кракта́ць, кракчу, крэкчаш, крэкча і крахта́ць, крахчу, крэхчаш, крэхча; незак.
1. Выдаваць ціхія, адрывістыя гукі (пры хваробе, няёмкім становішчы, намаганнях і пад.). Ды і не чуваць было, каб .. [Скуратовіч] скідаў боты: звычайна ён крэкча і грукае, калі разуваецца. Чорны. Па тым, як .. [Шаевіч] соп, крактаў ззаду, я адчуваў, што ісці яму нялёгка. Сабаленка. // Трашчаць, скрыпець пад напорам, цяжарам чаго‑н. [Калёсы] крэкчуць ад цяжару паваленага гною ці дроў. Колас. [Алесь] ішоў да падвод і прыслухоўваўся, як кракталі калёсы, грузна накладзеныя цэглай. Броўка.
2. Абзывацца гукам, падобным да «крэ-крэ» (пра жаб). Па гэты бок Нёмана заложна, несціхана, аднатонна кракталі жабы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
параўна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Супаставіць для вызначэння падабенства ці розніцы або для ўстанаўлення перавагі аднаго над другім. Параўнаць два лікі. □ Лепшыя новыя вершы Юрася Свіркі вызначаюцца тэматычнай закончанасцю.. Гэта асабліва прыкметна, калі параўнаць першы зборнік з апошнім. Барадулін.
2. Прызнаць падобным да каго‑, чаго‑н. Ака! Ака! Твой бег круты і плаўны Не параўнаць мне Ні з якой ракой. Хведаровіч.
3. Зрабіць роўным, аднолькавым. Мне трэба было — адчуванне гэтага ўсё мацнела — адплаціць Яўгену таксама шчырасцю, расказаць аб сабе нешта незвычайнае, такое, што неяк параўнала б нас, паставіла мяне ўпоравень з ім. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
урадзі́цца, ураджуся, уродзішся, уродзіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вырасці, паспець (пра плады, злакавыя расліны і пад.). — А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Колас.
2. Разм. Нарадзіцца, з’явіцца на свет (пра чалавека). [Жонка:] Я ведаю, што гавару. Бачыла я калі прасветлую гадзіну? Або Марыльчына дзіця ўрадзілася на вялікае шчасце? Чорны. // Аказацца з якімі‑н. якасцямі, асаблівасцямі ад нараджэння. [Адам] прывык да сваёй адзіноты. Апраўдваўся: такі ён ужо ўрадзіўся. Замкнуты, нелюдзімы. Вышынскі. // у каго. Нарадзіцца падобным на каго‑н. Урадзіцца ў бацьку. □ — Дзіва што, — казала [Кліменту] Анісева маці. — Месца табе трэба шмат... І ў каго ты ўрадзіўся такі гмах? Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
1. аб кім-чым, пра каго-што і без дап. Прымусіць успомніць, прывесці на памяць, звярнуць увагу на каго‑, што‑н. Напомніць аб сваім існаванні. Напомніць пра свае заслугі. □ [Сцёпка] напомніў тут словы Леніна аб тым, што і кухарка павінна ўмець кіраваць дзяржавай. Колас. [Шугаеў:] Я хачу табе напомніць, што галоўнага інжынера назначае і знімае міністр. Крапіва.
2. каго-што. Здацца падобным на каго‑, што‑н., выклікаць успамін пра каго‑, што‑н.; нагадаць. Прахожы напомніў сябра. Возера напомніла мора. □ Твар чалавека напомніў штосьці даўно знаёмае, крануў балючую струнку не то з дзяцінства, не то з юнацтва, і я пачаў пільна сачыць за гэтым чалавекам. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
радня́, ‑і, ж.
1. зб. Родныя, сваякі. Да палкоўніка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкі яшчэ малады чалавек. Чорны. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.
2. Разм. Родны (родная), сваяк (сваячка). Здавалася, нібы ўсе яны [людзі і малпы] адчувалі, што даводзяцца адзін аднаму раднёй. Маўр. Можа, ён быў яму нейкая радня, а можа і што-небудзь іншае звязвала іх, але гэты бялявы хлопец быў для оберста не толькі дзеншчыком. Шахавец. // перан. Аб кім‑, чым‑н. падобным у якіх‑н. адносінах. Я ў Новай Рызе — зусім як дома, бо з новым Мінскам яна радня. А. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзе́я,
1. Дзейнасць; справа. Там добрая дзея, дзе два арэ, а трэці сее. Прыказка. // толькі мн. (дзе́і, дзей). Учынкі, паводзіны, дзеянні. У дзень яго [Леніна] зямнога нараджэння Да сэрца зноў прыслухайся свайго, Каб дзеямі, жыццём сваім, сумленнем Хоць кроплю быць падобным да яго! Звонак.
2. Падзея, аб якой ідзе гутарка. Дзея адбываецца ў часы белапольскай акупацыі ў БССР. Крапіва. Зменены фінал драмы. Апошняя карціна — новая. Дзея адбываецца ў полі, на дарозе. Тут сустрэлася Ірынка з чырвонаармейцам. Кудраўцаў. // Развіццё падзей у літаратурным творы. Так забаўляла ўсіх ігра [дзядка], што цяпер мала хто ўжо сачыў і за ходам дзеі, і за перажываннямі герояў. Краўчанка.
3. Закончаная частка драматычнага твора або тэатральнай пастаноўкі; акт. Камедыя ў трох дзеях.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разле́злы, ‑ая, ‑ае.
1. Які падраўся, пранасіўся, распоўзся (пра адзенне, тканіну і пад.). Разлезлы мех. Разлезлыя валёнкі. □ Потым [Іван] павольна пакрочыў, [пакідаючы] ў снезе разлезлымі, перавязанымі дротам ботамі няўклюдныя сляды. Навуменка. Зразумела, меў бы Шурка іншае адзенне, каб змяніць гэты разлезлы .. балахон, усё было б проста. Мехаў.
2. Вельмі прамоклы, размоклы. Міця Царыкаў ганяў камбайн па разлезлай гразі двара, а Кавалёва з Паньковым прыслухоўваліся да рытмічнага гулу матора. Дуброўскі. Машыну трэсла і кідала на разлезлых ад апошніх дажджоў ускраінных вулках, пакуль не ўз’ехалі на цэнтральную вуліцу. Хадкевіч. // Раскіслы. Салёны разлезлы агурок.
3. Разм. Які страціў фігуру, празмерна растаўсцеўшы; распоўзлы. Павязаная хусткай галава з насунутай на вушы пілоткай робіць немца падобным на старую разлезлую бабу. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узне́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. узнёсся, ‑неслася; заг. узнясіся; зак.
1. Падняцца ўверх, у вышыню; узляцець. На лётных пляцоўках, у зацішных пералесках гатовы штохвіліны ўзнесціся ўгору грозныя паветраныя крэпасці. Шынклер. Якім падобным на стралу зрабілі ТУ–104 — Срэбны лайнер той, Што ўзнёсся над прасторамі Сібіры, Каб апынуцца недзе за Чытой!.. Кусянкоў. Вы [касманаўты] ўзнесліся туды, высока, І плылі ў міжзорным акіяне... Буйло. // Накіравацца ўвысь, узвысіцца. Той хвілінай я думаў пра шчасце, А яшчэ — пра Сінія скалы, Што ўзнесліся горда Над горадам Слівенам. Гілевіч. І бяроза, што ўзнеслася над хатай, тая ж, статная і прыгожая. Шашкоў. Новенькая беленькая шпакоўня ўзнеслася над яшчэ голымі кронамі невялічкага маладога садка. Дуброўскі.
2. перан. Разм. Стаць ганарыстым, фанабэрыстым, пагардлівым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звіне́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Утвараць тонкі металічны гук. Гулі паравозы, ляскаталі пад’ёмнікі на прыстані, звінелі трамваі. Асіпенка. У кузні грукаталі молаты. Звінела жалеза. Чарнышэвіч. Шуміць піла, звініць тапор, Разносіць рэха гул далёка. Астрэйка. // чым. Утвараць пры дапамозе чаго‑н. такі гук. Вярнуўся [Патапчыкаў] не тым Іванам, што звінеў медалямі адразу пасля дэмабілізацыі з арміі, а зусім не падобным да сябе: прыціхлым, бязмоўным. Васілевіч. А Зося.., пачала расказваць далей, не зважаючы на тое, што Маша хадзіла, звінела шклянкамі. Шамякін. // Звонка гучаць. У школах савецкіх растуць нашы дзеці, роднаю мовай звіняць галасы. Машара. / Пра насякомых, птушак. Над зялёнымі жытнімі каласамі таўкуць мак і звіняць камары. Пташнікаў. У небе бесперастанку звінеў жаваранак. Гурскі. // перан. Поўніцца чым‑н. звінючым. Наваколле зранку звінела дзіцячымі галасамі. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падрабі́ць 1, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.
1. Зрабіць што‑н. фальшывае. Падрабіць дакументы. Падрабіць почырк. □ [Сяргей:] Ёсць у вёсцы такія ўмельцы, у кузні так [кляймо] падробяць, што не адрозніш ад сапраўднага, графскага. Машара. // Зрабіць падобным да чаго‑н. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. І чалавеку дасюль не ўдалося ні толкам перадаць, ні падрабіць яго. Лужанін. — А ну, падрабі мой голас! — казаў пан з усмешкай. Бядуля.
2. Разм. Вяжучы, дабавіць яшчэ трохі; падвязаць. Падрабіць панчоху.
3. Зарабіць дадаткова, падзарабіць. Не прывыкаць [Сцяпану] рабіць, ведае, як з зямлёй абыходзіцца, а, дзе трэба, то і граматай падрабіць зможа. Мележ. Антон скоса зірнуў на пачак. Модныя, аднак, заўсёды папяросы курыць [Шпілеўскі]. Мабыць, недзе падрабіў ужо. Савіцкі.
падрабі́ць 2, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што і чаго.
Раздрабіць усё, многае; надрабіць у нейкай колькасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)