Вінт 1 ’болт са спіральнай нарэзкай шруба’ (КТС, БРС). Укр. гвінт, рус. винт, макед., балг. винт ’тс’, чэш. народн. vint ’нарэзка шруба’. Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 27) < польск. gwint ’вінт’ < ням. Gewinde ’нарэзка’, winden ’абвіваць, намотваць, круціць’ (Брукнер, 165; Шанскі, 1, В, 101; Фасмер, 1, 317). Цалкам магчыма, што бел. вінт паходзіць непасрэдна з польск. мовы. Сюды ж вінтавы́.
Вінт 2 ’частка рухавіка парахода ці самалёта ў выглядзе лопасцей, замацаваных на валу’. Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 98).
Вінт 3 ’карцёжная гульня’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. мовы; параўн. винт ’тс’ < ням. Gewinde. Да вінт 1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Па́садка, па́сыдка, па́сытка ’пастка’, ’зяпа, рот’ (Бяльк.), паса́дка ’пастка’ (Гарэц., Яруш.). Відаць, да пастка (гл.). Параўн. чэш. posada ’кошык, скрынка для свойскіх птушак’, рус. садок ’плецены кош для злоўленай рыбы’, бел. се́жа ’загародка на рацэ з сеткі’ (Бяльк.).
Паса́дка 1, пыса́дка, паса́дкі ’пасаджаныя расліны’, ’прызямленне самалёта’, ’упусканне пасажыраў у вагон, самалёт, карабель’, ’палажэнне цела ў час сядзення’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян., Мат. Гом.). З рус. поса́дка ’тс’.
Паса́дка 2 ’глінабітная падлога’ (Сцяшк. Сл.), ’чарэнь у печы’ (свісл., Шатал.), ст.-бел. посадзка, посажка, посацка ’падлога з плітак; чарэнь’ (1572 г.). Запазычаны са ст.-польск. posadzka (Булыка, Лекс. запазыч., 98).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
лы́жы, ‑аў; адз. лыжа, ‑ы, ж.
Плоскія драўляныя загнутыя спераду палазы, якія прымацоўваюць да абутку для перамяшчэння па снезе. Хадзіць на лыжах. □ Мы змораныя ля сасны Зрабілі б свой прывал, Дзе лыжаў след, як дзве струны, Пралез праз перавал. Танк. // Узлётна-пасадачныя палазы самалёта, якія ўстанаўліваюцца замест колаў у зімні час.
•••
Навастрыць лыжы гл. навастрыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падступі́цца, ‑ступлю́ся, ‑сту́пішся, ‑сту́піцца; зак.
1. Падысці вельмі блізка, наблізіцца. — Берагі топкія, ніхто падступіцца з вудамі і сеткамі не можа. Савіцкі. Цяпер балота замерзла і падступіцца да [разбітага] самалёта лёгка. Жычка.
2. Звярнуцца з просьбай, прапановай і пад. Не падступіцца да начальства з просьбай. □ Дзяўчатам хацелася загаварыць з лётчыцамі, але дзе ты да іх падступішся. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стабіліза́тар, ‑а, м.
1. Прыстасаванне або прыбор для надання целу ўстойлівасці ў час руху. Стабілізатар самалёта. □ Чацвёртай [міне] — нямецкая разрыўная куля папала ў стабілізатар. Карпюк. З зямлі вытыркаўся зялёны пагнуты стабілізатар [бомбы]. Асіпенка.
2. Прыстасаванне для падтрымання пастаянства якой‑н. велічыні. Стабілізатар напружання.
3. Рэчыва, якое затрымлівае працэс змянення якога‑н. іншага рэчыва, саставу. Стабілізатар калоідаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экіпа́ж 1, ‑а, м.
Агульная назва лёгкіх пасажырскіх павозак. Шэсць тыдняў назад пад экіпаж.. [Норава], калі ён ехаў з дакладам да губернатара, кінулі самаробную бомбу... Мехаў. Пасадзіла.. [Эльза] мяне ў свой экіпаж — фаэтончык такі чорненькі, ён і цяпер пад паветкай у яе стаіць, я табе пакажу яго калі-небудзь, — на рысорах, колы гумовыя, — і пакаціла, павезла. Сачанка.
[Фр. équipage.]
экіпа́ж 2, ‑а, м.
1. Каманда, асабовы састаў карабля, самалёта, танка і пад. Праз хвіліну мы ўжо ў самалёце. Сняжок [медзведзяня] цікаўна заглядае ў кожны куток. Вакол яго збіраецца ўвесь экіпаж самалёта. Бяганская. Экіпаж танкера павязе кітабоям флатылій «Слава» і «Савецкая Украіна», што знаходзяцца цяпер у водах Антарктыкі, разнастайны груз: гародніну, бульбу, садавіну, паліва, пошту. «Звязда».
2. Берагавая воінская часць марской пяхоты, якая часта выкарыстоўваецца для папаўнення флоцкіх каманд.
[Фр. équipage.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ілюміна́тар 1, ‑а, м.
Круглае воданепранікальнае акно ў борце або ў палубе судна. Задраіць ілюмінатары. □ Вецер мацнее, хвалі робяцца ўсё большымі, б’юць у барты, заліваюць ілюмінатары. В. Вольскі. // Акно ў борце самалёта, касмічнага карабля. Касманаўты падышлі да ілюмінатара. У бясконцай цемры бездапаможна трапятаўся.. прамень магутнага цэнтральнага пражэктара. Шыцік.
ілюміна́тар 2, ‑а, м.
Спецыяліст, які наладжвае ілюмінацыю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падле́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; зак.
1. Залезці пад што‑н.; прабрацца куды‑н. паўзком. Падлезці пад мост. □ Таня асцярожна падлезла пад куст, лягла на дно ямы і старанна прыкрылася, нахіліўшы над сабой галінкі. Зуб. Падлезшы пад нізка асеўшае крыло самалёта, я пачаў хутка разграбаць снег. Шамякін.
2. Разм. Падступіцца, наблізіцца да чаго‑н. Бэз падлез пад самае акно. Скарынкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́счырк, ‑у, м.
Завітушка на пісьме, звычайна ў канцы слова або чыйго‑н. подпісу. [Грай] па-вайсковаму суха пераказвае загад, бярэ з рук паперку з шырокім сакратаровым росчыркам. Мікуліч. // у перан. ужыв. Пра след бліскавіцы, рэактыўнага самалёта. Тоня ўздрыгвала пры кожным росчырку маланкі. Лось.
•••
Адным росчыркам пяра — адным подпісам, не ўнікаючы ў сутнасць справы, зрабіць што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тара́н², -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.
1. Старажытная прылада ў выглядзе бервяна з металічным наканечнікам, прымацаваным ланцугамі да перасовачнай вежы, якой разбівалі крапасныя сцены.
2. Выступ у насавой падводнай частцы баявога судна для нанясення ўдару па корпусе варожага судна (спец.).
3. Прамы ўдар, які робіць прабоіну.
4. Нанясенне ўдару носам карабля, вінтом самалёта, пярэдняй часткай танка па варожай машыне ў час бою.
5. Прарыў фронту і глыбокае ўкліньванне ў размяшчэнне войск праціўніка, а таксама ўдарная група, якая выконвае гэты прарыў.
○
Гідраўлічны таран — тэхнічнае збудаванне для пад’ёму вады.
|| прым. тара́нны, -ая, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)