смак, ‑у. м.

1. Адчуванне, якое ўзнікае ў выніку раздражнення слізістай абалонкі языка рознымі рэчывамі; здольнасць успрымаць такое адчуванне — адно з пяці знешніх пачуццяў. Салодкі смак. Кіслы смак. Горкі смак. Органы смаку. □ [Чалавек] адчуваў толькі чырвоны туман у вачах і салоны смак крыві ў роце. Караткевіч. Дзеці любаваліся чырвонымі карэньчыкамі [радыскі], каштавалі іх на смак і з удзячнасцю пазіралі на маленькую гаспадыню. Бяганская. // Якасць, уласцівасць ежы, якая адчуваецца ў час яды. Дануся ад душы засмяялася, калі даведалася, што я па смаку не адрозніваю гатункаў цукерак і яны для мяне ўсе аднолькава салодкія. Карпюк. Смак гэтых сушаных яблык.. [Язэпка] яшчэ і цяпер памятае. Бядуля. // Апетыт, прыемнае адчуванне ад яды. Варанае мяса і хлеб з’елі з такім смакам, якога даўно не ведалі. Пянкрат. Акраец хлеба ў торбу ўзяў, кавалак сала ўзяў для смаку. Дубоўка. Ходзіць бабка лесам-гаем У хусціначку збірае Даланясты ліст кляновы — Хлеб на ім пячы жытнёвы,.. А бабоўнік кучаравы — Каб не страціць смак да стравы. Танк.

2. перан. Задавальненне, ахвота. [Міхась] прыпёрся спіной да левага крыла «Пабеды» і доўга стаяў, са смакам пакурваючы папяросу. Корбан. [Тамаш] убіраў у сябе гукі маршаў з такім смакам, нібы піў невядомае смачнае пітво. Бядуля. Калі студэнт выйшаў на двор і спыніўся каля лаўкі, завознікі слухалі якраз вусаценькага мужчыну, які са смакам і веданнем расказваў пра былога гаспадара млына. Брыль. // Цікавасць, схільнасць да чаго‑н.; сутнасць, сэнс чаго‑н. Страціць смак да жыцця. □ Вы, зязюлькі мае, цёткі, Што за смак вам плесці плёткі?! Крапіва. [Чалавек:] — Я люблю рызыку. Як па лязе брытвы ходзіш... Во ў чым смак... Асіпенка.

•••

Дайсці да смаку гл. дайсці.

(Не) да смаку (быць, прыйсціся і пад.) — (не) падабацца, (не) спадабацца каму‑н. Жаласлівасць чужых цётак Ваню была не да смаку. Бядуля. [Маланка] баялася, ці прыйдуцца да смаку гасцям яе аладкі. Грамовіч.

Увайсці ў смак гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спа́сці, спаду, спадзеш, спадзе; спадзём, спадзяце, спадуць; пр. спаў, спала; зак.

1. Упасці ўніз, адарваўшыся, аддзяліўшыся ад чаго‑н. І лес, што мроіў па-над рэчкай, Якоча, крышыцца, гудзе, То тут, то там вяршок спадзе. Колас. Нораў сваіх штаноў .. [Грышка] добра ведае: калі моцна бяжыш і не трымаеш іх — абавязкова спадуць. Якімовіч. // Апасці (пра лісце, кветкі і пад.). З каштана спалі ўсе лісты.

2. Панізіцца ва ўзроўні, пайсці на спад (пра ваду, вадаём). Вада ў .. [сажалцы] значна спала, у некаторых месцах выступіла зямля. Маўр. Паводка на Данцы спала. Няхай. // Меншаючы, прапасці, знікнуць (пра пухліну, ацёк і пад.). Спала пухліна на нагах, сцішыўся пакутлівы боль у кісцях і пальцах рук. Гарбук. // Высахнуўшы, знікнуць (пра расу). [Ракіцкі:] — Не, спачатку пойдзем паснедаем. Я ўжо, пакуль спала раса, добра намахаўся касой. Прокша.

3. Зменшыцца ў сіле праяўлення; аслабець. Гарачыня спала толькі пад вечар. Пташнікаў. І якой жа была .. радасць [доктара], калі назаўтра раніцай тэмпература спала. Якімовіч. За мастком тэмп работы спаў — тут быў цяжкі грунт, спрэс з каменнем. Мікуліч. // перан. Прайсці, знікнуць (пра пачуццё, стан і пад.). Да .. [жонкі] .. [Ходас] прыйшоў, счакаўшы, пакуль спадзе, адхлыне яе злосць. Адамчык. [Свідэрскі:] — Не ганарыся, твой гонар спадзе. Глебка.

•••

Гара з плячэй спала — тое, што і гара з плячэй звалілася (гл. гара).

Карона з галавы не спадзе гл. карона.

Спала заслона гл. заслона.

Спасці з цела (твару) — схуднець.

Цяжар з душы спадзе гл. цяжар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Се 1, сё ‘вось’: Се і хлеба нетуці; Сё прыду (Ласт.); ‘гэта, гэтак’: се дзеўка роўная з ею; се кажуць міншчане (Ян.), у спалучэннях асё, асёж ‘вось, глянь’: Асё маці мая; Дзе нож? — Асё‑ж ляжыць (Ласт.), о се ж ‘вось тут’, до се ‘дасюль’ (ТС), ст.-бел. се ‘вось гэта’: чиѧ молодица се (Альтбаўэр), ‘вось, так, цяпер’ (Ст.-бел. лексікон), параўн. укр. се ‘гэта’, старое рус. сё, стараж.-рус. се, ст.-чэш. se, палаб. sü, ст.-польск. sie, серб.-харв. се, балг. дыял. со, ст.-слав. се ‘тс’. Прасл. *se ‘гэта’ роднаснае літ. še ‘вось табе на’, лат. še ‘тс’ (Буга, Rinkt., 2, 481). Гл. сей, ся.

Се 2 ‘калі’ (умоўны злучнік): “ой, се моя сестра, то прашу я да хаты, а се сивая зазулька, то ляти ў луги кавати” (беласт., у запісах Раманава, гл. Карскі 2–3, 497), у спалучэннях себ ‘калі б’, се хоч ‘калі’, не се ‘быццам; здаецца’ (Список слов… Гродн. и Минск. губ., рукапіс). Паводле Патабні (Из записок, 1–2, 294), аналагічны злучнік, вядомы ў паўночна-заходніх украінскіх гаворках, паходзіць з се, осе (“из се, осе, асе, как указания на недавнее или наличное, произошло се… если”), гл. се 1. Інакш укр. се, се‑б, ся‑б ‘калі’ разглядае ЕСУМ (5, 200) (рэдукцыя если б, што малаверагодна).

Се 3 ‘сябе’: ты сʼе́ ў абʼиду нʼи давай (Сцяшк. Сл.), звычайна ў спалучэнні з прыназоўнікамі: цягня да се́ (Скарбы), śmièrci na sie spadziewàŭsie; starỳ maładùju żuònku bierè nie dzieła sie (Федар. 4), сам за се заступіцца ні можа (шчуч., Нар. лекс.), параўн. укр. за ся, ст.-рус. на ся, польск. дыял. na się, в.-луж. na so, н.-луж na se, палаб. püd są, серб.-харв. пода̄ се, славен. zase, ст.-слав. на сѧ. Прасл. *sę ‘сябе’, націскная (неэнклітычная) форма В. скл. адз. л. (ESSJ SG, 2, 599), роднасная ст.-прус. sien ‘сябе’, лат. sē ‘тс’, гоц. sik ‘тс’ (Фасмер, 3, 823). Беларуская форма звычайна разглядаецца як другасная, узнікшая ў выніку сцягвання сябе > се, паколькі нармальным усходнеславянскім рэфлексам *sę з’яўляецца ся, параўн. -ся (гл.); аднак нельга выключыць уплыў се 1 (гл.) або энклітычнай формы зваротнага займенніка *se, да якой узводзяць беларускія і ўкраінскія зваротныя формы се, сё (ESSJ SG, 2, 599; ESJSt, 13, 812). Гл. таксама свой, сябе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ва 1, укр. карова, рус. корова, чэш. kráva, в.-луж. krowa, палаб. korvo, польск. krowa, балг. крава, макед. крава, серб.-харв. кра̏ва, славен. kráva (прасл. korva). Пошукі этымону для гэтага слова заўсёды былі цяжкімі. Што датычыць старажытнасці, то відавочным з’яўляецца яго яшчэ балта-славянскае паходжанне. Параўн. літ. kárve ’тс’, ст.-прус. curwis ’вол’ (апошняе, магчыма, каш.-слав. паходжання: каш. karw ’стары вол’). Усе іншыя паралелі не з’яўляюцца надзейнымі, бо аўтары адпаведных этымалогій прымаюць за пастулат унутраную форму ’рагатая’, што трэба абгрунтаваць. Перш за ўсё, паколькі лац. cornu ’рог’, ст.-грэч. χέρας (χέρσας) і ст.-іран. srū, srva (Бернекер, 557) узыходзяць да k̑or‑u̯/kor‑n, мы б чакалі на балта-славянскім моўным грунце s‑пачатак, але прасл. korva не мае такіх паралелей ні ў адной з індаеўрапейскіх моў (нават калі лічыць паралелямі назвы сарны і лані). Так, ст.-прус. sirwis ’лань’ хутчэй, генетычна тоесна літ. šir̃vis ’шэры конь, заяц’ (яўная назва па колеру), šir̃vas ’шэры’. Прасл. sьrna ’сарна’ можна параўнаць са ст.-слав. срѣнъ ’белы’ (іншыя славянскія паралелі абазначаюць ’іней, шэрань’). Мы падтрымліваем іншую версію з унутранай формай не ’рагатая’, а ’жвачная’. Тады прасл. korva суадносіцца са ст.-інд. cárvate ’жуе’ (Махэк, KZ, 64, 262; Мартынаў, Слав. акком., 163). Сюды ж прасл. červo ’чэрава’ (адно са значэнняў — ’страўнік’). Спроба супаставіць korva з сапсаванай глосай Гесіхія χάρτην τήν βοῡν (χάρτην замяняецца на χάρτην) не пераконвае (Параўн. Трубачоў Эт. сл. 11, 108–109).

Каро́ва 2 ’назва грыба гаркуха, кароўка’ (Жыв. сл.). Гл. кароўка, кароўяха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

грашы́ць, грашу, грашыш і грэшыш, грашыць і грэшыць; незак.

1. Рабіць грэх (у 1 знач.). Хто спіць, той не грашыць. Прыказка.

2. супраць чаго або чым. Памыляцца, парушыць якія‑н. правілы; мець які‑н. недахоп. Грэшыць супраць праўды аўтар і тады, калі піша, як хлопчыкі знайшлі зброю ў лесе. «ЛіМ». Уся рэзалюцыя наваіскраўцаў аб часовым рэвалюцыйным урадзе грашыць тым жа грэхам, што і іх рэзалюцыя аб паўстанні. Ленін.

•••

Няма чаго богу грашыць — пра дарэмную скаргу, незадавальненне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаспада́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гаспадара, належыць гаспадару; гаспадароў. Гаспадарская дачка. Гаспадарскі пакой.

2. Звязаны з дзейнасцю гаспадара (у 2 знач.). Настала лета, уцягнуўся Сцёпка ў гаспадарскую работу, нават думкам сваім не было калі аддацца. Колас. // Уласцівы гаспадару (у 2 знач.); клапатлівы, руплівы. Міхась агледзеў гаспадарскім вокам градку, потым хутка пералічыў каласкі. Якімовіч.

3. Уласцівы гаспадару (у 4 знач.); уладны, упэўнены. Гаспадарскі тон. □ Нашы таварышы з гаспадарскім выглядам і важнай мінай пачалі падкідваць галлё. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́зці, вязу, вязеш, вязе; вязём, везяце; пр. вёз, везла і вязла; заг. вязі; незак., каго-што.

1. Перамяшчаць каго‑, што‑н. пры дапамозе транспартных сродкаў. Вязуць бярвенні гонкія У вёску вазакі. Бядуля. // Перапраўляць каго‑н. куды‑н. сілай. Калі [Віцю] везлі.. з турмы ў Нямеччыну, хлопец прарэзаў сценку.. у вагоне і зноў вярнуўся ў атрад. Брыль.

2. безас.; перан. Тое, што і шанцаваць. Не вязе, падумаў я, І за што гарую? Доля горкая мая — Халастым памру я. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вага́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вагацца.

2. перан. Нерашучасць, няўпэўненасць; сумненне. Ныла сэрца. Тут быў і страх і ваганне, і адсутнасць надзейнага памочніка, што Андрэй лічыў самым важным. Пташнікаў. І таму, што не знаў ён ніколі Ні вагання, ні страху ў баю, За народ свой змагаўся, за волю, — Пра яго спяём песню сваю. Танк. Калі падышоў патрэбны аўтобус, .. [Алесь] без ваганняў ускочыў у яго і паехаў у напрамку да Камароўкі. Броўка.

3. перан. Няўстойлівасць, пераменлівасць. Ваганні тэмпературы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затулі́цца, ‑тулюся, ‑туліліся, ‑туліцца; зак.

Разм.

1. Затуліць, засланіць сябе чым‑н. ад чаго‑н. Затуліцца ад сонца. Затуліцца каўняром ад ветру.

2. Захінуцца ў што‑н., схавацца за каго‑, што‑н., дзе‑н. Затуліцца ў плашч. □ Крыху адышоўшы ў бок,.. [падрыўнік] затуліўся за калматую елку, гатовы біцца да апошняга патрона. Шахавец. Сяргейка спалохана затуліўся за пагранічніка, як за родную маці ў час небяспекі. Сабаленка. Калі затуліцца ноччу дзе-небудзь ля палявой дарогі, то можна ўбачыць не аднаго зайца. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маршчы́на, ‑ы, ж.

Складка, згіб на скуры твару, цела. Мінуў яшчэ адзін суровы год, Яшчэ гусцей укрылі твар маршчыны — Сляды выпрабаванняў і нягод Маіх уласных і маёй краіны. Глебка. Калі горад быў толькі закладзены, стары ледзь не штодня выходзіў за агароды, прыкладваў да ілба перавітую маршчынамі далонь і глядзеў у той бок, дзе пачыналася гэтае незвычайнае будаўніцтва. Кулакоўскі. // перан. Складка, упадзіна, якая ўтварылася на паверхні чаго‑н. Вароны гладзяць ворыва маршчыны, Клубіцца пара ад пластоў зямных... Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)