спад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. спадаць — спасці (у 2, 3 знач.); паніжэнне ўзроўню, сілы, аб’ёму і пад. чаго‑н. Пераважная большасць апавяданняў Коласа напісана ў гады спаду рэвалюцыйнай хвалі. Навуменка. Так, усё ў жыцці мае ўздым і спад, пачатак і канец. Мележ. Жанчыны падхапілі песню .. з узлётамі і спадамі да шэпту. Грахоўскі.

2. Пакаты схіл, спуск з гары, абрыў. Вось і бераг... Жоўты спад і круча. Прад вач[амі] — імклівыя стрыжы. Кірэенка. // Месца, дзе пачынаецца схіл. Толькі ж вельмі пятляе Выстранка, нібы мітусіцца, у хваляванні шукаючы спаду. Брыль.

•••

На спад (ісці, пайсці, хіліцца і пад.) — змяншацца (па сіле, колькасці і пад.).

На спадзе чаго — на схіле, у канцы. Сяргей любіў гэтыя пагодныя, на спадзе лета, дні. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спа́йка, ‑і, ДМ спайцы; Р мн. спаек; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спайваць — спаяць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. спайвацца — спаяцца. Вось Федзя ўжо ў музычнай школе, Развучвае дыезы ды бемолі, Хаця жадання ў хлопчыка няма. Ён у кішэнях носіць гайкі І марыць аб майстэрстве спайкі, Але дарма. Корбан.

2. Месца спайвання, злучэння частак чаго‑н. Мы саставілі замкнуты ланцуг розных металічных дратоў, і адну спайку награвалі, а другую ахалоджвалі. «Беларусь».

3. перан. Яднанне, калектывізм, цесная сувязь. Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. Разумее настаўнік, што сялянам бракуе грамадскае арганізацыі, спайкі. Навуменка.

4. Від злучэння розных органаў і тканак, а таксама месца гэтага злучэння. Спайка паўшар’яў галаўнога мозга. // Паталагічнае злучэнне тканак у выніку запаленчага працэсу. Утварэнне спаек у страўніку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

станда́рт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Прынятыя за аснову ўзор, мадэль, эталон, якім павінна адпавядаць што‑н. сваім намерам, формай, якасцю і пад. Дзяржаўны стандарт. // Ідэальны, узорны экземпляр. Бялявая галава была пастрыжана «пад бокс» і прылізана на прабор, вочы — светла-блакітныя, па стандарту арыйскай расы. Брыль. // Аднастайная, тыпавая форма арганізацыі, ажыццяўлення чаго‑н. Выпрацаваны стандарт выпрабавання металу.

2. Нарматыўна-тэхнічны дакумент, якім вызначаюцца адзінкі велічынь, тэрміны і іх азначэнні, патрабаванні да прадукцыі, вытворчых працэсаў і г. д. Стандарты на харчовыя прадукты.

3. перан. Тое, што не мае ў сабе нічога арыгінальнага, своеасаблівага; шаблон, трафарэт. Узнік сцэнічны стандарт «жалезабетоннага камісара», у якім вельмі мала было агульначалавечага. «Маладосць».

•••

Залаты стандарт — форма арганізацыі капіталістычнага грашовага абароту, пры якой існаваў размен банкнотаў на залатыя манеты, залатыя зліткі ці на замежную валюту.

[Англ. standard.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стая́к, ‑а, м.

1. Вертыкальны брус, слуп і пад. у якім‑н. збудаванні, прыстасаванне якія служаць для апоры або злучэння чаго‑н. Цяпер і клічкі .. [коням] далі, і шыльдачкі пры кожным стаяку прыбілі. Брыль. З той самай ночы, калі не вярнуўся Сяргей, Ліпа амаль кожны дзень выходзіла да парапета. Там была ўтульная лава з чыгуннымі стаякамі. Хомчанка. // Вертыкальная труба збудаванняў. Работнікі сантэхмантажу абавязаны ў новых дамах .. паклапаціцца, каб стаякі і радыятары ў дастатковай ступені награваліся. «Звязда». // Комін ад столі да страхі.

2. Абл. Галандская печ. Вялікую печ, што займала калісьці амаль чвэрць хаты, замяніў стаяк. Пальчэўскі. Ралан .. загадаў Станіку і Чэсю прынесці дроў з павеці і распаліць стаяк. Грамовіч.

3. у знач. прысл. стаяко́м. Разм. У вертыкальным становішчы. Паставіць бервяно стаяком.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стогн, ‑у, м.

1. Жаласны енк, выкліканы болем або вялікім горам; выражэнне пакуты, адчаю. [Гжэцкі] не пачуў майго стогну, калі паласавалі і калечылі цела, бо нават стогн быў бы таксама яго перамогай. Скрыган. Боты настойліва, глуха таўклі, не могучы дастаць з .. [Віці] нічога больш, апроч нейкага стогну. Брыль. Гарпіна павяла Ніну ў другі пакой і там пачала аперацыю. Адтуль чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач. // перан. Працяглы гук, шум, гул і пад. Раптам грымнула, нібы стрэл гарматы — «ггу-уухх», і цяжкім стогнам аддалося ва ўсіх канцах лесу. Дуброўскі. З-пад снежнага куродыму ўзняўся працяглы стогн паваленага дрэва-асілка. Бядуля.

2. перан. Скарга, нараканне. Перад кім, ой, кім Расчыню душу? Стогн бяды, нуды У думках заглушу? Купала. З кожных вуснаў людскіх Хоча вырвацца крык, Стогн збалелай душы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцёк, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцякаць — сцячы; цячэнне вады па нахіленай плоскасці. — У гэтым і ўся сутнасць, — сцвердзіў Пажытны. — Хоць траншэя тут асабліва, глыбокая, але затое дадзім вадзе сцёк. Сапрыка.

2. Спец. Колькасць вады, што сцякае ў раку, возера, акіян за пэўны перыяд. Нават прэснай вады на Зямлі больш чым даволі — з агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк планеты можна яе выдаць кожнаму чалавеку па дзесяць тысяч кубаметраў. «Полымя».

3. Рышток, рына, раўчук і пад., па якіх сцякае вада. Пад лямант, што чуўся з пральні, ён ужо быў дабраўся да памыйнага сцёку сярод двара, калі яму сустрэлася другая прыкрасць. Брыль.

4. Уст. і спец. Маса вадкасці, якая сцякае адкуль‑н.; паток. Забруджванне ракі сцёкамі з прамысловых прадпрыемстваў забараняецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядло́, а́; мн. сёдлы (з ліч. 2, 3, 4 сядлы́), ‑аў; н.

1. Сядзенне для конніка, якое мацуецца на спіне каня, асла і пад. Сядло на кані пабялела ад снегу: коннік гадзіны тры не сядзеў на ім. Мележ. Набыць адразу так шмат сёдлаў і адпаведных коней было даволі нялёгка. Брыль. Ваяка меў цудоўнага каня. На тым кані ён вецер абганяў. Сядло ўсё пазалочана на ім, вуздэчка ўся ў зіхценні залатым. Дубоўка. // Скураное сядзенне матацыкла, веласіпеда. Рэзка тузануўшы нагою рычаг, Казімір завёў матацыкл, сеў на сядло. Краўчанка.

2. Назва розных дэталей для апоры, насадкі чаго‑н. Сядло клапана.

3. Прадаўгаватая ўпадзіна між дзвюма вышынямі ў горным хрыбце. Сядло Эльбруса.

•••

Выбіць з сядла гл. выбіць.

Як свінні сядло (падыходзіць) — зусім не пасуе (не падыходзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тармазі́ць, ‑мажу, ‑мозіш, ‑мозіць; незак., што.

1. і без дап. Запавольваць, спыняць рух чаго‑н. (звычайна пры дапамозе тормаза). За колькі гоняў ад мястэчка .. [Каленік] пачынае тармазіць, потым і зусім спыняе машыну. Лупсякоў. Васіль, шуруючы топку, раптам спалохана ўскрыквае: — Стоп! Тармазі! Андрэй спыняе паравоз. Васілёнак. // без дап. Спыняцца або сцішаць свой ход (пра транспартныя машыны). Аўтобус рэзка тармозіць.

2. Сцішаць, стрымліваць рух чаго‑н. Фурманкі з параненымі .. тармазілі рух атрада. Брыль. [Багуцкі:] — Я ад імя ўсіх нас вялікую клятву даў у Маскве: .. тармазіць немцу ход на чыгунцы, збіваць з яе ўсімі сродкамі. Лынькоў. // перан. Затрымліваць развіццё чаго‑н., перашкаджаць развіццю чаго‑н., быць перашкодай. [Сцяпан Ягоравіч] званіў субпадрадчыку, які не закончваў даручаных яму работ і тармазіў здачу ў эксплуатацыю гатовага аб’екта. Корбан.

3. Спец. Выклікаць тармажэнне (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэлегра́фны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэлеграфа; прызначаны для тэлеграфа. Па правай руцэ ўздымалася высокая града гасцінца, па левай час ад часу блізка гулі тэлеграфныя слупы. Брыль. На стале аператыўнага дзяжурнага цікаў самалёты гадзіннік, а з суседняга пакоя ўрываўся нервовы, з частымі перапынкамі, стук тэлеграфнага ключа. Алешка. Новікаву часта даводзілася адносіць Леніну па кватэру тэлеграфныя стужкі парагавораў. Мяжэвіч. // Які займаецца перадачай паведамленняў на тэлеграфе. Тэлеграфная служба.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлеграфа; перададзены па талеграфе. Аднойчы на вялікай глыбіні акіяна адбылася аварыя — пашкоджанне кабеля тэлеграфнай сувязі. Матрунёнак. Гэта дні, калі .. [Рыгорка], па асабістаму тэлеграфнаму распараджэнню начальніка метэаралагічнай станцыі інжынера Пятра Захаравіча Лося, зусім самастойна выконваў важную навуковую работу. Краўчанка.

3. перан. Вельмі сціслы, падобны па паведамленне, перададзенае па тэлеграфе. Тэлеграфны стыль пісьма.

•••

Тэлеграфнае агенцтва гл. агенцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угамані́цца, ‑манюся, ‑монішся, ‑моніцца; зак.

Разм. Супакоіцца, уціхнуць. Позна вечарам астрог угаманіўся. Колас. Уночы ля высокага зыркага цяпла паляўнічыя доўга не маглі ўгаманіцца. Кірэенка. — Яна ж на сем гадоў за яго старэйшая. Дзе былі яго [Міколы] вочы? — не магла ўгаманіцца Абрамчыха. Прокша. / Пра птушак, жывёл. На Рымаравай ліпе раптам прачнуліся буслы, заляскалі дзюбамі і доўга не маглі ўгаманіцца. Лобан. // Стаць больш спакойным, ураўнаважаным. Угаманіцца з гадамі. □ [Віхура:] І калі вы ўжо ўгамоніцеся? Гора мне з вамі. Гурскі. / Пра думкі, пачуцці і пад. А думкі, як растрывожаны рой, ніяк не хочуць угаманіцца... Брыль. // Слабеючы, спыніцца. Мяцеліца к вечару ўгаманілася, перастаў ісці снег. Сіняўскі. Уразіў Адама і паўдзённы спакой ракі, такі па-летняму роўны, нібы рака спынілася, заснула... Толькі ў лукавінах ніяк не ўгамоніцца. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)