заці́шак, ‑шку, м.

1. Ціхае, затуленае ад ветру месца. Яблыні згіналі кучаравыя галіны пад платамі і стваралі заценены зацішак. Пестрак. Дзед з унукам стаіліся ў зацішку, каля прыбудоўкі. Даніленка. // перан. Ціхае, спакойнае, адасобленае месца. Са шпіталя [Аляксея] хацелі паслаць у тыл. — Каго, мяне? Як жа я буду сядзець недзе ў зацішку, калі мае таварышы ваююць? Мележ. Мы й самі жывём не ў зацішку — Вялікія змены і ў нас. Звонак.

2. Тое, што і зацішша (у 1 знач.). — Глядзі на мора. Шторм блізіцца. Такі зацішак звычайна перад штормам. Карамазаў. Перайшлі мы палі, Абышлі гарады, Разам зналі баі і хвіліны зацішку. Броўка. Звычайна ж зацішкі цягнуцца нядоўга, а тым болей зацішак у жывым людскім жыцці. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здушы́ць, здушу, здушыш, здушыць; зак., каго-што.

1. Абхапіўшы, з сілаю сціснуць. І не паспеў Сяргей зрабіць і аднаго руху, як на яго ззаду навалілася нейчае, як дуб, крэпкае цела, і жалезныя рукі, як абцугі, здушылі плечы. Колас. // Акружыўшы, абступіўшы з усіх бакоў, заціснуць. Здушылі ў натоўпе. □ Усё цела ў [Шуры] ныла. Мусіць, ад таго, што каля варот моцна здушылі. Арабей. // перан. Пазбавіць свабоды; заняволіць. О вы, што век цэлы адзеты і сыты, .. Вы рады б і песню здушыць, апляваць. Купала.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуць (горла, грудзі), перашкодзіўшы дыханню. Спазмы здушылі Вялічкава горла. Чорны. // перан. Выклікаць пачуццё прыгнечанасці, душэўнага болю (у грудзях, сэрцы). Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адча́й, ‑ю, м.

1. Стан крайняй безнадзейнасці, упадку духу з прычыны гора, непрыемнасці; роспач. «Што рабіць, што рабіць?» — у адчаі шаптала .. [Антаніна] і кінулася ў канюшню, што стаяла поруч, да Лявона. Васілевіч. Ах, як.. [Жэні] цяжка было сказаць апошнія словы! Яна вымавіла іх з горыччу і нават з адчаем. Мележ. Фінал .. большасці навел Мапасана — беспрасветны адчай. Галавач.

2. Рашучасць, адвага, вялікая рызыка, безразважная храбрасць. Адзін немец трымаў лескі, а другі, ускарабкаўшыся па іх пад самую страху, сцягваў з сена нейкую жанчыну. Жанчына з адчаем адбівалася. Колас. Вада ў лодцы ўсё прыбывала, і ніякая сіла ўжо не магла спыніць яе. Са злым адчаем выбіваліся з сіл Федзя і Ільюша. Каваль. Камандзір палка толькі дзівіўся адчаю і смеласці хлапцоў і Ганны. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аняме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Пра чалавека, які страціў здольнасць гаварыць. // Той, хто страціў на некаторы час мову (ад здзіўлення, радасці і пад.).

2. Застылы ў нерухомасці пад уплывам якога‑н. пачуцця. Гэта Волечка! Але чаму яна не бяжыць подскакам .. насустрач [Няваду], а стаіць, як анямелая, і не адрывае ад яго вачэй?! Чорны. Міхалка стаяў анямелы на грэблі каля заставак. Бядуля.

3. Ціхі; пазбаўлены гукаў. І часамі ў стэпах анямелых, Калі толькі ты ды цішыня — Нечакана і незразумела Мёртвыя размовы зноў звіняць. Панчанка. Заснуў пасёлак анямелы. Колас.

4. Неадчувальны. — А я быў ужо заснуў, — сказаў Сімон і пацёр анямелую шчаку. Самуйлёнак. // Нечуллівы. [Васіль], дзіўна, ні аб чым не думаў, нічога не шкадаваў, у анямелай душы яго была важкая і жорсткая спусцеласць. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аднаста́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Аднолькавы, нязменлівы на ўсім працягу. Тут была вялікая тэрыторыя, аднастайная сваёй прыродай. Чорны. Магло здацца, што ні моладзь, якая тут сабралася, нічога больш не ўмела скакаць, ні музыка — іграць, акрамя гэтай аднастайнай полькі. Лобан. Поезд ішоў сваёй аднастайнай хадою. Пестрак.

2. Які выяўляецца ў аднолькавым гучанні; манатонны. А яшчэ запомніўся мне аднастайны і роўны шум пушчы, што стаяла ўся ў красе асенняга золата. Краўчанка. Спачатку.. [Антонік] не мог разабраць ні аднаго слова, галасы зліваліся ў аднастайны гул. Мележ.

3. Аднародны паводле складу, будовы. Глеба з аднастайнай структурай.

4. Падобны адзін на адзін; зроблены на адзін узор. Тоўстым пластом лёг на саламяных стрэхах снег і, здаецца, яшчэ ніжэй прыгінае да зямлі старасвецкія будынкі, шэрыя, нізкія, аднастайныя. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бе́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Гіст. Які, ратуючыся, тайна, самавольна збег з месца жыхарства. Беглы селянін. / у знач. наз. бе́глы, ‑ага, м.; бе́глая, ‑ай, ж. Не вельмі ўважлівы, павярхоўны. Загорскі падаў жанчыне табурэтку, яна падзякавала, села, агледзела пакой беглым позіркам. Мележ.

2. Дастаткова свабодны, які праходзіць без усякіх цяжкасцей. Беглае чытанне.

3. Які адзначае толькі асобныя рысы, асаблівасці чаго‑н.; зроблены на скорую руку. Беглы агляд. □ Пасля кароткага, але вельмі насычанага змястоўнага гістарычнага экскурсу аўтар перайшоў да мастацкай сучаснасці Савецкай Беларусі, кінуў некалькі беглых, але трапных заўваг адносна яе стану. Ліс.

4. Непастаянны, часовы. Яшчэ два гады [Сцяпан] прашлындаў, наймаючыся то ў сельпо, то ў прамкамбінат на якую беглую работу. Скрыган.

•••

Беглая галосная гл. галосны.

Беглы агонь гл. агонь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палягчэ́ць, ‑эе; зак.

1. Стаць лягчэйшым па вазе. Ісці было не цяжка: ліпавыя лапці не абцяжарвалі ног, і клункі за плячыма даўно палягчэлі. Пальчэўскі. [Антось:] — А што, калі палову ўсяго гэтага зараз з’есці? Рукзак адразу палягчэе, і я доўга есці не буду хацець. Бяганская.

2. безас. Стаць, зрабіцца лягчэй у матэрыяльных адносінах. І дзед бабульцы гаварыў, Зрабіўшы выгляд строгі: — Нам палягчэе жыць старым: Кандрат наш стаў на ногі... Смагаровіч. // Стаць лягчэй, лепш (пра паляпшэнне самаадчування, настрою і пад.). Мне не толькі не палягчэла, стала яшчэ горш: дранцвелі ногі, рукі, шчымеў увесь бок. Адамчык. Пакуль Сонцаў вёў машыну па платформе, яму здавалася, нібы ён вісіць у паветры.., таму, калі танк сеў на трывалы непадатны грунт, на душы адразу палягчэла. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Стукаць некаторы час; стукнуць некалькі разоў. З дзіцячай цікаўнасцю.. [сын] аглядаў і мацаў кожную рэч. Пакратаў шторы, пастукаў пальцамі па сцяне. Шамякін. Дзед пастукаў па цэбры драўляным малатком. Бядуля. Кветачкі пальцаў цвёрда, нібы ў лад думкам, пастукалі аб стол. Мележ. // Стукам (у дзверы, акно і пад.) даць знаць аб сваім прыходзе, просячы ўпусціць куды‑н. Вось Мікіта звярнуў направа, адчыніў брамку і нясмела пастукаў у шыбу. Скрыпка. Я мінуў перакошаныя і парысаваныя бартамі грузавых машын бетонныя слупы і пастукаў у парадныя дзверы. Карпюк. У акно моцна пастукалі. Лынькоў. // Падаць сігнал, стукнуўшы некалькі разоў; паведаміць аб чым‑н. стукам. Лёня ўжо збіраўся, як толькі яны наблізяцца да скрыжавання, пастукаць па брызенце, але яго апярэдзіў Хоміч. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каро́ль, караля, м.

1. Тытул манарха ў некаторых феадальных і буржуазных краінах. // Асоба, якая мае гэты тытул. // перан.; чаго або які. Манапаліст у якой‑н. галіне прамысловасць, буйны фінансіст. Нафтавы кароль. Кароль сталі. Біржавы кароль.

2. перан.; чаго або які. Пра таго, хто вылучаецца сярод іншых у якіх‑н. адносінах, у якой‑н. дзейнасці. — На сённяшні дзень у нашым раёне ўжо дзесяць ласёў! Я ўчора сам бачыў аднаго такога ляснога караля. Паслядовіч. Прызнаным усімі на дварэ каралём футбола быў сын інваліда Жорка Загорскі. Мележ. Дзед быў вясковым кавалём, кавальскай справы каралём. Рудкоўскі.

3. Другая па старшынству ігральная карта, на якой намалявана мужчынская фігура ў кароне. Званковы кароль. Віновы кароль.

4. Галоўная фігура ў шахматах.

•••

Кум каралю гл. кум.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ніз, ‑у; мн. нізы, ‑оў; м.

1. Ніжняя частка чаго‑н.; проціл. верх. Верх халяў быў шэры ад пылу, а ніз памок ад расы. Мележ. Ціха было ў густым бары; закрыла ніз цемната. Колас. // Разм. Ніжні паверх дома.

2. Паверхня, бок прадмета, процілеглы яго верху. Ніз вечка. // Унутраны бок (матэрыі, вопраткі); спод.

3. Нізіннае месца. Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся. Колас.

4. Ніжняе цячэнне ракі; нізоўе.

5. толькі мн. (нізы, ‑оў). Шырокія пласты працоўнага народа. Вялікі грамадзянскі і пісьменніцкі подзвіг Купалы .. у тым, што выхадзец з сацыяльных нізоў, чалавек, пазбаўлены магчымасці атрымаць сістэматычную адукацыю, змог узняцца да вяршынь класічнай мастацкай думкі. Ярош.

6. толькі мн. (нізы, ‑оў). Ніжнія ноты. Браць нізы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)