уля́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Абляпацца чым‑н., вымазацца чым‑н. Уляпацца глінай.

2. Трапіць у бяду, непрыемную справу. [Фіма:] — Будзем прадаваць пралескі.. Ніхто з дэлегатаў сходу не ведае, дзе будзе збор. Такому чалавеку кажы: «Налева, да канца квартала». Бора там да трэцяга пашле, а трэці — да чацвёртага... Глядзі, не ўляпайся!.. Баранавых.

3. Закахацца ў каго‑н. [Васіль:] — Зоська, бач, так уляпалася ў Рыгора, што ані рады; вунь лісты ад яго мае, ды што... Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., што.

1. Крыху, не да канца падраць. Святланка першая працягнула свой білет кантралёрцы. Тая крыху надарвала білет. Васілёнак.

2. Пашкодзіць ад якіх‑н. празмерных намаганняў, напружання. Надарваць здароўе. □ Радзівоніха выплакала ўсе слёзы І голас надарвала. Жычка. // Змучыць фізічна або маральна. — Нашто ж было класці такі воз! — заўважыў Косцік. — Гэта ж можна надарваць каня. Баранавых.

•••

Надарваць (парваць, надарваць) жывот (жываты) — вельмі моцна і доўга пасмяяцца.

Надарваць сэрца — выклікаць душэўныя пакуты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

баламу́ціць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; незак., каго-што.

Разм.

1. Сеяць неспакой сярод каго‑н., уносіць разлад, неразбярыху. — Ты [Якім] зноў усіх баламуціш! — ускіпеў з яшчэ большай ярасцю Рыгорка. Дуброўскі. [Сцяпан:] — Я дык што? Я — нічога. Хведар усё. Ён людзей баламуціць. Асіпенка. // Бударажыць, хваляваць. Загараліся і беглі па жылках маладыя іскры. Будзілі, баламуцілі, падбівалі стары імпэт. Баранавых.

2. Зачароўваць, спакушаць. Чорт бы вас пабраў, дзяўчаты: баламуціце вы нашага брата і годзе! Колас.

•••

Баламуціць светам — выклікаць якімі‑н. несправядлівымі дзеяннямі непакой, нездавальненне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рытм, ‑у, м.

Раўнамернае чаргаванне якіх‑н. элементаў (гукавых, рухальных і пад.), уласцівае дзеянню, цячэнню, развіццю чаго‑н. Я разумею гэту песню. Я адчуваю яе мелодыю. Я ўхапіў яе рытм. Дзяргай. Жандар падышоў да Рытвінскага размерным крокам, чотка адбіваючы рытм на цэментавай падлозе. Баранавых. // Пра размераны, наладжаны якім‑н. чынам ход чаго‑н. Мінула колькі дзён, і Наташа сама не заўважыла, як аказалася ўцягнутай у гэты напружаны высокі рытм жыцця на будаўніцтве. Краўчанка. Праца ішла сваім будзённым рытмам. Кавалёў.

[Грэч. rhythmós — суразмернасць, стройнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сашчамі́ць, ‑шчамлю, ‑шчэміш, ‑шчэміць; зак., што.

Разм.

1. Шчыльна злучыць, самкнуць (зубы, пальцы і пад.). Цяпер.. [Мікола] калаціўся, як асінавы ліст, і мусіў сашчаміць зубы, каб не ляскалі. Колас. Сашчаміла [Марыся] пальцы, муха была ў жмені. Баранавых. Кася заплакала. Потым яна сашчаміла рот, зірнула на маці і пайшла, стукнуўшы дзвярыма. Карпюк.

2. перан. Выклікаць адчуванне душэўнай прыгнечанасці, болю і пад. Ламко прыгледзеўся да Замасточча, і нейкая туга сашчаміла яго сэрца. Шахавец. Нейкі жаль агарнуў яго [Салаўя] сэрца, сашчаміў яго. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уху́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Адзець у што‑н. цёплае, загарнуць, абгарнуць з усіх бакоў. І слова не змагла выгаварыць Зося.. Ухутала дзіця і выйшла з пакоя. Крапіва. Надзя адчула холад, ухутала ногі сенам і посцілкай, якая ляжала ў перадку саней. Бураўкін. Паслухмяная машына бегла роўна, весела звінеў матор, тугі паток стрэчнага паветра страляў брызентам, якім грузчыкі старанна ўхуталі тры такарныя станкі. Б. Стральцоў. / у перан. ужыв. Пільнавалі хмары некага, каб ухутаць яго сваёй мультановаю посцілкаю. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Употай прыслухоўваючыся, пачуць што‑н. (сказанае другім, для другіх). [Буднік:] — Дужа часта соваў.. [Мікіта] не ў сваю справу нос, любіў падслухаць, дзе хто што гаворыць, паглядаў, хто куды пайшоў. Галавач. / у вобразным ужыванні. Цёмныя ночы тояць нейкі ўрачысты спакой, і неба ніжай нахіляецца да зямлі, каб падслухаць яе адвечную скаргу. Колас. // перан. Улавіць, зразумець чые‑н. пачуцці, думкі і пад. Фурсу здалося, што Вронісь падслухаў яго думкі. Баранавых. Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы, Хочацца пушчу падслухаць. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падтачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

1. Натачыць злёгку, крыху або дадаткова. Падтачыць нож. Падтачыць сякеру.

2. Пашкодзіць, раз’ядаючы знутры, знізу (пра чарвей і пад.). [Ляксандра:] — Шашаль падтачыў падрубы. Баранавых.

3. перан. Аслабіць, падарваць (сілы, здароўе і пад.). З выгляду [Люся] была змізарнелая, бляклая — як бы цяжкая хвароба падтачыла яе і яна толькі-толькі стала на ногі. Навуменка.

•••

Камар носа не падточыць гл. камар.

падтачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

Далучыць для падаўжэння, павелічэння чаго‑н. [Янка:] — Я гэта адсяку канец вяроўкі, знізу падтачу ды спускаюся далей. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазаклада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Закласці, змясціць куды‑н. усё, многае. Пазакладаць бялізну ў пральную машыну. // Пра часткі цела. Ахрэм, як і Даніла, пазакладаў рукі ў рукавы свайго кажуха. Баранавых.

2. Адзначыць закладкай патрэбныя старонкі ў кнізе.

3. Закласці чым‑н. усю паверхню прадмета. Пазакладаць сталы кнігамі.

4. Закрыць, загарадзіць чым‑н. усё, многае. Пазакладаць вокны мяшкамі з пяском.

5. Пакласці аснову, пачаць будаўніцтва чаго‑н. Пазакладаць фундамент дамоў.

6. безас. Разм. Пра хваравітае адчуванне ў многіх месцах. — Хлопец, табе што, вушы пазакладала?.. П. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыўда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Разм.

1. Пачаць рабіць што‑н. вельмі энергічна, інтэнсіўна. Стопчам [лапаць] — дык атопкам Пыл уздымем хмарай, На ўсю вёску ёмка Свіснем ды прыўдарым! Танк. // Стаць мацнейшым (пра дождж, мароз і пад.). За ноч намяло гурбы снегу. Прыўдарыла, сілу сваю разамкнула сіверная зіма. Баранавых. А дождж, як на тое ліха, прыўдарыў мацней. Хомчанка.

2. за кім. Пачаць заляцацца (да жанчыны). — У такую, як Наталля Максімаўна, нельга не закахацца. Прызнаюся.., што, каб ты не апярздзіў мяне, прыўдарыў бы я за ёю... Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)