тэ́ма, ‑ы, ж.

1. Кола жыццёвых з’яў, падзей, якія складаюць змест твораў літаратуры, жывапісу, музыкі ці аснову навуковых даследаванняў, дакладаў і пад. Тэмы кандыдацкіх дысертацый. Тэма даклада. □ Я тэмы для вершаў старанна вывучваў, Пра шчасце людское я хітра выпытваў, Слухмянымі рыфмамі звонка выстукваў Пра гора і радасць, пра грозныя бітвы. Панчанка. // Прадмет даклада, лекцыі, гутаркі. Лапковы мыслі зблыталіся ў галаве, але сувязі з агульнаю тэмаю, на якую ўзяўся ён разважаць, не гублялі, а толькі пайшлі па іншай лініі. Колас. Вера Антонаўка, спрабуючы знайсці прычыну, заводзіла гаворку то на адну, то на другую тэму, але дарма — сын адмоўчваўся. Карпаў. // Тое, што з’яўляецца зместам навучальнага або кантрольнага задання. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання ў голасе тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч.

2. Спец. Асноўны матыў якога‑н. музычнага твора або яго часткі, які звычайна служыць прадметам далейшага развіцця. [Чайкоўскі] на тэме гэтага танца [тарантэлы] пабудаваў фінал «Італьянскага капрычыо» для сімфанічнага аркестра. «Маладосць».

3. У мовазнаўства — а) аснова на тэматычны галосны, напрыклад: чыта- ў слове чытаю, крычы- ў слове крычыць; б) пры актуальным чляненні выказвання тая яго частка, якая змяшчае менш інфармацыі, выражае ўжо вядомае і служыць асновай для разгортвання паведамлення.

•••

Вольная тэма — не абмежаваная рамкамі праграмы, адвольная тэма (сачынення і пад.).

[Грэч. thema — галоўная думка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́значыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. і з дадан. сказам. Распазнаць, высветліць што‑н. невядомае, няяснае. Вызначыць прычыну. □ Вартавы драмаў, утуліўшы галаву ў калені, і вызначыць, хто ён — немец ці наш, было цяжка. Лупсякоў. // Разабрацца ў чым‑н., усвядоміць сабе. Вызначыць сваё становішча. // Дакладна ўстанавіць што‑н. Вызначыць цэны. Вызначыць адлегласць. □ [Ганна Аляксандраўна:] — Пакуль доктар не вызначыць хваробы, ён не пачынае лячыць. Ваданосаў. Маракі казалі, што па тым, як сядзяць чайкі, можна вызначыць напрамак ветру з дакладнасцю да градуса. М. Стральцоў.

2. Выявіць сутнасць, раскрыць змест чаго‑н.; ахарактарызаваць. Вызначыць творчы метад пісьменніка. Вызначыць прадмет палітэканоміі.

3. Загадзя прызначыць, назначыць. Штаб атрада не вызначыў ..[Міколу] на гэту аперацыю — у групу падбіраліся перш за ўсё тыя партызаны, якія добра ведалі мясцовасць. Якімовіч. // Намеціць наперад кірункі, шляхі развіцця. Любіў Міхаіл Іванавіч Брагінец у выхадны дзень прайсціся ў поле ці лес, пабыць адзін на адзін са сваімі думкамі і парамі, падагуліць зробленае, вызначыць далейшыя планы. Гурскі.

4. З’явіцца прычынай чаго‑н., абумовіць сабою што‑н. У гэты перыяд адбылася падзея, якая вызначыла мой далейшы жыццёвы шлях. Крапіва.

5. Абазначыць якім‑н. чынам. Вызначыць мяжу слупкамі. □ Доўга яны [жанчыны] вазіліся ля сукенкі, прымаючы ўсе магчымыя захады, каб як мага яскравей вызначыць талію. Корбан.

6. Выдзеліць, прызначыць што‑н. для каго‑, чаго‑н. Вызначыць сродкі на будаўніцтва. □ Крушынскі вызначыў для каваля кавалак зямлі. Бядуля.

7. Вынесці рашэнне, пастанову. Вызначыць меру пакарання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць асалоду сваім знешнім выглядам, вызначаецца гармоніяй фарб, ліній, форм. Прыгожы від. Прыгожы дом. Прыгожая знешнасць. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. // Які вызначаецца сваёй гарманічнасцю, стройнасцю, зграбнасцю рухаў. Прыгожы танец. □ Усё .. рабіла .. [Таццяна], не спяшаючыся, скупымі і прыгожымі рухамі спрытнай гаспадыні. Шамякін. // Добры, пагодлівы; маляўнічы (пра час, пару). Прыгожы вечар. Прыгожы зімні дзень. □ Сухая, прыгожая восень не хацела аддаваць сваё хараство жудасным сілам вайны: дыму, копаці, смерці. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Які прыемна гучыць, добра ўспрымаецца на слых. Прыгожае імя. Прыгожая мелодыя. Прыгожая песня.

2. Які мае багаты ўнутраны змест, вызначаецца ўнутраным хараством. Сёння стары апавядаў пра мінулыя дні барацьбы, пра тое,.. як адданы былі [рэвалюцыянеры] сваёй небяспечнай, але прыгожай і слаўнай справе. Зарэцкі. Самая прыгожая ў свеце — У краіне нашай маладосць! Броўка.

3. Неадабр. Эфектны знешне, але беззмястоўны. — Сапраўдны чалавек мірнае жыццё плануе, — заўважыў Ягор і .. засароміўся, што словы выйшлі занадта ўжо прыгожымі... Кавалёў.

4. у знач. наз. прыго́жае, ‑ага, н. Тое, што адпавядае ідэалам прыгажосці, хараства. Пачуццё прыгожага. Праблема прыгожага. □ Так, прынцэса ў поўным росквіце маладосці. Яна прыгожая, і шукае прыгожага, і пакланяецца прыгожаму. Купала. Метад крытычнага рэалізму не выключае, а, наадварот, мае на ўвазе ідэал, прыгожае, якое сцвярджаецца, між іншым, праз адмаўленне агіднага. Конан.

•••

Прыгожае пісьменства гл. пісьменства.

Прыгожы пол гл. пол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уніка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чаго. Пазбягаць чаго‑н., ухіляцца ад чаго‑н. Я не раз здзіўляўся, як спрытна ўнікалі шафёры амаль непазбежных аварый. Мележ.

2. чаго. Ухіляючыся, пазбягаць чаго‑н. Калі праўду казаць, дык Яўген і ўнікаў тых заданняў, якія былі звязаны з паездкамі ў родныя мясціны. Сабаленка. Але ў размове ўжо [Зося і Паходня] не закраналі таго, аб чым толькі што гаварылі і што патрабавала яснасці. Абое баяліся і знарок унікалі яе — няхай яна акрэсліцца як-небудзь пазней, ці варта спяшацца!.. Хадкевіч. // Устрымлівацца ад чаго‑н. Насця была здзіўлена пераменай у паводзінах мужа, але цярпліва маўчала. Яна ўнікала лаянак. Сіняўскі. // Ратавацца ад чаго‑н., мінаць што‑н. Сабака сарамяжа павільваў хвастом, быццам сказаць хацеў: — Бывае ж такі выпадак, што як ні ўнікаеш, а ўсё ж спатыкаешся. Мурашка.

3. каго-чаго. Стараюцца, не жадаць сустракацца з кім‑, чым‑н. Кінуўшы мужа, Марына Паўлаўна як мага старалася ўнікаць з ім сустрэчы. Зарэцкі. [Тапурыя:] — Пачаў я ўнікаць людзей, і нейкі час як бы хвароба ў мяне такая была: дрэнна мне пры людзях! Самуйлёнак. Непакоіла няпэўнасць адносін з Ленай. Чаму дзяўчына ўнікае яго [Андрэя]? Няўжо яна пагарджае ім? Сапрыка. // ад каго. Быць заўважаным, убачаным. Так, глытаючы слёзы, прыўды, разважае Алена. Ад Ганькі не ўнікае матчын настрой. Васілевіч.

4. у што. Удумвацца, імкнуцца зразумець сутнасць чаго‑н. Віктар учытваўся, унікаў у змест. І раз, і другі прабягаў вачыма напісанае. Паўлаў. Толькі там, пад зямлёю, калі сачыў за працай Сапегі, унікаў у складаныя яе дэталі, ён [Савіцкі] перайначваўся. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. перадаў, ‑дала, ‑дало; зак.

1. каго-што. Аддаць, уручыць каму‑н. Перадаць дзіця на рукі мацеры. Перадаць запіску. Перадаць пасылку. □ — Скончана, — сказаў .. [Гушка], — грошы ў кішэні. Заўтра адно трэба будзе Сурвілу іх перадаць. Чорны. Калі падыходзілі ўжо да дому, Іван Міхайлавіч перадаў Сяргею сетку. Шахавец. — Ну, то хадзем наверх, да сакратара. Ты яму раскажаш усё і перадасі свой пратакол. Галавач. // што. Паслаць, падаць якім‑н. спосабам, з дапамогаю чаго‑н. Перадаць чарцёж па фотатэлеграфу. Перадаць электраэнергію запасной лініі. Перадаць шайбу нападаючым на правы край.

2. каго-што. Аддаць у чыё‑н. карыстанне. Ён [Уладан] магутнымі рукамі Горы, шахты і палі, Што бясконцымі вякамі Заняволены былі, Перадаў народу ў рукі. Грахоўскі. На поле прывялі другога парабка і загадалі Адасю перадаць яму коні. Чорны. // што. Уступіць свае правы каму‑н. Іх [рабочых калон] цвёрды закон — Перадаць над краінай Уладу Саветам. Глебка. Раманенка перадаў камандаванне танкам старшыне Ігнатаву, а сам застаўся ў вёсцы шукаць сям’ю. Шамякін. // што. Падзяліцца з іншымі сваімі ведамі, вопытам і пад. Перадаць свае веды моладзі. □ [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва.

3. каго-што. Аддаць на разгляд каму‑н., накіраваць у наступную інстанцыю. Перадаць справу ў суд. □ Яна не памылілася.. Машына спынілася каля турмы. Немцы з камендатуры перадалі яе турэмшчыкам. Тыя абыякава паглядзелі на паперку з камендатуры, абшукалі па звычцы, і Ніна апынулася ў камеры. Мележ.

4. што. Паведаміць, расказаць, пераказаць каму‑н. пра пачутае, убачанае і г. д.; зрабіць што‑н. вядомым. Перадаць сенсацыйную навіну. □ Пятро не ўтрымаўся і сам перадаў пану сёе-тое з таго, што пачуў ад пастушка. Пальчэўскі. Зіна не ўтрымала сакрэту і перадала ўсім. Кавалёў. // што і з дадан. сказам. Давесці да ведама чыю‑н. просьбу, даручэнне, паўтараючы сказанае. Перадаць прывітанне. Перадаць падзяку. □ Бывай здаровенька!.. Бывай! Бацькам паклон мой перадай... Колас. — Перадай Валі, каб кідала ўсё і перабіралася да нас. Якімовіч. [Мікола:] — Перадайце, што жыву нядрэнна, сумаваць няма калі, работы процьма. Краўчанка. // што. Правільна сфармуляваць сутнасць чаго‑н., пераказаць сваімі словамі змест чаго‑н. Перадаць асноўную думку аўтара. Перадаць змест апавядання.

5. што. Адлюстраваць, выразіць што‑н. якімі‑н. сродкамі. Пісьменнік здолеў характэрнае для кожнага вобраза перадаць трапным, самабытным словам. Юрэвіч. Раскажы пра цуды-верфі, Пра каралавую гаць, Каб я мог у звонкіх вершах Усё, што скажаш, перадаць. Таўбін.

6. што. Распаўсюдзіць, давесці да ведама якім‑н. спосабам. Букрэй перадаў па ланцужку каманду спыніцца. Колас. У хату ўвайшоў пасыльны і перадаў салдатам загад — збірацца. Прокша. // што. Распаўсюдзіць сродкамі тэхнічнай сувязі. Перадаць канцэрт па тэлебачанню. Перадаць загад па селектары.

7. што. Распаўсюдзіць на каго‑н. якія‑н. якасці, прыкметы. Перадаць сваю ўпэўненасць прысутным. □ Дажджлівы жнівень мала таго, што затрымаў даспяванне збажыны, дык ён перадаў яшчэ сваю плаксівасць верасню. Пальчэўскі.

8. што, чаго і без дап. Даць, аддаць чаго‑н. больш, чым трэба; перабавіць. Перадаць лішнія пяць рублёў пры разліку. □ — Даволі гуляць — молат з напільнікам чакаюць. — Або не пачакаюць яшчэ які тыдзень? — Не магу без працы. Нябось сам і хвіліны не перадасі на гульню... Гартны.

9. Разм. Перайсці меру ў чым‑н., перастарацца. [Саладуха:] — Што ты ад яго хочаш, выхадны дзень, няхай крыху адпачне. [Высоцкі:] — Не вельмі ён перадаў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што. Павярнуць процілеглым бокам, павярнуць з аднаго боку на другі. Па меры таго, як Віктар чытаў [ліст], твар яго то чырванеў, то рабіўся бледным. Ён хуценька перавярнуў ліст і глянуў на подпіс. Даніленка. [Маці] дастала з печы скавародку, перавярнула аладку на другі бок. Брыль. // Перакуліць. Фурман усю ўвагу аддаваў на тое, каб не перавярнуць саней. Бядуля.

2. перан.; што. Рэзка, карэнным чынам змяніць што‑н. Гэты папрок перавярнуў усё ў маёй душы. Дуброўскі.

3. што. Бязладна раскідаць, перабіраючы што‑н. у пошуках чаго‑н.; ператрэсці. [Гануля] перавярнула ўсе рэчы і так-такі нічога не знайшла. Гурскі. Партызан не знайшлі, хоць і перавярнулі ўвесь гарадок. Шамякін.

4. каго-што ў каго-што. Пераканаўшы, схіліць да якіх‑н. змен, перамен. Перавярнуць у сваю веру. // У казках і народных павер’ях — ператварыць у каго‑, што‑н. з дапамогай чараў. Перавярнуць у ваўка.

5. што. Разм. Змяніць, сказіць сэнс, змест чаго‑н., падаць што‑н. у скажоным выглядзе. Што я чуў, дык пераверне, І пайшла пісаць губерня, Бо даўгі яго язык Да спакою не прывык. Крапіва. // каго. Выдаць за каго‑н. іншага. — Вось табе і на: з сваяка ды ў госця перавярнулі, — жартаваў Хлор. Гартны.

6. што і чаго. Разм. Выканаць вялікі аб’ём работы. Трэба перавярнуць гару кніг, каб дазнацца, што з чым параўноўваецца. Лужанін. — Эх ты, белалобы! Колькі трэба будзе перавярнуць работы. Паслядовіч.

•••

Горы перавярнуць — выканаць вялікую работу.

Перавярнуць уверх дном — тое, што і перавярнуць усё на свеце.

Перавярнуць (увесь) свет — зрабіць нешта незвычайнае, немагчымае.

Перавярнуць усё на свеце — а) змяніць усё карэнным чынам; б) прывесці ўсё ў хаатычны стан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; пр. пераказаў, ‑зала; заг. перакажы; зак., што.

1. Расказаць, выкласці сваімі словамі што‑н. прачытанае, пачутае. Пераказаць змест паэмы. □ — У атрад, скажыце, яму яшчэ рана. Там ён больш патрэбны. Запомнілі ўсё? — Здаецца, усё. — Паўтарыце. — Сокалаў амаль слова ў слова пераказаў іх гутарку. Новікаў. Я выбраў два цяжкія пераклады .. у сэнсе вяліка[й] цяжкасці пераказаць тое самае ў іх рускім тэксце тэкстам беларускім. Чорны. // Разм. Прачытаць, расказаць што‑н. вывучанае на памяць. Сарамліва, але добра пераказаў.. [Ігнась] вывучаны верш. Мурашка.

2. Паўтарыць сказанае яшчэ раз. Таццяна з смяшлівым націскам пераказала яго калішнія словы: — Нашто верыць, калі можна знаць... Зарэцкі.

3. і з дадан. сказам. Давесці да ведама, паведаміць каму‑н. пра што‑н. вусна. Сашка, Ніна і Каця дабраліся да Мінска і адтуль пераказалі, што пайшлі на вайну. Мікуліч. Радасна было, што з любым чалавекам адзін на адзін сядзіць, не баіцца яго, але сполах бярэ, як хто падгледзіць іх ды бацькам тады перакажа. Нікановіч. // Перадаць каму‑н. на словах чыю‑н. просьбу, даручэнне і пад. — Захар прасіў пераказаць табе, Васька, што ў Пашукоўскі лес паехалі немцы. Паслядовіч. — Перакажыце тату, каб у тую сераду прыехаў па мяне. Мурашка.

4. Перадаць словамі, расказаць пра ўсё, многае. Хлопец прысеў, вывучае спеў тэлеграфных слупоў. Мо перакажа калісьці гэты чароўны напеў... Машара. — На маіх вачах тут адбыліся такія змены, што і не перакажаш. Прокша. Стары пражыў такое жыццё, што аб ім і за дзень не перакажаш. Сабаленка.

5. Расказаць усё, многае. Гуляючы ў жытніх палетках, Рудольф пераказаў кампаніі шмат эпізодаў з рэвалюцыйнага жыцця. Гартны.

6. Абл. Назваць, пералічыць. — Камсамолкі, у ячэйку ідуць на заняткі! Тутэйшыя! — і я пераказаў па парадку чые яны. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разуме́ць, е́ю, ‑е́еш, ‑е́е; незак.

1. каго-што. Усведамляць, спасцігаць розумам сэнс, змест і пад. чаго‑н.; асэнсоўваць. Разумець заданне. Разумець тэкст. Разумець міміку і жэсты нямога. □ [Андрэй:] — Я цябе паважаю, Кузьма, як чалавека вучонага, і люблю паслухаць тваю гутарку, хоць ты гаворыш так разумна, што я не ўсё разумею. Колас. Іліко пачуў некалькі слоў на рускай мове. Ён ужо навучыўся адрозніваць гэтую выразную, чоткую, адрывістую мову ад іншай, але не разумеў яшчэ ні слова. Самуйлёнак. // Разбірацца ў думках, паводзінах, учынках, намерах каго‑н. Чалавек, як не трэба лепш, разумеў ужо свайго начальніка. Чорны. Дзяцей пісьменнік той не меў і іх не разумеў ніколі. Таму ў творах не было ніводнай кропелькі жывога. Корбан.

2. што і з дадан. сказам. Ведаць, здагадвацца аб чым‑н., усведамляць што‑н. Разумець сваю памылку. □ Міколка разумеў, што трапілі яны з дзедам у бяду. Лынькоў. [Чарнеў] бачыў і разумеў, што Міхалу яго выбар не падабаецца. Васілевіч.

3. каго-што і без дап. Быць дасведчаным у чым‑н.; магчы разбірацца ў чым‑н., меркаваць пра што‑н. Разумець музыку. □ Свайму настаўніку, які вучыў разумець і любіць літаратуру, Канстанцін Міхайлавіч прысвяціў некалькі адвячоркаў. Лужанін. Сам пан Вальвацкі нічога ў гаспадарцы не разумеў. Крапіва. // Мець пэўны погляд на што‑н., пэўную думку наконт чаго‑н. Важна тое, як крытык разумее сучаснасць у літаратуры. «Полымя». Я так каханне разумею: Калі кахаеш сапраўды, Ідзеш да любай у завею, А глянеш — расцвітуць сады. Прануза.

4. каго-што. Падразумяваць, мець на ўвазе. Пад лексікай разумеюць усю сукупнасць слоў мовы.

5. у знач. пабочн. разуме́еш (разуме́еце). Ужываецца з мэтай падкрэсліць што‑н., звярнуць увагу на што‑н.

•••

Вось гэта я разумею! гл. я.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. і без дап. Успрымаць вачамі што‑н. напісанае, надрукаванае літарамі ці іншымі друкаванымі знакамі; вымаўляць для тых, хто слухае, што‑н. напісанае, надрукаванае. Чытаць пісьмо. Чытаць кнігу. Чытаць усю ноч. □ Віктар Сяргеевіч чытаў свежую вячэрнюю газету. Гамолка. // без дап. Умець успрымаць, разумець што‑н. надрукаванае, напісанае. Што навука трэба мужчынам (а навуку стараста разумеў, як уменне чытаць, пісанне ж — ліха яго бяры: без яго можна абысціся лягчэй!), стараста не спрачаўся. Колас. // і без дап. Знаёміцца з якім‑н. творам, аўтарам і пад.; атрымліваць звесткі з кніг, часопісаў і інш. Чыталі мсціўцы Пушкіна радкі. Аўрамчык. Потым Віктар чытаў Ясеніна. Шамякін. Пра зуброў чытаў і чуў я многа, толькі вось убачыць бы іх дзе. А. Вольскі.

2. Ведаць, разумець, разбірацца ў якіх‑н. абазначэннях, знаках. Туравец стаў з цікавасцю «чытаць».. [карту]. Мележ. Алег хутка авалодаў фрэзернай справай, навучыўся чытаць чарцяжы. «Беларусь».

3. перан.; і без дап. Па знешніх прыкметах угадваць, разумець унутраны сэнс, перажыванні і пад. Чытаць сляды. Чытаць чужыя думкі. □ Жыццё [Аўгінні] можна было чытаць па яе руках — найлепшы жыццяпіс працоўных людзей. Бядуля. [Назарэўскі] меў багатую практыку бачыць людзей навылёт, чытаць на іх тварах. Чорны. У гэтых блясках [пажараў] чыталі.. [Бусыга і яго прыяцелі] засцярогу сабе і свой уласны прысуд. Колас.

4. Пераказваць які‑н. тэкст напамяць, дэкламаваць. Чытаць вершы з эстрады.

5. Паведамляць у вуснай форме змест чаго‑н., якія‑н. звесткі. Тарашкевіч чытаў слухачом настаўніцкіх курсаў скарочаны практычны курс беларускай граматыкі. Ліс. Нейкі час я стаяў, як утрапёны, потым абліў галаву халоднай вадой і, не піўшы чаю, пайшоў чытаць лекцыю. Дуброўскі. // і без дап. Выкладаць у вну. Ён два гады чытаў у інстытуце.

•••

Чытаць мараль (натацыі, павучанні) — гаварыць з кім‑н. строгім тонам, робячы вымову, дакараючы за што‑н.

Чытаць паміж радкоў — здагадвацца пра скрыты сэнс напісанага.

Чытаць у вачах — бачыць, разумець унутраны стан каго‑н. (па выразу вачэй).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глыбо́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую глыбіню (у 1 знач.). Глыбокая нара. Глыбокая яма. Глыбокая рака. □ Усюды было многа вузкіх дарожак з глыбокімі каляінамі. Чорны. // Зроблены, праведзены на значную глыбіню. Глыбокае ворыва. // Які мае большую глыбіню ў параўнанні з іншымі аднароднымі прадметамі. Глыбокая талерка. □ Твар .. [маці] заклапочаны, пад вачамі туга праклала глыбокія маршчыны. Кавалёў. // Далёкі, які не мае бачных граніц. У глыбокім начным небе высыпалі мірыяды зор. Лынькоў. // Які залягае тоўстым слоем. Снег быў глыбокі, пульхны, але добра трымаў лыжы. Алешка. [Коні] пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім пяску. Брыль.

2. Які знаходзіцца далёка ад паверхні ці пранікае на значную глыбіню (у 2 знач.). Глыбокае дно. Глыбокі нырок. // Які выходзіць з глыбіні (у 3 знач.). Дыханне рабілася рытмічным і глыбокім. М. Ткачоў. Голас быў роўны, ціхі і глыбокі. М. Стральцоў. // Праніклівы (пра позірк, вочы). Глыбокі позірк. □ Перад.. [Зорыным] паўстаў мілы вобраз Надзейкі, яе нейкія асаблівыя вочы, глыбокія, як мора. Гурскі. Вочы ў Алёнкі цёмныя, глыбокія. Кандрусевіч.

3. Аддалены ад граніц чаго‑н. або размешчаны ўсярэдзіне чаго‑н. Глыбокі тыл. □ Жыў ляснік са сваёй леснічыхай Каля завадзі ціхай, Каля возера ў пушчы глыбокай Ад вёсак далёка. Куляшоў. Сябрам-партызанам [Дубяга] сказаў не чакаць З глыбокай разведкі раней як дзён пяць. Танк. // перан. Даўно мінулы; аддалены (пра час). Глыбокая старажытнасць.

4. Змястоўны, важны, грунтоўны. Глыбокія веды. Глыбокі аналіз паэмы. // Значны, істотны (пра змест, уклад у што‑н. і пад.). Пакінуць глыбокі след у літаратуры. □ Я толькі сёння распазнаў Глыбокі сэнс звычайных ісцін... Глебка.

5. Які дасягнуў высокай ступені; поўны, моцны (пра пачуцці, стан і пад.). Глыбокая любоў. Глыбокае маўчанне. □ Сцёпка падыходзіць да Алёнкі. Па голасу яго яна чуе глыбокую да яе павагу. Колас. Салодкі, смачны і глыбокі быў сон Рыгора. Гартны. // Які дасягнуў найвышэйшай ступені, мяжы ў сваім развіцці. Глыбокая старасць. // Позні, глухі (у 5 знач.). У глыбокую восень, скончыўшы навігацыю, параходы заходзілі ў загон. Ракітны.

6. Нізкі, шчыры (пра паклон). З паклонам ветлым і глыбокім сустрэў пасланак гаспадар. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)