абста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.
1. Паставіўшы што‑н. кругом, абгарадзіць, абкружыць каго‑, што‑н. Абставіць што-небудзь дошкамі. □ Бацька абставіў сябе кадушкамі жыта і смяецца над усім светам. Чорны. // Разм. Уставіць, заставіць што‑н. чым‑н. па краях ці на ўсёй паверхні. Абставіць паліцы кнігамі.
2. Паставіць у пакоі, кабінеце, кватэры мэблю, набыць абстаноўку. [Ксяндзу] адвялі, адбудавалі і адпаведным парадкам абставілі цэлы дом, прасторны і раскошны. Колас. // Абсталяваць дэкаратыўную частку тэатральнай пастаноўкі. Багата абставіць спектакль.
3. перан. Стварыць умовы, абставіны для правядзення чаго‑н. Абставіць сустрэчу з дэпутатамі. □ Езуіты ўмелі абставіць справы так, што Кася ледзь не да сканчэння вучобы ў гімназіі шчыра верыла ў бога. Карпюк.
4. Разм. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н.; апярэдзіць каго‑н. у чым‑н. — Калі дзяўчынка не будзе разявай, — перабіў.. [Джорджа Лоўрэнса] дырэктар, — яна зможа хутка пайсці ўгору і абставіць некаторых нашых красунь. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
капа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., у чым.
1. Капаючы, разграбаючы, рыцца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім. На дарозе ў пяску капаліся нейчыя куры. Рылько. За плотам пад сцяной капаўся ў снезе стары. Карпюк. // Разм. Перакладваючы, перабіраючы, шукаць што‑н. Капацца ў паперах. Капацца ў кішэні. □ Дзяўчаты тэрмінова шылі сабе нейкія старамодныя сукенкі, хлопцы капаліся ў старых бацькоўскіх скрынях у пошуках доўгіх да пят паляшуцкіх дзедаўскіх світак і кажухоў. Краўчанка. // перан. Дэталёва, па дробязях аналізаваць, абдумваць што‑н., унікаць у што‑н. Капацца ў душы. □ Сяльчонку не захацелася далей капацца ў гэтай старой гісторыі. Асіпенка.
2. Разм. Займацца якой‑н. карпатлівай справай, рабіць што‑н. марудна, няўмела; важдацца. [Туляга:] Ваша праца пасоўваецца. Аляксандр Пятровіч. [Гарлахвацкі:] А іменна? [Туляга:] Матэрыялы падбіраю. [Гарлахвацкі:] Доўга капаецеся. Крапіва. [Жонка] капалася каля прыпечку. Бядуля.
3. Паддавацца капанню. Пад пластом шчэбню была мяккая зямля і капалася лёгка, хутка. Краўчанка.
4. Зал. да капа́ць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
малаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; незак.
1. што і без дап. Выкалочваць, выбіваць зерне з каласоў, стручкоў і інш. цапамі, пры дапамозе малатарні ці камбайна. Малаціць ячмень у гумне. Малаціць гарох. □ Тут [на полі] камбайны і жнуць, І малоцяць услед... Журба.
2. перан.; чым, па чым, у што. Разм. Удараць, стукаць. Нехта адчайна малаціў жалезным крукам па буферы. Лынькоў. [Барташэвіч] раз’юшыўся і стаў малаціць нагамі і рукамі куды папала. Карпюк. // каго і без дап. Біць, збіваць, наносячы частыя ўдары. «Біць [маці] будзе, — падумаў Лёня Сокал.. — Як пачне малаціць, дык уцячы не паспееш». Нядзведскі.
3. перан.; што. Разм. Разбіваць, ламаць. Юзік ухапіў дзеравяны малаток і пачаў малаціць вокны. Мурашка. // каго. Забіваць, знішчаць. І пайшлі воіны ў атаку, рынуліся калоць, малаціць цемрашалаў. Бялевіч.
4. перан. Разм. Хутка гаварыць, лапатаць. Пачаў [старшыня гаварыць] ціха, спакойна, а потым як пайшоў, як пайшоў малаціць! Здатны на гаворку! Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ірвану́ць і рвану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.
1. каго-што і без дап. Рэзка, моцна тузануць, пацягнуць. Познышаў ірвануў шнур. І ў той жа момант, ураз уздыбіўшы першыя вагоны, грукнуў выбух... Краўчанка. [Гарманіст] ірвануў раптам мяхі, урэзаў польку. Васілевіч. Сцюжа рванула дзверы сталовай, міргнула велізарная настольная лямпа. Мікуліч. // Схапіўшы зубамі, параніць, укусіць. Сабака рвануў за нагу.
2. Разм. Парывіста, рэзка скрануцца з месца, рэзкім рухам кінуцца куды‑н. Ірвануў паравоз, зашыпеў весела парай. Лынькоў. // Рэзка, моцна падзьмуць (пра вецер). Моцны вецер ірвануў з поля і абсыпаў .. [Міхаську] мяккім сняжком. Якімовіч.
3. каго-што. Падарваць, узарваць што‑н. з выбухам. — Зараз вось ірванём мост і пойдзем. Чыгрынаў. Выбухі рванулі зямлю. Шчарбатаў. // без дап. Раздацца, прагрымець. Праз тры — пяць мінут у агні затрапяталіся ружовыя языкі, а затым ірванулі выбухі. Мехаў.
4. Разм. Хутка і многа зрабіць. [Анішчук:] Не вельмі ты вясною рвануў. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пустацве́т, ‑у, М ‑цвеце, м.
1. Кветка, якая не дае плода. Пчала — гэта не толькі фабрыка мёду, а і добрая прыбаўка ўраджаю: там, дзе яна садзіцца на кветку, не бывае пустацвету. Якімовіч. / у знач. зб. «— Будзе садавіны ў гэтым годзе, — з задавальненнем думаў дзед Ігнат, — пустацвету амаль .. няма...» Васілевіч. [Яблыні] зацвіталі часта, здаралася, што і ўвосень давалі цвет, а яблыкаў усё не было. І толькі нядаўна, у самыя апошнія гады, кончыўся пустацвет... Чыгрынаў.
2. перан. Чалавек, дзейнасць якога не прыносіць карысці людзям, грамадству. — Ты чуў калі, што значыць слова жыта? Не? Жыццё, сын! — А нахлебнік — пустацвет заўсёды. Карпаў. // Пра тое, што не прыносіць ніякай карысці, не мае значэння. Словы падбіраліся хутка, імкліва, і сярод іх на дзіва мала траплялася пустацветаў або сказаных не да месца. Кулакоўскі. У навелістыцы апошняга часу на кожны ўдалы твор прыпадае, мабыць, не меней за пяць пустацветаў. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пыл, ‑у, м.
1. Найдрабнейшыя цвёрдыя часцінкі, часцей паднятыя з паверхні зямлі, якія лятаюць у паветры або аселі на паверхню рэчаў. Дарожны пыл. Мучны пыл. □ Клубы пылу, узнятыя галубамі, паволі плылі з дзвярэй. Лынькоў. Па дарогах днём і ноччу ў воблаках рудога пылу беглі машыны. Грахоўскі. Ля сцяны стаялі тры куфры, акаваныя жалезам. На ўсім гэтым тоўстым пластом ляжаў пыл. Чарнышэвіч. // Найдрабнейшыя часцінкі вады, снегу і пад. Снежны пыл, падхоплены ветрам, узнімаўся над зямлёй. Мікуліч. Усё насычана было дробным вадзяным пылам, які ўраганны вецер зрываў з крутых хваль. Лынькоў.
2. Тое, што і пылок (у 2 знач.). У пчалы на ножках Дзьмухаўцовы пыл. Узнялася з ношкай, Ледзь хапіла сіл. Калачынскі.
•••
Касмічны пыл — дробныя цвёрдыя часцінкі міжпланетнай і міжзоркавай прасторы.
Аж (толькі) пыл курыць (закурэў) — вельмі хутка (пайсці, пабегчы, паехаць і пад.).
Пусціць пыл у вочы гл. пусціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэйд 1, ‑а, М ‑дзе, м.
Месца стаянкі суднаў на якары каля берага. У порт Дзіксан мы не заходзілі, таму што наш карабель меў у запасе і ваду, і паліва, і прадукты. Мы сталі на рэйдзе. Бяганская. Не стаіць ён [карабель] на рэйдзе пры гавані, Хоць наперадзе шторм або шквал, А заўжды ў кругасветным ён плаванні Сярод рыфаў падводных і скал. Аўрамчык.
[Гал. rede.]
рэйд 2, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Пранікненне войск, звычайна конніцы або партызанскіх атрадаў, у глыб варожай тэрыторыі з якой‑н. баявой мэтай. Хутка танкі прарваліся ў варожы тыл. Гэта быў першы глыбокі рэйд у баявым жыцці Шутава. Мележ.
2. Нечаканая рэвізія, праверка, якая праводзіцца групай актывістаў па заданню грамадскіх арганізацыя. Асталося зусім мала часу да канца перапынку, а трэба паспець арганізаваць спрытную брыгаду, каб увечары адправіцца ў рэйд. Якасць. Вось чаго будзе дамагацца камсамольская брыгада ад рудніка. Мікуліч.
[Англ. raid.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
строп 1, ‑а, м.
Спец.
1. Канат, трос для падвешвання гандолы да дырыжабля, аэрастата, для ўтрымання чалавека або грузу на парашуце. Ермакоў хутка перарэзаў стропы, якімі, пакунак быў прывязан да парашута, і загадаў несці. Мележ. «Дружа! Ніколі не рабі скараспелых вывадаў!» — паўтарыў .. [Крамнёў] сваю любімую фразу і выпусціў з рук мокрыя стропы парашута. Шашкоў.
2. Прасцейшае прыстасаванне з каната або троса ў выглядзе пятлі, кольца і пад. для падхвату грузу і падвешвання яго па крук пад’ёмнага крана. З вышыні Павел Клімко ўжо ледзь праглядаў не тонкія, тон так дваццаць можна чапляць, стропы вежавага крана. Мыслівец.
строп 2, ‑а, м.
Абл. Стык бакоў страхі. Стаіць толькі адна вялізная, яшчэ бацькава, пуня, пад самы строп напакаваная сенам. Броўка. Пад стропам закапашыліся сонныя вераб’і. Мурашка. Праз усю пярэднюю сцяну цягнецца зашклёная веранда, пасярэдзіне яе — адкрыты ганак з пеўнікам на стропе. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сы́пкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з дробных цвёрдых часцінак, не счэпленых адна з адной; які мае ўласцівасць рассыпацца. Сыпкія рэчывы. □ Потым да камянёў .. [Інка і Юрка] прыходзілі .. пасля доўгай бязмэтнай хады па сыпкай рыпучай гальцы, вяртаючыся з падарожжаў на катэры. Карамазаў. // Які лёгка пераносіцца ветрам; рыхлы (пра пясок, снег і пад.). На дарозе — пясок, сынкі, непрытаптаны, але на ім расце трава. Пташнікаў. Паварочваючы галаву то ў адзін, то ў другі бок,.. [чарапаха] імкліва перабірае лапамі, грабецца, бы курыца, па сухім і сыпкім дарожным пыле. Сачанка. // Які асыпаецца (пра грунт, снег і пад.). Зямля .. сціналася, і асоўваліся сыпкія сцены акопа. Лобан. Тут мясціна была выдатная — на сыпкім пясчаным беразе пачыналася сухая звонкая дуброва. Кірэенка. Шумліва ідуць усе па сыпкім насыпе да маторкі. Шынклер.
2. Які выспявае і хутка асыпаецца, трацячы зерне. Помню: лета, авёс жалі сынкі. Серп зламаўся твой звонкі... Тарас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Адразу, адным прыёмам зрабіць што‑н. Каб не давялося потым наракаць на сябе, яна [Юля] тут жа шухнула ў печ з вядра — вуголлі зашыпелі. Гроднеў. // Нечакана, раптоўна паваліцца. Стаяць нязручна, умошчваюся прысесці і чуць не шухнуў вобземлю. С. Александровіч.
2. Хутка абваліцца, асыпацца, спаўзці, з’ехаць куды‑н. Зямля шухнула ў дзірку і ледзь не засыпала мяне. Сачанка. Раптам зверху на яго [Петрыка] шухнула салаш. Гілевіч.
3. Надысці, настаць, прыйсці (пра якую‑н. з’яву, надзею). Пасля свята раптоўна шухнула адліга. Савіцкі.
4. Выехаць, выбыць адкуль‑н. [Галасок:] — Ды яно так і будзе, як Вербец кажа: з сваёю брыгадаю яны заробяць. Горад будуецца. І я прашу вас, таварыш старшыня, прыміце меры, бо ўслед за імі і ўся мая брыгада шухне. Савіцкі.
5. Рэзка, нечакана, з сілай падзьмуць, павеяць. Шухне [вецер], Аж самлееш, на нагах ты, Водар мяты і сасновых смол. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)