такі́ 1, о́га, м.; така́я, ‑о́й, ж.; тако́е, ‑о́га, н.; мн. такі́я, ‑і́х; займ.

1. указальны. Указвае на якасць, уласцівасць асобы, прадмета, азначаючы: менавіта гэты, падобны да гэтага або да таго, пра які гаварылася раней ці гаворыцца далей. Хіба ж не міл і час такі На схіле лецейка, пад восень, Калі па верасах між сосен Пачнуць расці баравікі? Колас. // Дакладна такі, такі, як быў. Мінула столькі часу, а ён такі, як быў. // Падобны да іншага. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.

2. указальны. Выкарыстоўваецца як слова, якое ўводзіць наступны тэкст, у значэнні: іменна той, які адпавядае таму, што будзе сказана далей. [Старшыня:] — Нам рукі трэба, разрываешся тут, а ён [Андрэй], такі мужчына: мядзведзі, качкі... Страляе па лесе... Пташнікаў. Ранейшае жыццё было такое: ураднік забярэ, суддзя абдзярэ, гандляр абкрадзе. Янкоўскі.

3. азначальны. Пры назоўніках і прыметніках, якія абазначаюць уласцівасць, стан і пад., указвае на большую, вялікую ступень, стан і пад. Наіўна дзівяцца дома, Чаго я [студэнт] такі худы. Маляўка. Распісалі сваякі Яся, хто як можа: — А разумненькі такі! — А такі прыгожы! Кляўко. [Жанчына:] — Як жа, мой сынок, не заплакаць, калі тут [у вершы] кожнае слова такое пякучае. «ЛіМ». // Пры азначальным слове служыць для выдзялення, падкрэслівання якой‑н. якасці, уласцівасці. А трэці [паравоз] — якая-небудзь кукушка — не гудзіць, а проста пасвіствае галаском такім тонкім, пранізлівым. Лынькоў.

4. азначальны. Разм. Выкарыстоўваецца звычайна ў клічных сказах для ўказання на незвычайнасць, дзівоснасць (пры хвальбе або ганьбаванні каго‑н.). І песням першы раз сягоння Такая шыр, такі прастор! Танк. Яна [Наста] — настаўніцай. Ён [Андрэй] — старшынёй. І ўсе зайздросцілі — такая пара! З. Астапенка.

5. азначальны. Разм. У спалучэнні з займеннікамі «хто», «што», «які» выкарыстоўваецца для падкрэслівання і выдзялення іх, падаючы значэнне іменна. [Вера:] А што такое з Тамарай? Крапіва. — Што там такое? — стрымана запытаў бацька. Кулакоўскі.

6. у знач. наз. тако́е, ‑ога, н. Нешта, што звяртае ўвагу: смешнае, незвычайнае, страшнае і пад. — Як вы [цётка Хрысця] маглі падумаць такое? — прашаптала, задыхаючыся, Тацяна. Шамякін.

•••

Да такой ступені гл. ступень.

Ёсць такая справа! гл. справа.

Такая справа гл. справа.

Такі ж, як — зусім падобны на каго‑, што‑н.

Такім макарам гл. макарам.

Такім парадкам гл. парадак.

Такім чынам гл. чын.

Такой бяды гл. бяда.

У такім выпадку — тое, што і у такім разе.

У такім разе гл. раз.

Што тут такога? — выкарыстоўваецца пры няясным пытанні ў значэнні: што асаблівага (добрага ці дрэннага) у тым, што зроблена кім‑н.

такі́ і -такі 2, часціца.

Разм.

1. Выкарыстоўваецца пры знамянальных словах (часцей пры прыслоўі), падкрэсліваючы іх значэнне. Кошык быў амаль поўны, а грыбы яшчэ трапляліся. Іх такі многа пад мохам. Навуменка. [Тацяна:] — А от абцасы ладна такі пазбіваліся, трэба будзе неяк падрамантаваць. Васілёнак.

2. Пры дзеяслове выступае ў значэнні: тым не менш, усё ж, усё-такі. І такі прыкмеціў: Не дзяўчына — ружа. Гілевіч. Даказалі-такі цуду: Конь, мужык на свеце — сіла! Купала.

3. Уваходзіць у склад некаторых слоў: даволі-такі, зноў-такі, так-такі і пад. Сонца яшчэ не ўзышло, і было даволі-такі халаднавата, аж рукі стылі. Чарнышэвіч. Валодзька .. таўчэ каленам у надзьмуты жывот [каня] і лаецца, зноў-такі смеючыся. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круці́ць, кручу, круціш, круціць; незак.

1. каго-што. Прыводзяць у кругавы рух; вярцець. Круціць педалі. □ Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас. Вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены. С. Александровіч. // Разм. Паварочваць у розныя бакі. Ганне Сцяпанаўне падабалася, што Алесь збянтэжана круціць у руках шапку, што ў яго вачах замілаванне да яе дачкі і дакор за яе кпіны. Шыцік. Той [вартаўнік] доўга круціў у руках пропуск. Асіпенка.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок. Гэта думка можа з гадзіну свідравала краўцовы мазгі, ён выцягваў шыю, круціў галавой. Чорны. [Вераб’і] палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Лынькоў.

3. што. Звіваць, скручваць што‑н. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў імі Святлане ногі вышэй калень, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай. Кулакоўскі. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. // Скручваць з паперы (цыгарку, папяросу). Ганскі закінуў лейцы на ручку плуга і на хаду пачаў круціць цыгарку. Крапіва. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе і, адарваўшы лісток, пачаў круціць папяросу. Кулакоўскі. // Завіваць, перабіраючы пальцамі. Пад ялінай стаяў, Вус круціў у кручок Паляўнічы-фарсун, Лапатун і дзівак. Бядуля.

4. каго-што. Прыдаваць віхравы рух чаму‑н. Завіруха круціла пасмы снегу, хапалася закрыць сумную пустату халоднай беллю. Мележ. // без дап. Узнімаць снег, пыл і пад.; месці (пра завіруху і пад.). Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Васілевіч. Завіруха круціць. Маразы Грукаюць, аж дуб стары гудзе. Бялевіч.

5. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу; хітрыць, шальмаваць. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Навуменка. // Спрытна выходзіць з якога‑н. становішча. — Круціць, нягоднік. Хоча вывернуцца. Новікаў. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды, стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч. // Жульнічаць. — А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах. Лынькоў.

6. з кім. Разм. Быць у любоўных адносінах, сувязях з кім‑н. — Трымаешся за спадніцу Герасімовічышкі... Твая Варка даўно круціць з Данілам, а ты мне вочы колеш, — і Рыгорка ўедліва разрагатаўся. Дуброўскі.

7. каго. Разм. Караючы, цягаць за вушы, валасы. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

8. перан. Разм. Па-свойму распараджацца, камандаваць кім‑н. — Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць. Быкаў.

9. што. Рабіць свердлам дзіркі ў чым‑н. Круціць дзіркі.

10. перан.; звычайна безас. Балюча пранізваць што‑н., прычыняць рэзкі боль. — Круціць усяго, ўзнімае з ложка, кідае ў бяздонне... Падварочвае пад грудзі. Хапаюць колькі, не дыхнуць. Пташнікаў.

•••

Круціць галаву каму — а) заблытваць, збіваць з толку. — Ой, сынок, не круці ты мне галаву. Васілевіч; б) прывабліваць, улюбляць у сябе. [Люба] завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое, што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць. Лынькоў.

Круціць галаву над чым — старацца зразумець, вырашыць што‑н.

Круціць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Круціць носам — адмаўляцца, упірацца, выказваць незадавальненне.

Круціць раман з кім — знаходзіцца ў любоўных адносінах; фліртаваць.

Круціць рукі каму — сілай загінаць рукі за спіну і звязваць іх.

Круціць хвастом — а) хітрыць, крывадушнічаць; б) легкадумна паводзіць сябе, гуляць з многімі (пра жанчыну).

Як ні круці — нягледзячы ні на што, у любым выпадку, пры любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ды 1, злучнік.

I. спалучальны.

1. Ужываецца для сувязі аднародных у сэнсавых адносінах членаў сказа і сказаў; адпавядае па значэнню злучніку «і». Пад вяслом і шастом ласкава плёхала ды булькала вада. Брыль. І паплыло сялянства з коньмі, каровамі і ўсімі сваімі пажыткамі ў лес ды на балота хавацца ад панскага бізуна, ад кулі жандара. Чарот. // Злучае паўторныя словы і ўтварае спалучэнні са значэннем працягласці або паўторнасці дзеяння. А дождж ідзе ды ідзе.

2. Ужываецца для сувязі паслядоўных паведамленняў, звязаных адзінствам накіраванасці дзеяння. Дома выпілі [Толя з Міхасём] па кубку малака з хлебам ды падаліся на вышкі. Якімовіч. Лабановіч зрываецца з месца, бярэ паперу і прылады пісьма ды прысядае да Аксёна. Колас.

II. супраціўны.

1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; блізкі па значэнню да злучнікаў «але», «аднак». Навальніца насоўвалася павольна, ды.. настырна. Колас. Локцям рабілася свежа ад зямлі, ды Толя гэтага не заўважаў. Брыль. І заскрыпелі тут і там Смычкі тугой дажджлівай шэрай, Ды наша моладасць слязам І сумным песням не паверыць. Танк. // У гэтым жа значэнні ужываецца для сувязі процілеглых членаў сказа і сказаў з абмежавальным адценнем. Сады маладыя Вайна пакасіла, Ды толькі не скосіць Народную сілу. Бялевіч. Саўчанка дазволіў разлікам добра адаспацца. Ды на холадзе, у сырых нішах, не надта спіцца. Шамякін. // Супроцьпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму або адзін з членаў сказа другому з уступальным злучнікам «хоць». Хоць рэдка, ды метка. Прыказка. // У спалучэнні са злучнікам «затое» ужываецца пры замяшчальным проціпастаўленні. І сілу яна мела як у таго камара... Ды затое была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем і значэннем неадпаведнасці. Стагналі людзі ў цёмных мурах, Ды не спынялі барацьбы І не згіналіся пад бурай, Як векавечныя дубы. Колас.

III. далучальны.

1. Далучае сказы і члены сказа, якія дапаўняюць, паясняюць ці падагульняюць выказаную раней думку. А вакол стаяць дзяўчаты, Шмат хлапцоў, мужчын, кабет. Тут сынок, ды тут і тата, Тут і ўнучак, тут і дзед. Крапіва. Калгаснікі стараліся ўправіцца з лепшай бульбай ды якая бліжэй к дому, а ўчастак пад ляском чакаў сваёй чаргі. Кулакоўскі. / У спалучэнні са злучнікам «і», які ўзмацняе далучальную сувязь. Падступіцца да гарэўшых цыстэрнаў не было ніякай магчымасці, ды гэта было і небяспечна. Лынькоў. Усюды панаваў нейкі ўрачысты святочны настрой. Ды і было чаго: ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. Асіпенка. / У спалучэнні з прыслоўямі і займеннікамі «так», «калі (яшчэ)», «які», «такі», што ўзмацняюць далучальную сувязь. І зноў пачынае [Платон] распісваць кубанскія станы, уборку пшаніцы, ды так, што сапраўды заслухаешся. Шамякін. Але вось аднаго разу негадана-нечакана бяда здарылася, ды такая, якой самы старэйшы селянін вёскі не памятае. Чарот. // Далучае члены сказа і сказы, якія носяць характар дадатковага паведамлення (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі «яшчэ», «прытым»). — Новы брыгадзір пайшоў па сцежцы старога, ды яшчэ, бадай, апярэдзіў яго ў некаторых справах. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры нечаканых пераходах да другіх падзей, якія завяршаюць папярэднія выказванні. Рвануўся Цімох з усіх сіл Ды далей ад страшнае хвоі! Колас. Біўся, біўся ды з сілы выбіўся. Крапіва.

3. Далучае пры пералічэнні члены сказа з супраціўна-ўзмацняльным значэннем. Панізіўшы голас, шэптам сказаў дзед з узрушэннем: — У лес трэба перабірацца, ды не сядзець там, злажыўшы рукі, ды не пазіраць спакойна збоку, як яны [акупанты] тут гаспадараць. Колас.

•••

Ды і то (дый то) — далучае члены сказа і сказы з абмежавальным адценнем. Слых мой толькі праз момант ловіць музыку ціхага шуму лісця, ды і то мне спачатку здаецца, што гэта ўсё яшчэ шуміць у галаве. Брыль.

Ды і толькі (дый толькі) — нічога іншага, акрамя гэтага. Плача без канца, ды і толькі.

ды 2, часціца, узмацняльная.

Ужываецца ў пачатку сказа для ўзмацнення выразнасці выказвання. Ды мы даўно падрыхтаваліся! Ды што з вамі гаварыць! Ды хто ты такі? // У сярэдзіне сказа перад выказнікам ці групай выказніка ўзмацняе іх значэнне. — Не бядуй, што-небудзь ды прыдумаем, і ўсё бу дзе добра. Гартны. Э, дзе-небудзь ды знайдзем і баравік. Колас. // Пры загадным ладзе служыць для выражэння настойлівай просьбы, пажадання. — Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай, — а то пан цябе розгамі засячэ... Якімовіч. — Валодзька! — крыкнуў я. — Ды годзе ўжо табе. Не чапайце, не трэба! Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сэ́рца 1, ‑а, н.

1. Цэнтральны орган кровазвароту, які мае выгляд мускульнага мяшка (у чалавека — у левым баку грудной поласці). Міхаленя выстукваў граніцы сэрца, уважліва слухаў яго тоны. Алешка. Навакол было так ціха, што .. [Сцяпан] чуў стук уласнага сэрца. Чарнышэвіч. // Месца ў левым баку, дзе знаходзіцца гэты орган. Чалавек з перавязанай рукой прыціснуў руку да сэрца, увесь узгарэўся, расплыўся ўдзячнай усмешкай. Лынькоў. — Ён! — схапілася сакратарка за сэрца і адразу хуценька паглядзелася ў люстэрка. Вірня.

2. перан. Гэты орган як сімвал перажыванняў, настрояў, пачуццяў. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. Колас. Не, .. [Яніна] нічога благога не лічыць за сабою, яна зрабіла так, як падказала ёй сэрца. Мурашка. Мы ведалі сэрцам І ўсёй глыбінёй душы Суровы вайны закон І сваю баявую задачу. Хведаровіч. Быццам прадчувала Васева сэрца няшчасце. Пальчэўскі. // Гэты орган як сімвал сардэчнасці, шчырасці, спагадлівасці. Шчыраму сэрцу і чужая волька баліць. Прыказка. // Гэты орган як сімвал любоўнай схільнасці, любоўных пачуццяў. Мне сэрца сваё аддала ты На беразе Чорнага мора. А. Александровіч.

3. перан. Душэўны свет чалавека, яго перажыванні, пачуцці. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў. Ён [лесаруб] слухаў звон і пошум гэты І толькі сэрцам разумеў: Вятры тут гукі ўсяго свету Схавалі ў голлі гонкіх дрэў. Кляўко. // з азначэннем. Душэўныя якасці, характар чалавека. [Пытляваны:] Дзякую, свацейка! Выручыла ты нас. Сэрца ў цябе залатое. Крапіва. Не ўзнімайце дарэмна шуміхі, Што лісты да дзяўчыны пішу. Паважаю я працу ткачыхі І лагоднае сэрца, душу. Смагаровіч. У .. [Эльзы] былі не толькі халодныя вочы. У яе было халоднае сэрца. Чарнышэвіч. // з азначэннем. Чалавек як носьбіт пэўных душэўных якасцей. Доўга маўчалі абое. [Мікола] глядзеў на яе ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма. — У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца. Няхай яму бог даруе. Брыль.

4. перан. Разм. Гнеў, злосць. — Што ты так непакоішся за .. [Марынку]? — з сэрцам гаварыла маці. Хадкевіч.

5. перан.; чаго. Цэнтр, самая важная частка чаго‑н. Плошча Свабоды? Яе ўжо даўно пачало абмінаць жыццё, хоць яна і з яўлялася сэрцам горада на працягу стагоддзяў. Карпаў. Сэрца кожнай буравой устаноўкі — рухавік. Чаркасаў.

6. Унутраная, цэнтральная частка сцябла (ствала) расліны; асяродак. Піла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі. Бядуля.

•••

Парок сэрца гл. парок.

Разрыў сэрца гл. разрыў.

Адкрыць (раскрыць) сэрца гл. адкрыць.

Адлегчы ад сэрца гл. адлегчы (у 1 знач.).

Ад (усяго) сэрца — шчыра, адкрыта, чыстасардэчна; непасрэдна. Падсунулася [маці] бліжэй да дзяўчыны, пытаецца, ці не вучылася дзе Валя на спявачку — хораша вельмі, з душы гучыць, ад сэрца... Мыслівец.

Ад шчырага (чыстага) сэрца — а) шчыра, чыстасардэчна. — Праўда? — чамусьці перапытаў Алесь і .. дадаў: — Віншую! Ад шчырага сэрца. Шыцік; б) з найлепшых пабуджэнняў. [Гаспадар крамы:] — Я табе [Булыгу] ад чыстага сэрца раю: сядзі і не рыпайся. Бажко.

Браць (блізка) да сэрца гл. браць.

Браць (узяць) за сэрца гл. браць.

Выкінуць з сэрца гл. выкінуць.

Выкрасліць з сэрца гл. выкрасліць.

Вырваць з сэрца гл. вырваць.

Да глыбіні сэрца гл. глыбіня.

З адкрытым сэрцам — шчыра, даверліва.

З заміраннем сэрца гл. заміранне.

З лёгкім сэрцам (з лёгкай душой) — без роздуму, без трывог.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу гл. знайсці.

Камень з сэрца спаў (зваліўся) — тое, што і гара з плячэй звалілася (гл. гара).

Камень на сэрцы гл. камень (у 3 знач.).

Кроўю сэрца гл. кроў.

Мець сэрца гл. мець.

Надарваць сэрца гл. надарваць.

На сэрцы кошкі скрабуць гл. кошка.

Не мець сэрца гл. мець.

Няма сэрца ў каго гл. няма.

Паклаўшы руку на сэрца гл. паклаўшы.

Па сэрцу — да густу, падабаецца што‑н.

Прапанаваць руку і сэрца гл. прапанаваць.

Прымаць блізка да сэрца гл. прымаць.

Прыняць да сэрца (сэрцам) гл. прыняць.

Разбіць сэрца каму гл. разбіць.

Сэрца абарвалася (адарвалася, упала) — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца ад’есці гл. ад’есці.

Сэрца ад’ядаць гл. ад’ядаць.

Сэрца (душа) апала — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца баліць (ные) — тое, што і душа баліць (ные) (гл. душа).

Сэрца кроўю абліваецца — каму‑н. невыносна цяжка ад душэўнага болю, пачуцця спагады, жалю і пад.

Сэрца ледзянее — тое, што і кроў ледзянее (гл. кроў).

Сэрца не ляжыць да каго-чаго — тое, што і душа не ляжыць да каго-чаго (гл. душа).

Сэрца не на месцы — тое, што і душа не на месцы (гл. душа).

Сэрца разрываецца — пра пачуцці вострай жаласці, шкадавання.

Увайсці ў сэрца гл. увайсці.

У глыбіні сэрца гл. глыбіня.

Усім сэрцам — усёй істотай.

Як маслам па сэрцы гл. масла.

(Як) нож у сэрца гл. нож.

сэ́рца 2, ‑а, н.

Засаўка ў замку, якая высоўваецца пры павароце ключа.

сэ́рца 3, ‑а, н.

У зване — падвешаны ўсярэдзіне для ўдараў металічны стрыжань; біла, язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не, часціца адмоўная.

1. Надае слову, да якога яна адносіцца, значэнне поўнага адмаўлення. Ой, не вецер з-за гор легкакрылы Кучаравіў сасну на кургане. Трус. Мы так захапіліся сваёю работаю, што не заўважылі, як на дзядзінец прымчаўся ўраднік Вярбіла са сваімі стражнікамі. Якімовіч. [Уля] з Волькай вучыліся роўна, не адстаючы адна ад адной і не забягаючы наперад. Паўлаў. // Пры проціпастаўленні (звычайна са злучнікамі «а», «але»). Хачу я жыць, а не памерці, Каб радасць несці пакаленню. Чарот. Трактарам любуйся, але і каня не забывай. Прыказка. // У спалучэнні з дзеясловам-выказнікам, калі ў сказе маюцца адмоўныя займеннікі і прыслоўі, якія ўзмацняюць адмаўленне. Ніхто не сказаў ні слова. Няхай. // У спалучэнні з інфінітывам-выказнікам, калі выражаецца сцвярджэнне немагчымасці. А дзень наступны і падзеі У неакрэсленай смузе. Адно мне ясна: завірухі Не абмінуць, не адхіліць, Бо сэрца томіцца, баліць. Колас.

2. Служыць адмоўным адказам на станоўчае пытанне. — А вы, уласна кажучы, хто? Інжынер? — Не. Настаўніца. Шамякін. [Аляксандра Сцяпанаўна:] — А я думала, вы таксама да Масквы. — [Канстанцін Пятровіч:] — Не, я не да Масквы. Мне трэба тут выходзіць. Васілёнак. // У пачатку рэплікі, якая перапыняе выказванне субяседніка, або ў пачатку адказу, які выражае пярэчанне. — Ты прыедзеш сёння? — Я заняты. — Не, ты проста скажы, прыедзеш ці не? Самуйлёнак. [Злобіч:] — Не, Сандро, ты, відаць, не кахаў, калі хочаш так проста мяне супакоіць... М. Ткачоў. // Пры выказванні забароны рабіць што‑н. або адмове ў чым‑н. — І я з табою! — папрасіўся хлопчык. [Бацька:] — Не, сынок, ты аставайся з мамай! Кулакоўскі. Выкапаўшы некалькі ямак, я падышоў да.. [Ганкі] і кажу: — Можа, памагчы? — Не, я сама, — разазнулася Ганка. Рунец. // Ужываецца для большай выразнасці ў пачатку або ў канцы выказвання, у якім адмаўляецца тое, што было выказана раней; тое ж — пры процілеглай думцы, якая не была выказана, а толькі падразумявалася. Мінуў дзень, мінуў тыдзень, а пра Бярозку ў Далідовіча не было ніякіх новых звестак.. — Сумненне, якое незнарок пасеяў Захарэня, Платон Барысавіч і на вярсту не падпускаў да сябе. — Не, ты недзе блізка ад нас, — раптам праплывала невядома адкуль надзея, і Далідовіч працягваў пошукі. Шахавец. Мне кажуць, што старасць прыгнула мяне, Не тое гавораць, не так яно, не! А. Александровіч. Не, мы не пойдзем славы пазычаць, Па прыгажосць не пойдзем на чужыну. Шушкевіч. // Ужываецца ўнутры выказвання для ўнясення папраўкі. Прыдзі да мяне ў чатыры гадзіны. Не, у тры. // Ужываецца ў пачатку думкі, якая падагульняе сказанае раней і з’яўляецца яго вынікам. [Рыгор:] — Вось прыедзеш, а праз дзве гадзіны — назад. Любата!.. Не, гэта разумна прыдумана — аўтобус ў вёску пусціць. Ракітны. // Ужываецца ў пачатку рэплікі з мэтай звярнуць увагу субяседніка на думку, якая выказваецца. Не, ты толькі паглядзі, чаго ён натварыў.

3. Мае значэнне няпоўнага сказа пры адмоўных адказах на пытанні; тое, што і няма (у 2 знач.); проціл. так. — У цябе ёсць білет? — Не. □ [Майстар-цырульнік] прарэзліва зарыпеў мне ў самае вуха: — Скажыце, у вас каты ёсць? — Не. А што? Паслядовіч.

4. Разм. Ужываецца замест выказніка з адмоўем, а таксама замест словазлучэння або цэлага сказа з адмаўленнем ці проціпастаўленнем. Падышоў я бліжэй [да Дошкі гонару], кінуў пагляд на адзін твар, на другі. Подпісаў не чытаў, а так сабе глядзеў, прыкідваў крытычным вокам, каторы партрэт зроблены добра, а каторы не. Кулакоўскі.

5. Надае значэнне няпэўнасці, няпоўнага адмаўлення, непаўнаты дзеяння ці стану: а) пры назоўніках, якія паўтараюцца. Бяда не бяда. □ Працаваў .. [Язэп] нехаця, ляніўся, на яго паласе заўсёды быў самы дрэнны ўраджай — жыта не жыта, трава — не трава. Лупсякоў; б) паміж дзеясловамі, якія паўтараюцца. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка; в) у спалучэнні з прыслоўямі «вельмі», «лепш», «надта» і пад. Думкі не вельмі вясёлыя.

6. Надае выразу сцвярджальнае значэнне з дзеясловамі «магчы», «смець» пры наяўнасці другога адмоўя або з дзеясловамі ў безасабовым сказе, выказнікам якога з’яўляюцца словы «нельга», «немагчыма». Гэту песню не спець не магу я. Гэтай песняй прашу сабе слова. Кірэенка.

7. У спалучэнні з часціцай «ці» ў пытальных сказах выражае мадальнае значэнне сцвярджэння або няпэўнасці, здагадкі. [Пашка:] — Слухай, ці не знойдзецца ў цябе чаго ад бяссонніцы? Паўлаў. [Суседка:] — Ці не перапала табе сёння дзе-небудзь чарка, Данілка? Капыловіч.

8. У спалучэнні з пытальнымі займеннікамі і прыслоўямі пры асаблівай інтанацыі вымаўлення надае сэнс станоўчага адказу. Як не спяваць мне? □ [Мяснікоў:] — А дзетак не прыбавілася? [Касач:] — Хе! Чаму не! Гурскі.

9. У спалучэнні з дзеясловамі, якія канчаюцца на «‑ся», «‑цца» і маюць прыстаўку «на-», надае значэнне немагчымасці закончыць дзеянне. Не наглядзіцца маці на сына.

10. Уваходзіць у склад словазлучэнняў, якія з’яўляюцца складанымі злучнікамі і злучальнымі словамі: «не то... не то»; «не то што»; «не то .. а»; «не толькі, .. але (і)» і пад. Бацька не то спаў, не то так ляжаў на печы, яшчэ не разуваючыся. Крапіва. На вуліцы ў Чыжэвічах — не то што ў Малінаўцы — было людна і ажыўлена. Чарнышэвіч. Пісьменнік здолеў даць не толькі тыповы характар правакатара, але і раскрыць вытокі здрадніцтва, паказаць, на якой глебе яно вырастае. Дзюбайла.

11. Уваходзіць у склад устойлівых словазлучэнняў: «далёка не»; «не раўнуючы, як»; «амаль не», «ледзь не», «бадай не»; «не раз і не два»; «не вельмі каб» і пад. Госці склалі свае рэчы на падлозе, заняўшы імі ледзь не палову пакоя. Корбан. [Маці:] — Цяперака купяць, бо не вельмі каб у каго сена пад вясну было. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

так, прысл., часціца злучн.

1. прысл. Абазначае акалічнасць спосабу дзеяння: такім чынам. Ён так расказваў, што ўсе смяяліся. □ [Юрка:] — Давай так дамовімся: ты [Алесь] сваё глядзі, а я сваё. Скрыпка. Прыгожых у шчасці, Цнатлівых у тайне, Іх так і застала Над рэчкай світанне. Гілевіч. / З даданым сказам спосабу дзеяння або даданым параўнальным, які ўдакладняе сэнс прыслоўя або дзеяслова. Нарэшце гром так неба скалыхнуў, Што ўпала і разбілася вясёлка І морам разлілася скрозь. Вітка. Як ішлі камсамольцы раней на вайну, так мы сёння ідзём узнімаць цаліну. А. Вольскі. // (звычайна з адмоўем). Адпаведным чынам. Тут штосьці не так. □ Не так жывеш, як хочацца, а так, як можацца. Прыказка. Не так чорт страшан, як яго малююць. Прыказка. // Наступным чынам, як сказана далей. Каханне ў іх [Андрэя і Насці] распачалося так. Яму было трынаццаць. Насці — восем. З. Астапенка.

2. прысл. У такім выглядзе, становішчы, стане, як ёсць, без каго‑, чаго‑н. (без дадатковых сродкаў, намаганняў, без платы і пад.). Я і так дастану, без лесвіцы. Памідоры прыйшлося есці так, без солі. □ Жанчына несла за плячыма вялікі клунак. Хлопчык ішоў так. Шамякін. // Без вынікаў, без рэагавання. Пакінуць гэту справу так нельга. Гэта табе так не пройдзе. □ [Наўмыснік] быў упэўнен, што ўцякаць яму нікуды не прыйдзецца, усё абыдзецца так. Чорны.

3. прысл. У такой меры, ступені, да такой меры, ступені; вельмі; настолькі. Гэта не так важна. □ А есці так хочацца, ажно млосна робіцца. Якімовіч. [Юхім:] — Мы зажывём з табою так багата, Як і ўявіць не можаш ты, сястра! З. Астапенка. Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва.

4. прысл. Без прычыны, патрэбы, выпадкова; без сур’ёзнага намеру, пэўнай мэты, падставы. — Так проста зайшлі, — стаў апраўдвацца адзін з .. [хлопцаў], рыжагаловы і чырвоны ад хмелю, як вараны рак. — Святы дзень сёння. Кулакоўскі.

5. прысл. Правільна, дакладна, сапраўды. Мабыць, гэта так. □ Я вычытаў недзе, што, пасадзіўшы ў гэты час [зімой] галінку вішні, яна зацвіце... Захацелася праверыць, а ці так гэта? Кандрусевіч.

6. часціца. Ужываецца ў рэпліках пры адказе для выражэння сцвярджэння, згоды. У бібліятэку збіраецеся? — Так. □ Па-першае, ты адчуваеш, што робіш, карысную справу; па-другое, ты прывыкла наведваць сваю Журавінку; па-трэцяе, ты палюбіла яе. Так? — «Так», — адказала Валя. Маўр.

7. Ужываецца ў рэпліцы-адказе з агульным значэннем неакрэсленасці. Што з вамі? — Так, галава трошкі закружылася. □ — Здароў, сусед! — Здарова, ласянятка! — Як справы, дамасед? — Ды так... усё ў парадку. Калачынскі.

8. часціца ўказальная. Выкарыстоўваецца ў пачатку сказа для канкрэтызацыі, пацвярджэння раней выказанай думкі. [Турсевіч:] — Так, брат, там цяжка. Па сабе ведаю, якая там глуш. Колас. — Будзем жыць, — паўтарыў стары, едучы дамоў. — Так. Будзем жыць. Чорны. Так, пазіцыя выбрана ўдала. В. Вольскі.

9. часціца ўзмацняльная. Выкарыстоўваецца для падкрэслівання большай выразнасці таго слова, пры якім яна стаіць. Ну так старанна вырабляў нагамі [Мацей], Што ўсе ў далоні пляскалі яму. Корбан.

10. часціца абмежавальная. Ужываецца для ўказання на прыблізную колькасць, меру чаго‑н., час і пад. Гадоў так дзесяць таму назад. □ [Акулька:] — Не даходзім так метраў сто да купальні, што насупраць Аўсейчыкавых. Домка наша як уздрыгне і стала як укопаная. Ракітны. Хвойнік, не зусім вялікі, так мо дзесяцін у трыццаць лясок, ляжаў на ўсходнім баку Сілцоў. Гартны.

11. часціца. Выкарыстоўваецца ў пачатку сказа, які растлумачвае папярэдняе выказванне, у значэнні: «а іменна», «напрыклад». Расказвалі, які быў ураджай. Так, адзін гектар жыта ў сярэднім даваў пудоў семдзесят пяць. Колас. Працу размеркавалі хутка. Так, напрыклад, першаму звяпу даручылі лён, другому сенажаць. «Звязда».

12. часціца. У спалучэнні з «і» указвае на характар дзеяння (энергічнасць, рашучасць, міжвольнасць і пад.). Стары не вытрымаў, так і асунуўся. Чакаў, чакаў, так і пайшоў ні з чым. □ [Сухадольскі:] Мы ж былі першым атрадам чырвоных спецаў, выгадаваных Савецкай уладай. [Фёдар Мікалаевіч:] Так і рваліся ў бой. Крапіва. // У спалучэнні з «і» указвае на скептычныя, негатыўныя і пад. адносіны да якога‑н. дзеяння, з’явы. Бач ты, ён яшчэ надумаў пагражаць! Так яго і спужаліся. □ Так і валэндаліся ў санаторыі з гэтым Малахам. Кавалёў.

13. злучн. У спалучэнні са злучнікам «што» выкарыстоўваецца для далучэння даданых выніковых сказаў у значэнні: у выніку гэтага, таму. [Валерый:] — Ад паноў і падпанкаў нацярпеўся за свой век нямала, так што зуб на іх у цябе [дзядзькі Рыгора] яшчэ востры. Якімовіч. // У спалучэнні са злучнікам «як» выкарыстоўваецца для злучэння аднародных членаў сказа і сказаў з параўнальна-супастаўляльным адценнем. Пажар заўважылі як з баракаў, так і з пасёлка толькі тады, калі згасла электрычнае святло. Пестрак.

•••

Вось так гл. вось ​2.

Даўно б так — адабрэнне чыйго‑н. учынку, задавальненне чыімі‑н. дзеяннямі.

За так — бясплатна, дарма (рабіць што‑н.).

І так гл. і ​3.

І так далей — ужываецца ў канцы пералічэння і ўказвае, што пералічэнне можа быць прадоўжана.

І так, і гэтак — а) рознымі спосабамі, на розны манер; б) па-рознаму; то добра, то дрэнна.

(І) так і сяк; ці так ці сяк — на розны манер, рознымі спосабамі; усяляк; тым ці іншым спосабам.

Не так, каб; не так каб — выкарыстоўваецца для некатэгарычнага адмаўлення якой‑н. думкі ў значэнні: не вельмі.

Не так сабе — з нейкай мэтай, з пэўным намерам. І ўсё ж зараз, на старасці гадоў, рашыў .. [сусед] заняцца вінаградарствам. І не так сабе: даўно сачыў за доследамі селекцыянераў. Кавалёў. [Тарас:] — Дык можа і за Валяй будуць сачыць? [Сымон:] — Не ведаю. Але думаю, што выпусцілі яе не так сабе... Якімовіч.

Проста так гл. проста.

Так званы гл. званы.

Так і быць гл. быць.

Так і ёсць — на самай справе, сапраўды.

Так і так — ужываецца замест пераказу, паўтарэння ўжо вядомага, таго, пра што ўжо расказвалася. [Гарошка:] — Так і так, расказваю, ёсць у суседзяў нашых закінуты кацёл. Краўчанка.

Так і трэба каму — за ўчыненае і адплата.

Так на так — а) без прыдачы, адно за другое (пра абмен); б) у роўнай прапорцыі, у роўных суадносінах.

Так сабе — а) ні добрае, ні дрэннае (пра каго‑, што‑н.). Гаспадар з яго так сабе; б) проста так, несур’ёзна. Гэта была толькі так сабе, прыстрэлка. Шыцік. [Алена:] — Прастойваеш вечары з хлопцам так сабе, выходзіць? Пальчэўскі.

Так сказаць гл. сказаць.

Так точна! — так, іменна так.

Так то (яно) так — усё гэта правільна, але... [Андрэй:] — Я ночы не спаў, насенне малаціў, а ўдзень за плугам ад раніцы да вечара. Конь і той ноччу адпачывае. — Так то яно так, сынок... Чарнышэвіч.

Так трымаць! гл. трымаць.

Так ці інакш (іначай) (у знач. пабочн.) — ва ўсякім выпадку, тым ці іншым спосабам.

То так, то сяк; то так, то гэтак — па-рознаму; то адным спосабам, то другім.

Хоць бы і так — няма нічога асаблівага, дрэннага ў чым‑н.

Ці так? — ці праўда?

Як жа так гл. як.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)