плаксі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які часта плача. [Галя:] — Ідзіце, ідзіце ўжо дадому, а то сын прачнецца і хопіцца, што няма бацькі, плакаць будзе. Можа, ён у вас вельмі плаксівы? Сабаленка.

2. Такі, які бывае пры плачы; падобны да плачу. Плаксівы голас. □ І Раман, адразу зрабіўшы плаксівы выраз твару, паплёўся ў кватэру. Ваданосаў.

3. Які любіць скардзіцца, наракаць. Дарэмна Апанас наракаў на сваю долю. Дачка яго была не з плаксівых. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аха́пак, ‑пка, м.

Такая колькасць чаго‑н., якую можна панесці, абхапіўшы дзвюма рукамі; абярэмак. Непадобна было, што і.. [Лінкевіч] часам нёс дадому ахапак калгаснай саломы ці канюшыны, а траплялася — і сноп. Дуброўскі. Толя ідзе да вогнішча з маленькай сякерай у руцэ і з ахапкам сушняку. Брыль. Калі паліцэйскі завярнуў на другі бок саставу, чыгуначнік з сілай адсунуў дзверы ў вагоне, схапіў у ахапак Валодзю і кінуў яго туды. Данілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасма́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Зняможаны, змучаны ад смагі, гарачыні. [Хлопцы] прышкандыбалі дадому змучаныя і сасмаглыя. Ваданосаў. Пап’е сасмаглы падарожнік, Асушыць конь сваё карыта, А восень агалосіць пожні Птушыным развітальным крыкам. Вітка.

2. Перасохлы (пра губы, горла, рот). [Яўхім] выцер пачарнелыя, сасмаглыя губы, зморана супакоіў: — Духата. Мележ. // Вялы ад недахопу вільгаці (пра траву і пад.). Сасмаглыя пасевы з неба Адразу ўбачыла яна [навальніца] І прагрымела: — Дождж ім трэба, Жаўцее лён і збажына! Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгне́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыгнесці.

2. у знач. прым. Які церпіць прыгнёт, уціск, эксплуатуецца. Расцвіўшай грэчкай пахне родны край, у час майго маленства і юнацтва — прыгнечанае, бунтарнае Наднямонне. Брыль. / у знач. наз. прыгне́чаны, ‑ага, м. Змагацца за волю вядзі [песня] ўсіх бяздольных, Мільёны прыгнечаных і беспрацоўных, Мільёны рабочых, сялян, паднявольных. Танк. // Які церпіць прыніжэнні, здзекі; пакрыўджаны, няшчасны. [Паўлу Паўлавічу] да слёз стала шкада сябе, бездапаможнага, прыгнечанага, і жыццё ўласнае здалося яшчэ больш недарэчным і немагчымым. Шамякін.

3. перан.; у знач. прым. Цяжкі, змрочны (пра стан, настрой). Нелады і непрыемнасці не аднойчы выклікалі ў Паходні прыгнечаны настрой, нездаволенасць. Хадкевіч.

4. перан.; у знач. прым. Якога штосьці гняце; моцна засмучаны, занепакоены чым‑н. [Андрэй] пайшоў дадому прыгнечаны. «Чаму Каця нічога не сказала.., што сёння раніцай пойдзе дадому? Што пра яе ведае Стэфа, чаму не дагаворвае?..» Чарнышэвіч. Кожны раз [Віця] прыходзіла з бальніцы прыгнечаная, са слязьмі... Новікаў. // Які выяўляе цяжкі, змрочны стан, настрой. Усе мелі прыгнечаны выгляд, былі пахмурымі, злёгку ўздрыгвалі ад перадранішняга халадку. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. забег, ‑ла; заг. забяжы; зак.

1. Бегучы, трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Казёл забег у агарод. □ Ля кладкі ў брод забеглі дзеці — усім па кветачкі вада. Ляпёшкін. — У хлопцаў ногі лёгкія, як бачыш забягуць дадому. Гамолка.

2. Зайсці куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт. Шамякін. Як на тое, у пакой забег Вадзімка. Чагосьці пашукаў пад ложкам і выбег. Сабаленка.

3. Абагнаць каго‑н., перагарадзіўшы дарогу. [Боганчык] бег, б’ючы каленам аб заднюю вось; цягнуў за лейцы, накручваючы іх на руку, і чуў: нічога не можа зрабіць. Пасля падумаў, што трэба забегчы каню наперад. Пташнікаў. «Ты мой, як міленькі, толькі каб не дапусціць цябе да алешніку», — думаў Павел, стараючыся забегчы ад кустоў. Тады парушальнік змяніў кірунак і кінуўся ў бок сасновага лесу. Пальчэўскі.

•••

Забегчы наперад — а) зрабіць што‑н., парушыўшы паслядоўнасць; б) апярэдзіць каго‑н. у дасягненні, атрыманні чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неахво́та, ‑ы, ДМ ‑воце, ж.

1. Адсутнасць ахвоты да чаго‑н. Увесь дзень на рабоце я знаходзіўся пад уражаннем мінулай ночы і раніцы і, калі прыйшоў канец рабочага дня, дадому пайшоў ужо з неахвотай. Ракітны.

2. безас. у знач. вык. Не хочацца, няма жадання (што‑н. рабіць). Быў вечар. Такіх у нас шмат вечароў, Калі расставацца з зарой неахвота. Танк. — Можа хочаш перакусіць чаго ці выпіць шклянку гарбаты? — запытаў Сёмка Рыгора. — Не, неахвота. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

давалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. давалок, ‑лакла, ‑ло; заг. давалачы; зак., каго-што.

Разм. З цяжкасцю данесці, давезці, дацягнуць да якога‑н. месца. Давалачы лодку да ракі. □ Хлопцы хутка давалаклі.. [ваўчанё] да месца, успіхнулі на павозку. Якімовіч.

•••

Ног не давалачы — не мець сіл дайсці куды‑н. Дадому ты такі не пойдзеш, — запярэчыў Ёська. — Ты і ног туды не давалачэш. — Яшчэ і цябе давалаку, гавары вось хутчэй пра справу ды пойдзем. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. узвалок, ‑лакла, ‑ло; зак., каго-што.

Разм.

1. Падняць наверх што‑н. цяжкае, грувасткае; усцягнуць. Узвалачы мех на воз. □ Нехта вулей узвалок на верхавіну. Лобан. // Намагаючыся, з цяжкасцю ўзвезці куды‑н. Але вось конь узвалок сані на горку і пайшоў лягчэй, мы нават пачалі адставаць. Дамашэвіч.

2. З цяжкасцю паставіць на ногі. Леапольд Гушка сяк-так узвалок каня на ногі і павёў дадому. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́рствы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і чэрствы. [Паўлюк] цяпер ішоў дадому, жаваў чорствую скарынку хлеба і думаў. Колас. Я ведаў, што ты — пацалунак, Ты — дружба і радасць, Ты — чорствага хлеба скарынка І сок вінаграда. Танк. Са смакам дзеці хлеб той елі, Акрайцы чорствыя да крошкі; А бацька, успомніўшы ляцелі, Сяброў скалечаных, бамбёжкі, Гатоў быў рушыць зноў дарогай, Дзе кроў праліў, пазнаў шпіталі, Каб дзеці хлеба больш такога Ў жыцці сваім павек не зналі. Непачаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слёзка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Памянш.-ласк. да сляза (у 1, 2 і 4 знач.). Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі Сціраючы яму, штось пачала казаць. Багдановіч.

2. толькі мн. (слёзкі, ‑зак). Злакавая расліна з суквеццем, якое складаецца з буйных каласкоў; дрыжнік. І мядунка і герань, Слёзкі, мята, кашка! Сто букетаў назбіраць Тут за дзень няцяжка. Гілевіч. На світанні выходзіць за вёску Па іскрыстай халоднай расе, І чабор, і рамонкі, і слёзкі У прыполе дадому нясе. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)