Жуда́1 ’жах’ (ТСБМ). Рус. кур., арл., смал. жуда ’тс’, ’непакой’, ’нястача’. Сюды ж, відаць, рус. жуть, жуткий (> жудь, жудкий). Параўн. серб.-харв. жу̑д ’жаданне’, балг. дыял. жу̀дя ’не спаць, мучыцца, не засынаючы’. Параўн. літ. žudýti ’мардаваць; забіваць, мучыць’, žū́ti ’гінуць’, лат. zust ’знікаць, страчвацца’, zudums ’страта’, zaudēt ’губіць’. Карскі (Труды, 392–393) указваў на роднасны характар бел. (рус.) і літ. слоў (Фасмер, 2, 63, недакладна прыпісаў Карскаму думку пра балт. паходжанне слова: у Карскага чытаем: «жуда́… сродни лит. žudaũ, žudýti умерщвлять»). Булахаў (Курс суч., 159) ўказваў на слова жуда як балтызм. Мартынаў Міхневіч (Маладосць, 1970, 7, 150) лічылі жудасны ўтвораным па балт. тыпу ад жуда (параўн. дзіва > дзівосны), а пра слова жуда адзначалі яго пашыранасць толькі на бел. і рус. глебе і пісалі: «магчыма, таксама з’яўляецца балтызмам». Буга (2, 688) прыводзіў для жуда іншыя балт. адпаведнасці: літ. жэмайц. žiadùs ’суровы, шурпаты’ і да т. п., аднак яны не мяняюць справы, бо Фрэнкель (1303) звязваў іх з тым жа літ. žudyti. Трубачоў адносіць рус. і бел. жуда да дыялектызмаў прасл. слоўніка (Слав. языкозн., V, 172). Фасмер (2, 63) на семантычнай падставе думку аб балт. паходжанні слова жуда лічыў няпэўнай. Ён, аднак, не ведаў семантычна цікавага дадатку Бугі. Праабражэнскі (1, 236) прывёў думку Патабні (РФВ, 2, 10) аб суаднесенасці жуда з літ. gañsti ’пужацца’, што выклікала пярэчанні Фасмера па фанетычных матывах. Скок (1, 564) адносіць серб.-харв. жуд < *ghьḷd‑ да кораня glad ’голад’. БЕР (1, 556) звязвае балт. жудя з рус. жуда, балт. формамі тыпу літ. žudyti і услед за Фасмерам, параўноўваючы з ірл. gūas ’небяспека’, англа-сакс. gietan ’забіваць’, узводзіць да і.-е. *gʼheu̯d‑. Аднак, калі прымаць такі пункт гледжання, слав. формы павіяны былі б мець не ž, а z, а ж тлумачыцца як запазычанне з літ. Магчыма, таму Покарны (1, 448), прыводзячы балт., ірл., герм. формы, не ўключыў у адпаведны артыкул слав. Дабрадомаў (РР, 1977, 3, 157–160), зыходзячы з пашырэння слова на бел. і рус. тэрыторыях, выказаў думку пра балт. крыніцу, хаця балт. этымон няясны. Балт. паходжанне прымае Лаўчутэ, Сл. балт., 54. Але балт. паходжанне, калі ўлічваць пашырэнне кораня на балг. тэрыторыі, малаверагодна: трэба або аддзяляць балг. слова (жу̀дав ’слабы, няплённы (аб зямлі, збожжы)’), або знаходзіць іншую этымалогію. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 300–301) вагаецца паміж рознымі супастаўленнямі кораня. Магчыма, трэба лічыць жуда бязафіксным наз. ад дзеяслова жудзець (гл.) з развіццём значэння ’гусці, шумець’ > ’дакараць’ > ’выклікаць непрыемныя пачуцці’ ці ’перашкаджаць спаць’ (для балг.). Параўн. жуда2. Вытворнае жу́дасны зусім не абавязкова балтызм. У слав. мовах ёсць шэраг вытворных ад асноў на ‑s‑, спіс якіх не закрыты (параўн. неба, чуда), але жудасны лёгка тлумачыцца як вытворнае ад жудасць (жуд‑ост‑ьн‑ > жудостн‑ > жудасн‑). Бардовіч–Шакун, Марфемны слоўнік беларускай мовы, 1975, с. 200.

Жуда́2 ’дзеці’ (навагр., Нар. словатв., 43). Параўн. рус. арл. жуд ’шум, гудзенне’. Магчыма, развіццё знач. ’шум’ > ’тыя, хто робіць шум’. Не выключана і сувязь з жуда1, нават перанос ’жах’ > ’непакой’ > ’крыніца непакою’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карб ’гадавое кольца на розе каровы’ (З нар. сл.), карбы ’знакі на рагах у каровы’, ’зарубкі на бірках’ (З нар. сл.). Да ўкр. карб ’знак, след, зарубкі’, літ. kar̃bas ’зарубка’ і інш. — запазычанні з польск. karb ’зарубка’, якое ў сваю чаргу з с.-в.-ням. kërbe ’зарубка’ (Слаўскі, 2, 70). Гл. карбаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўбы́р ’гладыш для малака’ (Касп.). Лаўчутэ (Сл., 112) мяркуе, што гэта запазычанне з балт. моў і дае ў якасці яго крыніцы літ. дыял. kaubarė̄, kauborė̄ ’драўляная пасудзіна, міска’. Паводле Лаўчутэ, на запазычанне указваюць абмежаваны арэал бел. слова і яго фанетычныя асаблівасці (яна лічыць, што спалучэнне ‑ар‑ было б немагчыма ў выпадку спаконвечнай роднаснасці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клу́бень ’патоўшчаная мясістая частка сцябла, кораня’ (ТСБМ). Да клуб2 (гл.). Словаўтварэнне з дапамогай суфікса ‑ьnь, які складаецца з ‑ьnъ (суфіксацыя прыметнікаў) і ‑jь. У гэтай камбінацыі ўтвараюцца назоўнікі ад прыметнікаў яшчэ ў балта-славянскі перыяд (параўн. літ. ‑in‑is, ‑in‑ys) (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 193; SP, 1, 138; Мартынаў, Дерив., 38).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́курстаць ’выселіць, выгнаць’ (КЭС, лаг.). Польск. уст. з Літвы kurstać ’будзіць, абуджаць, падганяць’. Запазычанне з літ. (pa)kìrsti ’абуджацца, адкрываць вочы (пасля сну)’, якое звязана абляутам з kar̃das ’паўторны гук’, kardìntis ’станавіцца прыметным’, апошнія словы ў сваю чаргу звязаны з kir̃sti ’біць, удараць, рубіць’ (параўн. слав. čersti ’рэзаць’) (гл. Фрэнкель, 258 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарма́та ’гармата’ (БРС, Нас., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). У ст.-бел. мове гармата, армата, ормата (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. мовы (harmata, armata) < лац. armata (Булыка, Запазыч., 79). Ст.-укр. гармата, армата, укр. гарма́та можна лічыць запазычаннем з іт. armata (гл. Рудніцкі, 1, 573, там і літ-ра).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надзі́клі ’на ветры’: У нас у хаце заўсёды холадна, бо стайиц’. Пана надзʼиклʼи (слонім., Сцяшк. Сл.). Няясна, хутчэй за ўсё адаптаванае запазычанне з балтыйскіх моў; адзін з магчымых этымонаў — літ. dykra ’пустое месца, пустка’, адаптацыя адбывалася шляхам замены зычных і зліцця прыназоўніка на са словам у выніку частага ўжывання спалучэння з ім.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няўстру́й ’непаседлівы, нецерпялівы, няўрымслівы чалавек’ (міёр., З нар. сл.; Сл. ПЗБ; Сл. ЦРБ), ’весялун’, няўстру́йны ’неспакойны’ (Сцяшк. Сл.), параўн. укр. невструйливий, невстрійливий ’непаседлівы, гарэзны’, рус. неустро́йный, неустро́ица ’неспакойны, буйны чалавек’ (арх., СРНГ). Няясна; магчыма, звязана з лат. stràjuš ’хуткі, імклівы’, літ. sraũjas ’тс’, гл. струмень. Не- (ня‑) у гэтым выпадку мае ўзмацняльны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ўра, маўра́ ’раска, Lemna L.’ (Весці, 1969, 4; 1972, 1; паст., смарг., Сл. ПЗБ), ’разнавіднасць урэчніку, Potamogeton L.’ (астрав., шальч.), шальч. ’вадзяная зараза, Elodea canadensis Rich.’ (Oi. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. máuras, mauraĩ ’раска, вадзяная расліна’, лат. maura, maũrs ’дзірван, трава (і мох) на страсе’ (Лаўчутэ, Балтызмы, 120; Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 46).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́злева ’аброк натурай’ (Нар. Гом.), мезлява ’падатак у Вялікім княстве Літоўскім у выглядзе скаціны, птушак, яек’, ’від абавязковай працы’ (Ябл., Вяржбоўскі, дыс.; Брукнер, Litwa), ст.-бел. мезлева, мезлива ’падатак за быдла’ (XV ст.). Балтызм. Параўн. літ. mẽzliava ’падатак, складчына’, лат. mezlava ’падатак’ (Карскі, Труды, 390; Булыка, Лекс. запазыч., 85; Лаўчутэ, Балтизмы, 94).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)