Пяке́льны (пякѣльный) ’звязаны з пеклам; страшны, страшэнны, жахлівы, нясцерпны’ (Нас., Шымк. Собр., Гарэц., Шат.): пяке́льны аго́нь (лаг., Сл. ПЗБ), сюды ж пяке́льнік ’чорт у пекле’ (Нік., Няч.), ’кат’ (Нас.), ’той, хто выконвае цяжкую працу’ (брасл., Сл. ПЗБ), пяке́льніца ’жанчына, што выконвае цяжкую працу; кепскае жыццё, пекла’ (брасл., Сл. ПЗБ; Сцяц.), ’халадэча’ (мядз., Жыв. сл.). Запазычана з польск. piekielny ’пякельны, страшэнны’, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 71 (мяккі к перад ъ, “які праясніўся”, параўн. *pьkъlъ, гл. пекла). Параўн. польск. piekielnik (1471, < ст.-чэш. pekelník), piekielnica (1564), гл. Банькоўскі, 2, 549.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

П’я́ны ’які знаходзіцца ў стане ап’янення, нецвярозы’ (ТСБМ). Укр. пʼяни́й, рус. пьян, пья́ный, польск. pijany ’тс’, чэш. pijan ’п’яніца’, славац. pijan ’тс’, pijany ’п’яны’, в.-луж. pjany, н.-луж. pijany, палаб. pajoně, серб.-харв. пја̏н, пѝјан ’тс’, славен. pijàn ’п’яны; адурманены’, балг. пия́н ’п’яны’, макед. пијан ’тс’, ст.-слав. пиѩнъ ’тс’. Праслав. *pьjanъ(jь), *pijanъ(jь) ’п’яны; адурманены’, параўноўваюць са ст.-інд. pyāná‑ ’поўны, надуты’ (’напіты і наеты’), вытворнае ад прасл. *pijǫ, *piješь або *pьjǫ, *pьješь < і.-е. *pī‑, гл. піць (Фасмер, 3, 422; Зубаты, 2, 162; БЕР, 5, 285; Махэк₂, 452; Банькоўскі, 2, 576).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перыя, ст.-бел. перыя, перея ’бок вуліцы’ (1597 г.). Са ст.-польск. pierzeja, pierzaja ’паласа, шэраг дамоў уздоўж вуліцы’, параўн. таксама чэш. perej ’хуткая плынь’, ’парогі ў рацэ’, апошняе ўзводзяць да *per‑ ’ляцець’ (метафара!) — аб вадзе, якая “прэцца” паміж скаламі (Махэк₂, 445). Польскае pierzeja Банькоўскі (2, 562) выводзіць ад *pero, гл. пяро, паколькі першапачатковае значэнне — ’адзін з бакоў (“сцяжкоў”) пяра’, перанесенае пасля на палавінкі дзвярэй, варот, бакоў забудаванай вуліцы і г. д.: не мае нічога супольнага, па яго думку, з літ. pėreja ’праход’ (там жа) і, відаць, з названым чэшскім словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плане́та ’нябеснае цела’ (ТСБМ), плянэ́та ’тс’ (Яруш.), планэ́та ’тс’ (Шат.), ’поўня’ (ігн., Сл. ПЗБ), плане́та ’лёс’ (ТСБМ; Юрч. СНЛ), ст.-бел. планета, плянета ’планета’, лёс’ (1518 г.) запазычана са ст.-польск. planeta (м. р.), płaneta ’тс’, якія з лац. planēta, ст.-грэч. πλανήτης ’які блукае’ < πλανάεσθαι ’блукаць’, πλανάειν ’збівацца з дарогі’ (Фасмер, Этюды, 151; Праабражэнскі, 2, 67; Банькоўскі, 2, 597). Сюды ж плане́тнік ’кніга прадказанняў’ (Юрч. СНЛ), параўн. ст.-чэш. planetník ’прадказальнік лёсу паводле планет’ (Махэк₃, 454), польск. planetnik ’астролаг, які ўмее прадказваць лёс па зорках’, ст.-рус. планитникъ ’астролаг’ (XVII ст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плаўні́к1 ’орган руху ў рыб і водных жывёл’ (ТСБМ). З рус. плавни́к ’тс’, якое ўзнікла нядаўна як навуковы тэрмін, яшчэ ў “Поўным руска-польскім слоўніку” (Варшава, 1894 г.) польск. pletwy (сучаснае płetwa) адпавядае рус. пла́вательные перья, як і ў Даля (3, 118).

Плаўні́к2 ’вуда’ (Жд. 3). Няясна. Малаімаверна, каб слова ўтварылася з польск. pławnik ’паплавок у вуды’ — наватвор з 1908 г. (Банькоўскі, 2, 621), у выніку пераносу значэння з часткі на цэлае.

Плаўні́к3 ’рыбацкі човен’ (Бяльк.). Утворана пры дапамозе суф. ‑(н)ік ад польск. pławny ’прыдатны да плавання’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праста́к ’дурань’, ’неахайны’ (Ян.), сюды ж прастакава́ты ’праставаты, ніякаваты’ (Нас., Ян.). Рус. проста́к ’прасцяк’, укр. проста́к ’просты чалавек’, польск. prostak ’прасцяк, неадукаваны чалавек, просты чалавек’, чэш. prostáček ’прасцяк’, серб.-харв. проста́к ’прасцяк, неадукаваны, нявыхаваны чалавек’, славен. prosták ’звычайны, просты чалавек’, балг. проста́к ’неадукаваны, нявыхаваны чалавек’, макед. простак ’тс’. Ад просты з суф. ‑ак. Суфікс яшчэ праславянскі, гл. Слаўскі (SP, 1, 89), але першапачаткова слова, відаць, мела значэнне ’просты чалавек’ у процілегласць высакароднаму, што гаворыць аб самастойным утварэнні ў розных славянскіх мовах, параўн. Банькоўскі, 2, 788; Сной₂, 586 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прата́ліна ’месца, дзе растаў снег і агалілася зямля’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), прата́лка, прота́лка ’тс’, ’агрэх (пры сяўбе)’ (Шчарб., ТС; Жд. 1), прота́лак ’тс’ (Касп.), ’паляна’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ’лапіна, дзе вымакла збожжа’, ’вузкі праход паміж будынкамі’ (астрав., Сл. ПЗБ), ’пропуск, зроблены пры сяўбе’ (Сцяшк.). Рус. прота́лина, прота́лок, укр. прота́лина, прота́лка ’праталіна’, польск. przetalina ’тс’. Дэрываты ад *прата́ць ’растаць, утварыўшы праталіну’, *прата́лы ’расталы (снег, лёд)’, што адлюстроўвае варыянтнасць та́яць/‑таць (параўн. пата́ць, адта́ць (Стан.), аналагічную да стая́ць ста́ць, гл. таяць. Банькоўскі (2, 915) бачыць кантракцыю ў польск. przetalina < *przetajalina. Гл. таксама тал, талона.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́ба ’ўзор’, ’невялікая частка чаго-небудзь, узятая для праверкі; вызначэнне якасці’, ’выпрабаванне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ), проб ’тс’ (Ян.), сюды ж про́боваць ’каштаваць’ (ТС). Запазычанне з польск. próba ’праверка, выпрабаванне’ (Карскі, Белорусы, 156; Брукнер, 437; Кюнэ, Poln., 89), таксама як і рус., укр. про́ба (Фасмер, 3, 370). Крыніца слова ў с.-лац. proba ’проба’ ад probāre ’правяраць, выпрабоўваць’, якое трапіла ў польскую мову праз ням. Probe (гл. Брукнер, там жа; Банькоўскі, 2, 797). Адносна формы м. р. проб параўн. рус. пороховой проб (1705 г.). Ст.-бел. проба ’катаванне, мука’ з польскай (Булыка, Запазыч., 264).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прывіле́я ’выключнае права, якім карыстаецца хто-небудзь у адрозненне ад іншых’ (Бяльк., ТСБМ), прывіле́й ’права ўвогуле, якое засноўваецца на пісьмовым дакуменце; прывілея’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.). Працягвае ст.-бел. привилеи (Грамата Вітаўта 1388 г.), привилей, прывилей, привелей, привилий, привилье, прывилье ’ўрадавы ўказ, прывілея’ (з 1434 г.), якое са ст.-польск. przywilej (1393 г.) < лац. prīvilēgium (Булыка, Лекс. запазыч., 57). Таксама з польскай і іншыя ўсходнеславянскія формы: рус. смал. приви́лье ’павяленне, указ; прывілея’, укр. привіле́й, привиле́й ’прывілея’ (Фасмер, 3, 363; ЕСУМ, 4, 569; Банькоўскі, 2, 954).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прына́мсі ’ва ўсякім разе’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), прына́мся (Др.-Падб.), пріна́мсі, прына́мсці (Бяльк.), таксама прына́мні, прына́(й)мней (Шпіл., Нас., Гарэц.), прына́мнэ ’тс’ (Булг.). Верагодна, першаснай формай з’яўляецца прына́(й)мней — вынік лексікалізацыі словазлучэння кшталту пры на́йменей. Развіццё іншых форм абумоўлена далейшымі ўнутрыслоўнымі працэсамі (у прыватнасці, прагрэсіўнай дысіміляцыяй назальнай групы ‑мн‑), выкліканымі фармальным разыходжаннем дэрыватаў. Паводле Кюнэ (Poln., 89), формы з ‑мн‑ запазычаны з польск. przynajmniej ’па меншай меры’, што як і ўкр. принаймні ’тс’, калькі ням. am mindesten (ЕСУМ, 4, 574; Банькоўскі, 2, 942–943).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)