агле́дзіны, ‑дзін; адз. няма.

1. Агляд каго‑, чаго‑н. з мэтай знаёмства. Агледзіны пінкавіцкіх мясцін мы, вядома, пачалі з будынка былой школы, у якой больш чым паўвека таму назад працаваў вялікі паэт. С. Александровіч. — А цяпер хадзем на агледзіны да той затокі. Можа там і арэхаў зусім няма, — пажартаваў ляснік. Дубоўка.

2. Бытавы абрад знаёмства жаніха і яго сваякоў з нявестай. Была турбота [у Ганны] пра тое, каб не спатыкнуцца ў чым-небудзь на агледзінах, усё зрабіць так, як трэба, не паказаць сябе недарэкаю.. Назаўтра, у нядзелю, былі змовіны. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаўту́рны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які мае адносіны да хаўтур, звязаны з хаўтурамі. Хаўтурны абрад. □ Ціхі і страшны лямант бабы ляцеў над вадой да астраўка, адкуль плылі насустрач яму рэдкія ўдары хаўтурнага звону. Караткевіч. Санька — яго таксама ўзялі з сабою — смяяўся і радаваўся, забыўшыся, што гэтая рыба пойдзе на хаўтурны стол. Савіцкі.

2. перан. Сумны, тужлівы. Цяпер наўкола ляжала нядобрая, хаўтурная ціш — нават не шапацела, стаілася ў перадвячэрнім спакоі парадзелая, з жаўцізною лістота старэчых камлістых вязаў. Быкаў. Усюды панаваў хаўтурны настрой: гаварылі ціха, хадзілі асцярожна, быццам недзе блізка ў хаце быў нябожчык. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахрысці́ць, ‑хрышчу, ‑хрысціш, ‑хрысціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць рукой знак крыжа над кім‑, чым‑н. Андрэй нахіліўся над бацькам. Стары перахрысціў яго тры разы, абняў за шыю і пацалаваў. Чарнышэвіч.

2. Выканаць абрад хрышчэння, ахрысціць. Ну, бацюшка перахрысціў малога, пачалі дамаўляцца наконт платы. Кірэйчык. Пайшоў дзед да папа, каб сына перахрысціў. Якімовіч.

3. Ахрысціць пры пераходзе ў іншую хрысціянскую веру.

4. Разм. Даць новае імя, назву, мянушку. Макар Міхайлавіч чалавек высокага росту, шыракаплечы. Калі ён быў маладзейшы, у гаражы неяк яго перахрысцілі на Паўтара Макара. Мяжэвіч.

5. Разм. Вельмі моцна ўдарыць каго‑н. Перахрысціць бізуном.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрышчэ́нне, ‑я, н.

1. Рэлігійны абрад прыняцця каго‑н. у лік веруючых хрысціянскай рэлігіі. З Пецярбурга ўсё яшчэ ішлі адказы протаіерэяў і прыставаў, што не знаходзілі ў царкоўных кнігах запісу аб хрышчэнні Аляксандры Адольфаўны Ізмайловіч. Мехаў.

2. перан. Першае выпрабаванне ў якой‑н. справе. А праз які тыдзень я прыняў першае паветранае хрышчэнне. Хомчанка. У гэтым кутку.. [Андрэй] атрымаў як бы першае жыццёвае хрышчэнне. Пестрак.

•••

Баявое хрышчэнне — а) першы ўдзел у баі. [Букрэй] горача прывітаў партызан.. з першым баявым хрышчэннем. Колас; б) першае сур’ёзнае выпрабаванне ў якой‑н. справе. Механізаваныя групы абодвух атрадаў земляробчага цэха выйшлі на сваё баявое хрышчэнне. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Зары́ць, зоры́ты ’спаліць (на сонцы збожжа)’ (кобр., Жыв. сл.), зоры́тысь ’даспяваць’, ’загараць’ (драг., Клім.). Рус. дыял. зо́рить ’пакідаць на корані для даспявання, даспяваць’. Славен. zoríti ’рабіць спелым’, серб.-харв. зо̀рити ’стаць спелым’. Ц.-слав. зорити ’даць даспець’. Таго ж кораня, што рус. зреть ’спець’ з іншай ступенню чаргавання галоснага: *zьr‑/*zor‑ з і.-е. *gʼer‑ ’спець, старэць, церці’: грэч. γέρων ’стары’, ням. Kerl уст. ’стары чалавек’, да гэтага ж кораня зерне. Старое значэнне захавалася ў зоры́тысь ’даспяваць’, адкуль ’спаліць (тое, што раскладзена на сонцы для даспявання)’. Фасмер, 2, 104–105; Траўтман, 371–372; Покарны, 1, 390–391; БЕР, 1, 656. А. Ф. Жураўлёў (пісьм. паведамл.), указваючы на абрад выстаўлення зерня для даспявання пад свет зорак, дапускае магчымасць сувязі з зорка, зорыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пасвяці́ць 1, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак.

1. Свяціць, асвятляць каго‑, што‑н. некаторы час. [Камандзір] запаліў ліхтарык, пасвяціў. Бачу, ласуецца наша пушыстая даўгахвостка [лісіца] смажанай курыцай. Няхай. [Пракоп:] — Вазьмі сярнічкі. Пасвеціш мне. Баранавых.

2. Свяціцца, блішчаць некаторы час.

пасвяці́ць 2, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак., каго-што.

1. Правесці абрад, паводле якога надаецца каму‑, чаму‑н. святасць. [Старыя з папом] прайшлі ўсю вуліцу і выйшлі на поле, каб пасвяціць яго. Сабаленка.

2. у што. Пазнаёміць з чым‑н. патаемным, што не ўсім вядома. Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.

3. у каго. Уст. Пры дапамозе пэўных абрадаў надаць які‑н. духоўны сан, якое‑н. званне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́хамаць ’капрыз, недарэчнае, надуманае жаданне’ (ТСБМ), ’забабонны сродак; забабоны’; ’чароўныя веды’ (Нас., Гарэц.), ’забабоны, лячэнне нагаворамі’ (Бяльк.), при́хамить ’сімвалічны знак, абрад, які мае агульныя рысы з чарадзействам і незразумелы для пабочнага гледача’ (Мядзв.), прихамети ’забабоны’ (Кос.), прыхаме́ты ’тс’, прыхаме́та ’прыкмета’ (Бяльк.), прыхамати ’байкі, забабоны’ (Растарг.), пры́хаматлівы ’прымхлівы, які верыць забабонам’, пры́хаматны ’знамянальны па якіх-небудзь забабонных прыкметах’ (Нас.), прыхаме́тнік ’вядзьмак’ (Бяльк.). Рус. смал., бранск. при́хомоть ’забабонная прыкмета, забабоны, павер’е’, бранск. при́хомати, при́хомять, смал. прихоме́ты, прихомётка ’тс’, прихоме́тник ’вядзьмак’, прихоме́тница ’вядзьмарка’. Цёмнае слова. Можна выказаць толькі некалькі меркаванняў. Пры‑, відавочна, прыстаўка, параўн. яшчэ пры́шамець ’незвычайная з’ява’ (Варл.), што дазваляе выдзеліць экспрэсіўны элемент ха‑, які чаргуецца з ‑ша‑ (параўн. Махэк₂, 203: пад chomrstati). Няяснай застаецца фіналь слова (ад *męti?). Не выключае, што разглядаемае слова — гэта вытворнае ад пры́мха (гл.) з суф. ‑от і ‑ь (гл. аб суфіксацыі Карскі 2-3, 30–31): *прымх‑оть і з наступнай метатэзай і о ўстаўным — *прыхомоть > прыхамаць. Але гэта няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каляда́ ’даўнейшы абрад хаджэння па хатах у калядныя вечары з віншаваннем, велічальнымі песнямі’ (БРС, ТСБМ, Гарэц., Нас.; Сержп. Грам.), ’царкоўнае хрысціянскае свята нараджэння Хрыста, якое адзначалася 25 снежня па ст. ст. і ў наступныя дні да вадохрышча’ (Сцяшк.), каляда ’калядны вечар, куцця’ (Сл. паўн.-зах., Шат.), каляда посная, каляды ’свята нараджэння Хрыста’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., навагр., КЭС; Нік. Очерки., Мядзв., Нас., Сержп. Прымхі, Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Чач., Шат.), каляда ’песня, якая спяваецца падчас гэтага абраду’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.) ’прадукты, якія дарылі ў час каляд’ (ТСБМ, Мал., Сл. паўн.-зах., ТС), ’плата свяшчэнніку за хрэсны ход у час каляд’ (Нас.), параўн. яшчэ ў Радчанкі: «Ой панъ иде, коляду несе, Три куски сала, чтобъ коза встала», ’хвост вяпрука, які вараць на куццю і ядуць у «багатую каляду»’ (Сцяц., Нар.), ’вяпрук, якога колюць на каляды, туша яго’ (зах.-бел.: Жд. 2; Сцяц. Нар.; Сцяшк., Янк. I). Таксама сустракаецца ў песнях (параўн. у Насовіча: «Ехала коляда, колядуючи… Пошла коляда по лёду, разсыпала коледа коляду…» і Радчанкі: «Ишла коляда с конца в конец, Зайшла коляда к Ивану…»), што дало падставу Сержпутоўскаму пісаць пра персаніфікацыю каляды: раней Шпілеўскі адзначаў: каляда ’бог весялосці і радасці’ (Архіў АН СССР, фонд Сразнеўскага). У Насовіча яшчэ коледа ў выразе збор‑коледа ’пра розныя рэчы, сабраныя ў адну купу’. Форма коляды адзначаецца ў Сл. паўн.-зах. і Растаргуевым (з Косіч?), барыс. зафіксавана форма калёды (Сл. паўн.-зах.). Укр. коляда ’свята нараджэння Хрыста, калі пяюць калядныя несці’, ’песні ў калядны вечар’, ’падарунак каляднікам за песні’, рус. коляда ’свята нараджэння Хрыста, калі ходзяць па дамах і пяюць калядныя песні’, ’вечар напярэдадні каляд’, а таксама ’абрадавая песня’, ’падарункі і грошы каляднікам за песні’ смал., калуж., наўг., кур., арл. ’вяпрук, якога колюць па каляды’ (геаграфія невядомая) і шэраг іншых, польск. kolęda ’калядная песня’, ’навагодні або калядны падарунак’, ’адведванне веруючых ксяндзом’, дыял. і ст.-польск. ’хаджэнне па хатах з песнямі і збіранне дароў’, шэраг іншых значэнняў, славін.-каш. kaląda ’калядная песня’, ’абрад хаджэння па хатах з песнямі’, н.-луж. уст. koloda ’навагодні падарунак’, чэш. koleda ’калядная песня’, таксама ’час, калі пяюць калядныя песні’, ’падарунак каляднікам, падарунак на Новы год’, славац. koleda ’калядная песня, якую пяюць на Новы год’, славен. kalę́daабрад, свята, калі ходзяць па хатах з музыкаў і песнямі; пры гэтым збіраюцца падарункі’, адзначаецца і форма ’куцця (вечар)’, дыял. kòlēňde ’навагодні падарунак’, серб. ко̀леда, коле́да ’калядаванне, хаджэнне на хатах з песнямі’, макед. коледа ’калядаванне, куцця (вечар), свята нараджэння Хрыста’, балг. коляда, коленда, коледа ’каляды’ (у Герава і ў дадатках да слоўніка), ст.-слав. калѧда ’calendae’ (’навагодняе свята’). Прасл. kolęda запазычанне з лац. calendae ’першы дзень месяца’, першапачаткова, відаць, свята, звязанае з пачаткам года, паколькі даўнія рымскія святы «календы» адзначалі з 1 па 5 студзеня, далей у сувязі з хрысціянскім уплывам адносна да свята нараджэння Хрыста (гл. Трубачоў, Эт. сл., 10, 135). Міклашыч (24) выказваў меркаванне аб пачатковым распаўсюджванні ў славян Паноніі; праславянскае паходжанне як быццам пацвярджаецца шэрагам фактаў, але не вельмі надзейна. Распаўсюджанне слова на ўсходнеславянскай тэрыторыі сведчыць, магчыма, аб познім характары. Параўн. і Дзясніцкая, Слав. языкозн., 329–332, дзе мяркуецца аб пранікненні балканскай назвы на захад і ўсход славянскага свету.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цырымо́нія, ‑і, ж.

1. Устаноўлены парадак правядзення якога‑н. абраду, урачыстасці; абрад, урачыстасць, якія праводзяцца ў строгім парадку. На цырымоніі адкрыцця выстаўкі выступіў беларускі паэт В. Вітка. «Звязда». Стала ў Брэсце добрай традыцыяй праводзіць многія ўрачыстыя цырымоніі ля сцен легендарнай крэпасці. «ЛіМ».

2. Разм. жарт. Пра якое‑н. працяглае, доўгае дзеянне, якое складаецца з шэрагу асобных учынкаў, дзеянняў. Цырымонія надзявання «добрага пінжака» праходзіць з адмысловай урачыстасцю.. Бярэ яго канечн[е] «Матрёна» і, трымаючы на выцягнутых уперад руках, падносіць да Гвардыяна з напружанай, блізкай да спалоху павагай. Гвардыян ужо загадзя абярнуўся спінай насустрэчу «добраму пінжаку» і выставіў назад.. рукі. Зарэцкі.

3. звычайна мн. (цырымо́ніі, ‑ій). Умоўнасці ў паводзінах, якія ўласцівы цырымоннаму чалавеку; паводзіны цырымоннага чалавека. [Полаз:] — Слухай, Лемяшэвіч, давай на «ты»... Мы з табой людзі роўныя, камуністы, і выкінем да ліха ўсе цырымоніі. Шамякін. [Зыбін:] — Заходзь сёння, пасядзім, пагаворым... Заходзь, праўда — без цырымоній!.. Мележ.

[Ад лац. caeremonia — літаральна пашана, павага.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каза́, ы́; мн. ко́зы (з ліч. 2, 3, 4 казы́), коз; ж.

1. Невялікая парнакапытная жвачная жывёліна (свойская і дзікая) сямейства пустарогіх; самка казла. Дзікая каза. Каза з казлянятамі. □ У Самабыля ёсць розная жыўнасць: куры, трое парасят, дзве казы і трусы. Колас.

2. Разм. Двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань. Варанецкі ішоў, лёгка ўскідваючы доўгія ножкі «казы» — вялікага драўлянага цыркуля. Дуброўскі. Максім узяў ад Дзяніса «казу» і пачаў перамяраць. Капусцін.

3. Уст. Заплечныя насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве. Паложаць чалавеку дзесяць цаглін на «казу», прыгнецца ён, каб трывалей ляжала прылада на плячах з грузамі. Пальчэўскі. Па хісткіх рыпучых лесвіцах, на вышыню дзесятага паверха насілі муляры цэглу на «казе». «ЛіМ».

4. Даўнейшы беларускі калядны абрад.

•••

Ангорская каза — каштоўная шэрсная парода коз з паўтонкай моцнай белай шэрсцю.

Абадраць як сідараву казу гл. абадраць.

Адстаўной казы барабаншчык гл. барабаншчык.

Дзе і Макар коз не пасе гл. дзе.

Козамі сена травіць гл. травіць.

Лупіць як сідараву казу гл. лупіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)