Кацу́ба ’качарга’ (Сцяшк. МГ), кацу́ба ’кій з загнутай ручкай’ (Сл. паўн.-зах.), кацюба ’качарга’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. польск. kociuba ’тс’, укр. коцюба. Слаўскі (2, 318–319) рашуча сцвярджае, што геаграфія слова указвае на запазычанне польск. лексемы з укр. мовы (< коцюба), а не наадварот (Брукнер, 242, Бернекер, 536 і інш. меркавалі, што для ўкр. слова крыніцай была польск. мова). Зыходным з’яўляецца тур. kösübe, утворанае ад асновы köse- ’шураваць у печы; у вогнішчы’. Былі таксама спробы выводзіць слова кацу́ба з еўрапейскіх моў (ням.), але беспадстаўна. Бел. кацу́ба (з такім націскам) узята, відаць, непасрэдна з польск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каша́ры (толькі ў мн. л.) ’казарма’ (ТСБМ, Шат. і інш.). Укр. дыял. коша́ра ’казарма’. Запазычанне з польск. koszary ’тс’. У польск. мове гэта слова з такім значэннем вядома з XVIII ст. Лічыцца, што ў польск. мове koszary ’казарма’ таго ж паходжання, што і польск. koszar, koszara ’загарадзь для авечак’. Значэнне ’казарма’, як думаюць, з’явілася пад уплывам іншага словаkasarnia, запазычанага таксама ў XVIII ст. з ням. Kaserne (з ад’ідэацыяіі да польскіх слоў на ‑(ar)‑nia). Параўн. Бернекер. 587; Брукнер, 260. Няясным усё ж застаецца, аднак, пытанне, чаму гэта слова ўжывалася іменна ў мн. ліку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

во́стры, ‑ая, ‑ае.

1. З завостраным канцом або краем. Востры канец палкі. □ Свежыя адбіткі вострых капытоў.. сведчылі, што гэта была не здань, а жывы, рэальны алень. В. Вольскі. // Добра навостраны. Серп востры, аж кусаецца, як спрабуе яго пішчыкам пальца Яніна. Мурашка.

2. Які звужвацца пад канец. Востры твар. Вострыя насы туфель. □ Над галавою,.. з свістам рассякаючы паветра вострымі крыламі, праляцела качка. Нікановіч.

3. перан. Які выразна і моцна адчуваецца, праяўляецца. Вострыя пачуцці. □ У Шуры да дэсантнікаў вострая цікавасць, але падступіцца да іх нельга. Навуменка. Разгубленасць саступіла месца вострай трывозе. Лынькоў.

4. перан. Добра развіты, тонкі. Востры зрок, нюх. Востры розум. // Праніклівы, пранізлівы. З-пад .. брывей.. бліснуў востры, як лязо брытвы, позірк. Лынькоў.

5. перан. Дасціпны, з’едлівы. Вострае слова. □ Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў.

6. Не прэсны, з вялікай колькасцю солі, спецый. Вострыя прыправы. Востры сыр. // Рэзкі. Востры пах. □ Лёгкі подых ветру нёс востры смалісты водар прасохлага на сонцы бярвення. Дуброўскі.

7. Які бурна развіваецца, рэзка адчуваецца (пра хваробы); не хранічны; раптоўны, моцны. Вірусны грып — вострая інфекцыйная хвароба. Востры апендыцыт. □ Нагу працяў нясцерпны, востры боль. Гамолка.

8. перан. Вельмі напружаны, крытычны. Вострая сітуацыя. Вострае становішча. □ Крапівінскія байкі прыцягвалі і прыцягваюць перш за ўсё сваім трапным словам, жывым вострым дыялогам. Казека.

•••

Востры язык гл. язык.

Востры на язык — пра чалавека, які ўмее дасціпна, колка сказаць.

Згладзіць вострыя вуглы гл. згладзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піса́ць, пішу, пішаш, піша; незак.

1. што і без дап. Перадаваць на паперы або на іншым матэрыяле якія‑н. графічныя знакі. Пісаць літары. □ З літар складаецца слова. Слова піша чалавек. Чорны. // без дап. Умець перадаваць на пісьме літары, словы і пад. [Лютынскі:] Я, пане, і сам ні чытаць, ні пісаць па-польску не ўмею. Крапіва. Ад .. брата [Наташа] навучылася чытаць і пісаць і хутка пачала рабіць гэта нават лепш, чым ён. Шамякін. // без дап. Быць прыгодным для пісання. Пяро дрэнна піша.

2. што. Складаць які‑н. пісьмовы тэкст. Рыгор паспешна кінуўся да стала і хапіўся пісаць лісты. Гартны.

3. што, аб кім-чым або з дадан. сказам. Паведамляць аб чым‑н., выказваць што‑н. у пісьмовай форме. З Петраграда Адаму пісаў брат, што там рабочыя бунтуюць. Корбан.

4. што і без дап. Складаць і запісваць літаратурны, навуковы або музычны твор. Пісаць апавяданні. Пісаць дысертацыю. Пісаць оперу. // без дап. Займацца літаратурнай дзейнасцю, быць пісьменнікам. Я баяўся, каб Барыс зусім не кінуў пісаць. Бядуля. // у што. Змяшчаць свае творы ў якім‑н. перыядычным выданні. [Пахлябіч:] — Пачні пісаць у газету, я табе нават скажу, што напісаць на першы раз. Чорны.

5. што і без дап. Ствараць творы жывапісу. Палянку мастак добра ведаў: ужо трэцюю восень прыязджаў ён сюды пісаць асенні эцюд. Даніленка.

•••

І пайшла пісаць губерня гл. губерня.

Пішы прапала — аб непазбежнасці якой‑н. страты, няўдачы і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэ́рмін 1, ‑у, ж.

1. Пэўны прамежак часу, адведзены для чаго‑н. Выпрабавальны тэрмін. Месячны тэрмін. □ Тры месяцы — тэрмін невялікі, але дастатковы для таго, каб добра пазнаць чалавека. Данілевіч. Дзесяць год! За гэты тэрмін дрэва Дзесяць раз убор зялёны зменіць, Дзесяць пакаленняў салаўіных Выкалыша на сваіх галінах, Дзесяць залатых кругоў адложыць, Як пярсцёнкак, каля сарцавіны. Танк. Пражыў месяц [Базыль] дома, а за гэты тэрмін шмат чаго змяніў у сваёй гаспадарцы. Нікановіч. // Спрыяльная пара, зручны момант для чаго‑н. Каб выканаць такія абавязацельствы, трэба вельмі многа папрацаваць і перш за ўсё не ўпусціць лепшыя тэрміны на сяўбе. «Звязда».

2. Вызначаны час, пэўная дата, да наступлення якой павінна што‑н. адбыцца, закончыцца. Ад ліп нёсся прыемны водар маладой квецені: сёлета яны зацвілі раней тэрміну. Ваданосаў. // Пэўны момант, час, пасля якога што‑н. павінна адбыцца. Вера не адгаворвала. Казала, што чакае тэрміну і паедзе вучыцца на курсы. Грамовіч.

•••

У тэрмін — у час, своечасова, у пару.

тэ́рмін 2, ‑а, м.

1. Слова (або злучэнне слоў), якое дакладна абазначае пэўнае паняцце ў навуцы, тэхніцы, мастацтве і пад. Філасофскіх тэрміны. Мовазнаўчыя тэрміны. Юрыдычныя тэрміны. □ Тэрміны лацінскага паходжання вельмі пашыраны былі .. ў старабеларускай юрыспрудэнцыі, дзе .. шырока выкарыстоўвалася дакументацыя на лацінскай мове. Жураўскі. // Спецыяльнае слова або выраз, прынятыя для абазначэння чаго‑н. у якім‑н. асяроддзі, прафесіі. Паляўнічы тэрмін. Шахматны тэрмін.

2. Спец. Суб’ект або прэдыкат суджэння, якія ўваходзяць у састаў сілагізма.

[Ад лац. terminus — канец, мяжа.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пуска́ць несов.

1. в разн. знач. пуска́ть;

2. (воду, газ) пуска́ть, открыва́ть;

3. выделя́ть, пуска́ть;

4. с.-х. пуска́ть, оставля́ть;

1, 4 см. пусці́ць;

п. у глум — тра́тить зря;

п. сло́вы на ве́цер — пуска́ть слова́ на ве́тер;

п. на дно — пуска́ть ко дну;

п. бу́рбалкі — пуска́ть пузыри́;

п. пыл у во́чы — пуска́ть пыль в глаза́

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Лінь ’вельмі моцны тонкі канат’ (ТСБМ). Запазычана з рус. линь, якое з гал. lijn ’тонкая вяроўка’ (Слаўскі, 2, 498–499). Пры наяўнасці гэтага слова або рус. слова канат, граматычны род якога — мужчынскі, бел. лі́ня (гл. ліна) змянілася ў лінь ’вяроўка, пры дапамозе якой цягалі вуллі на дрэвы’ (ганц., Сл. паўн.-зах.), ’канат на пароме’ (Яруш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галёш (БРС, Шат.), галёшы (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. kalosz ’тс’ (з азванчэннем k > g у бел. мове). Адносна паходжання польск. слова Брукнер (214) мяркуе аб яго запазычанні з франц. galoche (а гэта з раманскімі сувязямі). Аб складанасці праблематыкі, звязанай з паходжаннем гэтага слова наогул, гл. Шанскі, 1, Г, 19–20 (там і агляд версій).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарбу́ша ’рыба гарбуша’ (БРС), укр. горбу́ша. Новае запазычанне з рус. горбу́ша ’рыба гарбуша’. У рус. мове гэта слова вядома ўжо ў слоўніках канца XVIII ст. Паводле Шанскага (1, Г, 130), гэта слова ў рус. мове з’явілася спачатку ў далёкаўсходніх дыялектах. Назва дадзена рыбе за вялікі горб, які вырастае ў самцоў. Гл. Шанскі, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўтапу́зік ’від бязногай яшчаркі’. Рус. дыял. желтопу́з ’від вужа’, укр. жовтопу́з ’від бязногай яшчаркі’; параўн. чэш. želtopusik ’від паўзуноў Ophisaurus apus’. Складанае ўсх.-слав. слова ўтворана з желт‑о‑пуз (гл. жо́ўты і пу́за). Бел. форма — памянш. з суфіксам ‑ік. Чэш. слова мае ў другой частцы, відаць, кампанент pus ‑a ’рот’, г. зн. азначае ’жаўтароцік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)