звя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.
1. Утварыць рэзкі звонкі гук, стукнуўшы чым‑н. металічным або шкляным; бразнуць. На кухні гаспадыня звякнула пасудай, і я адскочыў ад люстэрка. Карпюк.
2. Разм. Пазваніць па тэлефоне. — Я двойчы з імі размаўляў — ніяк, уперліся.. і ўся гутарка. Можа, ты звякнеш, цябе лепш паслухаюць... Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́мыць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., каго-што.
1. Мыючы, зрабіць чыстым. Вымыць хворага. Вымыць падлогу, кашулю.
2. Вынесці, вылучыць што‑н. цякучаю вадою. У .. яме, аднак, той чорнай скрынкі не знайшлі. Пэўна, вадой вымыла і пагнала па плыні. Паўлаў. // Размыўшы вадою зямлю, утварыць паглыбленне. Паводка вымыла роў. На павароце рака вымыла глыбокія ямы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трэ́снуць, -ну, -неш, -не; -ні; -нуты; зак.
1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Стварыць трэск.
Пад нагамі трэснула сухая галінка.
2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Лопнуць, раскалоцца, разламацца, утварыць трэшчыну.
3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Патрэскацца (пра скуру, губы і пад.).
4. каму, чым па чым і без дап. Моцна стукнуць, ударыць (разм.).
◊
Хоць трэсні (разм.) — пра дарэмныя намаганні, старанні.
|| незак. трэ́скаць, -ае (да 1 і 2 знач.).
|| наз. трэ́сканне, -я, н. (да 1—3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
вы́тыркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. вытыркнуў і вытырк, ‑ла; зак., каго-што.
Разм. Выставіць, высунуць за межы чаго‑н.; утварыць выступ. Шэмет не паспеў падумаць, што зрабіць, як паплавок зноў спакойна адным кончыкам вытырк з вады. Лобан. Стафанковічаў твар стаў зямлісты, вызначылася худзізна на скронях, нейк у адзін момант вытырклі скулы, апалі шчокі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што і без дап. Утварыць стук; паведаміць што‑н. умоўным стукам. // без дап. Прайсці, прабегчы са стукам. Па калідоры прастукаў абцасамі суседскі хлопчык. Корбан.
2. каго-што. Даследаваць стан унутраных органаў пры дапамозе лёгкага пастуквання (пальцамі ці малаточкам) па паверхні цела; выстукаць. Прастукаць хвораму грудзі.
3. што і без дап. Стукаць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пратрубі́ць, ‑трублю, ‑трубіш, ‑трубіць; зак.
1. Утварыць гукі, дзьмучы ў трубу ці ў іншы падобны духавы інструмент. Пратрубіць у ражок. // Утварыць моцныя гукі, падобныя на гукі трубы. Лось пратрубіў перамогу над гаем, Аж па вадзе захадзілі кругі. Лось.
2. што. Гукам трубы (ці іншага падобнага духавога інструмента) даць сігнал аб чым‑н. Пратрубіць збор. Пратрубіць трывогу. □ Гарніст пратрубіў адбой, дзетдомаўскі двор апусцеў. Нядзведскі. Пратрубілі дружна ў лад Звонкі марш гарністы. Гілевіч.
3. Разм. Правесці час за якім‑н. нецікавым, бескарысным заняткам. [Дзед:] — Сядай, ды толькі барзджэй, і без гэтага палову дня задарма пратрубіў. Пянкрат.
4. што і без дап. Трубіць некаторы час. Пратрубіць увесь дзень на трубе.
•••
Пратрубіць (пракрычаць) вушы каму — надакучыць размовамі пра што‑н. — А то вось і мой большы [сын] вушы мне пратрубіў: паеду, памагае, паеду на завод, дый годзе... Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.
1. Зрабіць выстрал; выстраліць. Сяржант ускінуў угару карабін, умомант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Вартавы ляснуў затворам і стрэліў. Гроднеў. // Разм. Хутка паляцець. Кавалеўскі ўлажыў муштук у левую далонь, стукнуў па ёй правай і акурак стрэліў далёка на падлогу. Чарнышэвіч.
2. перан. Утварыць рэзкі, адрывісты гук, падобны па выстрал. На патэльні гучна стрэліла сала. Асіпенка. // Выкінуць, выштурхнуць з сілай іскры, дым і пад., утварыўшы пры гэтым рэзкія адрывістыя гукі. Электрапеч вохкнула і стрэліла доўгімі іскрамі. Карпаў. // чым. Разм. Утварыць адрывісты прарэзлівы гук, ляснуўшы чым‑н. Стрэліць пугай.
3. безас. Разм. Закалоць (пра адчуванне вострага імгненнага болю). Раптам дзяўчыне стрэліла ў галаву, што яна ад плачу змянілася ў твары. Карпюк. Прыўзняў [Андрэй] рукі — цэлыя, паспрабаваў варухнуць нагамі — божухна! — гэткі боль абпаліў, што ажно ў [галаву] стрэліла. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праскрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
1. Утварыць скрып, скрыпучыя гукі. Дзверы праскрыпелі. □ Віктар ад злосці аж праскрыпеў зубамі. Гаўрылкін. // Праехаць, прайсці са скрыпам. Апранутыя ў зялёныя шынялі з шырокімі хлясцікамі, .. [пагранічнікі] гучна праскрыпелі тупаносымі рыжымі ботамі. Бажко. // што і без дап. Сказаць што‑н. скрыпучым голасам. — Э-э-х, Марыя Паўлаўна, — не прамовіў, а неяк праскрыпеў Шаройка. Шамякін.
2. Скрыпець некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разамкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
Раз’яднаць што‑н. самкнутае. — Мне трэба ісці, Вадзік,.. — ціха кажа Ганька, не здолеючы разамкнуць кола моцных хлапечых рук. Васілевіч. // Рассунуць, развесці ў розныя бакі. Разамкнуць вароты шлюза. // Утварыць або павялічыць інтэрвалы, прамежкі. Разамкнуць строй. // Раскрыць (самкнутыя зубы, губы і пад.). Калі заканчвалі перавязку, Андрэй разамкнуў павекі і, стрымліваючы стогн, спытаў: — Што з атакай? М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагусці́, ‑гуду, ‑гудзеш, ‑гудзе; ‑гудзём, ‑гудзяце, ‑гудуць; пр. прагуў, ‑гула, ‑гуло; заг. прагудзі; зак.
1. Утварыць працяжны, нізкі гук, гул. Ды каманда: «Станавіся!» — Прагула, як гром. Астрэйка. / Пра гудкі паравоза, машыны і пад. Недзе недалёка прарэзліва прагуў паравоз. Кавалёў.
2. Праляцець, прайсці з гудзеннем. Недзе ў баку прагулі самалёты — іх не відаць было за хмаркамі, што ўсплывалі на паўдні, але гул аддаляўся ў напрамку фронту. Хадкевіч.
3. Гусці некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)