўся, нібы вырашаючы, есці ці не. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Утвараць сухі шум, дакранаючыся да чаго‑н. або ад дотыку чаго‑н.; шуршэць. На дварэ курылася замець. Шарпалі па шыбах голыя галінкі бэзу, нібы прасіліся ў хату пагрэцца. Шашкоў. Шарпае пад лёгкімі лапцікамі колкае і яшчэ поўнае соку ржышча. Гарэцкі.
2. што. З шумам дакранацца да чаго‑н., кратаць, драпаць што‑н. Чутно стала, як аб пясок разбіваюцца хвалі, нібы якісьці звер шлёпае лапамі па вадзе і шарпае гальку. Дуброўскі. // Шукаць. Мусатаў збялеў. — Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б. Караткевіч.
3. што. Драць. Шарпаць адзенне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непрыкме́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, які цяжка заўважыць, прыкмеціць. Ішлі [хлопцы] вузкай, амаль непрыкметнай сцежкай. Шашкоў. Мне да болю жыццё падабаецца — Я нідзе ў ім не бачу драбніц: Мора бурнай вады сабіраецца З рэк, якія з крыніц пачынаюцца, З непрыкметных маленькіх крыніц. Непачаловіч. // Які не кідаецца ў вочы. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметпая сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч. Добрая палова поспехаў атрада грунтавалася на .. непрыкметнай падрыхтоўчай рабоце [сувязных]. Брыль. // Які ледзь адчуваецца, нязначны, невялікі. Непрыкметныя змены.
2. Які не вылучаецца сярод іншых; нявідны. Старастам быў пастаўлены ўпарты аднаасобнік Ларывон Бугай, вельмі маўклівы і непрыкметны чалавек. Шамякін. — Ціхі быў чалавек [Нічыпар], спакойны і ўжо, мабыць, залішне непрыкметны. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кача́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Крэсла з выгнутымі палазамі, на якіх яно качаецца. — Ты помніш, Вера, Адэсу, Люсдорф? — гайдануўшыся ў качалцы, спытаўся Максім Сцяпанавіч. Карпаў. Цёплымі вечарамі, усеўшыся ў качалцы, падоўгу адпачываў [Стальноў] на балконе. Шашкоў.
кача́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Круглая палка для раскачвання цеста або разгладжвання бялізны качаннем. Слаўлю чысты абрус, толькі што пакачаны качалкай, каляны, калі яго маці ў нядзелю раніцай засцілае на стол шырокі. Барадулін. // Прадмет падобнай формы. Сцёпка дастаў з-пад кажуха бляшаную качалку, у якой быў план і ўсякія дакументы. Колас. Усюды былі відаць тоўстыя качалкі пачаткаў. Паслядовіч.
2. толькі мн. (кача́лкі, ‑лак). Прыстасаванне для разгладжвання, качання бялізны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)