жада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чаго з інф. або са злучн. «каб».

1. Хацець што‑н. ажыццявіць, зрабіць, займець. Крылаў жадала б .. [Агата] на гэты час, каб пераляцець раптам к сыну. Мурашка. Спаткаўся з роднаю зямлёй, жадаю шчырым сэрцам роднай: каб больш не знацца нам з вайной, каб больш не знаць вайны ніводнай! Дубоўка.

2. каму-чаму. Зычыць, выказваць якія‑н. пажаданні. Жадаць людзям дабра. Жадаць дзецям добра вучыцца. □ [Страмілін:] Ну жадаю вам жыць у згодзе і любві ды збудаваць моцную савецкую сям’ю. Крапіва. — Жадаю вам, браткі, удачы. — Іван Іванавіч паціснуў прадубленую, як падэшва, дзедаву далонь і маленькую Сашкаву руку. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пярэ́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Выказваць нязгоду з кім‑, чым‑н., прыводзіць доказ супраць чаго‑н. Калі Вера спрачалася з Кузьмой адна, тады ў яе хапала і смеласці пярэчыць, і упэўненасці ў сваёй праваце, і важкімі здаваліся аргументы. Дуброўскі. Іван Барай чакаў, што калі той [Кавалёў] пачне пярэчыць, то ў яго запасе ёсць яшчэ аргументы. Чарнышэвіч. Бацька і маці.. не пярэчылі сыну, калі той восенню зноў пачаў збірацца ў дарогу. С. Александровіч.

2. Не адпавядаць чаму‑н., мець у сабе супярэчнасць. Калі Сяргей пачуў ад бацькі, што яго збіраюцца ўзяць на работу ў райком, ён спачатку разгубіўся. Гэта пярэчыла яго планам. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ска́рдзіццавыказваць незадавальненне’, ‘падаваць скаргу’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп.), ска́рдзіць (Др.-Падб.), ска́ржыцца (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі). З польск. skarżyć (się) (гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633), адкуль зваротнай дэрывацыяй ска́рга. Польскі дзеяслоў разам з в.-луж. skoržić ‘скардзіцца’, н.-луж. skjaržyś ‘тс’ тлумачыцца як запазычанне ў заходнеславянскія мовы з ням. бавар. schergen ‘абвінавачваць, скардзіцца’, што не бярэцца пад увагу пры разглядзе серба-лужыцкіх слоў, гл. Шустар-Шэўц, 1296. Больш пераканальнымі здаюцца спробы вызначэння славянскага паходжання слова Ільінскага (ИОРЯС, 23, 2, 233), што параўноўваў з славен. skŕgati ‘стракатаць’, і Брукнера (493), які лічыў роднасным рус. скрежет і яго аднакаранёвым, а таксама Борыся (550), паводле якога гукапераймальнае прасл. *skrъgati ‘скрэгаць’, семантычна змянялася ад ‘скрэгаць, ныць’ да ‘лямантаваць’. Беларускі матэрыял падмацоўвае апошнюю версію, параўн. скоргануць, скірга, скарга (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

піса́ць, пішу́, пі́шаш, пі́ша; пішы́; пі́саны; незак.

1. што і без дап. Перадаваць на чым-н. якія-н. графічныя знакі.

П. літары. П. разборліва.

2. што. Складаць які-н. тэкст, ствараць літаратурны твор.

П. заяву.

П. вершы.

3. што аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. сказам. Паведамляць ці выказваць што-н. пісьмова.

Газеты пішуць пра падзеі ў горадзе. П. пра дасягненні нацыянальнага мастацтва.

4. каму. Звяртацца да каго-н. пісьмова.

П. у вышэйшыя інстанцыі.

5. што. Ствараць творы жывапісу.

П. пейзаж.

Закон не пісаны для каго або каму (разм.) — пра таго, хто дзейнічае, як яму захочацца.

Дурням закон не пісаны.

Пішы прапала (разм.) — аб непазбежнасці якой-н. страты, няўдачы і пад.

|| зак. напіса́ць, -пішу́, -пі́шаш, -пі́ша; -пішы́; -пі́саны.

|| наз. піса́нне, -я, н. (да 1, 2,4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

бедава́ць, бядую, бядуеш, бядуе; незак.

1. Цярпець душэўныя пакуты; выказваць перажыванні, смутак, жаль. Змрокам таго дня.. [Нявада] пачаў абыходзіць увесь той родны кут, па якім гэтулькі бедаваў. Чорны. У хаце Сцяпана Касцевіча ў гэты час сабралася многа людзей.. Абмяркоўвалі ўсё здарэнне, бедавалі, ахалі, клялі... Пестрак. // Турбавацца, хвалявацца, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. [Маці:] — У тваёй [Сцяпанкавай] галаве толькі цацкі. Каб ты лепей бедаваў аб тым, хто сёлета ў нас поле араць будзе, хто шнур засее. Бядуля. [Валя Валодзю:] — Ты бедаваў, што білет прападзе. Вось запрасі Надзю. Крапіва.

2. Жыць у нястачы, беднасці; гараваць. Мянялася жыццё нядаўніх беднякоў, бедавалі ад вясны да зімы, жабруючы і гнучы спіны за кавалак хлеба. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разважа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Супастаўляючы падзеі, паняцці і пад., мысліць, рабіць вывады; меркаваць, лічыць. І раптам яны ўдвух, рэдактар і загадчык аддзела рэдакцыі, пачалі горача разважаць: хто аўтар? Хто б гэта мог напісаць такі нарыс? Грамовіч.

2. Выказваць свае думкі, меркаванні, гаварыць аб чым‑н. — Якая гаспадыня, такі і дом, — разважаў .. [Комлік], апетытна закусваючы. Карпаў. Мы разважалі пра зіму, якая яна будзе сёлета — ляжа ўжо ці пачакае, ці гэта яшчэ толькі зазімак. Ермаловіч. // (звычайна з адмоўем). Доўга і падрабязна абмяркоўваць што‑н. Стары расчуліўся да слёз, Не разважаў ён доўга, У світку ўхутаў і павёз Хутчэй дамоў малога. Смагаровіч.

разважа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разважыць ​3.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развіццё, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. развіваць — развіць (у 2, 3 і 4 знач.) і стан паводле дзеясл. развівацца — развіцца (у 2, 3 і 4 знач.).

2. Працэс пераходу з аднаго стану ў другі, больш дасканалы. Гістарычнае развіццё. □ Універсальная таленавітасць Мікельанджэла ці Леанарда да Вінчы падрыхтавана была ўсім папярэднім развіццём чалавека, яго рукі і мозга. Адамовіч. З абвастрэннем класавых супярэчнасцей, развіццём грамадскай думкі ў жніўных песнях з’явіліся матывы сацыяльнага пратэсту, народ пачынае адкрыта выказваць сваю нянавісць да эксплуататараў-прыгоннікаў. Саламевіч.

3. Ступень духоўнай і разумовай сталасці, шырыня кругагляду. Амаль шэсць гадоў быў я спеваком у хоры Тэраўскага, і гэта адыграла вялікую ролю ў маім развіцці. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ігра́ць ’выконваць што-н. на музычным інструменце’, ’выступаць на сцэне, у кіно’, ’гуляць’, ’блішчаць’, ’быць у бадзёрым, узбуджаным стане’ (ТСБМ), ’бегаць (пра карову)’ (Мат. Гом.), ’цвісці’ (Бяльк., Выг. дыс.), ’спяваць’ (Касп.; Рам., 8, 554), ’спарвацца (аб птушках)’ (Некр.), ’буяніць, сварыцца, бурна выказваць пачуцці незадавальнення’ (Шат., Янк. III). Рус. игра́ть ’іграць’, дыял. ’танцаваць, скакаць’, ’спяваць’ (вельмі шырока ў гаворках), арханг., смал., разан. ’здзекавацца, злараднічаць’, разан. ’аб злучцы жывёлы’, укр. гра́ти ’іграць’, ’рабіць хуткія, рэзкія рухі’, ’брадзіць (аб мёдзе, піве)’ (Грынч.), польск. grać, igrać ’іграць’, в.-луж. hrać ’тс’, н.-луж. graś, jgraś ’тс’, палаб. jaigroją ’тс’, чэш. hráti ’іграць, забаўляцца’, славац. hrať ’тс’, ihrať ’іграць, хістацца, пералівацца’, славен. igráti ’іграць’, серб.-харв. ѝграти ’скакаць, іграць’, балг. игра̀я ’тс’, макед. игра ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. играти ’забаўляцца, іграць’. Прасл. *jьgrati, дзеяслоў на ‑ati ад *jьgra (гл. ігра). Трубачоў, Эт. сл., 8, 210–211.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скрыгата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.

1. Утвараць гукі скрыгату. Кулямётнымі чэргамі стракаталі .. малаткі кляпальшчыкаў, скрыгатала жалеза на свідравальных станках, нешта скавытала, сінела. Хадкевіч. Гэта не танкі скрыгочуць, А цягачы. Астрэйка. // чым. Рабіць скрыгат чым‑н. [Нявіднага] адлівалі вадою, зноў мучылі, а ён толькі скрыгатаў сціснутымі зубамі. Колас. Падымаўся [Антон] да відна і да самых прыцемкаў кроіў бляху, грымеў, скрыгатаў ёю. Ракітны. // перан.; чым. Выказваць нездавальненне, злосць. Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі — Любі сваю ніву, свой край. Купала.

2. Разм. Рыпець. Пакутліва засынаюць Сыраежка і Шохан. Доўга ўздыхаюць, варочаюцца — аж скрыгоча жалезная сетка. Навуменка. Казалі, што кожную ноч .. [Сашка] сушыў .. [боты] на печы, дык яны раніцай аж скрыгаталі на нагах. Гроднеў. Скрыгаталі пёры ў цішы. Мільганула думка тут: Кожны піша, крэсліць, піша... Кляўко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упіка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго, каму, з дадан. сказам і без дап.

Папракаць каго‑н., выказваць неадабрэнне, нездавальненне за што‑н. Глядзеў [Звераў] на трапяткі сонечны зайчык.. і ўпікаў сябе за тое, што схлусіў урачу. Алешка. Так, так, Паліна больш за ўсіх будзе ўпікаць.. [Ніне], што ў апошні час не пісала і нават у час канікулаў не наведалася дамоў. Сіўцоў. І хоць дзеду Мікалаю ўжо ішоў восьмы дзесятак — .. ён, і не думаў пакідаць працу і вельмі злаваўся, калі бабка Вікця ўпікала, што ён цэлымі днямі прападае на ферме. Даніленка. [Яраш:] — Я расказаў Галі пра гэтую жанчыну яшчэ да таго, як мы пажаніліся. Тады яна змаўчала і сказала, што ўсё разумее... А цяпер упікае. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)