цырато́вы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з цыраты. Па дарозе папалася.. [Лабановічу] некалькі будак, пунктаў паліцэйскай варты, каля якіх звычайна стаялі або тупалі гарадавыя ў цыратовых плашчах. Колас. У маіх руках — тоўсты агульны сшытак у цыратовай вокладцы. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарнасо́ценства, ‑а, н.

Гіст. Ідэалогія чарнасоценцаў; рэакцыйнасць і шавінізм. Лабановіч стаў за стол і пачаў пісаць невялічкае апавяданне, вельмі памяркоўнае, не было ў ім рэвалюцыйнасці, але не мела яно і нічога агульнага з чарнасоценствам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чатырна́ццаць, ‑ццаці, Т ‑ццаццю, ліч. кольк.

Лік і лічба 14. Чатырнаццаць дзеліцца на 2. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 14. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў. Было яму чатырнаццаць гадоў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́лы, ‑ая, ‑ае; міл, міла.

1. Які выклікае прыемнае ўражанне, прыхільнасць да сябе; чароўны, абаяльны. Ходзіць гоман між збажынкі, Мілы і шчаслівы. Колас. І вось няма яго, Васі Чычына, мілага, слаўнага хлопца. Лынькоў. У мяне.. не выходзіла з галавы прыгожая дзяўчына з мілымі вачыма. Нікановіч.

2. Дарагі, любімы; блізкі сэрцу. Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком. Чарнышэвіч. Радзіма! Адчуў я ў разлуцы з табою, Як люб мне і дораг кут мілы бацькоў. Прыходзька. Кожнаму свой куток мілы. Прыказка.

3. Ужываецца пры сяброўскім звароце. Даніла, мілы мой Даніла! Ах, натварыў сабе ты бед! Колас. [Шульга:] — Давай спярша, міл чалавек, дамовімся аб плаце. Васілёнак.

4. у знач. наз. мі́лы, ‑ага, м.; мі́лая, ‑ай, ж. Каханы, каханая. — Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь! Колас.

•••

За мілую душу гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

1. Прасіць у каго‑н. рады (у 1 знач.). Да Язэпа ішлі радзіцца і свае аднавяскоўцы і людзі з наваколля. Рамановіч.

2. Мець з кім‑н. раду (у 2 знач.); раіцца. Дзед Талаш і Мартын Рыль, расказаўшы адзін аднаму аб сваіх прыгодах, сталі радзіцца, што рабіць далей і куды ісці. Колас.

радзі́цца, раджу́ся, ро́дзішся, ро́дзіцца; зак. і незак.

1. Тое, што і нарадзіцца (нараджацца). І прыйшлося .. [Ігнасю] тады астацца ў хаце, дзе радзіўся і дзе гаспадарыў і паспеў ужо разбагацець брат Макар. Чорны. У сэрцы .. [Аўгіні] радзілася надзея, што сярод уцёкшых з-пад арышту сялян быў і Мартын Рыль. Колас.

2. незак. Даваць ураджай, плады; радзіць (аб раслінах). Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста: З вядро галоўкі вырастаюць, З трох коп кадушку накладаюць! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрабава́ць, ‑прабую, ‑прабуеш, ‑прабуе і папро́баваць, ‑пробую, ‑пробуеш, ‑пробуе; зак.

1. што і чаго. Праверыць стан або якасць чаго‑н. Папрабаваць пальцам лязо. □ На гэтым плывуне, ратуючы будынак, папрабавала свае сілы не адна брыгада. Чыгрынаў. Коннік наганяў Кандрата і ўжо трымаў напагатове шаблю. Яму проста хацелася папрабаваць лоўкасць і сілу свайго ўдару. Колас. // З’есці або выпіць чаго‑н. для пробы, паспытаць. Камандзір батальёна, як гаспадар, запрашаў, хто заходзіў сюды, папрабаваць мядку. Колас. Тут на дзвярах замок ніколі не вісіць, І хто б ні ехаў, зблізку ці здалёку, — Заходзьце ў маю хату адпачыць, Папрабаваць бярозавага соку. Русак.

2. чаго; перан. Зведаць у жыцці, на практыцы, на сваім вопыце. Шмат чаго папрабаваў ён на сваім вяку.

3. з інф. Зрабіць спробу чаго‑н. Настаўнік крыху падумаў. — Ведаеш што, Сцёпа, папрабуй ты на рабфак паступіць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сірата́, ы́, ДМ ‑раце́; мн. сіро́ты (з ліч. 2, 3, 4 сіраты́), ‑ро́т; м. і ж.

Дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або без абодвух бацькоў. [Вучні:] — Сірата ён [Пеця]. Няма ні бацькі, ні маткі. Ракітны. [Казік] застаўся сіратою ад чатырох год. Чарнышэвіч. [Хлопцы:] — Ён Зосін, а прозвішча іхняе Малец. У яго толькі маці, ён сірата. Брыль. Рос я круглым сіратою. Колас. Сямі гадоў асталася Настулька круглаю сіратою. Цётка. // Чалавек без родных, блізкіх; адзінокі чалавек. [Юзік:] — Жанчыны нашы сіротамі застануцца. Хто цяпер цябе тут заменіць? Крапіва. Крыху адышоўшыся, ціха [стары Казімір] дадаў: — Але не забудзь і таго, што ты мой сапраўдны сын і што без цябе я застануся сіратою... Пестрак. / у паэт. ужыв. Спее адзінокі Колас сіратой. Колас.

•••

Казанская сірата — пра чалавека, які прыкідваецца няшчасным, каб разжаліць каго‑н. [Мікола:] — Яму [Васілю] далягляды адкрываюць, а ён прыкідваецца казанскай сіратой. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адна́кі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і аднолькавы. Праўда, не заўсёды грэбля з аднакаю сілай бунтавала сялянскія душы. Колас. Рыгор разглядаў у змроку аднакія прыземістыя абсаджаныя садкамі хаткі. Гартны. [Дубіку] хоць бы што — ён заўсёды аднакі. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аднато́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Нязменлівы, аднастайны паводле тону, гучання; манатонны. Аднатонныя песні спявала восень, жалобна шумеў аголены лес. Колас. Ноч звініць за акном аднатоннымі кроплямі. Скрыган.

2. Аднаколерны. Аднатонны стэп. Афарбоўка лесу ніколі не бывае аднатоннай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсвянца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Разм. Адсцябаць, адлупцаваць. [Вадзік:] — Калі ты зараз жа не сціхнеш, дык я цябе так адсвянцаю, што свету не ўбачыш. Асіпенка. [Міхал:] — Як адсвянцаю разоў сто, Як адлуплю — тры дні не сядзе! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)