гара́, ‑ы; мн. горы, гор; ж.

1. Участак зямной паверхні, які высока ўзнімаецца над акаляючай мясцовасцю; проціл. нізіна. Гара Эльбрус. Узысці на вяршыню гары. Спусціцца к падножжу гары. Скалістыя горы. □ На многа вёрст былі відаць з гары.. палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка. // толькі мн. (го́ры, гор). Гарыстая мясцовасць, горная краіна. Жыхары гор. Адправіцца ў горы. □ Мадам Гамрэкелі ад пачатку лета выехала з Гіо.. ў горы, на дачу, дзе не было малярыі. Самуйлёнак. // Прыроднае або штучнае ўзвышэнне для катання на санках, лыжах і пад. Ледзяная гара. Катацца з гары.

2. чаго. Награмаджэнне, вялікая колькасць чаго‑н. складзенага ў кучу, зваленага кучай. Махае даўжэзнай стралой экскаватар, Ім цэлыя горы Зямлі тут узняты. Нядзведскі. Шумейка зняў гару нейкіх папер і кніжак з крэсла. Дамашэвіч. // перан. Увогуле вялікая колькасць чаго‑н. Праўду могуць падказаць толькі дзве глыбокія маршчыны на лбе, ды яшчэ рукі, вялікія цёмныя рукі, якія перарабілі гару работы. Васілевіч.

3. Памяшканне, прастора паміж столлю і дахам на хаце; гарышча. Міхась перабраўся на гару, на хату, дзе была яго пасцель. Дамашэвіч. [Люба] палезла на гару і заўважыла, што дождж засякае ў акенца без шкла ў шчыце. Чорны.

4. (звычайна з прыназоўнікамі «у», «з», «на»). Верх, вышыня. Аконца-шчыліна ў скляпенні Так скупа шле святло з гары. Колас.

5. у знач. прысл. гаро́й. Высокай кучай; як гара. Сталы адсунулі ў куток, да ложка, на якім.. гарой узвышаліся падушкі. Шахавец.

•••

Абяцаць залатыя горы гл. абяцаць.

Гара з плячэй звалілася — пра збаўленне ад якіх‑н. вялікіх клопатаў, цяжкіх душэўных перажыванняў.

Горы варочаць гл. варочаць.

Горы вярнуць на каго гл. вярнуць.

Горы зрушыць гл. зрушыць.

Горы перавярнуць гл. перавярнуць.

Звярнуць горы гл. звярнуць.

Не за гарамі — а) пра што‑н. блізкае, што хутка наступіць, з’явіцца. Ён ідзе, камунізм! Гэта свята не за гарамі. Панчанка; б) блізка (быць, знаходзіцца і пад.). — Мы не за гарамі. Звяртайцеся, дапаможам. Асіпенка.

Стаяць гарой за каго-што гл. стаяць.

Як на каменную гару — цалкам, поўнасцю (спадзявацца, апірацца на каго‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вяры́гі ’жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі’ (БРС, КТС), ст.-бел. верига, вериги ’ланцуг, путы’ (з XV ст.), укр. вериги, рус. вериги ’тс’, арханг. ’смецце ў зерні збожжа’, алан. ’невялікі стог сена’, ст.-рус. верига, вериги ’металічны дрот, ніць’; ’ланцуг’; ’вярыгі’; ’кайданы’ (з XII ст.), славен. veríga ’ланцуг, звяно ланцуга’; ’клямка, засаўка’, серб.-харв. вѐрига ’ланцуг’, вѐриге ’вярыгі’, макед. верига ’ланцуг’; ’горны хрыбет’, балг. верига, веруга ’ланцуг’; ’путы, аковы, кайданы’; ’ланцуг гор’; ’рад падзей’; ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’, ст.-слав. верига, утворанае ад вьрѣти (< verti ’звязваць’) пры дапамозе суф. ‑ига (Шанскі, 1, В, 59). Звязана з літ. vérti ’адчыняць, зачыняць’; ’нанізваць’, лат. vērt ’тс’, грэч. ἀείρω ’злучаю, звязваю’. Са ст.-слав. праз ц.-слав. і ст.-бел. слова прыйшло ў сучасную мову. Фасмер (1, 299) звязвае рус. верига са словам верать ’усоўваць, запіхваць, тыцкаць’. Сюды ж прымыкае вярыжны (брація вярыжнаяКТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

карні́з, ‑а, м.

1. Гарызантальны выступ, які завяршае сцяну будынка, абрамляе вокны, дзверы. Цяпер агледзець можна печ, як ляльку, Усе карнізы, нішы, под і звод, І той пяколак, дзе шукаць запалку, Калі куранты данясуць свой звон. Пысін. На чарапічных дахах збіраліся гурбачкі снегу. Ён лажыўся і на карнізы акон. Арабей. // У архітэктуры — верхняя частка антаблемента, якая ляжыць на фрызе.

2. Уступ, які цягнецца вузкай палоскай уздоўж абрывістага схілу гор, часта на значнай вышыні. На карнізе ў расколіне.. ўчапілася карэньчыкамі тоненькая, гнуткая бярозка. Хомчанка.

3. Папярочка над акном, дзвярамі, на якую вешаюць парцьеры, шторы. Паставіўшы на табурэт[ку] дзіцячае крэсла, Даша стаяла на ім перад акном, босая, у халаце, .. і прымацоўвала карніз. Шамякін.

[Ад грэч. korōnis — завяршэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сітуа́цыя, ‑і, ж.

1. Сукупнасць абставін, у якіх што‑н. адбываецца; становішча, у якім хто‑н. знаходзіцца. Рэвалюцыйная сітуацыя. □ [Андрэй:] — Нам трэба ўмець разбірацца не толькі ў абставінах, у розных вайсковых сітуацыях, а і ў людзях. Кулакоўскі. Гаворка часамі пераходзіла ў звычайнае фантазёрства, у жарты, у неіснуючыя сітуацыі, поўныя дасціпных, смешных выдумак. Колас. Валодзя ўхваляў рашэнне, казаў, што інакш і нельга, што і ён пры такой сітуацыі зрабіў бы толькі так. Шамякін. Чаго толькі не пабачыш у час камандзіровак, у якія сітуацыі не трапіць! Місько.

2. У геадэзіі — сукупнасць водных прастораў, лясоў, гор, населеных пунктаў і пад., якія паказаны на карце ці плане пры дапамозе ўмоўных знакаў.

[Фр. situation.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

града́, ы́; мн. гра́ды (з ліч. 2, 3, 4 грады́), град; ж.

1. Палоска зямлі, спецыяльна прыгатаваная для вырошчвання агародніны, кветак. Рабіць грады. Града агуркоў. Палоць грады. Паліваць грады. □ Зелянее многа град. Тут — цыбуля, памідоры, Морква, рэпа і салат. Муравейка. У агароднай брыгадзе высаджвалі з парнікоў на грады расаду капусты. Бялевіч.

2. Ланцуг невысокіх гор, узгоркаў. Сонца было ўжо зусім нізка над градою узгоркаў. Брыль. Граду раскалоўшы клінам, Пераліваецца водамі Ля скал Енісей. Калачынскі.

3. Мноства аднастайных прадметаў, размешчаных у адзін рад. Града камення загароджвала шлях вадзе, і разгневаны паток дыбіўся, лез на каменне. Шамякін. // Паласа лесу. [Пархвен] мінуў доўгую граду хмызу, перайшоў упоперак шашу і як бы ўпаў у вільгаць логу. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усту́п 1, ‑а, м.

Частка чаго‑н., якая адступае ад асноўная лініі, утвараючы ступень, выемку. Уступ катлавана. Уступы гор. □ Ля невялікага віру, які пераходзіць у доўгую затоку, [мы] спыніліся, аглядаючы кожны ўступ ля берага. Ігнаценка. Па другі бок.. [вуліцы], там, дзе канчаецца асфальт, не крута, а ўступамі, штораз усё ніжэйшымі, пачынаецца спуск да Дняпра. Палтаран.

усту́п 2, ‑у, м.

Пачатковая частка кнігі, артыкула, музычнага твора і пад., уводзіны да чаго‑н. Уступ да паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». □ Уступ [Трэцяй сімфоніі Р. Пукста] пачынаецца магутнай, моцнай па гучанню кароткай завершанай тэмай. Дубкова. І Міхась па .. голасу [маці] здагадаўся: гэта толькі ўступ, а галоўнае — наперадзе. Сіўцоў. // Прадмова, уступнае слова. Ян Дрда, папрасіўшы ўвагі, у кароценькія ўступе сардэчна, па-сяброўску вітае нас — беларускіх таварышаў. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ланцу́г1, ланцу́х, ланцу́к, лынцю́г, ланьцу́г ’жалезны ланцуг’ (Нас., Гарэц., Грыг., Мядзв., Касп., Бяльк., Сцяшк., Шат.; кам., Выг.; паўд.-усх., рагач., КЭС, Сл. паўн.-зах.), ланцужок, ланцу́жык ’ланцужок да гадзінніка, медальёна’ (Нас., Гарэц., Касп., Сцяшк.). Ст.-бел. ланцухъ, лонцухъ, ланцугъ, ланчухъ, ленцухъ (XV ст.) (вытворныя: ланцужокъ, ланцужно, ланцужный, ланцуговый, ланцушокъ, поланцужное) былі запазычаны са ст.-польск. łańcuch (łancuch, lancuch, lańcuch) < с.-в.-ням. *lannzug, якое з lanne ’ланцуг’ і zuc, zuges ’працяг; тое, што цягнецца’ (Брукнер, 306; Слаўскі, 4, 462; Кюнэ, Poln., 73; Булыка, Лекс. запазыч., 101). У сучаснай беларускай мове лексема набыла наступныя значэнні: ’назва прыстасаванняў, прылад, фізічных з’яў’, ’рад гор’, ’лінія стралкоў’ (Крукоўскі, Уплыў, 151). Сюды ж шальч. ланцу́х ’ключ птушак у палёце’ < літ. lenciū̃gas ’тс’ (Грынавецкене, Сл. паўн.-зах., 2, 617), а таксама ланцу́г, ланцужо́к, ланьцу́х, ланьцушо́к ’пляцёнка пражы, аснова, заплеценая ў петлі пасля таго, як яе знялі са снавальніцы ці сцяны’ (Уладз.; трак., вільн., Сл. паўн.-зах.), ланцу́жка ’дзявочы танец, які складаецца з кругападобных фігур’ і ланцу́жнік ’злачынец, закаваны ў ланцуг’, ’злодзей’ (Шат.).

Ланцу́г2 ’страўнік’ (?) (Герд, Беларус. ізал., 32). Да ланту́х (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаз ’лясная сцежка’ (Бяд.), ’улюбёнае месца пераходу звера’ (Сцяшк., Інстр. 2), ’праход у сцяне, у плоце’ (Гарэц.), ’уваход у яму, склеп’ (Інстр. 2, Сцяшк., ТСБМ), паст. ’адтуліна ў столі для праходу на гару’, лазы ’дзверцы ў склепе’ (Сл. паўн.-зах.), лазам лазіць ’настойліва лезці’ (Шат.). Укр. лаз ’лясны праход звяроў’, ’лясная паляна’, ’расчышчаеце месца ў горным лесе для агарода’, ’пралаз’, гуц. ’луг’, лемк. u̯azy ’зарослыя кустамі лугі’, рус. лаз ’сцежка лясных звяроў’, ’лясная сцежка’, лазы́ ’пралаз’, ла́зи́на ’ляды’, польск. łaz, łazy ’ляды’, н.-луж. łaz, łazy ’тс’, чэш. láz, laz ’тс’, ’поле ля лесу’, славац. laz, lazy ’ляды на склонах гор’, ’хутары на лядах’, славен. lȃz, серб.-харв. ла̏з, ла̑з, макед. лаз ’просека’, ’ляда’. Прасл. lazъ ’ляда’. Ад laziti > лазіць (гл.). Падрабязней гл. Фасмер, 2, 448–9; Слаўскі, 5, 56–60; Куркіна (Этимология–1968, 93), Сэндзік, Term roln., 66–68, 100–105. Кабылянскі (Мовознавство, 6, 1981, 46) памылкова адносіць лаз да ліку славянскіх балкана-карпатызмаў, параўноўваючы яго з рум. laz ’цаліна, расчышчанае месца для раллі’, lăzuíre ’расцяроб (лесу)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бе́здань, ‑і, ж.

1. Бяздонная прорва, невымерная глыбіня. Вузкая дарога пятляла сярод гор і раптам кідалася ўніз, нібы спяшаючыся на Чортаў мост, каб абысці багну і бездань. Мяжэвіч. Як жа добра цяпер апусціць у самую глыбіню студні дзюбу старога «жураўля», дастаць з цёмнай, страшнаватай бездані цяжкае драўлянае вядро, расплёскаць на босыя ногі сцюдзёную ваду, прыпасці сухімі губамі да мокрай сасновай клёпкі!.. Брыль. // Бязмежная прастора (марская, нябесная). З цёмнай бездані неба зрэдку далятаў ледзь чутны рокат матора. Лынькоў.

2. перан. Вялікая колькасць чаго‑н., што нельга палічыць; безліч, процьма. Бездань найтанчэйшых пачуццяў.

3. перан. Тое, што раздзяляе, раз’ядноўвае каго‑н. з кім‑н.; прынцыповыя разыходжанні паміж кім‑н. у чым‑н. Ад’язджаючы, пятнаццацігадовая дзяўчынка не ведала, якой безданню ляжа паміж ёю і яе названым братам граніца. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штурм, ‑у, м.

1. Рашучая, напорыстая атака ўмацавання, апорнага пункта праціўніка. Па ўсім было бачна, што фашысты рыхтуюць штурм крэпасці. Кухараў. Пры штурме варожых акопаў смерцю смелых загінуў.. камісар. Брыль. // перан. Рашучы наступ на што‑н. для авалодання, асваення. Ішлі вы [камсамольцы] з песняй, як разводдзе, На штурм скал і дзікіх гор. Колас. Савецкія людзі спакойна і ўпэўнена рыхтуюць новы штурм сусветнай прасторы. «Звязда». Язда дасветнаю парою спрошчана: Ні штурмаў у дзвярах, ні таўкатні. Калачынскі. // перан. Рашучы, напорысты, актыўны наступ з мэтай дабіцца жаданых вынікаў. Капіталізм быў знішчаны штурмам, напорам рэвалюцыйных мас. Пшыркоў.

2. Разм. Тое, што і штурмаўшчына. Народу завіхалася тут [на месцы аварыі] не шмат, і ніякіх прыкмет штурму Лесавец не заўважыў; работа як работа; няхай ноч, няхай сцюжа, кожны, хто быў тут, ведаў, што яму рабіць. Хадкевіч.

[Ням. Sturm.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)