Казакі́ ’адуванчыкі, расліна Taraxacum Officinale’ (Мат. Гом.), ’гарлянка паўзучая, Ajuga reptans’ (брэсц., гродз., Кіс.), козакі ’Ranunculus acer; Consolida regalis; Primula veris’. Этымалагічна гэта слова паходзіць ад каза1 (суфікс ‑ак, аснова каз‑), такая ж структура вядома і ў іншых мовах: польск. kozak, чэш. kozak ’грыб Boletus scaber’, балг. козак ’расліна Tragopogon majus’. Матывацыя, аднак, у назвах асобных раслін розная і заслугоўвае асобнага разгляду.

Казакі́1 ’адуванчыкі, Taraxacum’ (Кіс.). Як верагодныя варыянты матывацыі могуць быць прапанаваны наступныя. Перанос назвы ад каза1 па знешняму падабенству быццам бы малаверагодны, таму можна меркаваць аб пераносе, у аснове якога ляжыць уяўленне аб горкім смаку соку адуванчыка. Гэта вядомая матывацыя: у аснове ляжыць уяўленне аб бескарыснасці або шкоднасці расліны і інш.; параўн. укр. дыял. воўчий зуб, жабник. Іншая версія — ад каза1 пад уплывам казялец і інш. (перанос па колеру). Магчымы варыянт — ужыванне назвы іншай расліны казак для абазначэння вядомых лекавых уласцівасцей Taraxacum. Можна бачыць тут дэрыват ад каза ’лісце, каліва цыбулі’ і да т. п.: адуванчыкі з бутонамі нагадваюць стрэлкі цыбулі з насеннем. Улічваючы, што тэрміны ад заонімаў лёгка замяшчаюцца, можна меркаваць, што тут мела месца замяшчэнне вядомага на ўсх.-палес. тэрыторыі (параўн. у Лысенкі, Пал., баба Taraxacum officinales’) слова баба для гэтай расліны. Параўн. яшчэ бел. і інш. слав. бабка ’расліна трыпутнік, Plantago’ і смал., ельн. казаки ’Plantago medion P. lanceolata’. Магчымасць такога працэсу пацвярджаецца дублетамі бабка/каза ’кальцо, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (усх.-палес.), бел. дыял. гырчак бабʼі ’драсён’, інш. назвы — дрост і казадрост ’кураслеп’, бел. дыял. баба ’саха ў студні з жураўлём’ і каза ’тс’ бабка ’грыб Boletus scaberi’, рус. казак, польск. kozak ’тс’, таксама ўкр. усх.-палес. бабка ’конік (насякомае)’ і конік, шматлікія дэрываты такога тыпу ад казёл і інш. Некаторыя з прыведзеных слоў гістарычна маглі ўтварыцца па-рознаму, адмяк мы звяртаем увагу на сам факт наяўнасці дублетаў і як вынік — вольны выбар падыходзячай тэрміналогіі. Матывацыя ў выпадку з баба ’Taraxacum’ становіцца зразумелай, калі параўнаць назвы раслін з круглымі кветкамі: укр. дыял. бабка, попове гуменце, пупава, баранки ’Taraxacum officinale’ і макушка, орішок, головняк ’розныя віды Trifolium’, параўн. яшчэ бел. бабкі ’расліна Trifolium reperis’ (Бейл.). Да разумення ўнутранай формы параўн. яшчэ дзіцячую гульню-загадку, калі на адуванчык дзьмуць, а перад гэтым загадваюць, што атрымаецца: дзед ці баба? Аб іншых варыянтах тлумачэння баба ў гэтых значэннях гл. Краўчук, БЛ., 1974, 6, 65.

Казакі́2 ’гарлянка паўзучая, Ajuga reptans’ (брэсц., Федароўскі; гродз., Верас). У даным выпадку можна меркаваць аб сувязі з назвай каза1 на аснове знешняга падабенства: сцябло і лісце расліны пакрыты шматлікімі шчацінкамі; іншая магчымасць — па форце кветкі, — гэта расліна з сямейства Labiatae, і таму параўнанне кветкі з галавой жывёлы натуральна: што ж датычыць канкрэтнага віду, то ў яго кветцы на канцы ўтвараецца некалькі характэрна адагнутых уніз пялёсткаў. Менш верагодны перанос назвы з іншай расліны па функцыянальнай прыкмеце. A. reptans з’яўляецца лекавай раслінай (гл. Z našej prirody, 339), аднак як лекавая яна малаўжывальная. Іншыя назвы для A. reptans гарлянка, гандзель, гарлавінка, жывучка, разрыў таксама не сведчаць пра такое яе выкарыстанне (калі толькі не дапускаць, што назва гарлянка адначасова з’яўляецца выражэннем яе карысных уласцівасцей); параўн. да гэтага сярэдневяковае павер’е ў дачыненні да пралескі (Hepatika nobilis: рус. печеночница) аб тым, што, падобная лісцем на печань, гэта расліна лечыць хваробы печані.

Казакі́3 ’казялец едкі, Ranunculus acer’ (Бейл.). Сувязь з каза1 бясспрэчная: параўн. паралельныя казялец, казлы, казялкі. Можна меркаваць, што тут ужыванне вядомай на Палессі назвы казакі або незалежнае ўтварэнне (відаць пад уплывам казёл з суседніх гаворак). Матывацыя празрыстая: параўн. лац. відавую назву acer ’едкі’, бел. дыял. назвы казяльца зараза, курыная слепата (апошняе па колеру), укр. лютий цвіт, рус. лютик, укр. прищирник; паводле сваёй едкасці расліна атрымлівае адмоўную характарыстыку найменнем, утвораным ад каза1. У славянскіх мовах дэрываты ад каза і пад. у такіх значэннях могуць выступаць як тоесныя дэрыватам ад воўк і пад. Параўн. серб.-харв. kȍze ’воспа’ і рус. волчанка і лац. назву хваробы lupus, параўн. таксама шматлікія дэрываты ад воўк у назвах атрутных раслін.

Казакі́4 ’расліна Consolida regalis (= Delphinium consolida)’ (Бейл.). Бясспрэчна, да каза1; метафара зразумелая, калі згадаць рагатыя кветкі гэтай расліны. Вельмі красамоўныя народныя назвы: бел. рагулькі, козлікі, тапаркі і інш., рус. сокирки, грабельки, рогульки, комаровы носики, козельчики, укр. козенька, козенка, козличка, козлики, сокірка, заячі ушка і да т. п.

Казакі́5 ’расліна Primula veris’ (Бейл.). Нельга меркаваць аб непасрэдным утварэнні гэтай назвы ад каза1. Думаецца, што тут адзін з выпадкаў, калі існуючае найменне казакі канкрэтных раслін (або толькі адной расліны) пераносіцца на іншую. Матывацыя можа быць рознай; што ж датычыць казакі ’Primula’, можна прапанаваць наступныя варыянты тлумачэння. Яркія адзнакі расліны — раннія кветкі (параўн. рус. первоцвет) і іх жоўты колер. Відаць, веснавыя расліны разглядаліся недыферэнцыравана, аб гэтым сведчаць такія назвы для Primula, як укр. нар. проліски, просерень, раст, ряст — назвы агульныя для некаторых веснавых раслін; сярод сінанімічных найменняў веснавых кветак сустракаюцца і дэрываты ад каза, казёл. Сярод укр. тэрмінаў для Primula звяртаюць увагу курача сліпота, куріна сліпота, сліпота. Гэтыя ж назвы тыповыя і для іншых як веснавых раслін, так і больш позніх. К ліку гэтых назваў — дэрываты ад каза, казёл і пад.; матывацыя — атрутныя, нарыўныя ўласцівасці раслін. I апошняе: перанос мог адбыцца дзякуючы таму, што расліны з лекавымі ўласцівасцямі могуць або разглядацца недыферынцыравана, або называцца адным тэрмінам для абазначэння іх каштоўнасці. Параўн. да апошняга рус. дыял. «Есть трава казак, ото всего хорошо пить» (томск. і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кала́ч1 ’круг’ (лельч., Нар. лекс.), магчыма, другаснае, параўн. ілюстрацыю: «Калач коубасы купіў», с. 131, да таго ж незразумелая наяўнасць слоў з оканнем і без, ’пятля (з вяроўкі або прутоў)’ (БРС), ’круглае рабро ў рыбалоўнай прыладзе’ (Пал. Крыв.), ’заверцень з вяроўкі ці звіткі ў форме абаранка’ (ганц., пух., Сл. паўн.-зах.), ’абруч’, ’завязванне хусткі абручом’ (ТС), ’кальцо (жалезнае, драўлянае, вяровачнае або з лазы) на «ярме», у якое ўстаўляецца канец дышля’, колач ’тс’ (Маш., але рэалія некалькі іншая: «прывязь, якая прымацоўвае ярмо да рагача сахі», с. 59), колач, колачык, колачы, калачы ’частка бараны: пруты, у якія ўстаўляюцца зубы’, калачы, калачыкы ’25 парна сплеценых драўляных прутоў на баране’ (Сержп. Грам., Сержп. Земл.); з пераносам назвы абруча на рэалію, замацаваную такім абручом, ‑калач ’дровы, пакладзеныя на дзве жэрдкі зверху і знізу і прывязаныя да іх’ (навагр., Нар. лекс.). Звяртаюць на сябе ўвагу адзначаныя ў окаючых гаворках Палесся формы з аканнем, што, магчыма, неабходна тлумачыць пашырэннем слова з адпаведных гаворак. Параўн. яшчэ калач2. Укр. усх.-палес. калач ’кальцо ў ярме валовай вупражы, у якое ўстаўляецца дышаль’, ’кальцо з вяроўкі і да т. п., дэталь у возе’, колач ’кальцо з лазы, якім прымацоўваюцца аглоблі да саней’, калач ’дзіцячая гульня з кальцом’ (Чуб. 3), колач (у Шухевіча) ’разнавіднасць посуду: гліняная труба, сагнутая ў выглядзе кальца, з рыльцам, ужываецца для гарэлкі і носіцца на шнурку на плячы’ і ’доўгі скрутак з сена на вяршыні стажка, каб дождж не трапіў у сярэдзіну’, рус. наўг., валаг., ярасл. калач і колач ’драўлянае або металічнае кальцо, з дапамогай якога зацягваюць вяроўку, што замацоўвае сена на возе’, ’частка хамута; набітая саломай кожаная падушка…’, дан., цвяр. калачы ’выпадковыя вузлы на ніжняй вяроўцы невада’, ’кольцападобная рачная пратока і інш.’, польск. kołaczek ’круглы гаючы пластыр’ (з XV ст.), чэш. koláček ’круглы чапец’, серб.-харв. ко̀љач ’некалькі звязаных разам абручоў’, ’звітая ў кальцо вяроўка’, ’зруб у студні’, ’кружок у ланцужку’ і інш., славен. koláč ’маток дроту’, ’посуд для віна’, ’круг’. Некаторым з прыведзеных лексем лічацца (Слаўскі, 2, 363, RHSJ, 5, 179) другаснымі, пераноснымі ад kolačь ’печыва ў выглядзе кола’. Думаецца, што няма патрэбы ў гэтым, паколькі значэнне ’круг, кольца’ з’яўляецца этымалагічна натуральным, калі меркаваць, што калач1, як і калач2, ад прасл. kolo. Гл. Мартынаў, Ареальн. иссл. в языкозн. и этнографии. Л., 1975, с. 24. Не выключана, што першаснае значэнне ’зроблены (скручаны) у выглядзе кола’ для прасл. дэрывата kolačь датычыць і kolačь ’круглы хлеб’, якое ўжо пазней спецыялізавалася.

Кала́ч2 ’круглая булка пшанічнага хлеба’ (БРС, ТСБМ), ’абаранак’ (Пятк.), калачы ’тс’ (Кольб., Маш.), (на крайнім захадзе палескай тэрыторыі) колач, калач ’пірог’, ’вясельны пірог прадаўгаватай формы’, ’прадаўгаваты жытні пірог, які нясе ўнук сваей бабцы-павітусе’, (на захадзе, цэнтры і ўсходзе Палесся) ’вялікі баранак’ (Вешт.). Адзінкава ў цэнтры Палесся зафіксавана значэнне ’блін’ (Вешт.). Укр. усх.-палес. калач ’баранак’, укр. калач і колач ’крэндзель і наогул белы хлеб’, дыял. колач сирний (у Шухевіча) ’авечы сыр, злеплены ў выглядзе круглага хлеба з адтулінай пасярэдзіне, які смажыцца ў масле’, рус. калач і колач ’белы хлеб’, ’печаныя вырабы з мукі (у выглядзе жгутоў, кольцаў і да т. п.)’, ’абаранак’, польск. kołacz ’пірог з найлепшай пшанічнай мукі і інш.’, дыял. ’буханка хлеба круглай або падоўжанай формы; белы хлеб, булка’, н.-луж. kółac ’круглы хлеб, велікодны пірог’, в.-луж. kołač ’круглае печыва’, чэш. koláč ’круглы пірог і да т. п.’, славак. koláč ’печыва з белага квашанага цеста’, славен. koláč ’круглы велікодны пірог, круглы пірог наогул, каравай белага хлеба і інш.’, серб.-харв. ко̀лач ’хлеб, звычайна белы, з лепшай мукі, салодкі, спечаны ў форме кола’, макед. колач ’абрадавы хлеб’, балг. колач ’асобы абрадавы хлеб, звычайна з адтулінай пасярэдзіне’. Прасл. kolačь, дэрыват ад kolo (гл. далей кола), Слаўскі (2, 364) мяркуе, што першасным значэннем было ’печыва ў форме кола’, што, на яго думку, пацвярджаецца чэш. дыял. kolo, балг. дыял. коло, рус. дыял. колесо, усё ў значэннях ’калач і да т. п.’ Калі прыняць такі пункт гледжання, неабходна і для kolo, колесо меркаваць аб першасным значэнні ’хлеб’. Не выключана, што прасл. дэрыват ад kolo меў больш дыфузную семантыку, накшталт ’зроблены (скручаны) у форме кола’, а ’хлеб у выглядзе кола’ было другаснай спецыялізацыяй. Параўн. калач1, дзе шэраг значэнняў ніяк нельга вытлумачыць як другасныя намінацыі ад kolačь ’пірог’. Аб прасл. kolačь ’прадмет, які нагадвае па форме кола’, пісаў Трубачоў, Ремссл. терм., 225. Трубачоў (там жа, 256) мяркуе аб магчымасці генетычнай сувязі назвы посуду для выпечкі хлеба (маецца на ўвазе славен. дыял. kolač ’асобая глыбокая патэльня, вялікая гліняная міска з адкрытым або закрытым круглым канічным узвышэннем пасярэдзіне для выпечкі вялікіх хлябоў’), што, відавочна, неабходна разумець як перанос назвы пасудзіны на выпечаны хлеб. Гэта не вельмі добра абгрунтавана ў тым, што датычыць рэалій, хоць шэраг славянскіх значэнняў (’вялікі абаранак’ і інш.) указваюць быццам бы на магчымасць ужывання спецыяльнай формы, а сам спосаб выпечкі вырабаў з мукі ў формах можа быць старажытным. Вештарт (Лекс. Пал., 119) лічыць, што палескія гаворкі крайняга захаду адлюстроўваюць уплыў польскіх абрадавых і моўных звычаяў.

Кала́ч3 ’расліна рагоз, Typha’, ’насенная шышка рагозу’, ’кіях кукурузы’ (лях., лід., Сл. паўн.-зах.), калачы ’каташкі (на бярозе)’ (свісл., Шатал.), магчыма, сюды ж і драг. калачык ’пакаёвая кветка’. Укр. усх.-пал. калач ’кіях кукурузы’, калачики (уст.) ’кукуруза’. Непасрэдная сувязь з калач2 або калач1 здаецца немагчымай, паколькі для бел. рэалій нельга дапусціць перанос гэтых назваў паводле падабенства. Магчыма, першапачаткова назва частак расліны, падобных на калач, параўн. рус., укр. мар. назву калачик ’расліна Malva’. Наступны этап — перанос назвы на круглыя плады або кветкі іншых раслін, параўн. рус. дыял. калачики ’расліны розных відаў Trifolium’ і калачики ў наступным кантэксце: «Трава растёт калашнік, красненьки калачики и беленьки калачики у нее, сверху, … калашник похож на клевер, но это не клевер» (СРНГ, 12, 339). Такую у прынцыпе магчымую версію прыняць нельга, паколькі на бел. тэрыторыі наогул не засведчана слядоў падобнага працэсу. У бел. назвах для Typha адзначаны кіеўка, катке, кіёўка, кіёўнік, укр. палки, палочник, бел. дыял. калачык ’песцік’ і ’пладаносная частка сцябла некаторых раслін’ можна параўнаць з бел. таўкачык ’назва хвашчу’, а бел. дыял. калатоўка ’рагоз’ нельга не суаднесці з калатоўка ’мяшалка’. Іншымі словамі, найбольш імаверна параўнаць разглядаеце слова з дзеясловам калаціць (аснову колот‑). Пры гэтым, калі дапускаць аналагічны па ўтварэнню працэс (назва прылады, якой калоцяць > назва расліны), неабходна рэканструяваць калач (магчыма, як сінонім да калатоўка) як назву прылады, ужытую пазней для расліны, або хутчэй для насеннай шышкі рагозу і да т. п. Такі варыянт тлумачэння ўяўляецца не вельмі надзейным, паколькі мяркуемы дэрыват ад калаціць не засведчаны (параўн., аднак, рус. дыял. колот ’песцік у маслабойнай ступе’). Аб іншай версіі сведчаць такія формы, як бел. дыял. калачонік ’стрэсены арэх’, калачанка ’стрэсенае сена з саломай’, калачынка ’амлет’, колотуша ’тс’, дзе ‑ч‑ заканамернае. Аднак спосаб утварэння ад асновы калач‑ няясны. Калі звярнуць увагу на такі сінонім для Typha, як катке (мн. ад каток), мяркуючы пры гэтым, што каток тут не ад кот (у сувязі з мяккасцю, пухаўка ’рагоз’), а дэрыват ад каціць і калачы і каташкі (на бярозе), можна прапанаваць і такі варыянт тлумачэння, пры якім калач — метатэза з качая, якое, у сваю чаргу, зваротны дэрыват ад качалка, качалкі. Параўн. рус. смал., росл. качалка ’шышка (лопуху?), якой кідаюць на вяселлі ў жаніха і шафера’. Аднак такая версія найменш імаверная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казлы́1 ’прыстасаванне для распілоўкі дроў’ (Жд. 2; слуц., Жыв. сл.; Мат. Гом.; Сцяшк., Шат., Янк. 2, Сл. паўн.-зах.), ’сталюга’ (в.-дзвін, Шатал.). Звычайна ў слав. мовах сустракаюцца формы з іншай акцэнтуацыяй: бел. козлы, балг. козли і інш. Гэта вымушае думаць аб бел. інавацыйным утварэнні формы мн. ліку на базе казёл ’козлы’, якое да казёл1 — традыцыйны перанос паводле падабенства.

Казлы́2 ’збітыя накрыж дручкі, якія кладуцца на грэбень страхі для таго, каб вецер не здзіраў саломы і не знёс дошак, якімі прыкрыты канёк страхі’ (Мат. Маг.; Сцяшк.), казлэ́ ’дошкі, якія прымацоўваюцца па краях саламянай страхі, каб не раскідалася салома’ (Сцяшк., Тарн.), сюды ж козлы ў першым значэнні (Кор.-Шушк., Харузін), без націску, таму меркаваць аб фанетыцы нельга, магчыма з ‑о‑, тое ж і ў Шэйна, 3. Яўна другаснае козлі ’канёк даху’ (Тарн.), хоць яго можна разглядаць як канёк, г. зн. самастойнае ўтварэнне ад казёл з пазнейшай трансфармацыяй; матывацыя — з хрыбтом жывёлы параўноўваецца форма часткі даху. Паралелямі да бел. казёл, польск. kozieł ’кроква’, укр. гуц. кізла ’тс’, аднак дакладны адпаведнік — укр. усх.-палес. козли ’тс’. Рэгулярны характар пераносу назвы ад казёл1 не дазваляе меркаваць аб уплыве польск. Хутчэй гэта інавацыя; трэба ўлічыць наяўнасць пераносаў з назвы гэтай рэаліі з зааморфнымі прыметамі на іншыя дэталі даху. Укр. слова нельга аддзяляць ад бел. усх.-палес. Параўн. яшчэ казёл2.

Казлы́3 ’сажань’ (Мат. Гом.). Да казёл ’тс’, трансфармацыя — пад уплывам іншых тэрмінаў у форме мн. ліку.

Казлы́4 ’прыстасаванне для сушкі травы’ (Сл. паўн.-зах.). Няма дакладнага апісання рэаліі, таму цяжка меркаваць: ці гэта незалежны наватвор, рэалізацыя тэрміна казлы1, ці дэрыват ад казёл? Матывацыя зразумелая, магчымыя паралелі ёсць у суседніх рус. гаворках: смал. козёл ’кол, жэрдка (звычайна з перакладзінамі) для сушкі гароху, сена і інш.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з сукамі гарох’.

Казлы́5 ’прыстасаванне для ляжання на дрэвах’ (Мат. Гом.). Адсутнічае апісанне рэаліі. Матывацыя зразумелая, аднак утваральнае слова цяжка ўказаць дакладна. Магчыма, непасрэдна да казлы1, аднак не выключана, што лексема ўтворана на базе назвы казёл падобнай рэаліі.

*Казлы́6, козлэ, кузлэ ’металічныя вілы’ (малар., Нар. лекс.). Празрысты перанос ад казёл1, аднак звяртае на сябе ўвагу форма мн. ліку і акцэнтуацыя; гэта, магчыма, тлумачыцца ўплывам паралельных тэрмінаў, або, што больш верагодна, тут рэалізацыя тэрміна казлы з дыфузным значэннем, калі розныя прадметы, дэталі прыстасаванняў і інш. з больш або менш відавочнымі зааморфнымі прыкметамі або проста падобныя атрымліваюць такую назву. Множны лік можна вытлумачыць уплывам формы вілы.

Казлы́7, казлэ́ ’прылада для наматвання пражы’ (карэліц., Шатал.). Магчыма, тут семантычнае ўтварэнне ад казёл1, ці рэалізацыя тэрміна казлы, якім называюць розныя прыстасаванні, падрабязней гл. папярэдняе слова.

Казлы́8, казлэ́ ’перакрыжаваныя кроквы, якія падтрымліваюць страху ў гаспадарчым будынку’ (навагр., Нар. сл.; брасл., Сл. паўн.-зах.), укр. гуц. кізли, польск. kozieł (дыял. форма — паўдн.-зах. па геаграфіі), в.-луж., н.-луж. kozoł ’кроква’. Магчыма, стары (паўн.-слав.) перанос ад казёл1 (матывацыя празрыстая), аднак можа быць тэрмін з дыфузным значэннем. Геаграфія слова сведчыць аб верагоднасці даўняй спецыялізацыі значэння. Пярэчыць такой спробе храналагізацыі відавочны рэгулярны тып пераносу. Статус бел. слова, нягледзячы на фіксацыю ў заходніх раёнах, здаецца незалежным.

Казлы́9 ’агульная назва ядомых грыбоў’ (касцюк., Жыв. сл.), ’род грыбоў’ (Грыг.), ’грыбы казлякі’ (Мат. Гом.). Усё гэта да казёл1, дзе меркаванні аб матывацыі. Два апошнія значэнні можна аддзяліць ад першага, паколькі ў іх суадносіны з утваральным словам празрыстыя. Казлы ’агульная назва ядомых грыбоў’ можа быць рэалізацыяй іншага варыянта ўтварэння: не ад назвы канкрэтнага грыба, а ў межах супрацьпастаўлення — добры для чалавека — добры для жывёлы — грыбы ’баравікі’ — казлы — ’не баравікі’.

Казлы́10 ’грубая балотная асака, не прыгодная на корм жывёле’ (ушац., Нар. лекс.). Да казёл1; адносна матывацыі параўн. казёл, казіная барада ’Nardus stricta’. У канкрэтным выпадку магчымы не столькі перанос на аснове падабенства, колькі рэалізацыя адмоўнай семантыкі тэрміна казёл у значэнні ’не чалавечы: дрэнны, шкодны, бескарысны’.

Казлы́11 ’казялец едкі, Ranunculus acer’ (міёр., Жыв. сл.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.). Можна разглядаць як аўтаномнае ўтварэнне (па зааморфнай прыкмеце), аднак хутчэй за ўсё гэта не паралельная назва да іншых, а адваротная дэрывацыя ад казелец і пад., ці проста лексема з фонду тэрмінаў для «казліных» раслін. Падобныя трансфармацыі могуць быць абумоўлены традыцыяй, уплывамі суседніх гаворак, зменамі ў сістэме тэрміналогіі і інш. Субстытуцыя ў назвах раслін — з’ява вядомая, параўн. казінае масла (гл.).

Казлы́12 ў выразе казлы драць ’ванітаваць’ (БРС, ТСБМ, Касп.; КЭС, лаг.; Мядзв., Нас., Шат.). На жаль, крыніцы не дазваляюць дакладна акрэсліць геаграфію гэтага выразу. Апрача бел. мовы яго ведаюць рус. (асташ., цвяр., пск., калуж., смал., варонеж.) козла драть (содрать), козлы, козлов драть ’тс’ (гжатск., смал.) ’валяцца п’янаму ў балоце’. Даль прыводзіць яшчэ лисиц драть ’ванітаваць з перапою’, гэта можна разумець як субстытут. Рус. гаворкі ведаюць тое самае значэнне для слова драць: пакр., пор., уладз. драть ’ванітаваць’. Традыцыйна (Блесэ, SB, 1935–1936) лічыцца калькай лат. або іншага балт. выразу. Кіпарскі (Балтызмы, 15) адзначаў: «…бел. козлы драць ’ванітаваць’, якое мае дакладны адпаведнік у латышскай (āžus kaut, durt, dīrāt, plēst, āžu ādas spīlēt, ar ažu adam branktʼ ’блевать’), здаецца, не мае адпаведнікаў ні ў польскай, ні ў рускай. Чэкман (Baltistica, VIII, 1972, 147) дапаўняе літ. óžius káuti, ráuti, biẽlyti, nérti. Ці маглі такія выразы, ужытыя ў прамым значэнні, з’явіцца эўфемізмамі для паняцця ’ванітаваць’? Відаць, маглі, калі разумець іх як ’рабіць дрэнную (смярдзючую) справу; смярдзець’, параўн. да гэтага рус. пошел собак драть (аб непрыемнай справе). Такое натуральнае тлумачэнне, відавочна, мела месца пры народнаэтымалагічных спробах разумення выразу; ва ўсякім разе лат. матэрыял дазваляе так меркаваць, паколькі, нягледзячы, што літ. і слав. прыклады двухсэнсоўныя, значэнне ’абдзіраць скуру’ ўяўляецца для іх асноўным. Такая спроба этымалогіі не ўлічвае шэрагу фактаў, аднак, на нашу думку, правільна адлюстроўвае (як гэта відна з лат. прыкладаў) пэўныя этапы моўнага працэсу адносна разглядаемага слова, калі першасная матывацыя стала губляцца або не была зразумелай шэрагу гаворак. На нашу думку, з’яўленне заоніма ў структуры выразу можна разумець і як першаснае, і як другаснае, што тлумачыцца надзейнымі паўдн.-слав. паралелямі: серб.-харв. kozláti ’ванітаваць’ і славен. kozláti ’тс’. Геаграфія апошняга невядомая, аднак, відаць, з таго ж арэала, што і папярэдняе: на славенска-харвацкім паграніччы. Фармальная сувязь з асновай заоніма kozьlъ відавочная. Пра сувязь з назвай казла сведчаць некаторыя літ. прыклады. У прыватнасці, звяртае на сябе ўвагу паралелізм як канструкцый, так і асобных лексем, этымалагічна больш празрыстых, якія характарызуюць семемы ’ванітаваць’ і ’крычаць прарэзлівым голасам’. У абодвух значэннях адзначана рус. дыял. драть. Магчыма, менавіта з такога пункту погляду неабходна разглядаць бел. маг. дзёргаць ’ванітаваць’ (Падлужны, вусн. паведамл.). Захаванне архаічнага славен.-харв. kozláti сведчыць або пра агульны (балта-славянскі) працэс, або пра старажытныя кантакты славян і балтаў. Пры гэтым неабходна падкрэсліць верагодны арэальны характар кантактаў, на што ўказваюць ускосна як змены ў семантыцы канструкцыі, так і відавочныя супадзенні розных слав. і літ. фактаў. Што датычыцца лат. матэрыялу, мы лічым, што адзначаныя выразы — вынік уплыву або слав., або літ. мовы, пра што сведчыць як фармальнае супадзенне дзеяслоўнай часткі выразу āžus dīrāt з адпаведнай славянскай структурай, так і паслядоўнае, другаснае, на базе народнай этымалогіі асэнсаванне выразу, гл. вышэй пералік лат. прыкладаў. Больш цяжка акрэсліць статус літ. і слав. канструкцый. Супраць моўнага кантакту ўзаемаўплыву, магчымага калькавання нельга запярэчыць: меркаваць аб тым, што тут наглядаецца семантычная універсалія і ўтварэнні незалежныя, як быццам няма падстаў. Той факт, што ўласна выраз сустракаецца па сумеснай балт. і слав. тэрыторыі, яшчэ нічога не азначае: зах.-палес. гаворкі зберагаюць фактычна архетып, які не прадстаўлен дакладна ў балт. мовах, і наяўнасць выразу казлы драць можна разумець або як спецыфічнае яго захаванне (субстратны ўплыў і да т. п.), або як кальку, але абгрунтаваць гэта цяжка. Нічога не даказвае параўнанне са слав. прыкладамі, большая варыятыўнасць літ. выразаў — гэта, на сутнасці, адлюстраванне дыялектнай сітуацыі. Верагодна, што наяўнасць выразу ў літ., бел. і некаторых рус. гаворках сведчыць аб цэнтры інавацыі ў межах гэтай тэрыторыі; між іншым, вялікая актыўнасць прыведзенай вышэй спецыфічнай мадэлі ўтварэння назваў жабінай ікры адзначана на бел.-рус. паграніччы (поўначы і ўсходзе Беларусі), хоць сама з’ява вядома больш шырока. Калі і дапускаць экспансію выразу ў выніку моўных кантактаў, з пэўнай верагоднасцю можна сцвярджаць, што было гэта падчас асіміляцыі славянамі балтыйскага насельніцтва, а не ва ўмовах пагранічнага двухмоўя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пад, прыназ. з В і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «пад» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, ніжэй якога накіравана дзеянне. Пакласці сякеру пад лаўку. Засунуць касу пад страху. □ Снег на штучным малюпасенькім азярцы быў ушчэнт спярэшчаны заячымі слядамі; яны заходзілі аж пад масток над круглым азярцом. Чорны. «Дзеці мае! Вы пад’елі, заснулі, І я вам спакою хачу, Я пад вашы кашулі Завею з трубы не пушчу». Куляшоў. // У значэнні «ніжэй паверхні чаго‑н.» Нырнуць пад ваду. Спусціцца пад зямлю.

2. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, у бок ніжняй часткі якога накіравана дзеянне. Сесці пад куст. □ Усе складалі свае парашуты ў адно месца, пад нізенькую каржакаватую ігрушу, якая дзіка расла, растапырыўшыся і пакрывіўшыся над шырокім жытнім полем. Чорны. Чалавек шырока махае рукамі, коўзаецца ботамі па слізкай дарозе і паціху ідзе, пазіраючы сабе пад ногі. Галавач.

3. з В. Разм. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, у непасрэдную блізкасць да якіх накіравана дзеянне. Пайсці пад студню. □ Вось мякка газуе Пад хату трохтонка. Куляшоў. З Мінска прыбыў эшалон пад Цымляны неяк у поўдзень. Астрэйка. // У значэнні «аж да самага (прадмета, месца і пад.)». Агонь шугае пад воблакі. Падкінуць пад столь.

4. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або паняцця, пры назве дзеяння ці стану, у зону якіх накіравана іншае дзеянне. Выйсці з хаты пад дождж. Папаў пад халодны душ. □ Колька падставіў пад буйныя кроплі свой кірпаты вяснушкаваты тварык, ссунуў бровы, нібы і сапраўды кагосьці ўбачыў у нізкіх шэрых воблаках. Грахоўскі. Пры тым.. [хлопец] так даверліва ставіўся да новага свайго спадарожніка і так яго ўся істота прасілася пад яго апеку, што здавалася, быццам яны знаёмыя ўжо шмат год. Чорны. // Пры ўказанні на стан, у які пападае хто‑, што‑н. Аддаць пад суд. □ [Бацьку] здавалася, што Аксеня адна будзе вельмі бездапаможная, што яна яшчэ не ведае практыкі жыцця, яна можа падпасці пад злую крыўду. Чорны. // Разм. У значэнні «ва ўладу каго‑, чаго‑н.» Паводле Брэсцкага міру частка Беларусі пападала пад Германію.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, ніжэй якога адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто‑, што‑н. Сваёй чаргой жыццё Ішло пад ясным і халодным небам. Звонак. А край падымаўся, пад зорамі рос, Квітнеў штовясну небывала. Буйло. Мрок стаіўся нерухома, Пад нагамі лом, каменне. Колас. // Пры абазначэнні прадмета, з ніжняга боку (ці за адваротным бокам) якога адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто‑, што‑н. Пад белай страхою стаіўся пасёлак, Прымоўклі навокал лясы. Колас. Шчарбацюк .. пачаў хвалявацца, — пад скурай напружана захадзілі жаўлакі. Мележ. // Ніжэй паверхні чаго‑н. Кветкі пад снегам. □ Толя падсек, і на канцы лескі, пад вадой, пачулася даўно чаканае далікатнае супраціўленне. Брыль. // Пры абазначэнні прадмета, які выступае ў якасці покрыва іншага прадмета. Карціна пад шклом. Лямпа пад абажурам.

6. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, унізе каля якога (побач з ніжняй часткай якога) адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто‑, што‑н. Пад гарой зялёны гай. Галлё валялася пад нагамі. □ Калі над радзімай пажары шугалі І неба гуло ад грымот, — Пад шумнымі соснамі мы прысягалі Табе, беларускі народ! Броўка. Я яшчэ не забыў, як кляліся вы з ёй вечарамі. Цалаваліся цэлую ноч у мяне пад акном. Куляшоў.

7. з Т. Ужываецца пры ўказанні на месца, у непасрэднай блізкасці ад якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца, знаходзіцца хто‑, што‑н. Нехта стаяў пад дзвярамі. □ Пад Барысавам палонным, За Бярозаю-ракой, Войска арміі Чырвонай Сабірала сілы ў бой. А. Александровіч. У красавіку, калі ў лагер прыгналі чалавек з трыццаць англійскіх маракоў, узятых пад Парвікам, палякі сустрэлі іх вельмі радасна. Брыль. Села пад пушчаю Восень, Вочы ўтаропіўшы ўдаль; Жаль ёй павяўшых дакосін, Спетых дажынак ёй жаль. Купала.

8. з Т. Ужываецца пры абазначэнні пэўнай з’явы або аб’екта дзеяння, у зоне пашырэння якіх адбываецца што‑н. або знаходзіцца хто‑, што‑н. Быльнёг шумеў пад ветрам. Іржышча блішчыць пад расою. Стаяць пад дажджом. □ Павек не забудзецца тая навала, Як, дымам ахутаны чорным, Стаяў ты, мой горад, пад вогненным шквалам І ворагу быў непакорным. Хведаровіч. Пад варожымі кулямі клаліся крыжам, А ніхто не хацеў і не мог адступіць. Глебка. Пад гэтым простым і шчырым «чаму», якое было не толькі ў словах, але і ў вачах інваліда, студэнт разгубіўся... Брыль. // Пры ўказанні на стан, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Займацца пад кантролем. Трымаць пад пільнай аховай. Жыць пад страхам. □ Пад націскам тройчы ўзбольшаных сіл, На бераг шырокай ракі Апошнімі, мужна, між свежых магіл, З баямі адходзяць палкі. Глебка. // Разм. У значэнні «ва ўладзе каго‑, чаго‑н.» Жыў пад Польшчай. □ Гора нам, бедным, гора, загнаным, Мучаць нас чорныя долі, Стогнем пад царам, стогнем пад панам, Стогнем мы дома і ў полі. Купала.

Часавыя адносіны

9. з В. Ужываецца пры абазначэнні моманту, адрэзку часу, напярэдадні якога ажыццяўляецца дзеянне. Скідалі стог пад вечар. Бярэцца пад дзень. □ Пад раніцу Наташа засынала, але спала нядоўга. Шамякін. Пад поўдзень рота заняла боем рад траншэй на ўскраі лесу. Мележ. Пад шэрую восень, пад верасень месяц, Задумаў жаніцца Мядзведзь ў цёмным лесе. Танк.

Аб’ектныя адносіны

10. з В. Ужываецца пры абазначэнні працэсу, стану, гукавога фону, у суправаджэнні якіх адбываецца дзеянне. Адзінай кагортай, ячэйкай адзінай, Пад крок пяцігодак, пад грукат гадзін Уздымем краіну, уславім краіну, Край родны ў творчай красе адрадзім! Куляшоў. Кладзецца жыта спелае пад песню На сто крывых адвостраных сярпоў... Панчанка. І на світанні свежых раніц, пад звонкі посвіст салаўя, выходзіць з лесу партызаніць уся Вілейшчына мая. Машара.

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, за які бяруцца, захопліваючы яго знізу. Кацярына Рыгораўна ўзяла Надзю пад руку, і яны пайшлі, нібыта даўнія сяброўкі. Грахоўскі.

12. з В. Ужываецца пры ўказанні на прыладу, інструмент і пад., уздзеянню якіх што‑н. падвяргаецца ці з дапамогаю якіх што‑н. ажыццяўляецца. Пусціць пад нож. □ — Там, — казаў ён, — даволі Дабра я замкнуў пад замок: І цыбулі, І солі... — І хлеба? — спытаў Васілёк. Куляшоў.

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які служыць гарантыяй, забеспячэннем чаго‑н., узамен якога што‑н. даюць або атрымліваюць. Аддаць пад залог. □ У той дзень стары Скуратовіч сам хадзіў у лес бачыцца з сынам і раіцца, што рабіць: зранку прыехаў чалавек з воласці і пад распіску даў паперку, дзе былі выпісаны тэрміны здачы жыта. Чорны.

14. з Т. Ужываецца пры абазначэнні ўмоў, абставін, гукавога фону, якімі суправаджаецца дзеянне. Спакойна і мірна Суровай хадой Пад ленінскім сцягам Праходзяць калоны. Глебка. Ля хат пад свістам непагоды Цішэе сад і дрэва жоўкне, — Для нас з табой вясна заўсёды, Бо на душы вясна не змоўкне. Хадыка. Забыўся, здаецца, Андрэй на ўсё, стоячы пад паважным, раўнамерным шумам сосен. Пестрак.

15. з Т. Ужываецца пры назве прадмета, інструмента, прылады, уздзеянню якіх хто‑, што‑н. падвяргаецца ці з дапамогаю якіх што‑н. ажыццяўляецца. Пад сярпом маім крывым Жыта хутка гнецца, Сноп за снопам у радкі Покладам кладзецца. Гартны. Пыліць пад армейскімі ботамі шлях, Медалі звіняць на грудзях. Зарыцкі.

Азначальныя адносіны

16. з Т. Ужываецца пры ўказанні на адметную ўласцівасць, прымету прадмета. Часопіс пад назваю «Маладосць». Пісаць пад псеўданімам. □ І выраб мой дасужае мінуты, Рагаты сук пад надпісам «Чымган», Прыродаю так вычварна загнуты, Гадае там пра родны Казахстан. Колас. // Пры назве прыправы да страў. Салат пад маянэзам. Рыба пад соусам.

Параўнальныя адносіны

17. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, падобна да якога што‑н. робіцца, з якім што‑н. параўноўваецца. З коміна, дзе ўткнута шэрая пад колер сталі гліняная труба, .. плыве-бяжыць сіняваты дымок. Колас. Гуральскія хаты. Вуглы — «замок» — памаляваныя пад шахматную дошку, нібы палоскі на таксі. Брыль. // Пры абазначэнні таго, што з’яўляецца ўзорам, прыкладам для пераймання. Стрыгчы пад бокс.

18. з В. У адпаведнасці з чым‑н. або раўназначна чаму‑н. Значэнне слова «рух» падыходзіць пад паняцце «дзеянне». □ Коля любіў пахваліцца, калі гэта было пад настрой. Грамовіч. Джамбулу я песню сягоння пяю, Пад сэрца і думу настроіў сваю. Купала. Сэрца просіць шляхоў, Што цяжкім маім ботам пад сілу; Наглытацца хачу туманоў, Твайго ветру і пылу. Куляшоў.

19. з Т. Ужываецца пры абазначэнні паняцця, сэнс якога трэба раскрыць (пры словах «разумець», «хавацца», «падразумяваць» і пад.). Пад нашатырным спіртам разумеюць водны раствор аміяку. □ Ну, а калі дзед падгуляе, Тады ён йзноў адменнасць мае, Тады ён нават і бушуе І трохі сына памуштруе; Але пад гэтым бушаваннем Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. Колас.

Адносіны спосабу дзеяння

20. з В. Ужываецца пры ўказанні на спосаб якога‑н. дзеяння. Пісаць пад капірку. Стрыгчы пад машынку.

Прычынны я адносіны

21. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння ці ўмоў, у выніку якіх ажыццяўляецца іншае дзеянне. Снег пад уздзеяннем ветру ўшчыльніўся. □ Пад камсамольскай гулкай хваляй ці ж устаіць варожы свет?! Колас. Плечы не гнуцца яшчэ пад гадамі. Танк.

Мэтавыя адносіны

22. з В. Ужываецца пры ўказанні на мэту выкарыстання або прызначэння чаго‑н. Палетак пад жыта. □ Як прыйшло жніва, не бялелася ўвечары сукеначка між дрэў у садзе, затое .. стаяла ля сіняга плоту карэта пад доктара. Гарэцкі.

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, якімі што‑н. занята, якімі што‑н. выкарыстоўваецца. Поле пад аўсом. Гарачыя коні былі пад казакамі.

Адносіны прыблізнасці

24. з В. Разм. Ужываецца пры недакладным, прыблізным абазначэнні колькасці, памеру, узросту. У памяшканні сядзела чалавек пад сорак. □ Пра маё пакаленне Пісалі мала — У майго пакалення Камсамольскі ўзрост — Хоць маё пакаленне Імя мае, Хоць майму пакаленню Пад дваццаць ёсць. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ісці́, іду, ідзеш, ідзе; ідзём, ідзяце, ідуць; пр. ішоў, ішла, ішло; заг. ідзі; незак.

1. Перамяшчацца, перасоўвацца ў прасторы:

а) Рухацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу); крочыць. Аўсамі ішоў чалавек, выбіраючыся з лагчыны на ўзгорак да гасцінца. Чорны. Ляснымі дарогамі скрыта к чыгунцы ідуць партызаны. Колас. Насцярожана задзіралі галовы ласі, ідучы да вадапою. Кірэйчык. // (з акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху). Ужываецца ў значэнні: бегчы, імчацца, несціся і пад. Алені ішлі лёгкім трушком. Шамякін. Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны. Брыль;

б) Ехаць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню і ўсё ў адным напрамку — на захад. Шамякін. Ідуць калгасныя падводы, Дабро вязуць грузавікі. Колас. / З акалічнаснымі словамі, якія ўказваюць на характар, спосаб руху. Ісці на вёслах. Ісці на ўсіх парусах. // Адыходзіць, адпраўляцца ў пэўны момант, час. Экспрэс ідзе а дзесятай гадзіне вечара. // Ехаць, плысці, ляцець на якім‑н. са сродкаў перамяшчэння. На атамным ледаколе «Ленін» ішла экспедыцыя ў акіян.

в) Быць у дарозе, будучы адасланым куды‑н. (пра пісьмы, пасылкі, кантэйнеры і інш.). Кантэйнер ідзе чыгункай. □ Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён. Шамякін. // Дамаўляцца, прыбываць адкуль‑н. куды‑н. Чай ідзе з Каўказа. □ Ходзіць вецер, Ловіць прыпах нафты, Што да нас з Татарыі ідзе. Калачынскі; г) Перамяшчацца масай, патокам, чарадой. Застаўся вецер ззаду дзесь, як хмара, следам пыл ідзе. Дубоўка. — Крыгі ідуць па Дзвіне — проста жах. Брыль. // Рухацца чарадой, касяком (пра рыбу і пад.). На бераг рыба ўся ідзе, аж возера шуміць-гудзе. Дубоўка.

2. у што, на што або з інф. Накіроўвацца, адпраўляцца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Ісці гуляць. Ісці ў госці. Ісці на выбары. Ісці ў ягады. □ [Сегень] варушыўся кожную раніцу пад вокнамі хат і заказваў — каму што рабіць, каму куды ісці. Чорны. // на каго, супроць каго. Выступаць у паход, нападаць. Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. // перан. Разм. Выступаць праціўнікам, пярэчыць. — Завошта нам было б забіваць адзін аднаго, завошта ісці брату на брата? Самуйлёнак.

3. перан. Прыступаць да якой‑н. службы, дзейнасці; уступаць куды‑н., рабіцца кім‑н. Ісці ў партызаны. Ісці ў армію. Ісці ў інстытут. □ Да таварышаў, якія ідуць у літаратуру, К. Чорны звяртаўся з горкаўскім папярэджаннем: работа літаратараў надзвычай цяжкая. Кудраўцаў. Стары настаўнік Ягор Ягоравіч, адпрацаваўшы ў школе год з пяцьдзесят, атрымаў персанальную пенсію і ішоў на адпачынак. Корбан.

4. перан. Рухацца, развівацца ў якім‑н. напрамку. Ісці да камунізма. □ Гады праходзілі. Краіна Ішла наўсцяж да перамог. Глебка. Так і прайшоў свой шлях Васіль Іванавіч ад камсамольца да сакратара абкома партыі. Ішоў са ступенькі на ступеньку. Лынькоў. // у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны). Бульба ідзе ў націну. // Дзейнічаць, паводзіць сябе тым або іншым чынам. Ісці разам з калектывам. □ Працавала [Тамара] па 7 гадзін. Але крок у крок ішла з тымі, хто працаваў поўную змену. «Работніца і сялянка». // Разм. Мець якія‑н. вынікі, паказчыкі ў чым‑н. Вучань добра ідзе па ўсіх прадметах. □ Дзяўчына была энтузіястка, яна і ў вучобе ішла на сярэбраны медаль. Шамякін. // за кім-чым. Трымацца каго‑н.; наследаваць каму‑н., далучацца да чыіх‑н. думак, поглядаў. Мы мацнеем і расцём, бо за партыяй ідзём. Прыказка.

5. ад каго-чаго, з чаго. Выдзяляцца, выходзіць, расплывацца. Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця. Пташнікаў. Калі Лукаш ужо набліжаўся да вёскі, з навадворскіх комінаў ішоў дым. Кавалёў. // Распаўсюджвацца (пра гукі, святло і пад.). Зязюля лічыла некаму гады, і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання. Даніленка. Неба на ўсходзе гарэла, ясната ішла ад ружовай разлегласці на ім. Чорны. // З’яўляцца, выходзіць, вынікаць. Паэзія [Янкі Купалы] ішла ад думак і жаданняў народа. Івашын. // Выдзяляцца, цячы. Кроў ідзе з раны. Пот ідзе. // Паступаць, падавацца. Газ ідзе. Ток ідзе. Пара ідзе па грубцы. □ Хлапчук, што хацеў быць дарослым, корпаўся ў млыне, дзе ішла якраз яго мука. Брыль. // Раcпаўсюджвацца (пра чуткі, весткі і пад.). Ідуць весткі з усіх канцоў. □ Пра абухаўцаў ішла слава яшчэ з 1901 года. «Работніца і сялянка». На Беларусі Па вёсках ідуць пагалоскі — з’явіўся Кастусь Каліноўскі. Броўка.

6. Набліжацца, з’яўляцца адкуль‑н. У акружаным блакадай лагеры ўсе радуюцца: «Нашы ідуць!..» Якімовіч. З вісклівым крыкам: «Ідзе! Ідзе!..» пранесліся пад акном Мікітка з Валодзькам, ускочылі ў хату і паведамілі, што ідзе машына. Ракітны. // перан. Насоўвацца, надыходзіць, прыбліжацца. Ноч ідзе З маланкамі, Дажджамі. Хведаровіч. З яркім сонцам, З пукам красак Май да нас ідзе. Бядуля.

7. Разм. Знаходзіць збыт, пакупніка. Тавар не ідзе. // Прадавацца па той або іншай цане. Ісці за бясцэнак.

8. перан. Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія‑н. сродкі). Ідуць працэнты. Ідзе пенсія. Ідуць працадні. Зарплата ідзе. □ — Вам цяпер ідуць грошы кожны месяц, жывяце вы, дай божа на ўсякага добрага... Чорны. Слімак быў вельмі задаволены сваёй камандзіроўкай: ішлі добрыя сутачныя. Лынькоў.

9. Рассцілацца, пралягаць; мець пэўны кірунак, цягнуцца. Лагчына ішла далёка, аж пад лес. Сюды цяпер з поля пасля дажджу сцякала вада. Пташнікаў. І аднастайнай чарадой Ішлі стракатыя палоскі, Як невясёлых думак рой. Глебка. // Цягнуцца, праходзіць дзе‑н. Дарога ішла лесам. □ — Праз Калхіду ішоў вялікі гандлёвы шлях з Грэцыі і Рыма ў краіны Бліжняга Усхода і ў Індыю. Самуйлёнак. // Адыходзіць, адгаліноўвацца ад чаго‑н. У сыпкім пяску Ад калодзежных зрубаў Ідуць вадавода Смалістыя трубы. Лужанін. // Праходзіць, працягвацца ў якім‑н. напрамку. Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі. Дамашэвіч. Паз ішоў крыва і быў мясцінамі то зусім мелкі, го занадта глыбокі. Дуброўскі. // Займаць тое або іншае месца ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго не падвяду. Гілевіч. За прасначкамі йшлі кампоты, Кісель з мядоваю сытою; Вячэру скончылі куццёю. Колас.

10. Дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, машыны і пад.). Гадзіннік ідзе. □ Сцены карпусоў злёгку дрыжэлі, фабрыка ішла сваім поўным ходам. Лынькоў.

11. Капаць, цячы, ляцець (пра ападкі). Дождж ідзе. □ Узімку [на Вогненнай Зямлі] разам з дажджом часта ідзе і снег. Маўр.

12. Мінаць, працякаць, праходзіць у часе. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі. Ракітны.

13. Цягнуцца, працягвацца. За акном павольна ішла ноч, роіліся зоры, і ападалі некаторыя з іх. Самуйлёнак. Жыццё ішло, поўнае чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. // каму. Быць у якім‑н. узросце. — Уладзіку трынаццаты год ідзе... Чорны.

14. Мець месца, адбывацца, праходзіць. Ідзе ўрок. Суд ідзе. У кватэры ідзе рамонт. □ На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. Мележ. // Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль і пад.). Ідзе новы кінафільм. // Быць прынятым да друку. Артыкул ідзе ў наступны нумар часопіса. // (звычайна з акалічнаснымі словамі). Адбывацца, быць у пэўным стане; удавацца, атрымлівацца. Справы ідуць добра. □ Мікалай распытваў Веру, як жывецца, як ідзе вучоба. Дамашэвіч.

15. Весці пачатак, паходзіць ад чаго‑н. Традыцыі гэтага змагання ідуць і з даўніх часоў, і з свежых яшчэ ў нашай памяці.. войнаў 1914–1920 гадоў. Чорны. // Лагічна развіваць думку ад агульнага да прыватнага або ад фактаў да абагульненняў. Ісці ад фактаў.

16. на што. Быць гатовым або схільным да чаго‑н., згаджацца на што‑н. Ісці на кампраміс.

17. у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго‑н. Перац ідзе ў страву як прыправа. Салома ідзе на подсціл жывёле. Дом ідзе пад знос. □ Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне. Купала. // Выдаткоўвацца, расходавацца, траціцца. На дарогу ідзе многа часу. □ Частка лякарстваў ішла на аказанне дапамогі насельніцтву. «Звязда».

18. каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць, пасаваць. Вясёласць гэтая неяк не ішла .. [шарманшчыкам], асабліва.. барабаншчыку. Чорны. // Быць да твару. [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару. Колас.

19. Разм. Надзявацца, узлазіць без цяжкасцей. Чаравік не ідзе на нагу. // у што. Свабодна ўваходзіць, ўлазіць. Нітка свабодна ідзе ў шаршатку. Цвік не ідзе ў сцяну.

20. (часта з адмоўем). Разм. Атрымлівацца, ладзіцца, спорыцца. Хацеў бы я пеці Аб сваёй бядзе, Дый мне сэрца ные, Песенька не йдзе. Купала. — Вось цвердзь! А-а-а... Даўней грыўню мог сагнуць пальцамі, а гэта не ідзе... Чорны.

21. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж (пра жанчыну). Марылька ішла замуж за Няміру. Чорны.

22. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні. Ісці канём. Ісці козырам. Ісці з туза.

23. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне, ужываецца ў значэнні: падпадаць пад што‑н. (што выражана назоўнікам). Ісці ў рамонт. Ісці ў чыстку.

24. (з прыназоўнікамі «на», «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае наступленне працэсу, стану, дзеяння, якое выражана назоўнікам. Ісці на змяншэнне (змяншацца). Ісці ў рост (расці, пачынаць расці). Ісці на лад (ладзіцца, наладжвацца). Ісці на спад. Ісці на пасадку. Ісці на ўступкі. Ісці ў наймы. □ Рыгорку няцяжка было ўгаварыць Данілу ісці ў сваты да Бары, даводзячы, што цяпер якраз самы зручны момант. Дуброўскі.

25. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае: пачынаць рабіць што‑н., пускацца ў што‑н. Ісці ў скокі.

26. аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.). Ішла гаворка пра ўраджай. □ Залескі быў хворы, і Яўген Лубян часова замяшчаў яго. Аб ім ішла і гутарка. Шамякін. Язэп прысеў на табурэтку каля стала, слухаючы, аб чым ідзе размова. Дуброўскі.

27. за каго, што. Разм. Аказвацца прыгодным, сыходзіць за што‑н., з’яўляцца добрай заменай чаго‑н. Чорны хлеб ідзе за пірог.

28. Разм. Расходавацца хутка, лёгка. — Чырвонец вазьмі!.. У горадзе ідуць грошы, як вада праз пальцы. Мыслівец.

•••

Галава ідзе кругам гл. галава.

Далей (ісці) некуды гл. некуды.

З торбай ісці — пачаць жабраваць, прасіць міласціну.

Ідзіце здаровы — развітальны выраз.

Ісці міма рук — не даставацца каму‑н.

Ісці на дно — а) цярпець няўдачу, паражэнне; б) маральна апускацца, занепадаць.

Ісці на павадку ў каго — быць у залежнасці ад каго‑н., ставіць свае дзеянні, паводзіны ў залежнасць ад каго‑н.

Ісці на свой хлеб — пачаць жыць самастойна, зарабляць сабе на жыццё.

Ісці насустрач каму-чаму — садзейнічаць, дапамагаць каму‑н., спачувальна адносіцца да каго‑, чаго‑н.

Ісці на той свет — паміраць.

Ісці на ўсё — скарыстоўваць любыя сродкі для дасягнення мэты.

Ісці пад вянец — вянчацца, уступаючы ў шлюб.

Ісці пад суд — прыцягвацца да судовай адказнасці.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей, пазбягаючы перашкод.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленна, дзейнічаць без хітрыкаў і падману для дасягнення чаго‑н.

Ісці рукою — добра весціся, гадавацца, пладзіцца.

Ісці сваёй дарогай — дзейнічаць самастойна, не паддаючыся чужому ўплыву.

Ісці супраць цячэння — дзейнічаць наперакор існуючым традыцыям, поглядам і пад.

Ісці ўгору (угару) — а) атрымаць павышэнне па службе, займець павагу, аўтарытэт і пад.; б) паспяхова развівацца.

Ісці ў дзела — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Ісці ў заклад — спрачацца на грошы або што‑н. іншае.

Ісці ў касе — касіць.

Ісці ў нагу з кім-чым — дзейнічаць, працаваць, развівацца нароўні з кім‑н., у адпаведнасці з кім‑, чым‑н.

Ісці прочкі — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з жонкай або мужам.

Ісці ўразрэз з чым — рэзка разыходзіцца з чым‑н., супярэчыць чаму‑н.

Ісці ў ход — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Кусок у горла не ідзе гл. кусок.

Мароз па скуры (па спіне) ідзе гл. мароз.

Не ідзе з галавы — пра тое, што турбуе, хвалюе ўвесь час.

Не ідзе (не лезе) у галаву — а) няма жадання або магчымасці рабіць што‑н., думаць пра што‑н.; б) не засвойваецца, не запамінаецца што‑н.

Не ідзе ў руку — не ладзіцца, не шанцуе.

Не ісці далей — спыніцца на чым‑н., абмежавацца чым‑н.

(Ні) ў (якое) параўнанне не ідзе з кім-чым — нельга параўноўваць з кім‑, чым‑н.

Ходырам ісці — тое, што і ходырам хадзіць (гл. хадзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па 1, прыназ. з Д, В, М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «па» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, уздоўж якіх адбываецца рух або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ісці па вуліцы. Прайшоў па калідоры. □ Па гладкай, як шкло, магістралі, Дзе белыя ліпы цвітуць, Нібыта блакітныя хвалі, Машыны плывуць і плывуць. Хведаровіч. Па шляху цягнуліся фурманкі. Галавач. Пабудовы то гусціліся па нямігскіх берагах, то выстройваліся доўгім радам па Свіслачы. Чорны. // Пры абазначэнні прадмета, на паверхні якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ціхая дума блукае па твары сястры. Кірэенка. Натужліва гудзеў грузавік, коўзаючыся па слізкіх выбоінах. Лынькоў. А песня то расінкай блісне, То, як вяроўкаю тугой, Жальбой раптоўна горла сцісне І па шчацэ збяжыць слязой. Вялюгін.

2. з Д у адз. Ужываецца пры словах, што абазначаюць прадмет, паверхня якога служыць месцам выяўлення чаго‑н. Чаканка па металу. □ Мы стаялі перад разьбой па дрэву выдатнага скульптара Віта Ствоша. Брыль. Знадворку і вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусім чырвоная фарба. З левага боку ўгары намаляваны чорным па беламу двухгаловы арол з царскай каронай. Лынькоў.

3. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межах якіх адбываецца дзеянне. Мы ўтрох ішлі па полі, перасякаючы малады калгасны сад. Скрыган. Мне здаваўся даўгім яго шлях, Босы, бег ён праз ямы, Па халоднай зямлі, па лістах І па сэрцы маім Таксама. Куляшоў. Даставайце з вышак сані — Гайда сцежкі праціраць І па белым акіяне Ўздоўж і ўпоперак гуляць! Колас. // Пры абазначэнні шэрагу аднародных прадметаў ці паняццяў, у адносінах да якіх адбываецца дзеянне. Горда сталі Плячыстыя гумны — Усё лета забралі яны, І па хатах калгасных удумна Падлічаюцца працадні. Броўка. Палахлівыя водбліскі полымя трапятліва прабягалі па тварах, па бліжэйшых дрэвах, згушчаючы вячэрні змрок над зямлёю, над лесам. Лынькоў. Старэйшая дзяўчынка Ніна змалку прывыкла хадзіць па заработках. Галавач. // Ужываецца пры ўказанні на асоб, месцы, якія хто‑н. часта наведвае. Хадзіць па дактарах.

4. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у кірунку, прытрымліваючыся напрамку чаго‑н. Паехалі па маршруту, які нам прапанаваў генеральны сакратар таварыства, наш гід доктар Шастры. Брыль. І калі гэты адказ будзе ісці доўга вельмі, як ідзе святло ад далёкай зоркі, і калі ён прыйдзе тады, як мяне ўжо не будзе, то пашлюць мне адказ па адрасу, па якому я пішу сваёй маці... Вярцінскі. Проста па прысадах на захад ледзь туманіліся абрысы дробнага гарадка. Чорны.

5. з В, а таксама з М. Ужываецца пры ўказанні на напрамак дзеяння або на месца размяшчэння каго‑, чаго‑н. (са словамі «бок», «старана», «край», «рука» з азначэннямі). Бацька быў у арміі, недзе па той бок фронту, і з першага дня вайны не было ад яго ніякай весткі. Чорны. Па абодва бакі [сцежкі] ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, і надта белымі і танюткімі здаваліся ствалы яблынь і вішань, пабеленыя вапнай. Караткевіч. З самага краю вуліцы, па левым баку яе, стаяла падбудаваная і зусім яшчэ прыстойная хата. Гартны. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік. Колас.

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца прасторавай мяжой распаўсюджання чаго‑н. Улезці ў ваду па пояс. Колы вязнуць у пяску аж па ступіцу. □ Не дзяўчына — любасць адна. Асабліва ж каса па калені. Лынькоў. Ужо лісце пад нагамі Аж па забарсні шуміць. Броўка.

Часавыя адносіны

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу ці тэрміну, непасрэдна да наступлення якога што‑н. адбываецца, існуе. Эх, час касьбы, вясёлы час! І я ім цешыўся не раз, І з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Наднямонне. Колас. Веру дрэву, веру зверу, Веру грому і дажджу... А каму па смерць не веру — Ў бітве ворагу скажу. Кірэенка.

8. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, перыяду і пад., пасля якіх што‑н. адбываецца. З Васілём Паўлавым, нядаўнім сваім прыяцелем, .. [Севярын] пазнаёміўся ў першы вечар па прыездзе сюды. Караткевіч. І нават па змярканні нагрэты за дзень моцным яшчэ сонцам камень грэе ў падэшву твае босыя ногі. Чорны. Дзень добры, новая мясціна! Спаткаў, ты нас, як маці сына Па часе доўгае разлукі. Колас. На дзесятыя ўгодкі Варма вараць мёд салодкі, А па мёдзе — рукі ў бок Ды ў скокі крок у крок! Купала. // Ужываецца пры абазначэнні асобы ў выразах: «памяць па сабе», «памяць па ім» і пад. Цяпер, калі ўжо .. [Булгакава] няма, калі па ім у мяне засталася светлая памяць, .. я .. дзякую добраму лёсу за гэтую незвычайную дружбу. Брыль. // Ужываецца для абазначэння паслядоўнасці дзеяння (у выразах тыпу: «раз па разу», «кропля па кроплі» і пад.). Стукаюць спрытныя малаткі ды раз па разу пераліваюцца косы срэбным шорхатам мянташак. Лынькоў. Навуку трэба выкладаць па-навуковаму — кропля па кроплі, зразумела, дакладна. Пестрак.

9. з М. Ужываецца пры абазначэнні з’явы, працэсу, прадмета, час існавання якіх канчаецца ў выніку якога‑н. дзеяння. Вось і па дажджы! □ [Пніцкі:] — Адзін скубяне, другі скубяне, от табе і па ўсім. А сад штука далікатная. Чорны.

10. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, калі адбываецца дзеянне. Ён сек тайгу, паліў карчы старанна І проса ў лядах сеяў па вясне. Куляшоў. // з М у мн. Ужываецца пры ўказанні на час, калі адбываецца дзеянне, якое рэгулярна паўтараецца. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы З вясны да восені — даволі такі часу. Крапіва.

11. з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу ці перыяду, які неаднаразова паўтараецца. Не прыходзіць па тыдню. □ Калі мне бывала весела, Калі мне бывала радасна, Я часта па цэламу месяцу Твайго не знаходзіў адраса. Панчанка. Шмат у нас гарадоў, Шмат яшчэ паўзнімаецца — Толькі ў кожным пажыць Мне па году жадаецца. Броўка.

Аб’ектныя адносіны

12. з М. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, на які накіравана дзеянне (удар, дакрананне і пад.). Стукнуць па стале. Удар па ворагу. Пагладзіць па галоўцы. □ Б’юць пранікі цяжкія па вадзе, Аж рэхам адклікаецца чарот. Танк. Гордыя замежныя салдаты, Зорку запрыкмеціўшы маю, Па панелі грукаюць заўзята І з павагай чэсць нам аддаюць. Панчанка. Дажджы ўсю ноч бубняць па ржавым даху, Ім дружна адгукаецца капеж. Звонак. Я не ведаю, чаму мне так уцешна, Як зазвоніць восень меддзю па лістах. Васілёк. Неўзабаве артылерыйская стральба па горадзе павялічылася. Чорны.

13. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы і г. д., аб якіх сумуюць, тужаць, бядуюць, плачуць і пад. Туга па радзіме. □ Па сонцу і вясне душа засумавала. Колас. — Па партызану будзе бедаваць І безуцешна горка слёзы ліць Старая маці, а па казаку Дзяўчына чарнабровая тужыць. Танк.

14. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прылады, інструмента, пры дапамозе якіх утвараецца дзеянне. Перадаваць па радыё. Вывучаць па сваім падручніку. □ Я ж гадзіннік з сабой захапіў, Час па ім Назіраю, Бо шчасліўцам ніколі не быў, Быць такім Не жадаю. Куляшоў. Ішлі мы па высокім трыснягу і па балоце, часамі па калені ў вадзе, ноч, дзень і яшчэ адну ноч. Ніхто нічога не еў. Ішлі па компасу. «Маладосць».

15. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні роду, галіны ці сферы якой‑н. дзейнасці. Дырэктывы з’езда па пяцігадоваму плану. Работа па стварэнню калектываў мастацкай самадзейнасці. □ Розныя неадкладныя справы набягалі і па райкомаўскай лініі. Лынькоў. У нас пачынаецца многа работы — па выяўленню рэзерваў вытворчасці, зніжэнню сабекошту... Скрыган. Пісьменнік [К. Чорны] неаднаразова выступаў са змястоўнымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы. Кудраўцаў.

16. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у адпаведнасці з чым‑н., згодна з чым‑н., паводле якіх‑н. прымет. Дождж прайшоў як па заказу. Прыбыў па вашаму загаду. Адзявацца па сезону. Падыходзіць па чарзе. Рабіць па старому звычаю. Паставіць гадзіннік па маскоўскаму часу. □ Героі рамана [«Людзі на балоце»] кахаюць па вечнаму і неадменнаму для ніякай крытыкі закону самога яго вялікасці жыцця. Брыль. Я сам сяброў сваіх па ўзросту Вітаю ўсіх, Сабраўшы ў круг. Глебка. // Ужываецца пры ўказанні на блізкасць, сваяцтва, роднасць. Таварыш па універсітэту. Брат па бацьку. Сяброўкі па палатах. □ У дарозе мы выпадкова сустрэліся з сябрам нашага доктара Шастры па медыцынскаму інстытуту... Брыль. І сніў ён сяброў па заставе. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на таго, згодна з чыёй‑н. думкай, тэорыяй, чыімі‑н. поглядамі адбываецца дзеянне. Фільм па Талстому. Жыць і змагацца па Леніну. □ Антанюк даўно прыкмеціў, што з найбольшай цікавасцю.. [унук] глядзіць мультфільмы вось па такіх казках — па народных, па Пушкіну, па Андэрсену... Шамякін. «Ах, прастата — як гэта неабходна!» — часта паўтараў.. [Л. Талстой], гэты — па Горкаму — «апошні і сапраўдны арыстакрат рускай літаратуры». Брыль.

17. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры ўказанні на падставу, аснову якога‑н. дзеяння. Ведаем вас па газетах. Разумець па вачах. □ Па бацькавым твары Амяльян бачыць, што справа тут напалавіну зроблена. Колас. Па Васілёвым голасе адразу было ясна, што.. [чалавек] спіць спакойна. Караткевіч. А я па званочку твайму здагадаўся, Хто.. на дасвецці раніцай чыстаю Дзецям на флейце песні высвіствае. Вітка. Па беламу білету тры сыны яго жылі. Куляшоў.

Размеркавальныя адносіны

18. з Д, В і М. Ужываецца пры словах, якія абазначаюць паслядоўнасць, паступовасць або ўказваюць на размеркаванне: а) з назоўнікамі (у тым ліку са словамі «пара», «дзесятак», «мільён», «мільярд» і пад.) — з Д у адз. і М у мн. Перабраць па каліву. Збіраць па кропельках. Бралі па скварцы. Зараблялі па пуду жыта. Прывезці дзецям па дзесятку яблыкаў. Па рублю кілаграм. □ Дома тата даў мне і Толіку па пэндзлю і сказаў: «Вось цяпер малюйце. Мастакі...» Хомчанка. Я павінен буду напісаць некалькі мільярдаў пісем. Кожнаму чалавеку па пісьму. Вярцінскі. — Ад польскіх гарнякоў, — з усмешкай сказаў.. [стары], падаючы нам кветкі і кожнаму па сувеніру — па празрыстаму саляному арлу. Брыль. А траву пакашу — Дам вам сена па кашу. Вітка; б) з лічэбнікам «адзін» — з Д або М у адз. Самалёты ляцелі па аднаму, па тры, несучы свой смертаносны груз. Мележ. Ішлі мядзведзіцкія [сяляне] па адным, па два, хапаючыся за шулы і штыкеты. Крапіва; в) з лічэбнікам ад «двух» і далей — з В (прычым форма В і з адушаўлёнымі назоўнікамі звычайна як Н, хоць дапускаецца і як Р). Па два, па пяць, па пяцёра, па дваццаць, па дзевяноста, па сто, па трыста, па семсот; па паўтара, па паўтары. □ [Вера:] — А бачыла, колькі жанчын найшло на калгасны двор? Каб па дзесяцера на сані, дык і то ўсіх не забраў бы. Кулакоўскі. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. [Кірыла:] — І ты, братка, ідзі дадому, няможна хоць і па дваіх збірацца. Чорны.

Колькасныя адносіны

19. з Д, В і М. Ужываецца пры ўказанні на велічыню, памер, колькасць: а) з назоўнікамі — з Д у адз. і М у мн. Кавалкі па метру. Яблыкі па кулаку. Капуста па вядру. □ Ля тыноў і платоў — высокія, па мядзведзю, гурбы снегу, і хаты здаюцца нізкімі, прысадзістымі. «ЛіМ». Пасля пайшоў снег, густы, па лапцю; здавалася, як хто за акном махаў рукамі. Пташнікаў; б) з лічэбнікамі ад «двух» і далей — з В. Здымалі ўраджаі па сорак цэнтнераў. Жэрдкі даўжынёй па дваццаць пяць метраў. □ Тут — хата ў хату, паглядзець, Па шэсць, па сем акон, Над кожным дахам дроту медзь Заводзіць перазвон. Астрэйка. Гэтымі начамі Кастусь не спаў моцна і глыбока, як гэта бывала з ім раней.. Так па некалькі разоў у ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні. Чорны.

Адносіны спосабу дзеяння

20. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Рабіць па справядлівасці. □ Пісьмо па парадку Уголас чыталі. Куляшоў. — Але скажу табе па сакрэту: Пракоп не любіць такіх матэрыялаў. Сачанка.

Прычынныя адносіны

21. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на прычыну дзеяння. Зрабіць што-небудзь па непаразуменню. □ [Шэмет:] — Сядзі дома, Макар Пятровіч, яшчэ пасяўная не скончылася, няма калі раз’язджаць па ўсялякаму глупству. Лобан. Схіліўшы долу светлачубую галаву, на якой нейкім цудам, толькі па ўласнай ахвоце, трымаецца пілотка, хлопец успамінае. Брыль.

22. з Д і М у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне. Меркаваць аб заўтрашнім надвор’і па вячэрняму небу. Здагадацца аб намеры па вачах.

Мэтавыя адносіны

23. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета як мэты руху ці перамяшчэння. Схадзі па бацьку. □ Па маліну хадзілі ў сад, Абтрасалі бэры. Куляшоў. Пакуль Колька бегаў у магазін па чай, .. [жанчыны] сядзелі, як даўнія сяброўкі, і Кацярына Рыгораўна расказвала пра сваё нялёгкае жыццё. Грахоўскі. І нядарам біты сцежкі Непракладзеных дарог, І нядарам па усмешкі Ты хадзіў на мой парог. Глебка.

па 2,

Асобная фігура ў танцы; танцавальны крок.

[Фр. pas — крок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на 1, прыназ. з В і М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «на» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, на паверхню якога накіраваны рух або дзеянне. Выйсці на вуліцу. Пакласці на стол. □ Я выходзіў з лесу на палянку, каб дабрацца да абгарэлага дуба. Скрыган. Скора вузкая вясковая дарога выйшла на шлях. Галавач. На журавіну на залатую Скаціўся буйнай слязы крышталь. Хадыка. І хіліць так утульны беражок, Так добра там, прылёгшы на пясок, Папесціцца ружовым летнім ранкам! Колас. // Ужываецца пры ўказанні на прадметы ці жывыя істоты, якія служаць сродкам перамяшчэння (з дзеясловамі «сесці», «пасадзіць» і пад.). Сесці на поезд. □ Пасаджу свайго сына я На жывога, На баявога Каня. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на жывую істоту, асобу або на частку цела як на прадмет, на які накіравана дзеянне. Начапіць ашыйнік на сабаку. Валасы выбіваюцца на лоб. □ З драцяных галін роўна абстрыжаных прысад падаюць уніз — на коней і людзей — лёгкія, кволыя сняжынкі. Бядуля. Кабета ражком хусткі выцірае слязінкі, што набеглі на вочы. Грахоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета, паверхня якога служыць месцам выяўлення чаго‑н., выканання чаго‑н. Перанесці абрысы на паперу. Пакласці апошнія штрыхі на малюнак. Няхай бы кожны ведаў, як цяжка трапіць на Дошку гонару, на газетную старонку, як нялёгка заслужыць працоўную славу. Грахоўскі. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет, на якім замацоўваецца або на які надзяваецца іншы прадмет. Усцягнуць боты на ногі. Тут .. [Стафанковіч] устаў вельмі раптоўна, удала надзеў на галаву шапку, развітаўся і шпаркім крокам рушыў да дзвярэй. Чорны. // перан. Ужываецца пры абазначэнні прадмета ці паняцця, якія ўсведамляюцца месцам, дзе засяроджваюцца якія‑н. пачуцці, уласцівасці, стан і пад. Не ідзе на думку. Прыйшло на памяць. Прыкідваць на вока. □ Вярнулася стома на вочы, мякка, уладна асела на душу... Брыль. [Стафанковіч] не браў на ўвагу нікога і нічога. Чорны. [Дзед:] — І прыкінь на розум, хлопча, Што парубак там няма. Колас.

2. з В. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета або асобы, у бок якіх накіравана дзеянне ці якія з’яўляюцца канцавым пунктам руху. Ехаць на Палессе. Падняць руку на ўзровень вачэй. Падняцца на пяты паверх. □ Болей дзесятка дывізій сабралі [белапалякі] правей Палесся і рушылі іх на Кіеў. Колас. Едзе хлопец на граніцу. Броўка. Адну за другой запальвае [Лаўрэн] семафорныя лямпы і ўсцягвае іх на самы верх мачтаў. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні пачатковага і канцавога пунктаў дзеяння, руху. З галінкі на галінку. З месца на месца. □ Праз непраходнае балота Уладзік спрытна ступае з купінкі на купінку. Бядуля. // Ужываецца пры абазначэнні кірунку. Дарога на Маскву. Сонца хілілася на захад. Дом вокнамі на поўдзень. □ Дзень добры, Масква! Як жа ясна ты свеціш На ўсе чыста свету староны. Купала. // Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межы якіх накіраваны рух, дзеянне (з назвамі ўстаноў, прадпрыемстваў і пад.). Несці на пошту. Накіраваць на фабрыку. Ісці на кухню. □ [Полька:] — І так мне ўсё агоркла, так абрыдла, што пасля дзевятага класа кінуў усё і пайшоў на льнозавод сушыльшчыкам. Грахоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні сферы дзейнасці як месца, куды накіравана якое‑н. дзеянне, рух. Адправіцца на канцэрт. Сабрацца на з’езд. Паступіць на курсы. Ехаць на начлег. Выйсці на дэманстрацыю. □ Сыноў бацька сваіх кліча На нараду ў хату. Купала. Раніцаю я ішоў на дзяжурства. Шынклер. На фронт адсюль накіроўваліся салдаты пеша. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета як прылады ці сродку дзеяння. Сесці на вёслы. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або з’яву, якія служаць арыенцірам руху. Ісці на агеньчык. Бегчы на крык.

3. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, на якім (на паверхні якога) знаходзіцца хто- або што‑н., адбываецца якое‑н. дзеянне. Яснела неба, віднела на зямлі. Чорны. На скрыжаванні палявых дарог Здаўна стаіць сяло Чырвоны Лог. Танк. Ліпень выткаў слуцкі ўзор На палях пшанічных. А. Александровіч. Блізка на выпасе фыркалі коні... Броўка. Цені ўсюды: на пнях, на вадзе і на дыме. Куляшоў. На падлозе ў цэбрыку рос лапушысты фікус. Грахоўскі. На стале дымяцца стравы. Звонак. // Ужываецца пры ўказанні на жывую істоту, асобу ці на частку цела як на прадмет, на якім (на паверхні якога) знаходзіцца хто- або што‑н., адбываецца якое‑н. дзеянне. Сядзець вярхом на кані. □ Несціхана шумяць на дзяўчатах шаўкі. Броўка. На вусатым хутаранцы даўнейшы пыльнік пацёрся, змяўся, пазелянеў. Чорны. Ты не цураешся ні поту, Ні на далоні мазаля... А. Александровіч. Пыліць пад армейскімі ботамі шлях, Медалі звіняць на грудзях. Зарыцкі. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет, паверхня якога з’яўляецца месцам выканання, выяўлення, знаходжання чаго‑н. Эскіз на чарцёжнай кальцы. Нарысы на старонках газет і часопісаў. □ Маці золатам ніткуе Каласы на палатне. А. Александровіч. На карце вялікіх жывых пяцігодак Мы творчыя справы акрэслім мяжой. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет, на якім замацаваны або на які надзеты іншы прадмет. На цвічках віселі авоські з полуднем. Грахоўскі. Хлявух з аполкаў і пунька са скрыўленымі сценамі яшчэ трымалася на старым шуллі. Чорны. // перан. Ужываецца пры ўказанні на прадмет ці паняцце, якія ўсведамляюцца месцам, дзе засяроджваюцца якія‑н. пачуцці, уласцівасці, стан і пад. Уся.. бяда [Пракопа] была ў тым, што ён меркаваў замацавацца ў жыцці на сваіх старых поглядах і на старым грунце. Колас. Што ж, жывым на ўме жывое — Тут няма чаму дзівіцца. Крапіва.

4. з М. Ужываецца пры абазначэнні прасторы або прадмета, у межах якіх адбываецца якое‑н. дзеянне. На беларускім Палессі цякуць поўныя рэкі і густа стаяць лясы. Чорны. Праз некалькі дзён ледзь не палавіна атрада Сакольнага была на аэрадроме. Кулакоўскі. На бліжэйшай ад гарадка станцыі размясціўся і штаб экспедыцыі. Лынькоў. Ганарліва адбываем вахту На вялікім Нашым караблі. Лявонны. // Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, унутры якіх адбываецца якое‑н. дзеянне (з назвамі ўстаноў, прадпрыемстваў і пад.). Ён [волат] молатам біў на заводзе, з сярпом завіхаўся ў полі, Каб вораг у новым паходзе не здужаў яго ніколі. Куляшоў. Сціхнуў шум на калідоры, Не чутно гаворкі. Колас. // Ужываецца пры адначасовыя абазначэнні і сферы месца дзеяння, і непасрэднага дачынення да гэтага дзеяння, удзелу ў якой‑н. дзейнасці. Абмяркоўваць праграму на з’ездзе. Вучыцца на курсах. Быць на канцэрце. Прысутнічаць на прыёмах. □ Хоць пасівеў стары зашмат, Але на працы, як салдат. Броўка. Лес гамоніць, Як на сходзе дзе народ. Колас. Задымелі агні на начлезе, Зашумеў кучаравы бярэзнік. Купала.

Часавыя адносіны

5. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу, да якога накіравана што‑н. Пасяджэнне пераносіцца на вечар. Збіраліся прыехаць на свята. Не адкладвай работы на потым. □ [Красікаў] запісваў у свой распухлы блакнот заданне на другую палову дня. Грахоўскі. // Ужываецца для ўказання на тэрмін, які непасрэдна ідзе за чым‑н. (пры словах, якія абазначаюць час, у спалучэнні з прыметнікамі «наступны», «другі», парадкавым лічэбнікам ці займеннікам «той»). На другі дзень, папаўдні, выязджаў Максімка з горада. Чорны. Сяляне вельмі сардэчна праводзілі .. [Сцёпку] і прасілі прыехаць да іх на другое лета. Колас. Нарада старшынь калгаса перанесена на наступны тыдзень. Пянкрат. // Ужываецца ў выразах «з дня на дзень», «з мінуты на мінуту» і пад. са значэннем «вельмі хутка», «у бліжэйшы з названых прамежкаў часу». // У спалучэнні з прыназоўнікам «з» (з — на) ужываецца для абазначэння часу, які непасрэдна папярэднічае якому‑н. дню, даце. У ноч з 19 на 20 красавіка мы непрыкметна паглыбіліся далёка ў тыл немцаў. Кірэенка.

6. з В. Ужываецца для абазначэння часу, калі адбываецца дзеянне. На дзесятыя ўгодкі Варма вараць мёд салодкі. Купала. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата. Колас.

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні тэрміну, да наступлення якога адбываецца, выяўляецца што‑н. Запасацца на зіму. Стан даходаў і расходаў на першае студзеня. □ У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень суконныя коўдры ў клетку, посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу. Колас.

8. з В. Ужываецца пры абазначэнні тэрміну, на які распаўсюджваецца пэўны стан або вынікі дзеяння. На нейкую гадзіну дождж быў перастаў, а потым зноў пачало ліць. Мележ. — Мы з твайго пакалення, З кагорты байцоў, Ні на хвілю не можам Мы вешаць галоў. Куляшоў. [Надзя:] — Падарыць трэба такое, каб на ўсё жыццё памяць была. Грахоўскі.

9. з М. Ужываецца пры абазначэнні часу, у межах якога што‑н. адбываецца. Дождж і дождж. І гэта на пачатку верасня. Караткевіч. Шмат чаго бачылі на сваім вяку старыя бярэзіны. Галавач. Многа ўсякіх падзей, змен адбылося на .. [дзедавай] памяці. Колас.

10. з М. Ужываецца пры адначасовым абазначэнні і часу, і сферы якога‑н. дзеяння або выяўлення якой‑н. уласцівасці. Аднойчы на змене, Прайшоўшы забой, Шахцёры спачыць там Прыселі на камень. Броўка. Боты ўсюды спатрэбяцца мне — І ў баях, і на маршы. Куляшоў.

Аб’ектныя адносіны

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або яго часткі, а таксама часткі цела, якія з’яўляюцца апорай чаго‑н. Паставіць на падпоркі. Падняць на рукі. □ Цётка паставіла Юрку на калені. Колас. Найгорш дакучаюць ногі. На разбітыя пяты [Дарма] адразу не мог нават босы ступіць, а яму загадалі абуцца. Брыль.

12. з В. Ужываецца для абазначэння прадмета, які з’яўляецца прыладай, інструментам, сродкам для якога‑н. дзеяння. Узяць на буксір. Падзяліць на агульны множнік. □ Белым пылам даль закрыта, Ходзяць віхры вірам, Прасяваюць снег на сіта У бясконцай шыры. Колас. За разбітай шыбай плача вецер суха, Рвуцца пражы ніткі, ўюцца на калкі... Танк. Лаўрэн пацягвае пляч[а]мі ад вячэрняга холаду, заплікае на ўсе гузікі ватоўку і, дастаўшы з-пад куста вясло і ліхтар, спускаецца да самай вады. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца мерай падзелу, адзінкай вымярэння. Мераць жыта на асьміны. □ На шклянкі вада вымяраецца, Яна даражэй за віно. Астрэйка.

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы або калектыву, на якія што‑н. залічваецца, якім што‑н. прыпісваецца, даручаецца. У складаць віну на чалавека. Даць даверанасць на таварыша. Застаецца ўсё на мае рукі. □ [Аржанец:] — Ты, Клімёнак, і на сябе вазьмі з гэтай ношкі хоць трошкі. Брыль.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, у бок якіх накіравана дзеянне. Паўстаць на ворагаў. Адгукнуцца на заклік. Падпісацца на газеты і часопісы. Паказаць на малюнак. Раўняцца на перадавых. □ Кіну яшчэ разок вокам На лясочак, на палетак. Цётка. На нас паглядала Радзіма, Як маці на верных сыноў. Хведаровіч. Таму і сумна мне часамі, Што з дому звестак не чуваць, Што на лісты мае лістамі Не хочаце вы адказаць. Танк. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, да якіх набліжаюцца, з якімі сутыкаюцца. Разведка трапіла на засаду. □ І дзе .. [Паўлюк] ні павернецца, то ўсюды так ці іначай натыкаецца на праклятае палена. Колас. Хтосьці ў цёмным кутку наляцеў на мяне нечакана, Ледзь не збіў мяне з ног. Куляшоў.

15. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, у адносінах да якіх выяўляецца пэўнае пачуццё, стан, на якія разлічваюць, спадзяюцца. Спадзявацца на ўдачу. Надзея на выратаванне. Разлічваць на сябра. □ І толькі на сына надзея адна... Глебка. Заварожым мы на росы І на шолах ціхіх траў, Ці сапраўды мой прыгожы, Ці надоўга пакахаў? Машара. // Ужываецца пры ўказанні на тое, што выбіраюць, да чаго прыходзяць у сваіх дзеяннях (звычайна з дзеясловамі «згадзіцца», «адважыцца», «асмеліцца» і пад.). Згадзіцца на перасяленне. Адважыцца на рызыкоўны палёт. □ Каб хто прыйшоў і сказаў, што трэба рабіць, дык на ўсё пайшлі б гэтыя людзі. Чорны. У юнацтве я сніў мора. Як мне хацелася на яго хвалях Паказаць, што на ўсё я, на ўсё здатны! Кірэенка. // Абл. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, пра які забыліся ці якога чакаюць. Дзе вы, брацці-ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы? Гэй, дакуль на вас трэба чакаць? Купала. Забыўся, здаецца, Андрэй на ўсё, стоячы пад паважным, раўнамерным шумам сосен. Пестрак.

16. з В. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект увагі, тэму размовы і пад. Мне здавалася, што ўся ўвага застыўшых ваколіц звернута на мяне. Бядуля. І толькі адзін дзяцел рытмічна і заўзята тукаў па галіне звонкага дрэва, не зважаючы ні на якія дзедавы трывогі. Колас. Падводчыкі ішлі па двое, па трое і .. вялі гутаркі на звычайныя .. тэмы. Гартны.

17. з В. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, які хочуць захапіць, падпарадкаваць сабе. Пайсці на ваўкоў. Кінуцца на канвой. □ Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. Адзін раз уночы бандыты напалі на горад. Чорны.

18. з В. Ужываецца для ўказання на аб’ект, які з’яўляецца характарыстычным прызнакам асобы ці прадмета. Майстар на ўсе рукі. Мастак на выдумкі. □ А за сталом на верашчаку Падгатаўлялі ўжо атаку, — На гэта хлопцы былі хваты. Колас. // Ужываецца пры ўказанні на вобласць ці сферу, у якіх праяўляецца які‑н. прызнак. Востры на язык. Рака, багатая на рыбу. Урадлівы на жыта. Прыемны на смак. □ Вялікі паход скупы на адпачынак. Чорны. Сухое узбекскае неба, Скупое на дождж і на гром. Колас. У той час нават у багатым на сады Прыдняпроўі пры кожнай сялянскай хаце было не больш як тры-чатыры дрэвы. Караткевіч. // (са словамі «хворы», «хварэць», «захварэць» і пад.). Ужываецца для ўказання на назву хваробы. Хворы на сухоты. Хварэць на тыф.

19. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прыгнечанага для абмену на што‑н., для замяшчэння чаго‑н. Выменьваць жыта на пшаніцу. □ «Мая зямля», «мой поплаў», «паша», «Мой луг», «мой конь», «мае каровы» — Злінялыя, старыя словы! Пара, пара даць сэнс ім новы: Змяніць іх час на «наш» і «наша»! Колас.

20. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, з якімі адзначаецца падабенства, з якімі хто- ці што‑н. параўноўваецца. Майстэрня падобна на цэх завода. Птушка, падобная на вераб’я. □ [Надзя] бачыла твары, падобныя на тыя, што былі на газетных здымках, але хлопцы тут, на рабоце, выглядалі прасцей. Грахоўскі.

21. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або на яго частку, а таксама на частку цела, якія з’яўляюцца апорай чаго‑н. Столь трымалася на падпорках. Трымаць на руках. □ Недалёка ад печы стаяла чорная дошка на трох нагах. Колас. Лаўрэн ляжыць на спіне, узіраецца ў нябесныя глыбіні, прыслухоўваецца да начных гукаў. Лынькоў. Калі, ачнуўшыся, .. [Ніна] паднялася на руках і села, падлога перад вачыма хісталася, хілілася набок, станавілася потырч, як сцяна. Мележ.

22. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу або калектыў, на якіх што‑н. лічыцца, якія валодаюць чым‑н., якія з’яўляюцца аб’ектам выяўлення пэўнага дзеяння, стану. На ім трымаецца гаспадарка. Засяродзіць клопаты на дзецях. □ Дзіця пабегла мацней, адчуваючы на сабе позірк незвычайнага чалавека. Чорны. Але памятайце — на вашым сумленні Не сплачаны доўг векавы. Колас. // (са словамі «жаніцца», «жанаты» і пад.). Ужываецца для ўказання на асобу жаночага полу, якая ўступае ў шлюб. Жаніцца на дачцы інжынера. Жанаты на настаўніцы.

23. з М. Ужываецца для абазначэння прадмета, пры дапамозе якога ўтвараецца дзеянне. Шыць на машыне. Весці на повадзе. Лічыць на пальцах. Паліць на агні. Пячы сала на ражончыках. □ За адзін пастаў на варштаце выраблялася звыш сарака сурвэт. Чорны. Дзень іграе на жалейцы, На трубе ды на ражку, На зялёным лазняку. Танк. // Ужываецца для абазначэння сродку перамяшчэння, а таксама прадмета або часткі цела, на якіх ці з дапамогай якіх адбываецца перамяшчэнне. Ехаць на машыне. Ляцець на самалёце. Імчацца на лыжах. □ Едзе восень на рабым кані, Тут дажджы ліюць, а тут ясна. Астрэйка. — На чужым добры доўга не паездзіш. Чорны. На палоззях ліповых І зіма прыляцела. Броўка. І на хвалях вады ружаватай Човен твой пераплыў ужо мель. Чарот.

24. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, з дапамогай якога вырабляецца ці гатуецца што‑н., на прадмет, паняцце, якія з’яўляюцца сродкам, матэрыялам ці асновай для чаго‑н. Гатаваць на масле. Засноўвацца на вопыце. Рухавік працуе на бензіне. □ Вежа тая ўвачавідкі Так расце, як на дражджах. Крапіва. На тарфяным апале, на штучных рачных вадаспадах і на нафтавых рухавіках пускаюцца электрастанцыі. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні мовы як сродку зносін. Гаварыць на англійскай мове. Размаўляць на эсперанта. □ А там дыпламаты гамоняць тактычна На мове выключна дыпламатычнай. Панчанка.

25. з М. Ужываецца пры ўказанні на што‑н. як на мяжу якога‑н. дзеяння, стану, уласцівасці. Твор свой, напісаны вершам, На гэтым канчаю. Куляшоў. І вось на словах «Хлопцы, настаў наш час...» маўклівы, ужо даволі немалады рэзервіст, які чамусьці не спяваў, зусім нечакана апаў грудзьмі ў нацельнай кашулі на замазучаную сталь «максіма». Брыль.

26. з М. Ужываецца для ўказання на сферу ці вобласць выяўлення прызнака. Горад расце на вачах. Уважлівы на занятках.

27. з М. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект, на якім канцэнтруецца ўвага, гутарка і пад. Уся .. ўвага [хлапца] была засяроджана на возе. Лынькоў. У заключэнне мы хочам спыніцца на правапісе. Крапіва.

Адносіны пераўтварэння

28. з В. Ужываецца для ўказання на прадмет, у які пераходзіць або ператвараецца ранейшы прадмет. Разбіць луг на агароды. Пілаваць бервяно на дошкі. Спаліць на попел. □ «Каб свет не захлынуўся больш у крыві, Увесь расшматаны на рызманы, Давайце раззброімся: я і вы, — Начыстую і без маны». Крапіва. Ужо ў пачатку лістапада станавіўся сухі холад, а пад сярэдзіну таго ж месяца нападаў змёрзлы і сцёрты ветрам на муку снег. Чорны. // Ужываецца пры ўказанні на пераход з аднаго стану ў другі. Займацца на дзень. Ісці на папраўку. □ Узняўся вецер. Збіралася к н[о]чы на дождж. Чорны.

Адносіны меры і ступені

29. з В. Ужываецца для абазначэння паўнаты выяўлення якога‑н. дзеяння або прызнака. Праславіцца на ўсю рэспубліку. Пець на ўвесь голас. Закрычаць на ўсю хату. □ Мала каму верылася, што толькі год таму, як.. [Піліпчык] яшчэ на поўную сваю сілу цяслярыў. Чорны. Мы з вольнае краіны, Адной на цэлы свет. Глебка. // Ужываецца ў прыслоўных выразах: «на здзіўленне», «на дзіва», «на рэдкасць» і пад. Жыта там родзіцца на дзіва. Колас. Такароўцы спахмурнелі не на жарт. Бядуля.

Колькасныя адносіны

30. з В. Ужываецца пры абазначэнні колькасці, меры, якія вызначаюць межы чаго‑н. Работы на адну гадзіну. Наваколле відаць на пяць кіламетраў. Купіць на два рублі. □ Абоз расцягнуўся больш як на вярсту. Колас. На сажань у глыб заплялося карэнне. Панчанка. // Ужываецца пры абазначэнні становішча ці месца прадмета або з’явы ў радзе да іх падобных. На першы раз дарую. На гэты раз нашы лыжнікі прыйшлі першымі.

31. з В. Ужываецца пры абазначэнні колькаснай прыметы, якой вызначаецца ўнутраны змест ці прызначэнне чаго‑н. Купэ на чатырох пасажыраў. Абед на шэсць чалавек. □ Калгаснік, які будуецца цяпер, мала каторы ставіць хату менш як на тры, а то і чатыры чыстыя пакоі. Чорны.

32. з В. Ужываецца пры ўказанні на колькасную розніцу. Брат на шэсць гадоў маладзей за сястру. З’явіцца на тыдзень пазней. Пастарэць на дзесяць гадоў. Цяжэйшы на тры кілаграмы. □ Назаўтра ў саўгасе выехалі араць на гадзіну раней. Чорны. [Гудовіч:] Сапраўды — ізноў пахарашэла. [Броня:] Сур’ёзна? [Гудовіч:] Досыць сур’ёзна. Працэнтаў на пяцьдзесят. Крапіва.

Размеркавальныя адносіны

33. з В. Ужываецца пры ўказанні на колькасны паказчык раздрабнення, падзелу. Разламаць бульбіну на дзве часткі. Класавае грамадства падзелена на эксплуататараў і эксплуатуемых. □ [Дэсані] рэзка дзяліліся на два самастойныя гатункі — «просты» і «павучковы». Чорны. Я сам быў адзін — як лісток скамечаны, Я сам гарэў і разрываўся на часткі. Кірэенка.

Азначальныя адносіны

34. з В. Ужываецца пры ўказанні на прызнак прадмета. Казка на стары лад. □ Калыхнуў паўднёвы вецер настыўшыя галіны, атрос засеўшыя на іх белыя снежныя покрывы, з песняю на веснавы лад прайшоўся над акачанелымі хмызнякамі і весцю аб вясне шаргануўся па саламяных стрэхах сялянскіх хат. Колас.

35. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, наяўнасць якога характарызуе, вызначае іншы прадмет або асобу. Ганак на слупах. Туфлі на высокіх абцасах. Пірог на мёдзе. □ Вазкі на рысорах Ныраюць за ўзгоркі. Куляшоў. Гэтак адзяецца Анэта. Падрапаная за доўгі час скураная жакетка на футры, чорны шаль. Чорны.

Адносіны характару і спосабу дзеяння

36. з В. Ужываецца пры абазначэнні характару ці спосабу дзеяння, асаблівасцей выяўлення працэсу. Загаманіць на ўсе лады. Зрабіць на свой густ. Дыхаць на поўныя грудзі. □ Нам варта толькі з хаты выйсці — І ўсё на лад свой перайначым. Хадыка. І цягам доўгія часіны, Дзявочыя забыўшы сны, Свае шырокія тканіны На лад персідскі ткуць яны. Багдановіч. Нават не спяваў, а проста... выгаворваў [бацька] гэтую песню, ціха, невыразна, на нескладаны матыў. Чорны. // Ужываецца пры ўказанні на спосаб звароту да субяседніка. [Кадравік] ужо да.. [дзяўчыны] звяртаўся на «ты». Грахоўскі. / Ва ўстойлівых зваротах; «на выгляд», «на погляд» («на першы погляд»), «на смак», «на слых» і пад. Алесю нецікавымі здаваліся французы: неспадзявана вялыя і вельмі ж многа іх, на першы погляд .. аднолькавых. Брыль. Сёння паспрабаваў прымаць [тэлеграфную перадачу] на слых. Шынклер.

37. з В. Ужываецца пры ўказанні на ўмовы, абставіны, пры якіх адбываецца якое‑н. дзеянне. Працаваць на свежую галаву. Класціся спаць на галодны жывот. □ Неўзабаве, каля той усё школы, пачынаюць збірацца [сяляне]. Хто ў лапцях, хто ў ботах, хто ў кажушыне. Хто на скорую руку, а хто як мае быць — нават папругай падпёразаўшыся. Скрыган. Мікола наклаў воз на борздую руку. Колас. // Ужываецца пры ўказанні на ўмовы, абставіны ці акалічнасці, куды (у якія) накіравана што‑н. Вынесці на мароз. Клікаць на волю. □ [Якуб Якубоўскі:] Дзе ты быў? І што ты бачыў?! Прасядзеў увесь век свой у запечку, баючыся носа на людзі выткнуць. Чорны.

38. з В. Ужываецца пры ўказанні на пераход да іншага спосабу ці характару дзеяння. Мы едзем, гаворыш; Шум ветру ў вушах. Дзе-недзе прышпорым Ды зноўку на шаг. Крапіва. Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім, пяску. Брыль. / Пры абазначэнні мовы як сродку зносін. Перакласці на англійскую мову.

39. з В. Ужываецца пры абазначэнні ацэнкі якога‑н. дзеяння, стану, якасці прадмета. Вучыцца на пяць. □ — І ты, Юрка, гэты экзамен вытрымаў на выдатна. Пестрак. — Давайце, давайце, я згодзен. Вучыце. На чацвёрку выцягну, а пяцёрак не абяцаю. Грахоўскі.

40. з М. Ужываецца пры абазначэнні спосабу ўтварэння дзеяння або характару выяўлення працэсу. Малатарня працавала на халастым хаду. Поўзаць на карачках. □ Як толькі падымалася сонца, .. [Наташа] зноў была на нагах. Шамякін. / У прыслоўных выразах (з адценнем часавага значэння): «на хаду», «на ляту», «на скаку», «на бягу». Стары с[ч]эпшчык, ён прывык усё рабіць на хаду: на хаду прычапляць, на хаду выскакваць з-пад вагонаў, на хаду хапацца за вагонныя ці паравозныя прыступкі, на хаду скакаць каля стрэлак. Усё на хаду. Але не ўвесь жа дзень на хаду. Лынькоў.

41. з М. Ужываецца пры абазначэнні ўмоў, абставін, пры якіх адбываецца дзеянне ці выяўляецца які‑н. прызнак. Жыць на адзіноце. Сарамлівы на людзях. Не спыняцца на дасягнутым. □ Дзе-нідзе ў полі на межах стаялі адзінокія ігрушы і сіратліва махалі сваімі голымі галінамі.. на холадзе. Колас. Дарога ў лесе была дзе-нідзе завалена галлём, а дзе і ляжала ўпоперак верхавіна сасны або елкі з неабсечанымі галінамі, якія растапырана тырчалі на фоне дарогі. Пестрак. Безупынна шуміць калаўротак, і на шуме яго кладзецца старэчы голас бабулі. Брыль.

42. з М. Ужываецца пры ўказанні на становішча або стан, у якім хто- ці што‑н. знаходзіцца, а таксама на дзейнасць, якой хто‑н. займаецца. Стаяць на вахце. Знаходзіцца на службе. Быць на ўтрыманні. □ Мы мужна стаялі на варце Вялікіх і цяжкіх спраў. Хведаровіч.

Прычынныя адносіны

43. з В. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне якога‑н. дзеяння. Падзякаваць у адказ на віншаванне. Зрабіць скідку на маладосць.

44. з М. Ужываецца пры ўказанні на тое, што з’яўляецца асновай, прычынай ці крыніцай якога‑н. дзеяння, стану. Дзякую вам на добрым слове. □ Гарачун не супроць быў часам, каб зарабіць на чым-небудзь. Шахавец.

Мэтавыя адносіны

45. з В. Ужываецца пры ўказанні на мэту, прызначэнне якога‑н. дзеяння. Паставіць на абмеркаванне. Падаць руку на развітанне. Спяшацца на дапамогу. Выклікаць на спаборніцтва. Пайсці на спачын. □ На спатканне песням волі Дух мой рвецца і ляціць. Колас. Прамчаць над борам самалёты, На бойку рушацца палкі. Броўка. Сюды збіраецца на абед уся іх брыгада. Грахоўскі. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет ці стан як мэту, на дасягненне якой накіравана дзеянне. Патраціць грошы на дарогу. Ірваць кветкі на вянкі. □ Тарас купіў на дарогу пачак папярос за тры капейкі. Колас. Цемнавата здалося з двара і дыхнула водарам сушаных траў, што тырчалі пучкамі з-пад бэлькі, сабраныя на чай і лекі. Брыль. // Ужываецца пры ўказанні на мэту (з адценнем акалічнасных адносін) у выразах, блізкіх да прыслоўяў. Даць на памяць. □ Куторга, як і трэба было чакаць, быў выстаўлены на пасмешышча. Майхровіч. // Ужываецца пры ўказанні на прызначэнне прадмета. Сродкі на ўтрыманне дзіцячых садоў. Шоўк на сукенку. // Ужываецца пры ўказанні на занятак, дзеля якога прызначаецца які‑н. адрэзак часу. — Найшлі час на размовы. Лынькоў. [Адам:] — Раскажацца ўсё. Будзе на гэта час. Чорны. // Ужываецца пры ўказанні на выпадак, нагоду. Верш Янкі Купалы «На смерць Сцяпана Булата». // Ужываецца пры ўказанні на эмацыянальную ацэнку якога‑н. дзеяння, падзеі. Жыві нам на радасць. Ешце на здароўе. Зрабіць на зло ворагу. // Ужываецца пры абазначэнні матыву, падставы якога‑н. дзеяння. Падараваць на беднасць. Берагчы на ўсякі выпадак.

46. з В. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, калектыў, для якога ці ў інтарэсах якога што‑н. адбываецца. На ўсіх не дагодзіш. □ Сцёпка некалі на пана Працаваў, як чорны вол. Крапіва. Відаць, спецыяльна на .. [жанчыну] пашыты кажушок. Колас. Стары Наздрэйка захацеў каня падкарміць, каб лепш плуг цягнуў, як паедзе на жыта араць. Крапіва.

47. з В. Ужываецца пры ўказанні на званне, спецыяльнасць, прафесію, з мэтай дасягнення ці авалодання якімі адбываецца дзеянне. Вучыцца на ўрача. □ Лепшай, чым Шаройка, кандыдатуры на старшыню калгаса знайсці было нельга. Шамякін.

на 2, часціца.

1. Вазьмі, бяры; атрымліваў. Марыля адышла, пакорпалася ў скрыні. — На табе нагавіцы чыстыя, надзень. — Хацела кінуць ношаную пару палатнянай бялізны на лаву, ды назад палажыла: — Дам я табе ўжо новыя.. Насі здароў. Лобан. На табе, божа, што мне нягожа. Прыказка.

2. Ужываецца для падзывання сабакі. — Галаска, цюцік! На, цю, на! На, цю, на! — пазваў я.. [сабаку]. Колас.

•••

Вось табе і на! гл. вось.

На табе — вокліч здзіўлення, расчаравання, выкліканага нечаканасцю, неспадзяванасцю чаго‑н. [Марыля:] Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, .. а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае. Купала. [Аканом:] — Ты павінен падганяць лайдакоў, а ён — на табе — у іх дудку іграе. С. Александровіч.

на 3, прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў з наступнымі значэннямі: 1) накіраванасць дзеяння на паверхню прадмета, сутыкненне з прадметам, напрыклад: наехаць, набегчы, наляцець, наскочыць, наплыць; 2) накладванне, змяшчэнне на прадмет, напрыклад: насадзіць (вілкі на ражон), нака́паць, наклеіць, наляціць, пакінуць (паліто на плечы); 3) ажыццяўленне дзеяння на паверхні прадмета (утварэнне на паверхні прадмета налёту, наросту, накіпу і г. д.), напрыклад: нагарэць, накіпець, намерзнуць, насохнуць; 4) паўната, дастатковасць дзеяння — а) пашырэнне дзеяння на вялікую колькасць прадметаў, напрыклад: набудаваць, накапа́ць, насеяць, наскубці; б) напаўненне чаго‑н. чым‑н., напрыклад: напхаць (сяннік), наліць (шклянку чаю); в) вычарпальнасць дзеяння, напрыклад: начысціць (гузікі да бляску), нашараваць (падлогу); 5) задаволенасць дзеяннем самога суб’екта (са зваротнымі дзеясловамі), напрыклад: наесціся, наляжацца, нагаварыцца, насмяяцца, нагуляцца, нагушкацца.

II. Утварае дзеясловы закончанага трывання, не ўносячы якіх‑н. іншых істотных значэнняў, напрыклад: напісаць, нагадзіць. // Утварае дзеясловы закончанага трывання ад дзеясловаў незакончанага трывання, якія маюць прыстаўку [а, аб, ад, вы, з (с), пад, пра, пры, раз (рас), уз, у], са значэннем вялікай колькасці, празмернасці дзеяння, напрыклад: наабіраць, наабломваць, наадбіраць, навыдумляць, наздзіраць, нападвязваць, напракопваць, напрыклейваць, наразбіваць, наўкопваць.

III. Ужываецца пры ўтварэнні прыметнікаў і назоўнікаў са значэннем «знаходзіцца на паверхні чаго‑н., на чым‑н.», напрыклад: наземны, нацельны, накаленны, накаленнікі, нарукаўны, нарукаўнікі, наручны, наручнікі.

IV. Ужываецца для ўтварэння прыслоўяў са значэннем «на які‑н. тэрмін, у якім‑н. напрамку, у якой‑н. меры, ступені», напрыклад: назаўсёды, напроці, напоперак, настолькі, наколькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)