чхаць, чхаю, чхаеш, чхае; незак.

1. Міжвольна рэзка выдыхаць паветра носам і ротам, выдзяляючы слізь і ўтвараючы шумныя рэзкія адрывістыя гукі. Стоячы на сонцы, ад спёкі шырока пазяхалі дзеці, чхалі ад папаўшага ў нос пылу. Галавач. Хоць адчувалася духата, але вокнаў яшчэ ніхто не адважваўся адчыняць: некаторыя чхалі і кашлялі. Няхай.

2. Разм. Утвараць кароткія рэзкія адрывістыя гукі, падобныя на чханне (пра работу матора, рухавіка і пад.). Матор доўга чхаў, і машыну давялося завесці ручкай. Пташнікаў. А можа, гэта была і не станцыя: толькі чхалі белай парай паравозы, грукаталі на стыках колы вагонаў, падслепавата мігалі семафоры. Сабаленка.

3. перан., на каго-што. Разм., груб. Не звяртаць увагі; выказваючы пагарду, знявагу ў адносінах да каго‑н. Вядома, пан чхаць хацеў на законы, а ўсё ж не чапаў Сіланція. Жычка. Здавалася, што Юру, які чхаў на свае абавязкі перад другімі, павінна быць лёгка ў жыцці. Карпаў. — Чхаў я на Фогеля, — ваяўніча заяўляе Хадоська. — Ён сам баіцца. Навуменка.

4. перан. Разм. Імчацца; ехаць; ісці. А праз кароткую хвіліну Антось садзіўся на машыну. На паравозе без білета Чхаў да Баранавіч дасвета. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкляны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да шкла. Шкляная маса. □ Багаты скарб Прынёс мой друг — шкляных асколкаў многа. Калачынскі. // Разм. Які мае адносіны да вытворчасці шкла. Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара — на шкляной гуце. Маўр.

2. Выраблены, зроблены са шкла. Шкляны посуд. □ [Жанчына] нерашуча глядзела на Пракаповіча, стоячы са шкляным слоікам у руках, напалову насыпаным маннымі крупамі. Радкевіч. // Пакрыты шклом, зашклёны; з устаўленым шклом. Над адным з карпусоў, што быў пад шкляным дахам, заўсёды ўвечары палыхалі блакітныя бліскавіцы. Сабаленка. Настаўніца падышла да шафы са шклянымі дзверцамі, выбрала дзве кніжкі і дала Ігнасю. Мурашка.

3. перан. Які сваімі рысамі, якасцямі падобны на шкло; такі, як у шкла. Пад вартай ноч: нібы ў дазоры, Над ёй, над возерам шкляным Стаяць касмічным роем зоры, Мігцяць, адсвечваюцца ў ім. Ляпёшкін. // Нерухомы, застылы; халодны (пра вочы, погляд). Бацька, не міргаючы, шклянымі вачыма пазіраў на .. [Улю], і з рукі ў яго міма паперкі сыпаўся на снег самасад. Паўлаў. Суседка па сутарэнню, на якую паказвала Рая, пазірала з кутка застылымі шклянымі вачыма. Мехаў.

•••

Бачыцца (пабачыцца) са шкляным богам гл. бачыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпізо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Асобнае здарэнне, падзея, выпадак з жыцця. Дзед Талаш расказваў пра сваё спатканне з пакрыўджанымі людзьмі, пра розныя эпізоды з іх жыцця. Колас. Генадзь расказвае найцікавейшыя эпізоды з сваіх вандровак па Беларусі. Сабаленка. // Адзін з момантаў якой‑н. з’явы, працэсу і пад. Мітусіліся перад вачыма розныя эпізоды бою. Кулакоўскі. // Выпадковае, пабочнае здарэнне, падзея. [Зачэпа:] — Калі б змова ўдалася Каталіну, дык ваш сацыялізм быў бы пабудаваны тысячу год назад.. А што такое Каталіна? Эпізод, пра які забыліся праз дзесяць гадоў. Асіпенка.

2. Сцэна, фрагмент якога‑н. мастацкага твора, які мае пэўную самастойнасць і закончанасць. Вялікае сэрца Макоўчыка раскрываецца ў гэтым цэнтральным эпізодзе апавядання. Чытач адчувае, на які подзвіг здольны гэты салдат. «Полымя». // У тэатральных пастаноўках — устаўка (з’ява, сцэна), не звязаная з развіццём дзеяння. [Галіна:] — Я вось скончыла тэатральны інстытут, ужо год як я працую ў тэатры і яшчэ не сыграла ніводнай адказнай ролі. Усё на выхадах і на эпізодах. Рамановіч. // Частка кінафільма, якая з’яўляецца сюжэтна закончаным урыўкам. Кінастудыя здымала фільм пра вайну. Рыхтаваўся эпізод — бежанцы на дарозе. Арабей.

[Ад грэч. epeisódion — устаўка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. з кім-чым і без дап. Забаўляцца, пацяшацца (звычайна пра дзяцей). Гуляць з цацкамі. □ Дзеці пабеглі гуляць, і Святлана засталася ў хаце са Сцепанідай Андрэеўнай. Шахавец. Аднойчы Гошка прапанаваў сябрам сабраць усіх малых дзяцей у адно месца і гуляць з імі. Даніленка. // у што. Праводзіць час за якім‑н. заняткам з мэтай адпачынку, забавы. Гуляць у жмуркі. Гуляць у шахматы. Гуляць у карты. □ Перад выхадам на дэманстрацыю група дзяўчат і хлопцаў гуляла ў валейбол. Лынькоў. // перан.; у што. Займацца якой‑н. справай несур’ёзна, для выгляду; прыкідвацца занятым чым‑н. Гуляць у дэмакратыю. □ [Лютынскі:] Я не з’яўляюся непраціўленцам злу: міндальнічаць і гуляць у шляхетнасць не буду. Крапіва.

2. Хадзіць паціху для адпачынку, задавальнення; прагульвацца. Гуляць па парку. Гуляць па калідоры. □ Першы раз Лабановіч зайшоў да падлоўчага вечарам таго ж самага дня, калі хадзіў гуляць на чыгунку. Колас. // перан. Раз’язджаць, расхаджваць усюды, адчуваючы сябе гаспадаром становішча; гаспадарыць. — Лубян з гранатамі па вёсках гуляе, машыны нямецкія па шашы падрывае. Шамякін. // перан. Перамяшчацца ў розных напрамках, прыводзіць што‑н. у рух (пра з’явы прыроды). Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя вятры. Шчарбатаў. Па саламяных стрэхах гуляў агонь. Бядуля. // перан. Біць, сячы (пра плётку, бізун і пад.). Цень мінуўшчыны праклятай, Дзе бізун гуляў з нагайкай, Змецяцё вы, арляняты, сваёй новай сілай, байкай. Купала. // перан. Шырока распаўсюджвацца (пра хваробу, чутку і пад.). Па Караліне гуляла ўжо чутка, што Салвесевы сыны ледзь не пазабіваліся. Сабаленка.

3. на чым, у чым. Пералівацца рознымі колерамі. Па небе гулялі паўночныя сполахі. Шамякін. // Быць у руху, змяняцца (пра ўсмешку і пад.). У мельніка гуляла па твары сытая ўсмешка. Чорны.

4. Быць свабодным ад работы, не працаваць. Гуляць увесь выхадны дзень. □ [Стары:] — Цэлае лета, кажаш, гуляеш? Гм, дык чым жа табе нядобра? Дзівак чалавек... Хе-хе! Галавач. // Быць свабодным, незанятым, нявыкарыстаным (пра зямлю, рэчы і пад.). — Нам можна і на падлозе пераспаць, — прапанавала Галя. — Дык чаго гэта на падлозе, калі ложак гуляе. Ён жа ў мяне толькі для красы і стаіць. Сабаленка. Хто часта мяняе, у таго хамут гуляе. Прыказка.

5. Весяліцца (з песнямі, танцамі і пад.). Збірайцеся, людзі, Заходзьце, сябры. Сягоння мы будзем Гуляць да зары. А. Александровіч. // Быць удзельнікам якога‑н. свята, урачыстасці. Гуляць вяселле. Гуляць дажынкі. // што. Абл. Танцаваць, скакаць. — Умею адну толькі польку, дык тут жа яе не гуляюць. Арабей. // перан. Хутка рухацца; весяліцца (пра рыбу, жывёл). На сярэдзіне [азярца] час ад часу разыходзяцца кругі, чуваць усплёск — гуляе рыба. Навуменка.

6. з кім. Разм. Знаходзіцца ў любоўных адносінах; любіцца. У Васіля была дзяўчына, з якою, як казалі на сяле, ён гуляў ужо каля двух гадоў. Васілевіч. Колькі год я з ім гуляю, А не прыйдзе ў сваты, Толькі ўвечары ад гаю Давядзе да хаты. Дзеружынскі.

•••

Вецер (гуляе) у галаве гл. вецер.

Гульма гуляць — зусім нічога не рабіць; лодарнічаць. — Чаго ты там молішся? — азвалася мачыха. — Вазьмі ды карове вынесі, а то прывык гульма гуляць, дык работа яму і не рупіць. Сабаленка.

Гуляць з агнём — брацца за рызыкоўную справу, не думаючы аб выніках.

Гуляць па руках — перадавацца ад аднаго чалавека да другога, пераходзіць з рук у рукі.

Гуляць у бірулькі — займацца пустымі справамі, дарма траціць час.

Гуляць у жмуркі (хованкі) — хітраваць, утойваць што‑н. ад каго‑н. — А кінь ты, Астап, у жмуркі гуляць, не дзеці мы. Падпілавалі мост Шведавы хлопцы. Лынькоў. — Нешта ты ў хованкі пачаў гуляць? Круціш-круціш. Не чакаў я ад цябе. Кандрусевіч.

Гуляць у ката і мышку (мыш) — хітраваць, імкнуцца абмануць каго‑н.

Гуляць у маўчанку — ухіляцца ад размовы, адмоўчвацца.

Хоць у жмуркі гуляй — цёмна, нічога не відаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., што.

1. Адлажыць убок, палажыць побач. Пачуўшы стукат у дзверы, Карызна адклаў убок пяро і, паціраючы рукі, крыкнуў бадзёра і весела: — Уваходзь! Зарэцкі. [Рудзько] адклаў лічыльнікі ўбок, змёў далоняй махорку са стала ў падстаўленую лодачкай другую далонь і адарваў новы кавалачак газеты. Дуброўскі. // Палажыць асобна, аддзяліць. Адкласці сапсаваныя фрукты ў асобную скрынку. / у перан. ужыв. Ужо зіма свае ўборы На другі адклала год. Броўка. // Зберагчы якія‑н. сродкі, паклаўшы іх асобна; сэканоміць. Адкласці грошы.

2. Назбіраць, назапасіць; утварыць адклады. За доўгія гады возера адклала на дне многа ілу.

3. Палажыць яйкі для захавання патомства. Самка авадня здольна адкласці да 500 яечак.

4. Апусціць, адагнуць, адкінуць (аб прадметах, прымацаваных да чаго‑н. адным краем). Анісім ад звонкасці Алімпінага голасу прабудзіўся, адклаў каўнер кажуха і пачаў .. услухоўвацца ў Алімпіны словы. Сабаленка.

5. Перанесці на больш позні час; адтэрмінаваць. Прыйшлося адкласці падарожжа на заўтра. Маўр. Старыя раяць шлюб адкласці, А маладыя прагнуць шчасця, — Вось тут, як кажуць, і кукуй! Крапіва.

6. У геаметрыі — адмераўшы, адзначыць адрэзак на прамой. На прамой АВ адкласці адрэзак СД.

7. перан. Пакінуць след, адбітак, не знікнуць бясследна, зрабіць уплыў. Уражанні дзяцінства адклалі выразны адбітак на душы чалавека. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё любві, карыстаецца любоўю; блізкі, дарагі, мілы сэрцу. І кінуўся з кручы ў бяздонне юнак Следам за любай дзяўчынай. Свірка. Мне любы стэп шырокі І водар сенажаці, Як быццам тут радзіла Мяне калісьці маці. Куляшоў. Перад .. [Уладзікам] засвяціліся матчыны вочы — любыя, пакутлівыя і грозныя. Бядуля.

2. у знач. наз. лю́бы, ‑ага, м.; лю́бая, ‑ай, ж. Той (тая), каго любяць. Алімпа не ўяўляла сабе, як яна хоць на час расстанецца з любым. Сабаленка. // (пры ветлівым звароце). Мілы, родны. Не палохайся іх, любы, быў вялікі бой. Біў жалезных душагубаў смела бацька твой. Вялюгін.

любы́, а́я, ‑о́е.

1. Кожны, усякі. А хлопцы, дык хлопцы — гвардзеец любы! Колас. Гітлераўцы любымі сіламі намагаліся сарваць пераправу. Шамякін. // у знач. наз. любы́, о́га, м.; люба́я, о́й, ж. Усякі, кожны чалавек. [Вадзіцель:] — Спытай у любога, дзе Косцік-шафёр жыве, табе кожны пакажа. Васілевіч.

2. Які хочаш (на выбар). [Кісялёў:] — Звані ў любы час, не даб’ешся нічога ў аддзеле, звані да мяне на кватэру. Чарнышэвіч. // у знач. наз. любы́, о́га, м.; любо́е, о́га, н. Каго ці што хочаш. — Ого! У цябе.. [трусоў] тут цэлая ферма! — здзіўлена ўсклікнуў Мікола.. — Выбірай любога, — сказаў Віця, — і саджай у кошык. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дале́й, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. далёка (у 1 знач.). Бачыць вока далёка, а розум яшчэ далей. З нар.

2. Наперадзе, у пэўным аддаленні ад якога‑н. месца. Канчаецца хмызн[я]к і жыта, А далей узлескі, паляны. Колас. Далей, з боку паляны, на ігліцы і ў траве Аня заўважыла ўмяціны. Мележ.

3. Затым, потым, у далейшым. [Суседзі] разумелі, што ўся дружба скончыцца, як толькі Сімон паедзе адгэтуль, і далей нічога добрага чакаць не выпадае. Самуйлёнак. Далей, як і ва ўсіх пісьмах, ішлі паклоны — кожнаму паасобку. Якімовіч.

4. Працягваючы пачатае. Чытаць далей. Вучыцца далей. Расказваць далей. // Болей, больш. Далей Люда не можа трываць: яна садзіцца .. і звонка смяецца. Брыль.

•••

Далей ад граху (бяды) — пра нежаданне ўвязвацца ў складаную непрыемную гісторыю. [Лявон], каб далей ад бяды, ускочыў у свой двор, зачыніў вароты і падпёр іх плечуком. Сабаленка.

Далей-болей — ужываецца, каб падкрэсліць далейшае нарастанне інтэнсіўнасці дзеяння, развіцця падзей і г. д.

Далей (ехаць, ісці) некуды гл. некуды.

Далей свайго носа не бачыць гл. бачыць.

І гэтак далей (скарочана і г. д.) — ужываецца ў канцы пералічэння як указанне на тое, што пералічэнне можа быць працягнута.

Не ісці далей гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расквіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Расплаціцца за што‑н., аддаць доўг каму‑н. Расквітацца за дапамогу. □ Да Вайтовіча падышоў каваль і напомніў: — Не развіталіся, пане. За фатыгу абяцалі на кілішак гарэлкі. Пальчэўскі. — Які яшчэ доўг? Я ўсё аддала вашай цётцы, расквіталася з вамі назаўсёды. Дубоўка. — Вялікую віну ўзяў я на сябе перад чыгункай, як расквітацца з ёй, і не ведаю... Шынклер. // Адпомсціць за ўчыненую крыўду, зло. Расквітацца мне з.. [фашыстамі] вельмі хацелася і за тое, што ў хляве сядзеў, і што галодны бадзяўся па лясах. Навуменка. — На фоне аснежаных палеткаў прыкмеціў сілуэты двух «фокераў». Думаў, што яны крадуцца да нашага аэрадрома, каб атакаваць нас на пасадцы і такім чынам расквітацца. Алешка.

2. Расстацца з кім‑, чым‑н. назаўсёды, пакінуць каго‑, што‑н., вызваліцца ад каго‑, чаго‑н., пазбавіцца ад чаго‑н. Вейс даўно расквітаўся з чыгункаю, выйшаў на пенсію, але па-ранейшаму не можа жыць без яе. Арабей. — Мне так і відаць, што хоча мая Тэкля жыць са мной у адно, расквітацца са сваім аднаасобніцтвам. Рылько. — Ды ты ж яшчэ з ім не расквіталася зусім, — намякнуў Некраш на тое, што Вікторыя яшчэ не развялося з Кругловым. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. прыбі; зак.

1. што. Прымацаваць цвікамі што‑н. Трактарыст і калгасны музыка Данік Краўчук мерыўся прыбіць шчыток, трымаючы напагатове ва ўзнятых руках цвікі і сякеру. Дуброўскі. [Дарафей] сам зрабіў шпакоўаю і сам прыбіў яе на грушы. Даніленка.

2. што. Прыціснуць, прыгнуць да зямлі (ветрам, дажджом, градам і пад.). Кроплі [дажджу] весела сыпаліся на твар, на машыну, прыбілі пыл. Мележ. Ігліцу ў лесе дождж прыбіў. Нядзведскі.

3. каго-што. Прыгнаць, прынесці да якога‑н. месца (сілай вады і ветру). [Міхалу Сцяпанавіч у] часам здавалася, што Генадзь нечым падобны на той плывучы прадмет, які вялікая вада гушкае на хвалях, пакуль не прыб’е да берага. Сабаленка. / у безас. ужыв. Яшчэ днём я заўважыў, што за згібам ракі да берага прыбіла бервяно. Корбан. [Васіль:] — Давайце пойдзем паўз бераг, можа дзе яго [човен] прыбіла на завароце. Скрыпка.

4. каго. Разм. Пабіць; ударыць. Юрка заўважыў, што ідуць вартаўнікі, ускочыў на каня і паімчаўся, а яго таварыша вартаўнікі злавілі і прыбілі да паўсмерці. Кулакоўскі. // Забіць. Толяк змагаўся з жаданнем прыбіць тут жа на месцы ненавіднага чалавека. Чорны.

5. перан.; каго. Пазбавіць сілы, волі; вельмі моцна ўздзейнічаць. Толькі гора, вялікая сацыяльная несправядлівасць прыбіла.. [Лявона], зрабіла ўчарнелым, як зямля. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбы́так, ‑тку, м.

1. Сума, на якую даход перавышае выдаткі; грашовы даход. Чысты прыбытак. Валавы прыбытак. // Спец. Даход капіталістаў, крыніцай якога з’яўляецца прыбавачная вартасць. Максімальны прыбытак. Прыбыткі манаполій. // Спец. Даход дзяржаўных прадпрыемстваў у сацыялістычным грамадстве, які атрымліваецца ў выніку павышэння прадукцыйнасці працы. Прыбытак дзяржаўных прадпрыемстваў. Адлічэнне прыбыткаў.

2. Даход, які атрымліваецца ад якога‑н. роду заняткаў, дзейнасці і пад. Пан Кудзілоўскі лічыў, хата сады даюць больш прыбытку, чым збожжа, і збожжа зусім не сеяў. Хомчанка. — Але хіба кіраўніцтва завода не ведае без вашых табліц і лічбаў на некалькіх старонках, што пераабсталяванне цэха дало б вялікія прыбыткі заводу? Арабей. Выдавецкая справа ў той час не толькі не прынесла беларускаму першадрукару прыбыткаў, а патрабавала шмат выдаткаў. С. Александровіч.

3. Разм. Карысць, выгада. [Міхал:] — А што за шчасце тут, спытаем? Які прыбытак мы тут маем? Колас.

4. Разм. Пра з’яўленне патомства (у сям’і, гаспадарцы і пад.). Жадаем яшчэ вам Прыбытку ў хаце, Ні мала, ні многа — Штогод па дзіцяці. Русак. Рамізнік сядзіць на козлах і ўсміхаецца, гледзячы, як я нясу на руках дзіця. — З прыбыткам вас, — кажа ён. Сабаленка. Конюху дзядзьку Мікалаю не было каму ў тую часіну пахваліцца і свежай навіной і жаданым прыбыткам на сваёй канюшні. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)