рэабілітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.

1. каго-што. Аднавіць (аднаўляць) чысціню чыйго‑н. імя, рэпутацыі, абвяргаючы ілжывыя абвінавачванні, чуткі. [Дырэктар:] — Якраз цяпер, пакуль яшчэ ніхто нічога не ведае, у вас ёсць магчымасць рэабілітаваць сябе ў вачах грамадскасці. Бажко. [Шыковіч:] — Дык што ж, па-твойму, пакінуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя? Шамякін.

2. каго. Аднавіць (аднаўляць) у ранейшых правах асобу, беспадстаўна прыцягнутую да судовай адказнасці, прызнаўшы яе невінаватай. [Ірма:] — Толькі праз дзевяць год даведаліся, што бацька [жывы], што адбываў заключэнне за нейкія там грахі ў вайну. У пяцідзесятым яго рэабілітавалі, але да сям’і ён ужо не вярнуўся. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размо́ва, ‑ы, ж.

1. Слоўны абмен звесткамі, думкамі; гаворка. Лабановіч пачуваўся добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Колас. Школа, аб піянерах якой пойдзе наша размова, стаіць непадалёку ад паравознага дэпо станцыі Орша. Шыловіч. // толькі мн. (размо́вы, ‑моў). Чуткі, пагалоскі. — Раскажы, Яўхім, урэшце, пра гэты камень падрабязней. Пра яго ходзіць многа размоў. Пестрак. Што б там людзі ні гаварылі і як яго [Касмача] ні абзывалі, а ён рабіў сваю справу. Размовы — не перуны, двор не запаляць. М. Ткачоў.

2. Разм. Мова, гаворка, вымаўленне. Па яго размове я зразумеў, што гэта цыган. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Паставіць на чым‑н. знак, лічбу або надпіс; пранумараваць. Па вёсцы паўзуць пушчаныя ворагам чуткі, быццам калгаснікаў будуць таўраваць, .. каб пазначыць. Лужанін. Калі б пазначыць на геаграфічнай карце ўсе мясціны, куды кідаў лёс Я. Купалу ў дарэвалюцыйны час, то яна была б усеяна кружочкамі. Шкраба. Найбольш важкія эстэтычныя думкі паэта кожны можа выпісаць ці пазначыць у кнізе. «Полымя».

2. Вызначыць, акрэсліць. Янка Брыль не назначыў жанру свайго новага твора «Птушкі і гнёзды». Юрэвіч. Я .. на бой падымаўся, каб краю здабыць перамогу, душой загараўся, каб другу пазначыць дарогу. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакасі́ць 1, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., што.

Зрабіць што‑н. касым, несіметрычным; скрывіць. Перакасіць раму. Перакасіць каўнер. □ Твар у жанчыны раптам змяніўся: яго перакасіла нянавісць. Скрыган. / у безас. ужыв. Твар у .. [Алы] перакасіла гневам. Яна падскочыла да цёткі Ксюшы і з усяе сілы пляснула далоняй па твары. Карпаў.

перакасі́ць 2, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак.

1. што. Скасіць далей за вызначаную мяжу. Дзямян з.. [Мікітам] не сварыўся, не пераараў яму мяжы, не перакасіў. Пестрак.

2. перан.; каго. Скасіць, знішчыць, загубіць усіх, многіх. Па горадзе папаўзлі чуткі: партызаны напалі на фашыстаў, стралялі з гармат і быццам бы перакасілі процьму фашыстаў. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлуслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які гаворыць няпраўду, хлусню. У .. [Веры Андрэеўны] ўжо быў складаўся вобраз Тамары — хлуслівай круцёлкі, якая хоча ашукаць яе сына. Арабей. / у знач. наз. хлуслі́вы, ‑ага, м. Хлуслівага лягчэй злавіць, як кульгавага. Прымаўка. // Які выражае хлусню, няшчыры, прытворны. Маё малое сэрца абмывае Крывёй гарачай мужныя пачуцці Нянавісці пякучай і любві. Нянавісці, што думкі праясняе, Стаіць на варце чыстай маладосці І, убачыўшы пагляд вачэй хлуслівых, Трывожным звонам голас падае. Панчанка. Іна сарвала апошні пялёстак і ў злосці кінула кветку на зямлю.. — каму патрэбны яго [Артура] хлуслівыя словы. Ваданосаў.

2. Фальшывы, няправільны. Хлуслівае абвінавачанне. Хлуслівыя данясенні. □ [Шпіёны і дыверсанты] разносілі хлуслівыя чуткі, што Чырвоная Армія знішчана немцамі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпіён, ‑а, м.

Звычайна засакрэчаная асоба, якая тайна збірае або крадзе звесткі, дакументы, што складаюць дзяржаўную або ваенную тайну, з мэтай перадачы іх іншай дзяржаве. Пачалі пашырацца чуткі аб з’яўленні ў нашых тылах варожых шпіёнаў і дыверсантаў. Машара. Паміж лясоў прабіраліся да населеных пунктаў шпіёны і дыверсанты. Чорны. Сотні мільёнаў долараў асігноўваецца ўрадам ЗША на падрыўную работу супроць краін народнай дэмакратыі і СССР, на засылку ў гэтыя краіны шпіёнаў і дыверсантаў. «Звязда». // Разм. Той, хто сочыць за кім‑н., падпільноўвае каго‑н., даносіць на каго‑н. І бацька прыняў вясёлае рашэнне: павадзіць «грыбных шпіёнаў» за нос. Шамякін.

[Ням. Spion.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дайсці́, дайду́, до́йдзеш, до́йдзе; дайшо́ў, дайшла́, -ло́; дайдзі́; зак.

1. да каго-чаго. Ідучы, накіроўваючыся, дасягнуць чаго-н., якога-н. месца, месцапрызначэння.

Д. да станцыі.

Тэлеграма дайшла ў той жа дзень.

2. Распаўсюджваючыся, дасягнуць, данесціся (пра гукі, пахі і інш.).

Гук не дайшоў.

Дайшлі чуткі аб аварыі самалёта.

3. Захавацца, зберагчыся.

Да нас дайшлі старажытныя помнікі пісьменнасці.

4. да чаго. Дасягнуць якога-н. узроўню.

Тэмпература дайшла да 30°.

5. да каго-чаго. Пранікнуць у свядомасць, зразумець (разм.).

Сэнс заўвагі да яго не дайшоў.

Сваім розумам дайшоў да ісціны.

6. перан., да чаго. Дасягнуць крайняй ступені праяўлення чаго-н.

Д. да знямогі.

Д. да шаленства.

7. Стаць гатовым (пра ежу) (разм.).

Пірог дайшоў.

Памідоры дойдуць на сонцы.

8. да чаго. Дасягнуць пэўнага службовага становішча.

Д. да чына палкоўніка.

9. Памерці (разм.).

Доўга мучыўся небарака, пакуль не дайшоў.

|| незак. дахо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

све́жы, -ая, -ае.

1. Толькі што падрыхтаваны або атрыманы, не сапсаваны, а таксама такі, якога не кранула апрацоўка (вэнджанне, саленне, кансерваванне і пад.).

Свежыя кветкі.

Свежыя ягады.

С. чай.

Свежае мяса.

2. Які не быў у карыстанні, ва ўжыванні.

Свежыя фіранкі.

3. Пра ваду, паветра: чысты, нічым не забруджаны, які часта абнаўляецца.

У хаце свежае паветра.

Свежая вада.

4. Халаднаваты, не вельмі цёплы.

Вечар досыць с.

С. вецер.

5. Які не страціў сваёй яркасці, натуральнай афарбоўкі.

Фарба на сценах не пажухла, была як свежая.

Свежае сена (ярка-зялёнае).

6. Выразны, новы або арыгінальны.

Свежыя ўражанні.

Свежая думка.

С. погляд на праблему.

7. Поўны сіл, энергіі, здаровы (пра чалавека).

Са свежымі сіламі працаваць (адпачыўшы, паспаўшы).

8. Які нядаўна ці толькі што з’явіўся; новы.

С. нумар штотыднёвіка.

Свежыя чуткі (пакуль нікому невядомыя).

|| наз. све́жасць, -і, ж.

Не першай свежасці (не свежы).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паўзці́, -зу́, -зе́ш, -зе́; -зём, -зяце́, -зу́ць; по́ўз, паўзла́, -ло́; -зі́; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перамяшчацца па паверхні ўсім целам (пра паўзуноў) ці на ножках (пра насякомых).

Жук паўзе.

Павук паўзе па сцяне.

Туман паўзе па нізіне (перан.).

2. Пра чалавека: перамяшчацца, прыпадаючы тулавам да паверхні і перабіраючы па ёй рукамі і нагамі.

Байцы паўзлі на жыватах.

Дзіця паўзе па падлозе.

3. Ісці, перамяшчацца вельмі павольна (разм.).

Цягнік паўзе.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расці, прылягаючы да паверхні, чапляючыся за яе.

Па ствале дрэва поўз плюшч.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Апаўзаць, асыпацца.

Грунт паўзе.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра паўвадкую масу: цячы, выцякаць адкуль-н. (разм.).

Цеста паўзе з дзяжы.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Распаўсюджвацца, перадавацца (разм.).

Чуткі паўзлі ва ўсе бакі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ужо́, прысл. і часціца.

1. прысл. Указвае па наступленне, канчатковае завяршэнне якога‑н. дзеяння, стану, прыкметы. Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам патрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Лынькоў. Вось ужо і сонейка зайшло, птушкі сціхлі. Якімовіч. // Указвае на змены, якія адбыліся з прадметам, з’явай, месцам дзеяння. Хутка распаўсюдзіліся чуткі, што савецкія войскі ўжо каля Мінска. Дзюбайла.

2. прысл. Нарэшце. [Нехта са сходу:] — Сціхні ты ўжо! Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі.

3. прысл. Зараз, цяпер. — Ешце ўжо вы, я пасля, — адказала Вера Мікалаеўна. Арабей.

4. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. слова. Не так ужо дрэнна. Ужо не раз яму казалі. □ Ужо ў дзвярах Нічыпар азірнуўся. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)