се́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне для лоўлі рыбы, птушак і пад. з перакрыжаваных нітак, замацаваных на роўных прамежках вузламі. Плесці сетку. □ Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль. А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў.. [Марціна] адмысловая. Колас.

2. Прыстасаванне рознага прызначэння з перакрыжаваных нітак, вяровак, дроту і пад. Сетка для валасоў. Валейбольная сетка. Ложак з жалезнай сеткай. □ Пад столлю напоўніліся жоўтым цьмяным святлом закрытыя сеткамі лямп[ачкі]. Самуйлёнак. Ад куслівых пчол на твар Напінае сетку [пчаляр]. Калачынскі. Механікі хутка скінулі з самалётаў маскіровачныя сеткі, памаглі надзець парашуты і падсадзілі лётчыкаў у кабіны. Алешка.

3. перан.; чаго. Што‑н. падобнае на мноства скрыжаваных, пераплеценых ліній, нітак. Сетка павуціны. Сетка правадоў. Сетка маршчынак. □ Скрозь зялёную сетку маладых дрэў сонца цадзіла гарачыя прамяні. Дуброўскі. Удалечыні над возерам павісла мутная сетка дажджу. Гамолка. Сташэўскі, здалося Каршукову, хітра прыплюснуў павекі, пакрытыя чырвонай сеткай жылак. Асіпенка. Апоўдні.. [зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат. Брыль.

4. Разм. Сумка для нашэння прадуктаў, дробных рэчаў, сплеценая з вяровак, шнуркоў і пад. У руцэ.. [жанчына] трымала сетку, з якой тырчалі рыльцы радыскі. Даніленка. У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі. Адамчык.

5. Разм. Кашуля з тканіны рэдкага пляцення, рэдкай вязкі.

6. толькі адз.; чаго або якая. Сукупнасць якіх‑н. дарог, каналаў, ліній сувязі і пад. Чыгуначная сетка. Сетка падземных дарог. Тэлефонная сетка. Асушальная сетка. Арашальная сетка. □ А навокал.. паслалася калгаснае поле, парэзанае на роўныя квадраты сеткай палявых дарог. Зарэцкі.

7. толькі адз.; чаго або якая. Сукупнасць размешчаных дзе‑н. і звязаных адзінай сістэмай устаноў, прадпрыемстваў і пад. Гандлёвая сетка. □ Густою сеткаю школ, бібліятэк, дамоў культуры пакрылася наша рэспубліка. «Беларусь». За апошнія гады ў нашай рэспубліцы створана шырокая сетка палітычнай асветы. «Звязда».

8. Клеткі, якія атрымліваюцца ў выніку разлінейвання паперы, карты і пад. Геаграфічная сетка. Градусная сетка. □ [Камандзір роты] дастаў з планшэткі карту і, схіліўшыся, пры святле ліхтарыка пачаў разглядаць скрэмзаную сетку кіламетроўкі. Грамовіч.

9. Спец. Расклад, шкала, схема. Тарыфная сетка.

10. Другі аддзел страўніка жвачных жывёлін.

11. У радыётэхніцы — крацісты электрод электроннай лямпы. Сетка электроннай лямпы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Накіроўваць увагу на якія‑н. гукі, намагацца пачуць што‑н. Слухаць спевы птушак. Слухаць радыё. Слухаць лекцыю. Слухаць казкі. □ І слухаюць вушы гул песень юначых. І цешыцца сэрца з вялікага свята. Купала. Чырвонаармеец становіцца і слухае, потым прыгінаецца і ўглядаецца ў змрок. Чорны. Расказ пра гэтыя мясціны слухаў бы і слухаў я няспынна. А. Вольскі. // Быць слухачом якога‑н. канцэрта, выступлення і пад. Мы з цікавасцю слухалі гарманістаў і спевакоў. Бядуля.

2. Даследаваць шляхам выслухвання стан і работу якога‑н. унутранага органа. На трэці дзень да нас прыйшоў доктар. Мне ўжо было зусім добра. Ён не столькі слухаў і выстукваў мяне, колькі слухаў дарослых аб маёй хваробе. Грамовіч.

3. Публічна разглядаць (якую‑н. судовую справу). Слухаць справу аб разводзе. // Публічна заслухваць (чыю‑н. інфармацыю, паведамленне і пад.) з мэтай разбору, ацэнкі і пад. У камітэце рыхтаваліся слухаць Дывінца. Асіпенка. Дырэктара МТС Крыловіча слухалі на бюро абкома і запісалі вымову. Шамякін.

4. Вывучаць што‑н., наведваючы лекцыі, заняткі. Слухаць курс гісторыі. Слухаць палітэканомію ва універсітэце. □ [Галена:] — І нейкія дысцыпліны ходзіць [Бародзіч] слухаць на медфак. Чорны.

5. Рабіць так, як хто‑н. раіць, вучыць. Візэнер і слухаць не хацеў сваіх калег. Шамякін. // Браць пад увагу чые‑н. словы. [Лютынскі:] Калі слухаць усялякія гаворкі адсталых элементаў, дык мы ніводнага мерапрыемства не правядзём. Крапіва. І хлопцы слухалі.. словы [Арона] і, відаць, згаджаліся з ім. Мурашка. Не слухаеш добрых слоў — паслухаеш ліхога кія. Прыказка.

6. Слухацца каго‑н., выконваць чыю‑н. волю. Але ці будуць хлопцы слухаць? Каб не прыйшлося, часам, нюхаць Яму ад вучняў сваіх хвігі? Колас. Дачка павінна слухаць бацькі, павінна споўніць бацькаву волю. Гартны. // Паслухмяна дзейнічаць, падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. (пра часткі цела, механізмы і пад.). [Жэнька] хоча падбегчы ды выцяць Падласку дубцом, але ногі не слухаюць. Крапіва.

7. заг. слу́хай(це). Разм. Ужываецца як зваротак у пачатку размовы для таго, каб прыцягнуць увагу. — Слухай, — сказаў.. [Мірон], — у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была. Маўр. [Астап:] — Слухай, ты, ласкавая душа! Спытацца ў цябе вось хачу. Лынькоў.

8. 1 ас. адз. цяпер. слу́хаю. Адказ (пераважна вайскоўцаў) на якое‑н. распараджэнне, які абазначае, што яно будзе выканана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сляза́, ы́; мн. слёзы (з ліч. 2, 3, 4 слязы́), слёз; ж.

1. толькі мн. (слёзы, слёз). Бясколерная, празрыстая саленаватая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі залозамі вачэй пры раздражненне болі або моцных перажываннях. Цякуць слёзы. □ І Міколка плакаў. Зашыўшыся ў каноплі, ён праляжаў усю ноч, пакуль не выплакаў усіх слёз. Лынькоў. На вачах у Васіля паказаліся слёзы, твар перасмыкнуўся ад болю. Краўчанка. Сівы глядзеў .. [Міколу] ў вочы вялікімі поўнымі слёз вачыма. Брыль. Міхайла Варута ціха ў вус усміхаецца, а Сцёпкава маці ўцірае слёзы радасці і жалю. Колас. / адз. у знач. зб. Слязу ўспамінаў сатры, Салдатаў лясных матуля! Барадулін. Гаручая сляза пячэ мне вочы. Зарыцкі.

2. Адна кропля такой вадкасці. Дзве слязы паказаліся з-пад павек, пацяклі па скронях і скацілася на падушку. Арабей. Па левай шчацэ коціцца сляза. Жычка.

3. толькі мн. (слёзы, слёз). Плач. Давесці да слёз. □ Замест адказу Аўгінька, ледзь стрымліваючы слёзы, жорстка і суха загаварыла. Зарэцкі. Маці ў слёзы: — А мой сынок, а мой сакалок. Якімовіч. [Антусёк:] — Зараз ясна будзе ўсё, Толькі слёз не трэба. Гілевіч. Я тапчуся на ўскраі пагорка, мяне душаць слёзы, і я пытаюся ў кургана: — Татачка, дзе ты тут? Лось. / адз. у знач. зб. Лёгкі на слязу.

4. перан. Кропля соку, вільгаці, якая выдзяляецца на паверхні чаго‑н., у чым‑н. Сыр са слязой.

5. Разм. Пра гарэлку. [Перагуд:] Падай мне гэту слязу. (Дубавец падае чацвяртушку з гарэлкай). Крапіва. [Рыгор:] «З дарогі за сталом бы пасядзелі, па чарачцы на сон божы ўзялі... Эх, і першачок жа там дома ў мяне! Сляза...» Ракітны.

•••

Абліцца слязамі гл. абліцца.

Адальюцца каму чые слёзы — хто‑н. паплаціцца за зробленае камусьці зло, крыўду і пад.

Адны слёзы — а) бяда, гора; б) вельмі мала.

Асушыць слёзы гл. асушыць.

Выціснуць слязу гл. выціснуць.

Глынуць слёз гл. глынуць.

Глытаць слёзы гл. глытаць.

Да слёз (цяжка, крыўдна, балюча і пад.) — вельмі, надзвычайна. Было сорамна, брыдка і балюча да слёз, што ў такі адказны момант не здолеў стрымаць сябе. Асіпенка.

Заліцца (горкімі) слязамі гл. заліцца ​1.

Кракадзілавы слёзы — пра няшчырае, прытворнае шкадаванне, спачуванне.

Ліць кракадзілавы слёзы гл. ліць.

Ліць слёзы гл. ліць.

Наліцца слязамі гл. наліцца.

Пусціць слязу гл. пусціць.

Скрозь (праз) слёзы — са слязамі на вачах, плачучы.

Слёзы падступілі да горла — гатоў расплакацца.

Увесці ў слёзы гл. увесці.

Умыцца слязамі гл. умыцца.

Уцерці слёзы каму гл. уцерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ступі́ць 1, ступлю, ступіш, ступіць; зак.

1. Зрабіць крок. Сяржант ступіў пару крокаў, адсунуў плячом Цімоха. Асіпенка. Аднак не паспеў [Пеця] ступіць і некалькі крокаў, як прыкмеціў у змроку шэрую пляму. Анісаў. Ступіць Сёмка раз, а яго сусед тры (ногі ў суседа кароткія). Чорны. // Наблізіцца, падысці да каго‑, чаго‑н. Бацька ступіў да .. [сына] першы, працягнуў абедзве рукі: — Дзякуй богу! Гэта ты, сынок? Кулакоўскі. Антанюк ступіў да штыкетнага паркана: дарога і тратуар слізкія. Шамякін. // Пераступіць цераз што‑н. Сярожа знайшоў клямку, адчыніў дзверы і ступіў цераз парог. Паўлаў. // перан. Пачаць дзейнічаць, працаваць і пад. Вялікая мужнасць патрабавалася ад Адэлі, каб зрабіць вырашальны крок, парваць з хутарам і ступіць на іншы, новы шлях. Кучар. Але здарылася так, што [Лінкевіч] у крутую хвіліну ступіў не на тую дарогу. Дуброўскі. / у перан. ужыв. На савецкую зямлю ступіла вясна — вясна завяршаючага года пяцігодкі. «Звязда».

2. Паставіць нагу куды‑н., наступіць на каго‑, што‑н. — Ну? — нецярпліва кінуў насустрач .. [Валі] стары, ледзь яна ступіла на падножку. Мележ. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец. // Ідучы, зрабіць упор (на нагу, пальцы і пад.). Ступіць на пятку. Ступіць на хворую нагу.

3. Увайсці куды‑н. Гаспадыня, яшчэ ні пра што не здагадваючыся, запынілася на парозе. Асцярожна пр[ы]чыніла за сабой дзверы. Ступіла ў пакой і зразумела ўсё. М. Стральцоў. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Як толькі ў хату ступіць госць — Адразу смажыцца яечня. Сіпакоў. // Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Адчыніў я веснічкі, ступіў на бацькаў двор, ды так быццам і прырос да зямлі... Васілевіч. Так веку чвэрць ваюючы за шчасце, Ступіў баец на родную зямлю. Звонак.

•••

Кроку не ступіць без каго-чаго — а) немагчыма самастойна зрабіць што‑н.; б) немагчыма абысціся без чыёй‑н. дапамогі, падтрымкі, без каго‑, чаго‑н.

Куды ні ступі — усюды, скрозь.

Нага чыя не ступіць гл. нага.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Не ступіць на парог — не бываць у каго‑н., не заходзіць да каго‑н.

ступі́ць 2, ступлю, ступіш, ступіць; зак., што.

Зрабіць тупым, затупіць. Ступіць пілу. □ Спрабаваў Леў высякаць Іскры, ды дарма. Толькі кіпцюры ступіў, А агню — няма. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́вязь, ‑і, ж.

1. Узаемныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Сувязь прамысловасць і сельскай гаспадаркі. Гандлёвыя сувязі. Сувязь навукі з вытворчасцю. Сувязь тэорыі і практыкі. // Узаемная залежнасць, абумоўленасць. Прычынная сувязь. Лагічная сувязь. // Стройнасць, паслядоўнасць, лагічнасць (у расказе, перадачы, выступленні і пад.). Думкі ўсплывалі нечакана, без пэўнай сувязі. Карпаў.

2. Блізкасць з кім‑н. па сваіх поглядах, ідэях, імкненнях і пад.; унутранае адзінства з кім‑н. [Ладынін:] — І сіла твая [Максім], як і сіла ўсёй нашай партыі, у сувязі з людзьмі, з народам. Шамякін. Купала-перакладчык выступіў як грамадскі і палітычны дзеяч, перш за ўсё сцвярджаючы непарушнасць гістарычных сувязей, брацтва і дружбы беларускага народа з вялікім рускім і ўкраінскім народамі. Палітыка.

3. Сяброўскія, дзелавыя адносіны з кім‑, чым‑н. Падтрымліваць сувязь з аднакласнікамі. Умацоўваць міжнародныя сувязі. □ Пісьмы працоўных з’яўляюцца адной з важных форм умацавання і расшырэння сувязі партыі з народам. «Звязда». «Мужыцкая праўда» назаўсёды астанецца яскравым, жывым прыкладам беларуска-руска-літоўска-польскіх рэвалюцыйных сувязей. Г. Кісялёў. // Любоўныя адносіны. [Валя:] — Памятаеш, я табе пісала пра сардэчныя сувязі. Чорны. // толькі мн. (су́вязі, ‑ей). Блізкае знаёмства з кім‑н., якое забяспечвае падтрымку ў чым‑н. «Дудка беларуская» з’явілася ў друку пры дапамозе і садзеянні вядомага польскага вучонага Яна Карловіча, які прыхільна ставіўся да творчай працы беларускага паэта і меў шырокія сувязі ў выдавецкім свеце. С. Александровіч.

4. Зносіны з кім‑, чым‑н., магчымасці такіх зносін з кім‑, чым‑н. Са сваімі мы [савецкія салдаты] трымалі сувязь толькі па радыё і самалётамі. Няхай. Атрад [партызан] .. наладзіў цесную сувязь з Масквой. Брыль. Дакладна ніхто нічога не ведаў. Сувязь з падпольшчыкамі парвалася. Асіпенка.

5. Сродкі, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца прыём і перадача інфармацыі. Тэлеграфная сувязь. Дыспетчарская сувязь. Тэлефонная сувязь.

6. Сукупнасць устаноў, якія забяспечваюць тэхнічнымі сродкамі зносіны на адлегласць (пошта, тэлеграф, тэлефон, радыё). Работнікі сувязі. Паштовае аддзяленне сувязі. // Служба, якая забяспечвае зносіны паміж воінскімі падраздзяленнямі (тэлефон, радыё, пасыльныя).

•••

Жывая сувязь — а) сувязь, якая ажыццяўляецца людзьмі; б) сувязь цесная, непасрэдная, пастаянная.

У гэтай сувязі — звязваючы з раней сказаным.

У сувязі з чым — з прычыны чаго‑н. Праўда, такія шчаслівыя паходы выдаваліся ў .. [Ваўковіча] не вельмі часта... І ў сувязі з гэтым трэба крыху вярнуцца і расказаць пра яго «доктарскае аблічча». Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трашча́ць, ‑шчу, ‑шчыт, ‑шчыць; незак.

1. Утвараць трэск (у 1 знач.). Ступіць не паспееш два крокі — Лядок яшчэ тонкі трашчыць. Прыходзька. Дах трашчаў, развальваўся, са скрыгатам спаўзаў уніз. Хомчанка. Сухія сцябліны трашчалі пад нагамі, лісце чаплялася за рукі. Даніленка. Весела трашчалі ў печы сухія бярозавыя дровы. Васілевіч. / Пра моцны мароз. Дзяўчынка ўхуталася ў старую світку, бо на дварэ трашчаў мароз. Сабаленка. Мароз трашчыць, снягі мяце, Снягір, як макаў цвет, цвіце, Спявае, весяліцца, Марозу не баіцца. Хведаровіч. // Рабіць рэзкі шум, грукат, стук і пад. Матацыкл, фыркае раз, другі і раптам аглушальна трашчыць. Жычка. Трашчаў будзільнік доўга і звонка. Гаўрылкін. Трашчалі бульдозеры, разраўноўваючы зямлю для бетоннай падушкі. Паслядовіч. Трашчалі аўтаматы і кулямёты, глуха бухалі гранаты, а потым пракацілася гулкае «ура!». Няхай. // Утвараць траскучы гук. Пясок трашчыць на зубах. // Абзывацца гукамі, падобнымі па трэск (пра насякомых, птушак). У лесе цішыня, толькі начныя цвыркуны.., забыўшыся на сон, трашчаць увесь час. Ігнаценка. Сарока-белабока Трашчыць тут недалёка. Астрэйка. На явары трашчыць спрасонку бусел, Зрабіўшы стойку на адной назе. Прануза.

2. перан. Хутка, доўга, не змаўкаючы, гаварыць; гаварыць без патрэбы. Маці маю, у гутарцы са мною, .. [Болесь] ні разу і не ўспомніў, хоць пра сваіх увесь час трашчаў на ўсе лады. Гарэцкі. Я чужой зямлі не зычу ліха. Гід, канчай, над вухам не трашчы! Панчанка.

3. Быць перапоўненым, запоўненым кім‑, чым‑н. Людзей сабралася столькі, што аж клуб трашчаў. Навуменка. Сенам пуня пабіта, З дабром ток аж трашчыць. Купала. // Разм. Напоўніцца звыш моры. Жывот трашчыць ад вады. □ — Наеўся бульбы з селядцамі, аж пуза трашчыць, — апраўдваўся Алесь. Ваданосаў. // Разм. Ламацца ад дастатку, вялікай колькасці чаго‑н. Ад смажаніны і вяндліны трашчалі сталы. «ЛіМ». Прасторная хата Чаборыхі, як звалі ў Бярозаўцы Маніну матку, застаўленая шырокімі сталамі, якія трашчалі ад яды і выпіўкі, была поўна людзей. Васілевіч. // Разм. Быць цесным (пра адзенне). Кароценькі, цесны халат аж трашчыць на .. дужых плячах [Кузьмы Цопы]. Асіпенка.

4. перан. Быць напярэдадні краху, распаду. Каланіялізм ужо трашчыць хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». // Быць над пагрозай зрыву, невыканання. Трашчыць план, а шафёры варон страляюць... Пташнікаў. Тысячы маіх землякоў валам валяць на поўдзень лячыцца. Трашчаць і стогнуць дарожныя і паветраныя графікі. Пянкрат.

•••

Аж за вушамі трашчыць — хутка, з апетытам (есці).

Галава трашчыць гл. галава.

Трашчаць па ўсіх нівах — быць пад пагрозай краху, развалу, распаду, зрыву.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учапі́цца, учаплюся, учэпішся, учапіцца; зак.

1. Моцна ўзяцца, ухапіцца за каго‑, што‑н. Дзяўчаты ўчапіліся за барты, каб адкрыць [кузаў], і адразу запішчалі, завохалі. Місько. Маці пакінула мяне, хацела дагнаць.. чалавека, але хутка стамілася, учапілася за агароджу, каб не паваліцца ў снег... Мыслівец.

2. Уплесціся за што‑н., у што‑н. Дзяўчынка радасна загудзела і ўчапілася ручкамі ў маміны валасы. Шамякін. Нарэшце, падкраўшыся з-за куста, Саньку ўдалося ўчапіцца за грыву, і жарабок здаўся. Сяркоў. // перан. Упіцца рукамі ў што‑н. Далінка.. тэатральным жэстам расшпіліў каўнер кашулі, сутаргава ўчапіўся пальцамі ў горла. Асіпенка.

3. Зачапіцца за што‑н. Учапіўся кручок вуды за водарасці. □ [Мікіта:] Вой, вой, вой!.. Стой, стой, абора [за дзверы] ўчапілася! Чарот. // перан. Разм. Замацавацца, умацавацца дзе‑н. На карнізе ў расколіне, парослай зялёным мохам, учапілася карэньчыкамі тоненькая, гнуткая бярозка. Хомчанка. // перан. Разм. Пасяліцца дзе‑н. Перад вачыма роўнае, скрозь аднолькава разробленае поле, хоць бы невялічкі кавалак горшага, каб за яго можна было ўчапіцца думкамі пра сядзібу. Галавач. [Ганна Сяргееўна:] — Дайце мне ўчапіцца за горад, зжыцца з яго паветрам. Няхай. // перан. Разм. З’явіцца, укінуцца (пра хваробу). А трэба вам ведаць,.. што за вашы лёгкія, за ваш арганізм такая хвароба можа вельмі проста ўчапіцца. Арабей.

4. Закрануць што‑н. у час руху, зачапіцца чым‑н. за што‑н. Учапіцца воссю калёс за шула варот. □ — Правей! — крычаў насустрач [Яўгену] Анісь. — А то [санямі] учапіцца можна. Баранавых.

5. Узяцца за якую‑н. справу. Нібы клешч учапіўся ён за пасаду памочніка валаснога пісара, маючы на мэце зрабіцца пісарам. Колас. Думаў і многа думаў — толькі я ж кажу, завошта мне ўчапіцца дома? Гартны.

6. Далучыцца самавольна, без папярэдняй згоды да тых, хто ідзе куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок.. А малых дык цэлая чарада за намі ўчапілася. Брыль. З Пскова ў Пецярбург хацеў бацька ісці адзін, а Павэлак ізноў учапіўся. Гарэцкі.

7. перан. Праявіць асаблівую цікавасць да каго‑, чаго‑н., гатоўнасць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якой‑н. справе. Вярнуўся ў свой Бараўлянскі Андрэй Лялюга. У рыбгасе за яго дзвюма рукамі ўчапіліся. Б. Стральцоў.

8. перан. Разм. Знайсці які‑н. повад для чаго‑н. Помню, сказаў мне Сярмяжка: — Тут галоўнае — слабінку ў чалавеку знайсці, за што ўчапіцца можна. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. за што. Браць, хапаць рукой (рукамі) каго‑, што‑н. Варанецкі хапаецца за вілы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт апраметных коней. Дуброўскі. Дунаеў учэпіста хапаецца за бервяно, падцягваецца і спрабуе нагой намацаць апору. Шыловіч. // Паспешліва прыкладаць руку (рукі) да чаго‑н., да якога‑н. месца. Мужчыны прысядалі і хапаліся за балючае, рассечанае плёткай месца. Крапіва. Раз-пораз я хапаўся за левую кішэньку, дзе ляжаў партыйны білет — як бы правяраў, ці не згубіў. Сабаленка.

2. за што. Паспешліва брацца за які‑н. інструмент, зброю і пад., каб выконваць адпаведную работу, дзеянне. Аднак усё адно дзяўчаты адставалі, і Максім зноў хапаўся за лапату. Шамякін. Хлопцы разгубіліся. Адны кінуліся ўцякаць. Другія хапаліся за калы. Якімовіч. [Гаспадар:] — Вайна то вайна, але і да вайны такіх гарачых шмат было. А ты раскажы, сумненні развей. За наган хапацца прасцей простага. Асіпенка. // перан. Ахвотна прымаць што‑н., згаджацца з чым‑н., выкарыстоўваць што‑н. Хапацца за новыя ідэі.

3. перан.; за што і з інф. З жаданнем брацца за якую‑н. справу, старацца зрабіць што‑н. — І чаго вам так хапацца за гэту гаспадарку? — пачаў Юрка: — усё ж роўна нас адгэтуль выпруць. Колас. [Пяхота:] — Я хапаюся толькі за зямлю і хачу, каб яна мяне ўзнагародзіла. Пестрак. // з інф. Паспешліва пачынаць рабіць што‑н. Хапацца распрагаць коней. // Старацца рабіць усё без разбору. [Чычын:] — Ён [Чмаруцька] і вёдры ладзіць, і запальнічкі майструе, і за што толькі не хапаецца, але каму патрэбны яго запальнічкі? Лынькоў.

4. Разм. Кляваць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). [Казімір:] — Шчупакі тады на белую блешню добра хапаліся. Савіцкі.

5. Абл. Спяшацца рабіць што‑н. Кожны зручны момант хапаліся з лугу, з поля ў лес і жанкі і мужчыны, працаўнікі, — у лесе цяпер была важная праца. Мележ. Хомка і сам хапаецца, каб не спазніцца. Не рана ўжо... Гарэцкі.

•••

Хапацца за бокі (за жывот) — тое, што і брацца за бокі (за жывот) (гл. брацца).

Хапацца за галаву — праяўляць вялікую заклапочанасць, здзіўленне, глыбокае хваляванне. Некаторыя [выхаванцы] і падурэць любяць, і двойкі атрымліваюць, і часам такія штукі адпальваюць, што выхавацелі за галаву хапаюцца. Рунец.

Хапацца загрудкі (за чубы) — тое, што і брацца загрудкі (за чубы) (гл. брацца).

Хапацца за саломінку — спрабаваць выратаваць сябе ці якую‑н. справу, ускладаючы надзею на сродкі, што дапамагчы не могуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хілі́цца, хілюся, хілішся, хіліцца; незак.

1. Прымаць нахіленае становішча; нахіляцца, нагінацца. Выносныя стромкія хвоі з хрыпаватым стогнам хіліліся зялёнавалосай аснежанай галавой. Крапіва. І хіліцца хмызняк, І сцелецца лазняк. Бабоўнік, сітнік, хвошч Страсаюць росны дождж. Пушча. // Кланяцца. Стараліся ўсе ім у пояс хіліцца — сваты былі важныя — Воўк і Лісіца. Танк. // Хістацца ад знямогі. [Андрэй] зноў павярнуўся да яе [Балюты] спінай і нагнуўся ўперад. Пачуў, што і яна хіліцца разам з ім. Пташнікаў. [Палонныя] хіляцца ад лёгкага подыху ветру, ад лёгкага дотыку.. кованага бота. Лынькоў. // Прысланяцца да чаго‑н., апускацца на што‑н. Хілілася галава на гармонік. Валасы лезлі ў вочы, гарманіст хвіліну спаў, потым рэзка ўзнімаў, шырока расцягваў гармонік. Мікуліч. Аксана хіліцца галавой да .. [Кастусёвага] пляча. Галавач. // Падыходзіць, падступаць да чаго‑н. Там, дзе к рэчцы хіліцца бальшак, Можа век стаіць, людзьмі пакінуты, З крыл[а]мі зламанымі вятрак. Астрэйка.

2. Нахіляцца набок (пра судна, самалёт і пад.). А потым бег, падскокваючы па мёрзлым полі, самалёт. Падняўся. Хіліўся на адзін бок, робячы круг над мястэчкам. М. Стральцоў. Хрупнула пад перадком падводы, і яна памалу пачала хіліцца набок. Капыловіч.

3. перан.; да чаго. Набліжацца да якой‑н. мяжы, пэўнага моманту. Дзень хіліцца к вечару, і пакрысе цямнее панурае неба. Чарнышэвіч. Ноч хілілася да свайго канца, калі.. [Валодзя] зноў пастукаў да Наталі. Чорны. / у безас. ужыв. Калі пачало хіліцца к вечару, Грыцко ніводнай хвіліны не мог уседзець на месцы. Кулакоўскі. // Схіляцца (пра нябесныя свяцілы). Сонца ўжо зусім хілілася за лес, і цень зрабіўся шэры, невыразны. Асіпенка.

4. перан. Накіроўвацца, ісці да чаго‑н. (пра гутарку, справы, учынкі і пад.). Хаця справа даўно ўжо хілілася да такога канца, Люба раптам падумала: — А ці дасць шчасце Віне такая самаахвярнасць? Васілевіч. З кожным днём рабілася відавочней, куды хіляцца падзеі. Новікаў.

5. Пяшчотна туліцца, гарнуцца да каго‑н. Тацяна хілілася да маленькага, што ляжаў побач з ёю, і глыбока ўдыхала паветра. Кавалёў. // перан. Мець цягу да каго‑н., сімпатызаваць каму‑н. Але да бабы.. [Косця] так прывык, што хіліўся больш, чым да маці. Грамовіч. Выбіраў, сама, хіліся да таго, хто любы, ідзі з ім, шануй знойдзенае шчасце, бо лепшага за гэта ў жыцці не бывае. Дуброўскі.

6. Мець схільнасць, ахвоту да чаго‑н., захапляцца чым‑н. Да работы па гаспадарцы [у Казіміра] не хілілася сэрца, не падымаліся рукі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці, злучн. і часціца.

1. злучн. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў, якія па сваім значэнні з’яўляюцца аднолькава магчымымі ці раўназначнымі, указваючы на выбар аднаго з іх. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка. Рана ці позна, позна ці рана высахнуць слёзы, загоіцца рана. Вярцінскі. Я люблю слухаць Дарафея Сцяпанавіча. Асабліва яго паляўнічыя ці рыбацкія апавяданні. Паслядовіч. // З адценнем дапушчэння магчымасці аднаго з членаў сказа. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас. [Граніца] праходзіла за дзве ці тры гадзіны хады на ўсход ад вёскі. Брыль.

2. злучн. размеркавальна-пералічальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. Ці буду я ў шчасці, ці буду я ў смутку, Ці буду ў вялікай бядзе — Цябе на часінку, цябе на мінутку Нідзе не забуду, нідзе. Бялевіч.

3. Уваходзіць у склад паўторнага пералічальна-размеркавальнага злучніка «ці то..., ці то». Тое, што і то ​1 (у 2 знач.).

4. злучн. далучальны. Ужываецца для далучэння членаў сказа і сказаў з заўвагамі дадатковага характару. Бруно Шмульке, ці, як клікалі яго за вочы, Брунька-Шмунька, быў ціхім, непрыкметным чалавекам, негаваркім. Лынькоў. Бурыя, пад колер зямлі, берагавыя ластаўкі, ці, як іх яшчэ называюць, беражанкі, спрытна вывіваліся над вадой. Пальчэўскі.

5. злучн. падпарадкавальны. Ужываецца пры даданых сказах з ускосным пытаннем. [Пашка:] — Слухай, ці не знойдзецца ў цябе чаго ад бяссонніцы? Паўлаў. Толькі ў калідоры Надзя падумала, ці не збіраецца Сашка выступаць у канцэрце. Гроднеў. У Льва Раманавіча, помніцца, варухнулася сумненне, ці варта высяляць Сапуна. Асіпенка.

6. часціца пытальная. Узмацняе пытальны характар. [Гена:] Нязручна поначы ісці да чужых людзей... Гасцініца... Ці будзе там месца? Арабей. Дзе ж, дарога ты другая? Я стаю адзін, адзін, Ноч вакол ляжыць глухая... Ці ж то свет сышоўся ў клін? Колас. // З асобнымі прыслоўямі, назоўнікамі, займеннікамі, часціцамі ўтварае спалучэнні са значэннем сумнення, няўпэўненасці, нерашучасці, здзіўлення. Страху ў мяне цяпер як і не было. Ці мо проста не было калі думаць пра яго? Якімовіч. Пайшоў я зранку ў свой горад, бо ведаў, што ўдзень наўрад ці ўбачыш каго дома з блізкіх знаёмых. Кулакоўскі. — Ты што гэта, на Месяц ляцець сабралася, ці што? Гэтулькі пакункаў! — здзівіўся дзед, які зайшоў на кухню. Гарбук.

•••

Так ці інакш (іначай) гл. так.

Ці доўга, ці коратка гл. доўга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)