змяні́цца, змянюся, зменішся, зменіцца; зак.

1. Стаць іншым; перамяніцца. Змянілася жыццё ў вёсцы. Колас. — А я цябе не адразу пазнаў. Змяніўся ты крыху. Чарнышэвіч. // Змяніць свой напрамак (пра вецер). [Алесю] здалося, што вецер змяніўся, падзьмуў ужо інакш. Ракітны.

2. Вызваліцца ад абавязкаў, якія выконваюцца пазменна. Змяніцца з дзяжурства. □ Я толькі што змяніўся з вахты, бягу пагрэцца і падвесці. А. Вольскі.

3. Змяніць адзін аднаго на службовым месцы, пасадзе. Тры старшыні змянілася да Аляксея ў «Світанні» пасля вайны. Пальчэўскі.

4. чым, на што. Саступіць месца чаму‑н. другому, замяніцца чым‑н. Дзень змяніўся на вечар. Мурашка. Радасць змянілася спалохам, прадчуваннем нечага жудаснага. Шамякін.

5. безас. Разм. Змяніць на сабе бялізну, адзенне. [Боганчык] падумаў, што загібее зусім, калі не зменіцца ў сухое. Пташнікаў.

•••

Змяніцца з твару — набыць іншы выгляд, выраз твару (пад уплывам моцных перажыванняў, хваробы і пад.). Маша прыкметна змянілася з твару, хоць і намагалася не выдаць свайго хвалявання. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паласну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. каго-што і без дап. Моцна ўдарыць, пакінуўшы след, рану (звычайна чым‑н. рэжучым). Нешта вострае і балючае паласнула яго па спіне, і Андрэй, скалануўшыся ўсім целам, абсунуўся на снег. Сіняўскі. [Сухарэўскі:] — Асцярожней, Станіслаў Цітавіч, там у мяне да касці спіна рассечана. Свінцовай нагайкай [вораг] паласнуў. Асіпенка. // перан. Нанесці душэўную рану. Напамінак пра Шарупічаў паласнуў Веру Антонаўну па сэрцы. Карпаў. // перан. Раптоўна прагучаўшы, напоўніць паветра якімі‑н. гукамі. Начную цішыню паласнуў жудасны крык. Шамякін.

2. перан.; без дап. Бліснуць паласой агню, святла. Зноў, ужо бліжэй, загрымела, па небе паласнула яркая маланка. Даніленка. Раптам ззаду па вадзе паласнуў пражэктар. Скрыпка.

3. перан.; каго-што і чым. Даць аўтаматную, кулямётную чаргу; пранізаць паласой агню. Партызаны напалі знянацку. Аўтаматчыкі паласнулі доўгімі чэргамі ўздоўж вуліцы. Новікаў. Хутка над балотам пранесліся.. самалёты-штурмавікі. Яны паласнулі па лесе ліўнем агню і свінца. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасяро́д, прыназ. і прысл.

1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасярод» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве месца, прасторы ці якой‑н. групы, у сярэдзіне або ў цэнтры якіх што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Правей — гэта на самае роўнае месца, якраз пасярод яго трэба ісці. А там і травіца нават не расце. Пташнікаў. Чатыры сасны засталіся стаяць пасярод лесасекі. Шамякін. Надзя не ведала, куды прыткнуцца, і стаяла пасярод бытоўкі. Грахоўскі. Пахаджае [гаспадар] ганарыста Пасярод свайго двара. Броўка. Кастусь стаяў пасярод іх [людзей]. Чорны.

2. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, у акружэнні каго‑, чаго‑н. На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца жудка, як астрог, На свет глядзела вокнамі сляпымі. Купала. Адчынены вокны, і відаць, што ў хаце-чытальні поўна народу. Ускудлачаныя галовы мужчын у першых радах. Стракатыя хусткі жанчын пасярод. А ззаду, каля дзвярэй, — моладзь, хлопцы і дзяўчаты. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дало́нь, ‑і, ж.

Унутраны бок кісці рукі. Закрыць твар далонямі. □ Ладзім выкаціў бульбіну, узяў яе ў рукі, паперакідваў з далоні на далонь — пакуль астыла, і пачаў лупіць. Ставер. Алена ідзе і раз-пораз выцірае далонню з твару пот. Мележ.

•••

Біць (пляскаць) у далоні гл. біць.

Як на далоні — пра што‑н. выразна і поўнасцю бачнае. Усё, што ляжала каля рэчкі і за ёю, было як на далоні. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далягля́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Уяўная лінія, мяжа паміж небам і зямной ці воднай паверхняй; гарызонт. Сонца сваім ніжнім краем кранулася чорнай рысы далягляду, пачало апускацца за лес. Краўчанка. // Частка неба над лініяй гарызонта; небасхіл. Палаў далягляд палярнага сонца, якое так і не ўзышло. Шамякін. // Прастор, які можна акінуць вокам. Далягляд пашырыўся: справа была відаць амаль палова горада, а з боку яго — на жытнёвых палетках каціліся няспынныя хвалі. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарачыня́, ‑і, ж.

1. Высокая тэмпература паветра, нагрэтага сонцам, печчу і інш. З поля.. шугалі хвалі гарачага паветра. Сцяпан ажно захлынуўся ад гарачыні. Шамякін. Ад печы дыхала гарачынёй. Алешка. // Гарачы летні час; спёка. Над палеткамі вісіць жнівеньская гарачыня. Васілевіч.

2. Цеплыня, якая выклікаецца ў целе прылівам крыві ў час моцнага душэўнага ўзрушэння. Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь у сярэдзіне каля сэрца. Колас.

3. перан. Парыў, запал. Гарачыня пачуццяў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адстаўны́, ‑ая, ‑ое.

Які знаходзіцца ў адстаўцы. Трапіў [Цімох] на сядзібу НІыпшынскага Яна — Адстаўнога маёра, былога улана. Куляшоў. Такая ўвага да яго, «адстаўнога настаўніка», як ён называў сябе, не магла б нг крануць, калі б дырэктар прыйшоў адзін. Шамякін. // Разм. Якога адхілілі. Дамоў прыехаў. Кажуць, трэці дзень Грыміць тваё вяселле (я ж не веру). Вянок з гароху хочуць мне надзець Сябры, як адстаўному кавалеру. Барадулін.

•••

Адстаўной казы барабаншчык гл. барабаншчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́лічны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны велічы (у 2 знач.), урачыстасці; грандыёзны. Велічная мэта. Велічны помнік. Велічная дэманстрацыя. □ Плынь ракі, як заўсёды, была спакойная і велічная. Шамякін. У натхнёным, У велічным гімне неабсяжная наша зямля. Вітка. Велічныя капры ўзвышаюцца над усім наваколлем, і толькі новая тэлевізійная вышка можа трохі раўняцца з імі. Кулакоўскі.

2. Важны, горды; поўны ўласнай годнасці. Велічная поза. □ Цётка Палашка.. кідала велічны позірк на сваіх падначаленых. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дсвет, ‑у, М ‑свеце, м.

Адбітак святла; водбліск. Ад водсвету бледнага полымя твар старога настаўніка здаваўся васковым. Шамякін. // Адліў. На матавым водсвеце медзі Насця прачытала маленькі надпіс. Лынькоў. // перан. Пашырэнне на каго‑, што‑н. чыіх‑н. уражанняў, пачуццяў, праяўленне іх. У апошнім з гэтых вершаў вельмі паэтычны пачатак, які кідае своеасаблівы водсвет на ўвесь твор. Бугаёў. [Буткевіч] убачыў у яе вачах водсвет таго захаплення, з якім яна [Гануся] заўсёды глядзела на яго. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выгляда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Мець які‑н. выгляд; здавацца каму‑н. кім‑, чым‑н. Выглядаць героем. □ Каця хадзіла заўсёды ў камбінезоне, у простых чаравіках, і выглядала звычайнай трактарысткай. Чарнышэвіч. Усе [сяляне] выглядалі так, як бы неўзабаве павінна было штось зрабіцца. Колас.

2. Віднецца, быць відным. Сонца зайшло.. за.. таполі, верхавіны якіх ледзь выглядалі з-за ўзгорка. Шамякін.

3. Разм. Незак. да выглянуць (у 1 знач.).

4. Разм. Незак. да выглядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)