спо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што спорыцца; хуткі і паспяховы (пра дзейнасць, працу). Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. // Складны, энергічны. Жвір выстукаў пальцамі па лаўцы нейкі спорны і дробны марш. Адамчык. // Які найбольш падыходзіць да выканання чаго‑н.; найбольш практычны, эканомны. Трактар — Дужы і ў працы спорны. Колас. Буланы, застаяўшыся ў гарадку, апанаваны аваднямі, імчаў лінейку спорнай рыссю. Хадкевіч.
2. Які хутка змочвае або пакрывае зямлю (пра снег, дождж); часты. Нядаўна прайшоў спорны дождж, і ісці па слізкай абочыне было цяжка. Парахневіч. Снег валіў нядоўга з неба, але быў да таго густы і спорны, што праз якую гадзіну горад стаў белы. Васілёнак.
3. Які дае пры малых затратах найлепшы вынік; выгадны ў гаспадарчых адносінах. Спорная мука. □ Дровы, праўда, былі не самавітыя, бо не надта спорныя, у большасці галлё ды пруцце. Кулакоўскі. // З вялікай колькасцю ягад, зярнят і пад. Колькі разоў падыходзіў я да.. [каліны] і любаваўся спорнымі гронкамі ягад! Бажко. [Юстын:] — Такой пшаніцы мы і, праўда, зроду не бачылі — буйная, спорная, што золата. Краўчанка. // Буйны, вялікі. Мох на балоце густы, спорны. Галавач. Слёзы пацяклі па твары, гарачыя і спорныя. Крапіва. На .. [чамаданчыку] кроплі вады: сцякліся адна да адной, спорныя цяпер, круглыя, як гарох. Пташнікаў.
4. З вузкімі, дробнымі, блізка размешчанымі літарамі і невялікімі прамежкамі паміж словамі (пра почырк і пад.). [Рэдактар] падаў.. [Віктару] густа спісаны спорным почыркам ліст паперы. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спра́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае пашкоджанняў, прыгодны для выкарыстання. [Перагуд:] Праверыць гранаты, каб былі спраўныя. Крапіва. Машын тут некалькі, усе грузавыя, з магутнымі маторамі і не зусім спраўнымі глушыцелямі. Кулакоўскі. Нэля падняла ўгору сцяжок, даючы знаць машыністу, што пуць спраўны. Васілёнак.
2. Які знаходзіцца ў добрым стане; добры. — І як яму ўдаецца трымаць такую спраўную гаспадарку? — не пакідала.. [Петруся] думка. Якімовіч. [Траншэя] была глыбокая, спраўная, зробленая з нямецкай акуратнасцю. Марціновіч. / Пра скаціну. Хто мае такога спраўнага каня і выязную жарабку ў дадатак, як.. [Бабейка]? Хадкевіч. // Заможны. Гаспадаром станавіўся [Васіль], не абы-якім, спраўным; зямлі пабольшала, пабольшала ў гумне і ў клеці. Мележ.
3. Старанны, добрасумленны. Спраўны вучань. □ Баранавых аказаўся вельмі рупным і спраўным работнікам. Хведаровіч.
4. Удалы, прыгожы, здаровы (пра чалавека). Нядаўна быў завітаў [Міша] ў госці, дык такі кавалер вырас, такім спраўным стаў — паглядзець ды падзівіцца толькі. Кірэйчык. [Алаіза:] — Думаю, што ў такіх спраўных дзяўчат, як вы, кавалераў хапае. Арабей. Я паварочваюся да свайго суседа, спраўнага ружовага дзядка: ён з усяе сілы ўпяўся, каб стрымаць людзей, што наваліліся яму на плечы. Палтаран. Спраўны ён, Мацей, хлопец, павінен я сказаць. Ды і не толькі ён — у Якуба ўсе дзеці галавастыя. Савіцкі. // Які характэрны для такіх людзей. [Петрык] хуценька садзіцца за тэлеграфны апарат і пачынае перабіраць у спраўных руках стужку. Шынклер. [Жанчына:] — Але такую справу адкладваць няможна! — І яна спакойна, спраўным крокам зноў пайшла да салдата. Мікуліч. // Спрытны, абаротлівы, энергічны. Дзед Банэдык аказаўся вельмі спраўным хаўруснікам. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
срэ́бра, ‑а, м.
1. Высакародны метал шаравата-белага колеру з бляскам. З унікальных мастацкіх вырабаў увагу спыняў вялікі крыж са срэбра і золата. «Помнікі». Але і гандаль рабамі не задавальняў партугальцаў, якія прагнулі захапіць усю краіну з яе багатымі залежамі срэбра. «Маладосць». // перан. Што‑н. бліскуча-белае, колерам ці бляскам падобнае на гэты метал. Сонца стала ўставаць, Ззяла срэбрам трава. Лойка. Дождж срэбра сваё ледзяное На ядраным лузе рассыпаў. Калачынскі. / Пра сівізну. Не, гэта не срэбра на скронях, не вузлы сініх вен на руках і нават не сетка маршчынак ля вачэй. Данілевіч. Барада заслала грудзі, Срэбра ў чорнай барадзе. Бялевіч.
2. зб. Вырабы з гэтага металу. Сем дываноў, фарфор і срэбра, А што за мэбля ў яго! Панчанка. // перан. Пра багацце, раскошу. І ўжо ніяк нельга падумаць, што жыхары Серабранкі хадзілі тут у срэбры ды золаце... Новікаў. [Тапурыя:] — Я вольны марак і просты чалавек, і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Самуйлёнак. // Пасярэбраныя шаўковыя ніткі для вышывання, ткання.
3. зб. Разменная манета са сплаву, у якім галоўнай састаўной часткай з’яўляецца срэбра або нікель. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны .. лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пацеркі. Колас. Сапе Мядзведзь, звініць ланцуг, Цыган паважна звоніць срэбрам. Крапіва.
4. перан. Меладычнасць, гучнасць, чысціня (пра гук, голас і пад.). Голас у Насці срэбрам разышоўся па хаце. Чорны. А над намі льюцца срэбрам Птушак галасы. Журба.
•••
Жывое срэбра — ртуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тро́йка, ‑і, ДМ тройцы; Р мн. троек; ж.
1. Лічба 3. Напісаць тройку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобус, трамвай маршруту № 3 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 3.
2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем пасрэдна. Клава думала .. пра тыя тры валы, якія яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта тройка па пісьму і чацвёрка па хіміі. Кавалёў. Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік: А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.
3. Ігральная карта, дошчачка даміно з трыма ачкамі. Казырная тройка.
4. Трое коней, запрэжаных поруч у адзін экіпаж. Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў: Дзед Мароз, Зіма ў кароне І Сняжыначкі з бакоў. Галіноўская. Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней, запрэжаных у доўгую лінейку. Шамякін. // Экіпаж з трыма запрэжанымі ў яго коньмі. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч.
5. Група з трох чалавек, кіруючая група, створаная для выканання пэўнай работы. Тройка па барацьбе з паводкай. Аператыўная тройка. □ ЦК ЛКСМБ строга патрабаваў ствараць невялікія групы — тройкі, пяцёркі, якія маглі лепш захоўваць канспірацыю. Дзенісевіч. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Нам дзве гадзіны назад прыслала тройка загад — спусціць з рэек гэты цягнік... Чарот.
6. Касцюм (мужчынскі або жаночы), у які ўваходзіць пінжак (жакет), штаны (спадніца) і камізэлька. Пашыць тройку.
7. Разм. Тры рублі.
•••
На тройках ехаць гл. ехаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэ́рмін 1, ‑у, ж.
1. Пэўны прамежак часу, адведзены для чаго‑н. Выпрабавальны тэрмін. Месячны тэрмін. □ Тры месяцы — тэрмін невялікі, але дастатковы для таго, каб добра пазнаць чалавека. Данілевіч. Дзесяць год! За гэты тэрмін дрэва Дзесяць раз убор зялёны зменіць, Дзесяць пакаленняў салаўіных Выкалыша на сваіх галінах, Дзесяць залатых кругоў адложыць, Як пярсцёнкак, каля сарцавіны. Танк. Пражыў месяц [Базыль] дома, а за гэты тэрмін шмат чаго змяніў у сваёй гаспадарцы. Нікановіч. // Спрыяльная пара, зручны момант для чаго‑н. Каб выканаць такія абавязацельствы, трэба вельмі многа папрацаваць і перш за ўсё не ўпусціць лепшыя тэрміны на сяўбе. «Звязда».
2. Вызначаны час, пэўная дата, да наступлення якой павінна што‑н. адбыцца, закончыцца. Ад ліп нёсся прыемны водар маладой квецені: сёлета яны зацвілі раней тэрміну. Ваданосаў. // Пэўны момант, час, пасля якога што‑н. павінна адбыцца. Вера не адгаворвала. Казала, што чакае тэрміну і паедзе вучыцца на курсы. Грамовіч.
•••
У тэрмін — у час, своечасова, у пару.
тэ́рмін 2, ‑а, м.
1. Слова (або злучэнне слоў), якое дакладна абазначае пэўнае паняцце ў навуцы, тэхніцы, мастацтве і пад. Філасофскіх тэрміны. Мовазнаўчыя тэрміны. Юрыдычныя тэрміны. □ Тэрміны лацінскага паходжання вельмі пашыраны былі .. ў старабеларускай юрыспрудэнцыі, дзе .. шырока выкарыстоўвалася дакументацыя на лацінскай мове. Жураўскі. // Спецыяльнае слова або выраз, прынятыя для абазначэння чаго‑н. у якім‑н. асяроддзі, прафесіі. Паляўнічы тэрмін. Шахматны тэрмін.
2. Спец. Суб’ект або прэдыкат суджэння, якія ўваходзяць у састаў сілагізма.
[Ад лац. terminus — канец, мяжа.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узысці́, узыду; узыдзеш, узыдзе; пр. узышоў, ‑шла, ‑шло; заг. узыдзі; зак.
1. Ідучы, падняцца куды‑н. Пад’ехаўшы да школы, Лабановіч выскачыў з драбінак і ўзышоў на ганак. Колас. Я толькі на пагорак узыду, а ты ўжо кіруеш у нізіну. Макарэвіч. Змітрок узышоў на другі паверх, адчыніў дзверы. Ваданосаў. // Прайсці, пралегчы праз узвышэнне (пра дарогу, сцежку і пад.). Шаша ўзышла па ўзгорак і стала пятляць па лесе. Навуменка. / у перан. ужыв. Тры пакаленні беларускіх паэтаў плённа працавалі ў гады вайны. .. На якасна новыя рубяжы ўзышлі паэты сярэдняга пакалення: П. Броўка, П. Глебка, А. Куляшоў. Гіст. бел. сав. літ.
2. Ступіць, уз’ехаць на паверхню чаго‑н., на што‑н. Узысці на кладку. □ Толік узышоў на загон, паставіў касу,.. узяў у рукі мянташку. Капыловіч. Цягнік збавіў ход і асцярожна ўзышоў на мост. Карпаў. [Чубар] саступіў у малады хвойнік і .. пачаў прабірацца скрозь яго, каб абмінуць павуціну і ўзысці пасля зноў на сцежку. Чыгрынаў. // Увайсці, уехаць куды‑н. Фурман быў захоплены работай і не пачуў, як узышоў на двор Мікола. Новікаў.
3. З’явіцца, узняцца над гарызонтам (пра нябесныя свяцілы). Сонца толькі што ўзышло, а на сядзібе ўжо былі людзі. Хадкевіч. Узышоў месяц і ясна стала. Чорны. Дзень на змену ночы йдзе; Вось узыдзе сонца скора. Крапіва.
4. Праросшы, паказацца на паверхні глебы. Паліна Нікандраўна з Аняй Кавалёвай стаяць каля ўчастка лубіну, які толькі што ўзышоў. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упра́віцца, упраўлюся, управішся, управіцца; зак.
1. з чым і без дап. Паспець скончыць, завяршыць што‑н. у тэрмін; ухадзіцца з чым‑н. Пакуль змеркне, кожны з нас стараўся ўправіцца з работаю. Чорны. Кароўнік дзед Жораў управіўся скончыць якраз у пару. Паслядовіч. [Андрэй:] — Снапы ў гумне, тата. — У гумне? — У гумне. Управіліся да дажджу. Чарнышэвіч. // Даць рады чаму‑н., справіцца з чым‑н. Станіслаў упарціўся: было сорамна — які ён жаніх. Але і выйсця не знаходзіў. Аднаму з гаспадаркай не ўправіцца. Асіпенка. Цётка Гануля .. абяцала схадзіць [да Мікодыма], як толькі ўправіцца з хатнімі клопатамі. Марціновіч. [Рыбак] не стукаў, дзверы былі не запёртыя, управіцца з імі яму, колішняму вясковаму жыхару, было звыкла, .. і дзверы, трошкі рыпнуўшы, расчыніліся. Быкаў.
2. Паспець за які‑н. тэрмін схадзіць або з’ездзіць куды‑н. і вярнуцца назад. [Косця:] — Можа выбраць вольны час ды пад’ехаць самому — Маладзечна не так далёка, за дзень управіўся б. Адамчык.
3. Змагчы, паспець зрабіць што‑н. Мартын не ўправіўся адказаць: з боку лесу пачулася глухое тухканне ног па мяккай зямлі. Колас. — Фш-шы-ых-х! — прашыкаў звер. Стары ледзьве ўправіўся адскочыць убок. Масарэнка.
4. Адолець, стрымаць каго‑, што‑н., падпарадкаваць сваёй волі. — Адно толькі незразумела, — дадаў.. [студэнт]. — Як.. [рысь] злавіла яго? Алень малады і дужы, як гэта яна ўправілася. В. Вольскі. [Аляксандр:] — Цара скінулі — не пабаяліся, Керэнскаму па загрыўку далі, і з гэтымі ўправімся. Грахоўскі. Гнядок стрыгануў вушамі, збочыў з дарогі і панёсся проста па раллі. Бацька ледзь-ледзь управіўся з канём. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчарба́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што мае не ўсе зубы, рэдкія зубы. — Я-то ўжо думаў, што ў цябе зуб новы вырас. Уставіў бы, ці што, ходзіш шчарбаты, — падкалоў.. [Міця] Івана, намякаючы на той далёкі вечар. Кудравец. Цуглі былі ўжо густа ржавыя, бо хто ведае, калі яны закладваліся ў шчарбаты рот Крумкача. Кулакоўскі. / Пра зубы. Гэта быў гадоў дваццаці васьмі мужчына з шэрымі вачыма, з круглым задзёрыстым тварам і шчарбатымі зубамі. Скрыган.
2. Які мае няроўныя, са шчарбінамі краі. Шчарбатая лыжка. □ А бацька адчыняе скрынку, дастае шчарбаты чайнік. Лынькоў. Палез у печку. Дастаў адтуль шчарбаты чыгунок з капустаю. П. Ткачоў. // Які мае няроўнае, нявострае з зазубрынамі лязо. Шкрэбнуў па поснай патэльні шчарбаты нож. Бураўкін. // Які мае няроўную, з выбоінамі, паверхню. Бутэлька яшчэ ракатала па шчарбатым паркеце, нібы нехта нябачны каціў яе. Караткевіч. Пералажылі шчарбатыя, пазламаныя масты, збудавалі трохі новых. Мележ. Сям-там шчарбаты камень пачынаў абшмульваць і ўядацца ў кару. Арочка.
3. перан. Які мае няроўныя або з дзіркамі абрысы. Месцамі край неба падпіралі шчарбатыя хвойнікі. Бядуля. Сям-там, як бы ля падножжа, да .. [будынкаў] туліліся драўляныя домікі з седлаватымі дахамі і шчарбатымі комінамі. Карпаў.
4. Які мае паменшаны, малы серп (пра месяц). І раўнадушна на зямлю пазіраў стары шчарбаты месяц. Асіпенка.
5. перан. Несапраўдны; няпоўны, аднабокі. — Свет вялік, — кажа пан, — можа, і праўда. — Праўда, то праўда, пане, хоць і шчарбатая. Якімовіч. // Няўдалы, няшчасны. Значыць, лёс мой такі шчарбаты. Трэба скарыцца. Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ядаві́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца ядам (у 1 знач.), здольны выклікаць атручэнне. Ядавітыя рэчывы. □ [Тварыцкага] на нямецкую вайну забралі былі. Там і атруцілі яму грудзі на век-вечны. — Газ ядавіты пускалі. Чорны. // Які змяшчае ў сабе яд. Бледная паганка — ядавіты грыб. □ Лугі, пашы.. часта бываюць засмечаны ядавітымі раслінамі. «Беларусь». // Які выдзяляе, выпускае яд, выпрацаваны спецыяльнымі органамі (пра жывёл). Ядавітыя змеі. Ядавіты павук каракурт.
2. Разм. Які непрыемна і раздражняльна ўздзейнічае на органы пачуццяў; едкі, пякучы. Ядавіты пах лаку. □ Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Мыслівец. / Пра яркі, рэзкі колер. Зыркаю на ядавітага колеру вадкасць, якая б’ецца аб сценкі бутэлькі, і мяне разбірае страх. Карпюк. // перан. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны. Мы ўжо бачылі, што гэтае пытанне з’яўляецца асабліва ядавітым для філасофіі Маха і Авенарыуса. Ленін.
3. перан. Зласлівы, з’едлівы. Койфер з ядавітай іроніяй сказаў: — О, я цудоўна вас разумею, пан обер-лейтэнант. Вы ведалі ці здагадваліся аб гэтым палёце і, каб ратаваць сваё жыццё, уцяклі з вёскі... Шамякін. / Пра зласлівага, з’едлівага чалавека. — Ну, ты і ядавіты стаў, чорт гэтакі, — засмяяўся Сяргееў і ўзяў Валодзю за рукі. Федасеенка. // Які выражае зласлівасць, з’едлівасць. Немец за паліраваным сталом, здаецца, піў асалоду, гледзячы на Людмілу, на збітую Шуру. «Ну, што вы цяпер скажаце?» — пытаўся яго ядавіты позірк. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ядро́, ‑а; мн. ядры, ядзер і ядраў; н.
1. Унутраная частка плода (звычайна арэха), зерня або семя, накрытая шкарлупінай, абалонкай. Ядро слівавай кветачкі. □ Прагрызла [мышка] адзін арэшак — у ім смачнае ядро. Бяспалы.
2. Спец. Унутраная, звычайна больш шчыльная частка чаго‑н. Ядро каметы. Ядро туманнасці. // У геалогіі — самая глыбокая і шчыльная ўнутраная частка Зямлі з радыусам каля 3500 км. // У фізіцы — цэнтральная, дадатна зараджаная частка атама, у якой практычна сканцэнтравана ўся маса атама. Атамнае ядро. □ Сапраўднае авалоданне энергіяй ядра пачалося ў той дзень, калі рукой чалавека была пушчана атамная электрастанцыя. «Маладосць». // У біялогіі — важнейшая састаўная частка ўсякай расліннай і жывёльнай клеткі.
3. перан. Асноўная, найбольш важная частка чаго‑н. Індустрыяльнае ядро горада. □ Паколькі асноўную частку ядра дзяржавы складалі беларускія землі, беларуская мова была прызнана за дзяржаўную на ўсёй тэрыторыі [Вялікага княства Літоўскага]. «Полымя». // Асноўная частка якой‑н. арганізацыі, групы і пад. Асноўным ядром першых часцей Чырвонай Арміі былі рабочыя-чырвонагвардзейцы. «Беларусь». Ядро атрада, чалавек дзесяць, ішло ляснымі дарогамі. Новікаў. Як вядома, ядром працоўнага калектыву з’яўляецца пярвічная партыйная арганізацыя. «Звязда».
4. Сутнасць, аснова чаго‑н. Гісторыя [са знаходкай] і з’яўляецца ядром апавядання [«Цікавая знаходка» М. Ваданосава], яго квінтэсенцыяй. «Полымя».
5. Шарападобны каменны або чыгунны снарад ударнага дзеяння, які прымяняўся ў гладкаствольнай артылерыі ў 14–17 стст. // Шарападобны разрыўны снарад з парахавым зарадам у 17–19 стст.
6. Металічны шар для спартыўных практыкаванняў у штурханні. Дзесяціборцы закончылі спаборніцтвы па штурханню ядра. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)