Бары́ш ’магарыч; прыбытак’ (Касп., Шат., Нас., Выг. дыс., Бір. Дзярж., Федар., 4, Інстр. III, барышы́ — Гарэц.). Ст.-бел. барыш (з XVI ст., Гіст. лекс., 139; Булыка, Запазыч.). Рус. бары́ш, укр. бари́ш. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. тур., крым.-тат. baryš ’мір, прымірэнне’. Бернекер, 45; Праабражэнскі, 1, 18; Фасмер, 1, 129). Ёсць і іншая версія: запазычанне іменна з тат. мовы, гл. Шанскі, 1, Б, 50, там і літ-ра). Няяснае ўтварэнне бары́шнае ’агародніна’ (Касп.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́йка 1 ’будан на барцы’ (паўн.-усх., КЭС). Паходзіць з лат. māja ’дом’. Запазычана плытагонамі Зах. Дзвіны.
Ма́йка 2 ’маёмасць’ (драг., З нар. сл.) утворана ад таго ж кораня, што і ўкр. майно ’маёмасць’ пры дапамозе суф. ‑к‑а (як жы́тка ’жыццё’).
Ма́йка 3 ’трыкатажная сарочка без рукавоў і каўняра’ (ТСБМ). Утварэнне з суф. ‑к‑a ад фр. maillot ’трыко акрабата, танцоўшчыка’ < фр. mailler ’рабіць петлі, вязаць’ (Цыганенка, 253). Запазычана з рус. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Маладча́к 1 ’малачай-сонцагляд, Euphorbia helioscopia L.’ (Мат. Гом.), малатча́к ’тс’ (гом., Кіс.), малайчак ’тс’ (Мат. Гом.). З укр. мовы, параўн. молоча́к ’малачай востры, Euphorbia esula L.’ Паяўленне ‑д‑ або ‑й‑ перад ‑чак абумоўлена распадабненнем ‑чч‑ > ‑тч‑ > ‑дч‑ (пры ад’ідэацыі малады́, малайчы́на). Падвойнае ‑чч‑ з ‑чjак: украінскі гук [ч] больш мяккі, чым беларускі. Гл. таксама малачня́к, малачча́к.
*Маладча́к 2, малатча́к, малача́к, малачча́й ’малако ў рыб’ (Мат. Гом.). Да малако. Аб узнікненні ‑дч‑ гл. папярэдняе слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Малі́тва ’маленне’, ’тэкст, які чытаюць веруючыя, звяртаючыся да бога ці святых’ (ТСБМ, Яруш.). Укр., рус. молитва, польск., н.- і в.-луж. modlitwa, чэш., славац. modlitva, славен. molítva, molȋtev, molȋdva, molȋdev, серб.-харв. мо̀литва, молатав, макед., балг. молитва. Прасл. modlitva ’звяртанне, просьба да бога, абяцанне’. Да малі́цца. Сюды ж малі́твеннік ’кніга з малітвамі’, якое, відаць, з ц.-слав. мовы, бел. малітоўнік ’тс’, малі́тваваць ’уводзіць маці пасля родаў у царкву з малітвай’ (Нас.), малі́цьвіць ’маліць, упрошваць’ (Бяльк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мандалі́на ’музычны шчыпковы інструмент з чатырма парамі струн’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 84), запазычана з рус. мовы, якое з ням. Mandoline ці франц. mandoline < італ. mandolina. Апошняе з’яўляецца дэмінутывам да mandola ’мандаліна-альт’ (Фасмер, 2, 568) < ст.-італ. mandora < лац. pandūra ’трохструнны музычны інструмент’ (Голуб-Ліер, 301). Варш. сл. (2, 871) польск. mandolina (з якога магло быць запазычана і бел. слова) выводзіць з mando(r)la ’міндаль’ — паводле падабенства да яго быў названы музычны інструмент.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́чта, машта ’слуп ці збудаванне на суднах для мацавання ветразей, назірання, сігналізацыі; вежа для мацавання правадоў, антэн’ (ТСБМ; Бяльк.). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), запазычана з рус. мовы, у якой праз польск. мову прыйшло з гал. або н.-ням. mast ’тс’ < лац. mālus < *mazdos ’мачтавае дрэва’ (Фасмер, 2, 586; Васэрцыер, 148; Вальдэ, 363). Аднак яшчэ ст.-бел. маштъ (1500 г.), якое са ст.-польск. maszt < с.-в.-ням. mast (Машынскі, Geogr., 65; Булыка, Лекс. запазыч., 120).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нагада́ць ’напомніць, прыпомніць, успомніць’ (ТСБМ). Хутчэй за ўсё запазычана на раннім этапе фарміравання літаратурнай мовы з укр. нагада́ти ’тс’, што ўжываецца і ў народнай мове, паколькі ўплыў суседніх больш развітых літаратурных моў на беларускую ў пэўныя перыяды яе развіцця быў зусім натуральным. Няма падстаў прыпісваць названаму слову «эмігранцкае» паходжанне, як гэта робіць Жураўскі (Беларуская мова і літаратура ў школе, 1988, 2, 14), супрацьпастаўляючы яго народна-дыялектнаму нагада́ць ’задумаць’ (Сл. ПЗБ). Гл. гадаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ку́бак ’невялікая пасудзіна для піцця’ (ТСБМ, Касп., Шат., Сцяц. Нар., Сержп. Грам., Сцяшк., Дразд., КЭС, лаг., Бяльк., Р. В., З нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Укр. кубок, рус. кубок ’тс’, польск. kubek, н.-луж. kubk ’тс’ да куб (гл.). Рэканструкцыя kǫbъ дазваляе думаць аб запазычанні польск. kubek з беларускай або ўкраінскай мовы. Увогуле надзвычай слабая зафіксаванасць гэтай лексемы выклікае сумненні ў яе спрадвечным характары, хаця эвентуальная крыніца запазычання не знойдзена (параўн. Слаўскі, 3, 295).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Курапа́тка ’дзікая птушка атрада курыных’ (ТСБМ). Укр. куропатка, куропатва, рус. куропатка, куропатва ’тс’, польск. kuropatwa, чэш. koroptev, славац. kuroptwa, в.-луж. kurotwa ’тс’. Паўднёваславянскія мовы паралелей да гэтага слова не ведаюць Рэканструкцыя дае прасл. kuro‑pъty. Першая частка гэтага складанага слова ўзыходзіць да kurъ, kura (гл. кур, кура), другая — да агульнай назвы птушак pъta (гл. птушка). Такім чынам, першаснае значэнне ’птушка, падобная да курыцы’. Падрабязна з улікам апошняй літаратуры гл. Слаўскі, 3, 407–409.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Драпе́жны ’драпежны’ (БРС, Нас., Касп., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. drapieżny ’тс’ (запазычанне ўжо ў ст.-бел. мове, гл. Булыка, Запазыч., 101). З польск. мовы ўзяты і шматлікія вытворныя: драпе́жыць, драпе́жства (Нас.), драпе́жнік, драпе́жніцкі, драпе́жніцтва (БРС); яны вядомы і ў ст.-бел. мове (Булыка, там жа). Насуперак Трубачову (Эт. сл., 5, 102) ст.-рус. драпежити з’яўляецца звычайным паланізмам. Здаецца, Слаўскі (1, 161) лічыць бел. драпе́жны, драпе́жыць роднаснымі з польск. лексемамі, што вельмі няпэўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)