смалі́ць 1, смалю, смоліш, смоліць; незак., што.

Мазаць, насычаць смалой. Смаліць лодку. Смаліць канат. □ [Шура:] — Двух чалавек на станцыю. Смаліць шпалы. Майстар загадаў. Навуменка.

смалі́ць 2, смалю, смаліш, смаліць; незак., каго-што.

1. Выклікаць адчуванне апёку, смылення; апякаць. [Арцём і Міхалка] палілі запалку за запалкай, злаваліся, што запалкі псуюць і пальцы смаляць. Бядуля. Шурпатая ў калгасніцы далонь. Смаліў яе мароз, Паліў яе агонь. Жычка. // безас. Пра адчуванне смылення, пякоты. [Сцяпан:] — Смаліць нешта ў грудзях. Мележ. Твар, шыю, плечы, рукі смаліла агнём. Юрэвіч.

2. Абпальваючы агнём, знішчаць шэрсць, рэшткі пуху і пад. Смаліць парсюка. Смаліць курыцу.

3. Прыпякаць, пячы (пра сонца). Кожны дзень — сонца, і так смаліць, што на дарогах не гразь ужо, а пыл, калі вецер пачынаецца. Савіцкі. Смаліла сонца, трэскаліся губы ад смагі, павекі апухалі ад бяссонніцы. Грахоўскі. / у безас. ужыв. На дварэ смаліць, горача.

4. Разм. Курыць. Таццяна Андрэеўна падумала: «Яму няможна курыць, а ён усё самасад смаліць...» Шамякін. Зіму і лета дзед не злазіць з печы. Хіба толькі злезе накрышыць сякерай на лаве тытуню, які ён смаліць за комінам без [пера]дыху. Васілевіч.

5. Разм. Паліць, спальваць што‑н. — Неба чырвонае, дзень і ноч смаляць, душагубы, — сказаў Мікола. Шчарбатаў.

смалі́ць 3, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Біць, удараць. Фурман чуць не зляцеў з воза, а потым прыпаў галавою ў перадок і смаліў пугаўём каню па клубах. Крапіва.

смалі́ць 4, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Страляць. Добра відаць, як з яліны адна за другой бзыкаюць у неба тры іскрынкі: патрулі смаляць уверх, баяцца высунуць з ямы галовы. Карпюк. Ляцяць наперад [гітлераўцы] на ўвесь дух і час ад часу смаляць з вінтовак і з аўтаматаў. Паслядовіч.

смалі́ць 5, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Рабіць што‑н. хутка, спрытна, умела. [Зыгмусь:] — Азірнуўся я — смаліць за мною верхам на кані кудлаты мужык без шапкі, толькі касмыкі на галаве трасуцца. Колас. Нават стары Пахілка пайшоў з касою: смаліць — любата зірнуць. Савіцкі. [Мікола:] Аўгіння, там Пятрок з дзяўчатамі вальса смаліць, а ты тут сядзіш! Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́р, ‑у, м.

1. Моцны рэзкі штуршок, сутыкненне з чым‑н. у час руху. Іліко .. схапіў свае восці і ўдарам пад жабры дакончыў рыбіну. Самуйлёнак. Раптам рэзкі ўдар страсянуў корпус судна. Траўлер даў крэп на правы борт. Матрунёнак. Многія гадзіннікі першага класа вызначаюцца тым, што не баяцца ўдару, пылу, вільгаці, вады. «Звязда». Я спрабаваў падняцца, але адразу падаў пад ударамі страшэннага ветру. Бяганская. // Пра біццё сэрца, пульсу. [Сцяпан] прыклаў фанендаскоп да сэрца і пачуў, як аддаляюцца і затухаюць яго ўдары. Шамякін. Кроў пульсавала выразней, з нарастаючымі ўдарамі. М. Ткачоў. // перан. Пра гром, выбух і іншыя моцныя гукі. Удар грому. □ Адзін за другім раздаліся глухія ўдары выбухаў. Лынькоў. У марозным крохкім паветры чуецца ўдар аб рэйку. Мікуліч. Яшчэ раз грамыхнуў, б’ючы ў самае сэрца людзей, удар нямецкай гарматы. Паслядовіч.

2. Імклівы напад, атака. Флангавы ўдар. Бомбавы ўдар. □ У заключэнне рэйду быў нанесены магутны камбінаваны ўдар на чыгунцы. Шамякін. Вядзе іх ляснічы Праз дзікі гушчар: Ідуць партызаны. Рыхтуюць удар. Колас. [Рагозін:] — Злева ў ляску збіраюцца казакі — адтуль галоўны ўдар. Гурскі. // перан. Рашучае дзеянне, накіраванае на спыненне, знішчэнне чаго‑н. Канчатковы ўдар па спекуляцыі.

3. перан. Нечаканае гора, бяда, непрыемнасць. Пад канец .. зімы Пецю давялося яшчэ перажыць адзін цяжкі ўдар: памёр яго дзед. Ракітны. / Пра што‑н. цяжкае, непрыемнае, што даводзіцца пераносіць каму‑н. Удар лёсу.

4. Цяжкая хвароба, кровазліццё ў мозг; апаплексія. [Ларчанка:] — Чорны захварэў. Вельмі цяжка..; Удар. Кровазліццё ў мозг. Мележ.

•••

Апаплексічны ўдар — тое, што і апаплексія.

Кручаны ўдар — удар у спартыўнай гульні (у тэніс, валейбол), пры якім пасылаецца кручаны мяч.

Свабодны ўдар — у футболе — удар, у час якога праціўнік не мае права нападаць.

Сонечны ўдар — цяжкі стан, які ўзнікае ў выніку перагрэву галавы сонечнымі прамянямі.

Цеплавы ўдар — захворванне, якое выклікаецца перагрэвам цела пры працяглым уздзеянні высокай тэмпературы навакольнага асяроддзя.

Адным ударам — хутка, імкліва, у адзін прыём.

Пад ударам (быць, знаходзіцца) — у такім становішчы, калі могуць напасці, атакаваць; у стане, калі штосьці пагражае.

Ставіць пад удар гл. ставіць.

Удар у спіну — здрадніцкі ўчынак, здрадніцкае забойства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рці, пру, прэш, прэ; пром, праце, пруць; пр. пёр, перла; заг. пры; незак.

Разм.

1. Ісці, рухацца, лезці куды‑н., не зважаючы на перашкоды, без дазволу. — Таварыш камандзір, — пачаў Мікола, — немцы... Проста па балоце пруць... Шчарбатаў. [Ігар] пёр праз хмызняк напралом, ломячы сучча. Ваданосаў. У вёску .. [ваўкі] баяцца хадзіць, а сюды, на хутар, пруць. Сабаленка. // Ісці, рухацца вельмі шпарка. Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі, Бяжыць, як можа, без аглядкі. Колас. З гулкім грукатам, з шумам і звонам За адным прэ другі эшалон. Непачаловіч. Азірнуўся я — і аслупянеў. Па дарозе на мяне прэ ваўкадаў. Кудравец. // Ісці вялікай колькасцю, натоўпам; валіць. Чуць заняўся ўсход Неба яснай зарой, Прэ на поле народ З бараной і сахой. Купала. Вады зараз нагнала, а.. [рыбы] на мелкаводдзе з віроў пруць. Савіцкі. // перан. Імкнучыся дасягнуць чаго‑н., дзейнічаць рашуча, настырна. Было такое — хацеў закруціць з.. [Юлькай]. Толькі хіба са сваёй асцярожнасцю мог устаяць супроць Анкуды, які пер напралом? Карамазаў. Хто ж будзе займацца тымі, якія ўсякімі абходнымі .. сцежкамі пруць у навуку? «ЛіМ».

2. каго-што. Гнаць, выганяць. Праўду тады ў сорак першым казалі, што будуць фашыстаў назад перці так, што драпака даць яны не ўправяцца... Мележ. [Падбярэцкі:] — Андрэй і так і сяк: «Астынь...» А яна: «Вон, і ўсё...» І яго прэ вон разам са мной. Пташнікаў.

3. Выбівацца, выходзіць, вылазіць на паверхню. [Туравец:] «Высеклі безліч [дрэў] каля чыгункі, а лес застаўся. І на высечцы хмызняк вунь прэ...» Мележ. А газ, як на тое ліха, усё прэ і прэ... Вырываецца на прастор. Шыловіч. Пруць з-пад карчоў паганкі, Мох абляпіў дубы. Грачанікаў. / у перан. ужыв. «Ну і фантазія! — думаў.. [Прыборны]. — Так і пруць з .. [Лясніцкага] гэтыя выдумкі». Шамякін. // безас. З сілай выштурхваць што‑н.

4. каго-што. Несці, валачы што‑н. цяжкае, грувасткае. Прэ дзядок старэнькі з лесу Дроў бярэмя, як падняць. Васілёк. [Вольга:] — Я павінна гэтыя яблыкі перці, а ён балюе... Савіцкі.

5. што. Груб. Аддаваць, даваць каму‑н. што‑н. у вялікай колькасці, больш чым патрэбна. А чаму сытыя [каровы]? Бо Пятро другім кармоў недадае, а ўсё тым, Лідзіным, прэ. Ваданосаў.

6. перан.; што. Груб. Прагна есці; жэрці. [Тадора:] — Гэта сала будзе з гэтакага догляду... А нябось, як на скаварадзе паставяць, дык прэш, аж нос гнецца. Крапіва.

•••

З горла прэ — тое, што і з горла лезе (гл. лезці).

Цераз верх перці ў каго — пра лішак, вялікую колькасць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́ба 1, у знач. вык.

1. з інф. Неабходна, абавязкова патрэбна. Трэба вячэраць. □ Марылін пасаг, праўда, прадалі з яе згоды і купілі столькі ж зямлі бліжэй. А таму цяпер трэба баяцца, што Мікіта адсудзіць яго. Брыль. [Пніцкі:] — З братам я даўно ўжо не бачыўся. Трэба напісаць яму. Чорны. [Васіль Раманавіч:] — Рызыкаваць трэба разумна, калі ёсць сэнс. Новікаў. Трэба растапіць абавязкова Мёртвы лёд халоднае вайны. Смагаровіч.

2. каго-што і з інф. Патрабуецца, патрэбна. Для гэтага трэба яшчэ шмат матэрыялу. Трэба звярнуцца за дапамогай. Не трэба было так рабіць. □ [Валодзька:] — Не, дзеду, не трэба парома. Ляжы сабе, куры. Брыль. [Урач:] — Трэба хіба насілкі ці што... Мележ. [Жанчына:] — Вам жа кватэра трэба? Даніленка.

3. безас. каму. Пажадана. — Што вам тут трэба? — раптам спытала жанчына з падкрэсленай зычнасцю і патрабаванням. Кулакоўскі. — Што табе трэба? — крычыць лёкай. Якімовіч.

4. Разм. Належаць. Колькі з мяне трэба? □ Два разы на месяц У яго ёсць праца: Атрымаць, што трэба, Потым распісацца. Крапіва.

•••

Гэта ж трэба! — вокліч, які выражае здзіўленне. [Манька:] — Ай-я-яй! Гэта ж трэба!.. А Волька аб’ездчыкава? Ракітны.

Далёка хадзіць не трэба за чым — лёгка прывесці прыклад, факт, доказ для пацвярджэння чаго‑н.

Дзе трэба, дзе не трэба — недарэчы, не да месца.

Лепш (і) не трэба гл. лепш.

Так і трэба каму гл. так.

Трэба думаць — напэўна, мабыць, хутчэй за ўсё.

Трэба сказаць (у знач. пабочн.) — служыць для ўказання на магчымасць, дапушчальяасць якога‑н. азначэння, удакладнення.

Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага — зусім, ані (не трэба, не патрэбны хто‑, што‑н. каму‑н.).

Што трэба (у знач. вык.) — а) вельмі добры (пра каго‑, што-н). Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе. Панчанка; б) вельмі добра, як належыць, як мае быць. [Цытрыкаў:] — Гектараў 15 будзе. — Не менш, — адказаў Музыкін. — Трактар працуе што трэба. «Звязда».

Што трэба, то трэба — абавязкова, неабходна. [Анупрэй:] — Так-то яно так. Што трэба, то трэба, і казаў і кажу, але не ёй жа першай па ражон лезці. Машара.

Як трэба — у адпаведнасці з нормамі, правіламі, існуючым палажэннем.

трэ́ба 2, ‑ы, ж.

1. Даўней — ахвярапрынашэнне. Бывала, перад калядамі збірае [Дарашкевіч] з парафіян трэбу... Чарнышэвіч.

2. Рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда і пад.), які выконваецца свяшчэннікам па просьбе веруючых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́сціся, трасуся, трасешся, трасецца; трасёмся, трасяцеся; пр. тросся, трэслася; незак.

1. Часта рухацца туды і назад; хістацца, калаціцца. Лісце шумела і трэслася па ветры. Чорны. Дрэвы паміраюць, як салдаты, Што бароняць зоры ад свінца: Не трасуцца пад пілой зубатай, А стаяць, прамыя, да канца. Цвірка. Асіны трэсліся і, як пляткаркі, шапацелі. Дзяргай. Цяжкія вілы зноў пачынаюць трэсціся над шэрай раллёй, і сябра мой, Жарпак, гудзе — прыдумвае найлепшыя пажаданні ўсім панам, праз якіх мы тут апынуліся. Брыль. // Адчуваць дрыжыкі (ад холаду, ліхаманкі, страху і пад.). Танк быў такі цяжкі, што зямля дрыжала пад ім, і Ганначка па плоце трэслася, як верабей на галінцы. Хомчанка. // Часта, сутаргава ўздрыгваць, калаціцца (пра рукі, ногі, цела і пад.). Валодзя заўважыў, што Анатоль змяніўся з твару і яго рукі нервова трасуцца. Федасеенка.

2. Моцна дрыжаць, калаціцца, хістацца. Выбух!.. Гулка трасуцца абшары. Калачынскі. Затое, калі пераставаў гусці трактар і трэсціся малатарня, Юрка мог адзін адваліцца на салому на малатарні, спакойна ляжаць, не кратаючыся, і глядзець у неба. Пташнікаў.

3. Разм. Сварыцца, калаціцца. Яны [вада, агонь і вецер] ўступілі трое У спрэчку між сабою, Крычаць, шумяць, трасуцца Ды за чубы бяруцца. Дзеружынскі.

4. Хістацца, падскокваць, едучы па няроўнай дарозе. Ехалі, трэсліся па каляіністай дарозе доўга. Навуменка. Буйвалы павольна ішлі наперад, арба трэслася і скрыпела. Самуйлёнак. Калёсы трасуцца па камяністай дарозе, барабаняць. Скрыган. // Ехаць неахвотна, без жадання куды‑н., далёка куды‑н. Сёння мы павінны .. трэсціся на гэтую нараду дваццаць кіламетраў на грузавой машыне. Васілевіч. Зноў будзеш мокнуць пад дажджом, трэсціся ў кузавах спадарожных машын, дрыжаць ад начнога холаду, засынаючы дзе-небудзь у полі, на абярэмку саломы, якую толькі што адкінулі ад малатарні. Шашкоў.

5. перан. Хвалявацца за каго‑, што‑н. [Яўхім:] — Не памірае і не памрэ. І няма чаго тут трэсціся ды кідацца на ўсіх!.. Мележ. // Берагчы што‑н., ашчадна расходаваць. Страх перад голадам, нястачаю прымушаў .. [Андрэя] трэсціся над кожнай бульбінай, над кожным сухаром. Капусцін. Жывуць Раманюкі ў дастатку, але над кожнай капейкай трасуцца. Савіцкі.

6. Разм. Няўмела або абы-як танцаваць. Злавалася .. [Марфа] і за тое, што Ромацка толькі тросся.., а хораша ісці танец не хацеў, ды, мабыць, і не ўмеў. Кулакоўскі.

•••

Паджылкі трасуцца гл. паджылкі.

Трэсціся за сваю шкурубаяцца за сваё жыццё, дабрабыт і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ого́нь в разн. знач. аго́нь, род. агню́ м.;

развести́ ого́нь раскла́сці аго́нь;

огни́ го́рода агні́ го́рада;

перекрёстный ого́нь воен. перакрыжава́ны аго́нь;

артиллери́йский ого́нь воен. артылеры́йскі аго́нь;

за́лповый ого́нь воен. за́лпавы аго́нь;

бе́глый ого́нь бе́глы аго́нь;

продо́льный ого́нь воен. падо́ўжны аго́нь;

бенга́льский ого́нь бенга́льскі аго́нь;

анто́нов ого́нь мед., уст. анто́наў аго́нь, гангрэ́на;

говори́ть с огнём гаварыць го́рача (з агнём, з запа́лам);

огнём и мечо́м агнём і мячо́м;

из огня́ да в по́лымя погов. з агню́ ды ў по́лымя;

днём с огнём не найдёшь днём з агнём не зно́йдзеш;

боя́ться как огня́ бая́цца як агню́;

ме́жду двух огне́й памі́ж двух агнёў;

нет ды́ма без огня́ погов. няма́ ды́му без агню́;

пройти́ ого́нь, во́ду и ме́дные тру́бы погов. прайсці́ аго́нь, ваду́ і ме́дныя тру́бы, пабы́ць на кані́ і пад канём;

бежа́ть, как от огня́ уцяка́ць, як ад агню́;

лить ма́сло в ого́нь ліць ма́сла ў аго́нь.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

лес (род. ле́су) м., в разн. знач. лес;

густы́ л. — густо́й лес;

будаўні́чы л. — строи́тельный лес;

л. рук — лес рук;

карабе́льны л. — корабе́льный лес;

страявы́ л. — строево́й лес;

чо́рны л. — чёрный лес;

чырво́ны л. — кра́сный лес;

як у ~е — как в лесу́;

цёмны л. — (для каго) тёмный лес (для кого);

за дрэ́вамі не ба́чыць ле́су — за дере́вьями не ви́деть ле́са;

дале́й у л. — бо́лей дроў — да́льше в лес — бо́льше дров;

хто ў л., хто па дро́выпогов. кто в лес, кто по дрова́;

расці́ на л. гле́дзячы — расти́ на лес гля́дя;

воўк у ле́се здох — чудеса́ да и то́лько;

л. сяку́ць — трэ́скі ляця́цьпосл. лес ру́бят — ще́пки летя́т;

ваўко́ў бая́цца — у л. не хадзі́цьпосл. волко́в боя́ться — в лес не ходи́ть;

як во́ўка ні кармі́, а ён усё ў л. глядзі́цьпосл. как во́лка ни корми́, а он всё в лес смо́трит;

браха́ць на л. — броса́ть слова́ на ве́тер;

чужа́я душа́ — цёмны л.посл. чужа́я душа́ — потёмки;

на сухі́ л. — (заклинание) на сухо́й лес

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Трус1, тру́сік ‘кролік, свойскі грызун сямейства заечых, Lepus cuniculus domesticus’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Гарэц., Др.-Падб., Пятк. 2, Яруш., Касп., Сцяшк., Растарг., Сл. ПЗБ, Арх. Вяр., Бяльк.), трусь ‘тс’ (Нас., Бяльк., Сл. Брэс.; брэсц., ЛА, 1), сюды ж ст.-бел. трусочы ‘кралёвы, кролікавы’ (XVII ст., ГСБМ), паўд.-зах.-бел. тру́сіха, цэнтр.-бел. трусі́ца, цэнтр. і ўсх.-бел. тру́ска ‘самка труса’ (ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Касп., Янк. 3., Сцяшк.). Укр. трусь, трус ‘кролік’; рус. трус ‘тс’ (Даль), польск. trusia, truś ‘тс’, ст.-польск. truśka ‘кральчыца’, славац. trus‑trus ‘падкліканне трусоў’. Відавочна, генетычна звязана з трусі́цца ‘трэсціся, дрыжаць’: конь чуе, што подходзяць воўкі, трусіцца (ТС), гл. тру́сі́ць1 ‘калаціць, трэсці’, тады — ‘той, хто трасецца, хто дрыжыць’, што характэрна для кроліка: pałochliwy jak trus (królik) (Пятк. 2, 262). Паўночнаславянскі дэвербатыў, ідэнтычны прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ (гл. трус2). Сюды ж у адносінах да чалавека трус ‘баязлівец’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Пятк. 2), параўн. укр. трус, рус. трус, польск. trus, trusia ‘тс’, што ўзводзяць да прасл. дыял. *trusъ ‘страх’, звязанага чаргаваннем з *trǫsъ ‘трасенне’ (ЕСУМ, 5, 658), параўн. укр. труса́ ‘страх’. У беларускай літаратурнай мове і ў беларускіх гаворках пашырылася, відаць, з рускай мовы, дзе лексема трус са значэннем ‘баязлівец’ ужываецца з XVIII ст. (Чарных, 2, 267), аднак найменні з зыходнай семантыкай ‘трапятанне, дрыжыкі, боязь’ фіксуюцца ўжо з XII—XIII стст. (СлРЯ, 11-17, 30, 208). Вытворныя трусі́на ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тру́ска ‘баязліўка’ (Янк. 3.), трусля́к ‘тс’ (Мат. Маг.), труслі́ву, трусьлі́вы ‘тс’ (ТС, Бяльк.), труса́н, трусі́шча ‘тс’ (Жд. 2), тру́сасць ‘баязлівасць’ (Др.-Падб.), як і ўтварэнні н.-луж. tšuchły ‘сарамлівы, маладушны’, ‘баязлівы’, ‘сумны’, в.-луж. truchły ‘баязлівы’, лат. traušâtiêsбаяцца’ сведчаць пра магчымасць незалежнага развіцця семантыкі, гл. Фасмер, 4, 110; Арол, 4, 109. Іншая этымалогія слова грунтуецца на выклічніках, якімі падзываюць кролікаў і іншых хатніх жывёл і птушак: трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў (Нас.; Горбач, Зах.-пол. гов.), укр. трусь-трусь ‘тс’, рус. трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў і цялят, трусе́‑трусе́ — падзыўныя для кароў, тру́сенька‑тру́сенька — падзыўныя для коней, польск. truś‑truś — падзыўныя для кролікаў і індыкоў, trusia‑trusia — падзыўныя для кароў, trusz‑trusz — падзыўныя для кролікаў і інш. (Борысь, 645), якія могуць узыходзіць да тпро, тпру, птрусь (гл.). Сюды ж трусі́ць, атрусі́ць ‘прыводзіць трусянят’, трусыне́тко, трусыня́тко ‘трусянё’ (Сл. Брэс.), трусі́нь пад печ! ‘выгук для адганяння трусоў’ (Юрч. Вытв.), тру́ска ‘самка кроліка’ (Касп.), тру́сік ‘кролік’ (Ласт., Растарг.), трусо́к ‘тс’ (Ласт.).

Трус2 ‘ ваганне зямлі, землятрус’ (ТСБМ), ст.-бел. трусъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. трус ‘трасенне; сумятня, перапалох’, ц.-слав. трясенье земле, трусъ ‘землятрус’, рус. трус ‘тс’, ‘бура і хваляванне, лютасць стыхій’, стараж.-рус. трусъ ‘трапятанне, дрыжанне, страх’, ‘трасенне’, серб. тру̂с, харв. trûs ‘землятрус’, балг. (земе)тръ́с ‘тс’, ст.-слав. трѫсъ ‘тс’, ‘хваляванне, бура’. Да прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ < *tręsti ‘трэсці’ ў выніку мены насавога ǫ на ўсх.-слав. у, гл. тру́сіцца, тру́сіць, трэсці. У сувязі з тым, што лексема *trǫsъ мела некалькі значэнняў, у сучасных славянскіх мовах у значэнні ‘ваганне зямлі’ стаў ужывацца навуковы тэрмін: польск. trzęsienie ziemi, чэш. zemětřesení, рус. землетрясение, балг. земетресене і земетръ́с, макед. земјотрес, серб. зе̏мљотрес, параўн. паэтычнае землятру́с (У. Караткевіч).

Трус3 (trus) ‘ператрус, вобыск’ (Пятк. 3), тру́ска ‘тс’ (Клім.). Да. трусіць1 ‘шукаць’, гл.

Трус4 ‘від бегу каня, трух, трушок’ (Бяльк.), сюды ж тру́сом (бегчы) ‘тс’ (Стан., Бяльк.), труском, трускаля́ ‘тс’ (чач., ЖНС), трусі́ць ‘бегчы трушком’ (ТСБМ), рус. смал. трусь ‘ціхі трух, трушок’, балг. тръ́с ‘тс’. Узыходзіць да прасл. *trǫsъ < *trǫsiti ‘трэсці’, параўн. таксама трух, трушок, гл.

Трус5 ‘смецце, ламачча, жарства, друзачкі’ (Нас., Некр. і Байк.); сюды ж, відаць, тру́сак ‘смецце, чарапкі’ (Нас.), тру́сок ‘сухія галінкі, трэскі’ (Федар. 1), тру́ска ‘парушына, трэсачка’ (Нас., Юрч. Вытв., ТС), трусо́чык ‘дробнае вецце, сухое галлё’ (Бяльк.), труса́ ‘пілавінне’ (ст.-дар., Жыв. НС), трусочка ‘ламачча, буралом’ (Нар. Гом.), тру́сачка ‘парушынка; трэсачка’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.), ‘дробка, каліва’ (Нас.), тру́снік ‘друз, трэскі’, ‘дробнае ламачча’ (ТС), ‘трэскі’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. тру́со́к ‘дробнае ламачча, сухія трэскі’, ‘дробна парубанае галлё’, рус. трус ‘тс’. Дэвербатыў ад трусіць2 ‘смяціць, церушыць, растрасаць’ (гл.), аднак некаторыя вытворныя дэманструюць сувязь з труск (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адбі́ць, адаб’ю, адаб’еш, адаб’е; адаб’ём, адаб’яце; зак., каго-што.

1. Ударамі адкалоць, адшчапіць, адарваць, адкрышыць (частку цэлага або што‑н. прымацаванае). [Крамарэвіч] падняў камень, адбіў прабой і адчыніў сенцы. Чорны. Камандзіру разведкі, Адаму Бухаўцу, разрыўною куляй адбіла ў запясці правуюруку. Брыль. // Адкрыць, адчыніць што‑н. забітае. Адбіць дзверы, дошку.

2. Сустрэчным ударам адкінуць. Праходзіла мінута за мінутай, а мне ўсё не ўдавалася адбіць яшчэ ніводнага мяча. Карпюк. // Паспяхова абараняючыся, прымусіць адступіць; аказваючы моцнае супраціўленне, спыніць (напад, атаку і пад.). Праз некалькі хвілін Арсен быў ужо ў артылерыстаў, перад якімі стаяла задача адбіць наступленне варожых танкаў. Кавалёў. Сталі радзіцца [звяры], Як быць, Як напад ваўка адбіць. Калачынскі. // перан. Адказваючы на абвінавачанні, прыдзіркі і пад., абвергнуць іх. Бальшавікі адбілі ўсе атакі праціўнікаў, якія спрабавалі раззброіць расійскі пралетарыят. «Звязда».

3. Сілаю, з боем адабраць каго‑, што‑н., вярнуць захопленае. Натоўп кінуўся на паліцэйскі ўчастак і з поспехам адбіў арыштаваных таварышаў. Гарэцкі. Мы раніцой адбілі гэту вёску. Панчанка.

4. Разм. Прывабіць, прыцягнуць да сябе, выклікаць любоў да сябе, прымусіўшы аддаліцца ад другога. [Жлукта:] Гэты палкі юнак хоча адбіць у мяне маю жонку. Крапіва. // Аддаліць, адхіліць каго‑, што‑н. ад чаго‑н. або каго‑н. Адбіць пакупнікоў.

5. Прымусіць баяцца што‑н. рабіць, знішчыць, адабраць (ахвоту, жаданне, памяць і пад.). [Прыстром] хацеў давесці Дзерашу больш яскрава беззаганнасць сваёй тэорыі, сваіх думак, раз назаўсёды адбіць у таго ахвоту спрачацца. Шынклер. Можа гора і ўтрапенне апошніх дзён адбілі ў .. [Аўдоцці] памяць, замутнілі розум? Мележ.

6. Адкінуць у адваротным кірунку (прамені, гук і пад.).

7. Адлюстраваць што‑н. на сваёй гладкай, бліскучай паверхні. І раніцай дарога, добра ўмытая, Пасерабрылася, у асфальце чыстым Адбіла сонца з яснымі блакітамі, Паркан гародчыкаў і лес расісты. Калачынскі. Алеся, бедная Алеся, Краса наднёманскіх дзяўчат! Ты сінь азёрнага Палесся Адбіла ў сонечных вачах. Трус. // Адлюстраваць у вобразах, паняццях; выказаць.

8. Выявіць, даць вонкавае праяўленне (пачуццям, стану і пад.).

9. Выстукаць рытмічнымі ўдарамі. Другі [хлопец], у сіняй кашулі з вышытым каўняром, сарваўся б з месца, адбіў бы чачотку. Васілёнак. // Адзначыць ударамі, звонам. Гадзіннік адбіў дванаццаць. // Перадаць па тэлеграфе. [Маргарыта:] — Яе думала, што.. [Барыс] не дабярэ часу пісьма людскага напісаць. Адну тэлеграму адбіў: не турбуйся, цалую. Скрыган.

10. Ударам (ударамі) пашкодзіць што‑н., зрабіць балючым. Яшчэ і дагэтуль усе ў вёсцы памяталі, як.. [Грамабой] адбіў печані Сідараваму хлапцу, калі той незнарок упусціў карову ў Грамабоеву віку. Крапіва.

11. Завастрыць лязо касы, б’ючы малатком.

12. Аддзяліць, перагарадзіўшы. Гэтаму сталу ўжо і месца падрыхтавалі: высокай фанернай фарбаванай шырмай адбілі кавалак пакоя з акном і дзвярыма проста ў калідор. Чорны. // Абмераўшы, выдзеліць участак чаго‑н. Усім хацелася на свае вочы бачыць, што робіцца, дзе каму які ўчастак адаб’юць. Галавач.

13. Правесці лінію ударам вяроўкі або шнура. // Паставіць кляймо.

14. Пабіць (расліны, пасевы). Град адбіў жыта.

•••

Глузды адбіць — пабоямі пашкодзіць разумовую дзейнасць каго‑н.

Ногі адбіць (збіць, набіць) — моцна натаміць ногі, доўга ходзячы. Дзед Тодар здрыгануўся, ступіў да стала: — Нічога не прыдумаеш. Вілія і пад лёдам шалёная... Ногі мы адбілі, цэлыя суткі не прысеўшы. Пташнікаў.

Адбіць паклон — пакланіцца. [Бабка] закончыла нарэшце сваю малітву і адбіла апошні паклон. Каліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

воўк (род. во́ўка и ваўка́) м., прям., перен. волк;

марскі́ в. — морско́й волк;

в. у аве́чай шку́ры — волк в ове́чьей шку́ре;

во́ўкам завы́ць (выць) — во́лком завы́ть (выть);

во́ўкам глядзе́ць — во́лком смотре́ть;

хоць ваўко́ў ганя́й — соба́чий хо́лод;

хоць во́ўкам вый — хоть во́лком вой;

пусці́ць во́ўка ў аўча́рню — пусти́ть во́лка в овча́рню;

в. у ле́се здох — что́-то невероя́тное;

стары́ в. — тра́вленый (ста́рый) волк;

пашкадава́ў в. кабы́лу, пакі́нуў хвост ды гры́вупогов. пожале́л волк кобы́лу, оста́вил хвост да гри́ву;

в. і лі́чанае бярэ́посл. волк и счи́танное берёт;

валачы́ў в. — павалаклі́ і во́ўкапосл. таска́л волк — потащи́ли и во́лка;

на во́ўка памо́ўка, а мядзве́дзь цішко́мпосл. то́лки о во́лке, а медве́дь тихо́нько;

пра во́ўка памо́ўка, а в. і тутпосл. лёгок на поми́не;

з ваўка́мі жыць — по-во́ўчы выцьпосл. с волка́ми жить — по-во́лчьи выть;

хоць в. траву́ ешпогов. хоть трава́ не расти́;

ваўко́ў бая́цца — у лес не хадзі́цьпосл. волко́в боя́ться — в лес не ходи́ть;

адалью́цца во́ўку аве́чыя слёзкіпосл. отолью́тся во́лку ове́чьи слёзки;

як во́ўка не кармі́, а ён усё ў лес глядзі́цьпосл. как во́лка не корми́, а он всё в лес смо́трит;

дай бо́жа на́шаму цяля́ці во́ўка спайма́ціпосл. дай бо́же на́шему теля́ти во́лка пойма́ти;

во́ўка но́гі ко́рмяцьпосл. во́лка но́ги ко́рмят

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)