прыпыні́ць, ‑пыню, ‑пыпіш, ‑пыніць; зак., каго-што.

1. Спыніць рух каго‑, чаго‑н. на некаторы час. Сцяпан прыпыніў машыну, і Рыгор, шчыра падзякаваўшы хлопцу, вылез з кабіны. Краўчанка. На Залессі, каля Цімохавага стажка, прыпынілі статак. Колас. // Сцішыць, зменшыць скорасць хады, руху. Прыпынілі і коні хаду ля яе [дзяўчыны], ад здзіўлення застыў падзішах на сядле. Дубоўка.

2. Перастаць рабіць што‑н., спыніць што‑н. на некаторы час. Старыя прыпынілі нейкую сваю гаворку і абое глядзелі на Зосю. Крапіва. [Косця] прыпыніў нараду і заявіў, што зараз жа пойдзе да дырэктара. Карпюк. Пакуль ён апамятайся, у памяшканні засталіся толькі брыгадзір, некалькі мужчын ды хлопцы — шахматысты. Апошнія нават прыпынілі гульню. Кулакоўскі.

3. Разм. Кончыць рабіць што‑н., управіцца з чым‑н. А дома з дзецьмі была маці. Яе жаночая работа І гэта вечная турбота То каля печы, то на полі, Сказаць, не зводзіцца ніколі. Адно прыпыніш — там другое, Глядзіш, як бачыш, набяжыць. Колас.

4. Даць прыпынак, прытулак, схованку. Спяшаліся сеяць, спяшаліся хаваць, спяшаліся прыпыніць худобу па мала вядомых выспах, па недаступных астравах. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падра́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Зрабіць драпіну (драпіны) на чым‑н.; злёгку абдзерці. Падрапаць ногі аб іржышча. □ [Кухаркі] нават аканом баіцца: бегае то туды, то сюды ад адной фурманкі да другой і пакрыквае на парабкаў, каб часам чаго не пабілі, не падрапалі. Каліна. Лістоўкі, якія нельга было адклеіць, Ёшка падрапаў нажом. Пестрак.

2. Драпаць некаторы час; драпнуць некалькі разоў. Воўк прыціснуўся ў кут, заляскаў зубамі, падрапаў зямлю і палез угару. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакамячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць; зак., што.

1. Скамячыць, памяць. Пакамячыць бялізну. □ Мяжэнны, скінуўшы з сябе коўдру, пайшоў да шафы, каб адразу прыфранціцца, але счакаў: пакуль ехаць, .. касцюм можна пакамячыць. Гроднеў.

2. Камячыць некаторы час. Кінуўшы паламаны аловак на карту, выйшаў з-за стала Грай, адкашляўся, пакамячыў у пальцах недакурак, сплюнуў у кут. Мікуліч.

3. Абл. Сціснуць (пра кулакі). А дзядзька кулакі пакамячыў, і так туга, туга пакамячыў іх, ды падступіўся да мяне. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакарыста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Карыстацца некаторы час. Дзямід Сыч сказаў, што ён паслаў ліст у абком партыі з просьбай, каб яму дазволілі пакарыстацца захаванай ім машынай яшчэ тыдзень. Паслядовіч.

2. Выкарыстаць што‑н. у сваіх мэтах. Язэпка дастаў з кішэні крэсіва. Так і не давялося яму пакарыстацца ім у дарозе! Якімовіч. Я ведаў, што Майбарада пакарыстаецца нашай паездкай, каб нарэшце выказаць усе крыўды ў абставінах, так сказаць, не службовых. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакрапі́ць, ‑краплю, ‑кропіш, ‑кропіць; зак., каго-што.

1. Злёгку апырскаць, змачыць. [Міхалка] умомант адзеў на галаву сетку, абмакнуў венік у ваду і пакрапіў рой. Якімовіч. Пакуль Лабановіч дабег да станцыі, яго парадкам пакрапіў дождж. Колас. // Акрапіць свянцонай вадой пры выкананні некаторых царкоўных абрадаў.

2. і без дап. Крапіць некаторы час. — Трэба, трэба дождж, — казалі старыя, — бульба можа яшчэ падрасла б. Зусім зачахла. — Але ж і лета. І ты скажы, каб хоць раз пакрапіў дождж. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак.

1. Служыць некаторы час. Ці .. [Клім] добры ляснік, ці дрэнны — хто яго ведае. Хай паслужыць, пабачым. Ермаловіч. «Чаго, Ульянаў, за мяжу не збеглі вы?» — пытаўся суд. «Радзіме смерцю паслужу!» Вялюгін. [Таня:] — Вясёлы такі [шавец]... Усё смяецца, кажа, што цяпер туфлі надоўга паслужаць, танцаў няма... Асіпенка.

2. Стаць, з’явіцца чым‑н.; абумовіць што‑н. Паслужыць асновай. □ [Рэвалюцыйная сітуацыя] паслужыла адной з прычын, якія прымусілі царскі ўрад і памешчыкаў паспяшацца з адменай у Расіі прыгоннага права. Ларчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зак. да слухаць.

2. і без дап. Слухаць некаторы час. Мы летуцелі ўсе аб тым, каб сесці ў засень на хвіліну, паслухаць, як шумяць лісты ў зялёных, пышных верхавінах... Дубоўка. Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так паслухаць і паглядзець. Чорны.

3. заг. паслу́хай(це). Ужываецца пры звароце да каго‑н. звычайна ў пачатку фразы, каб прыцягнуць увагу. Я таргануў за рукаў кулямётчыка: — Паслухайце, таварыш! Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паты́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Папароць, пакалоць. І не было на кажусе ні аднаго жывога месца: так застракацілі яго белыя і чорныя ніткі і так патыкала яго іголка. Колас.

2. і без дап. Тыкаць некаторы час; тыкнуць некалькі разоў. — Вось ты паглядзі, — Лапцін патыкаў рукой на талеркі: — Нам гэта за што далі? Савіцкі.

патыка́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да паткнуць.

патыка́ць 2, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да паткаць (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пафарсі́ць, ‑ршу, ‑рсіш, ‑рсіць; зак.

Фарсіць некаторы час. [Тамаш:] — Чаму яна босая ходзіць?.. Каб чаравік[аў] у гразь не запэцкаць. А падыдзе пад мястэчка.., абуе чаравікі і пафарсіць па мястэчку. Чорны. // Пахваліцца, выстаўляючы што‑н. напаказ. Пан Вашамірскі захацеў пафарсіць перад госцем, ляснуў па баках жарабца канчуком і панёсся, як вецер. Бядуля. Учора было позна, і Кастусь не паспеў нагуляцца з ёю і пафарсіць, і маці адабрала планшэтку і схавала ў куфар, а яго пратурыла спаць. Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Перамясціць, перанесці куды‑н. усё, многае. Пацягаць усе дровы пад павець.

2. і без дап. Цягаць некаторы час. Пацягаць дровы. Пацягаць бараку па полі. □ То і пацягалі ж за свавольствы Лявонавага бацьку, ледзь у астрог не запякалі. Гурскі.

3. Пакрасці, прысвоіць сабе ўсё, многае. [Сомік:] — Усе ведаюць, што яны падлогу ў магазіне ўзадралі, ды дошкі пакралі, што яны снапы ў мяне з азярода пацягалі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)