паро́г, ‑а, М ‑розе, м.

1. Бервяно або брус, прымацаваныя пад дзвярамі паміж вушакамі. Люда стаяла на парозе, — яшчэ ўсё малая, не згінаючыся ў нізкіх дзвярах. Брыль. Міхал націснуў клямку і пераступіў парог сянец. Васілевіч.

2. перан. Перашкода, перапона. Ой, многа, як многа Для думак дарогі Не спыніць іх лёту Ніякі парог. Колас.

3. Камяністы папярочны выступ на дне ракі, які парушае плаўнасць цячэння. Равуць на парогах ды пеняцца хвалі... Вялюгін.

4. Спец. Найменшая велічыня, ступень праяўлення чаго‑н. Парог адчуванняў.

5. перан. Як сімвал роднага дома, сям’і, радзімы. [Маці] толькі раз у жыцці пакідала вёску родную, родны парог. Вярцінскі. І я гэтым шляхам вярнуўся З ваенных далёкіх дарог На гоні сваёй Беларусі, На бацькаўскі родны парог. Астрэйка.

•••

Абіваць парогі гл. абіваць.

З парога — адразу ж пасля прыходу куды‑н. — Андрэй! — проста з парога пачала .. [Зіна]. — Тату патрэбна неадкладная аперацыя. Ваданосаў.

Не пусціць на парог гл. пусціць.

На парозе — а) аб тым, што вельмі хутка павінна наступіць. Бяліла зіма на палетках радно, І снежань суровы стаяў на парозе. Звонак; б) чаго; напярэдадні чаго‑н.; на грані чаго‑н. [Андрэй:] — Мы стаімо на парозе таго, што тэхніка зрастаецца з кібернетыкай, што машына робіцца нечым падобнай на жывы арганізм. Скрыган.

У парозе — каля дзвярэй, каля ўваходу. Прамоўца паварочваецца да тых, якія стаяць у парозе, аконнае святло падае яму на шчаку і серабрыць скроню. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бедава́ць, бядую, бядуеш, бядуе; незак.

1. Цярпець душэўныя пакуты; выказваць перажыванні, смутак, жаль. Змрокам таго дня.. [Нявада] пачаў абыходзіць увесь той родны кут, па якім гэтулькі бедаваў. Чорны. У хаце Сцяпана Касцевіча ў гэты час сабралася многа людзей.. Абмяркоўвалі ўсё здарэнне, бедавалі, ахалі, клялі... Пестрак. // Турбавацца, хвалявацца, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. [Маці:] — У тваёй [Сцяпанкавай] галаве толькі цацкі. Каб ты лепей бедаваў аб тым, хто сёлета ў нас поле араць будзе, хто шнур засее. Бядуля. [Валя Валодзю:] — Ты бедаваў, што білет прападзе. Вось запрасі Надзю. Крапіва.

2. Жыць у нястачы, беднасці; гараваць. Мянялася жыццё нядаўніх беднякоў, бедавалі ад вясны да зімы, жабруючы і гнучы спіны за кавалак хлеба. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Незак. да азірнуць. Сашка ўсё круціў галавой і азіраў неба: хоць бы хутчэй той каршун прылятаў, а то нешта ў сон хіліць. Даніленка. На праспект выходзіць Пастушэня, ён ужо забыў, куды ідзе, азірае жоўтыя прысады, з любасцю ўглядаецца ў фасады, як у твары дарагіх людзей. Русецкі.

2. Рабіць агляд чаго‑н. у думках; успамінаць. Хоць я няволяй цяжка змучан І з родным берагам разлучан, Ды я душою ажываю, Як вокам мыслі азіраю Цябе, мой луг і бераг родны. Колас. Пісьменнік [Пятрусь Броўка] нібы з вышынь сваёй чалавечай сталасці, новым прасветленым поглядам азірае шлях, які прайшла яго краіна, і свой уласны жыццёвы шлях. Бярозкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каха́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае каханне, да якога накіравана каханне; любімы (у 2 знач.). Каханая дзяўчына. □ — Смешна, але прызнаюся, што ў мяне нават не было каханай жанчыны, не было кахання. Мікуліч.

2. у знач. наз. каха́ны, ‑ага, м.; каха́ная, ‑ай, ж. Той (тая), каго кахаюць. Можа, думкі Максіма — пра сваю каханую, што ходзіць недзе па росных сцежках над іншай ракою? Брыль. — Усё ж ён прыгажэйшы за Змітрака! — з замілаваннем падумала дзяўчына і яшчэ бліжэй прытулілася да каханага. Ваданосаў.

3. Родны, дарагі. Засні, мой каханы, Мой мілы сынок, Падняўся туманам За вокнамі змрок. А. Александровіч.

4. у знач. наз. Форма фамільярнага звароту. — «Гатовы боты?» — «Не, каханы!» — Заказчыку шавец лісліва адказаў. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

летуце́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць летуцець (летуценіць), мае схільнасць да летуцення. [Маці] была вельмі прыгожая тады, нейкая летуценная і ціхая. Быкаў. // Які выражае схільнасць да летуцення. Твар .. [Васілісы] расчулены, на вуснах блукае летуценная ўсмешка. Васілевіч. Я ўпершыню пачула голас Натапчыка — мяккі, летуценны. Савіцкі. // Звязаны з летуценнем, летуценнямі. Усеваладу хочацца хоць трошкі памарыць. У летуценным задуменні хоць трошкі усміхнуцца самому сабе. Скрыган.

2. Створаны ўяўленнем, марай; фантастычны. Будзе ў нас хлеб, шчасце ў хаты паселіцца. Шчасця замнога, Дужа замнога, Не летуценнага шчасця — зямнога. Калачынскі. Так блізка ўсё! Але па кладцы, Па мосціку самотным, летуценным Ракі не перайсці, не перабрацца У родны дом, што прагне вызвалення. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палані́ць, ‑ланю, ‑лоніш, ‑лоніць; зак. і незак., каго-што.

1. Захапіць, узяць у палон. Зграя варожая злева і справа Іх паланіла для жорсткай расправы. Звонак. // Заваяваць, захапіць якія‑н. землі, краіны і пад. У кожным слове Соніных бацькоў гучала нянавісць да чужынцаў, якія паланілі родны край. Новікаў.

2. перан. Прывабіўшы, падпарадкаваць свайму ўплыву. Хацеў знайсці да ісціны ключы, А паланілі формулы і словы. Грахоўскі. Сэрца стала паслухмяным, — любы словам паланіў. Машара. // Зачараваць. Спявалі [дзяўчаты] зладжана, прыгожа, але асабліва паланіў адзін цудоўны голас. Шамякін. Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Лынькоў.

3. Разм. Ахапіць, запоўніць сабой. Водбліскі цямнелі, гаслі, знікалі і зноў успыхвалі з новаю сілай, паланілі ўсё неба. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радня́, ‑і, ж.

1. зб. Родныя, сваякі. Да палкоўніка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкі яшчэ малады чалавек. Чорны. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.

2. Разм. Родны (родная), сваяк (сваячка). Здавалася, нібы ўсе яны [людзі і малпы] адчувалі, што даводзяцца адзін аднаму раднёй. Маўр. Можа, ён быў яму нейкая радня, а можа і што-небудзь іншае звязвала іх, але гэты бялявы хлопец быў для оберста не толькі дзеншчыком. Шахавец. // перан. Аб кім‑, чым‑н. падобным у якіх‑н. адносінах. Я ў Новай Рызе — зусім як дома, бо з новым Мінскам яна радня. А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіратлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, як у сіраты. Сіратлівы выгляд. // Які праходзіць у адзіноце. Сіратлівая старасць. // Поўны пачуцця пакінутасці, адзіноты. Над лугам загаласіла — той самай жніўнаю песняй — жалейка. Сіратлівая, сумная песня!.. Брыль. Не было каму сагрэць яго сіратлівае сэрца. Валасевіч.

2. перан. Які знаходзіцца асобна ад іншых; адзінокі. Далёка сіратлівыя Мігаюць аганькі. Танк. Увосень.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. // Сумны, маркотны, бязрадасны. Як толькі больш прыкметна адчувалася дыханне восені, з дуба з нейкім сіратлівым, ледзь чутным шорахам зляталі адзін за другім лісты. Даніленка. Мой родны, сіратлівы дом — Бязлісты вяз з пустым гняздом, Але ўжо ловіць прагны слых Ваш лет, далёкія буслы. Вітка. Поле ляжала сумнае, сіратлівае. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Аце́ц ’бацька, татка’ (Бяльк., Шн., Хрэст. дыял., Яшкін, Бел. мова, 145), ’бацька; зварот дзяцей да бацькі’ (Ян.), оцец (ocieć) (Маш.), ацецкі: «людзі чэсныя, сыны ацецкія» (з песні, Рам. 8, 163), ст.-бел. отецъ (часам «отец рожоный» ’родны бацька’ ў адрозненне ад «отца духовного», параўн. Булахаў, З жыцця, 6), укр. отець, рус. отец, польск. ojciec, славац., чэш. otec, в.-луж. wótc, wóćec, н.-луж. wóść, славен. oče, серб.-харв. о̀тац, р. скл. о̀ца, макед. отец (уст.), балг. оте́ц (уст.), ст.-слав. отьць. Прасл. otьcь з otьkъ, вытворнага ад otъ ’бацька’, якое ўзнаўляецца на падставе ст.-рус., ц.-слав. отьнь ’бацькаў, бацькоўскі’ і рускіх дыялектных форм, параўн. отька, атёк, а́тка ’бацька’ (гл. Шарапава, УЗ МОГТИ, 193, 323 і наст.); грэч. ἄττα ’бацька’, лац. atta, гоц. atta, алб. at, ірл. aite ’апякун, выхавацель’, хец. attaš ’бацька’ і інш. Паходзіць з дзіцячай мовы, як і іншыя тэрміны роднасці, параўн. маці. Гл. Фасмер, 3, 170; Трубачоў, История терм., 25 і наст. Сучаснай беларускай літаратурнай мове слова невядома, аднак сустракаецца ў народных песнях; у дыялектнай мове — русізм або царкоўнаславянізм, параўн. Яшкін, Бел. мова, 145. Гл. айцец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

засла́ць 1, ‑шлю, ‑шлеш, ‑шле; ‑шлём, ‑шляце; зак., каго-што і чаго.

Разм.

1. Адправіць, пераслаць куды‑н., каму‑н. Кірыл сказаў да матушкі ціха: — Зашлі ты.. [жонцы Каваля] цераз Параску чаго. Колас. // Патаемна пераправіць, даставіць куды‑н. Заслаць лазутчыка.

2. Паслаць, саслаць куды‑н. далёка. Заслаць на край свету.

засла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; што.

1. Пакрыць якую‑н. паверхню чым‑н. Заслаць ложак. □ Бабка Параска .. дастала свой чысты настольнік і заслала стол. Колас.

2. Пакрыць, завалачы сабой (пра хмары, туман, слёзы і пад.). Шэрань заслала палі, схавала абрысы ўзгоркаў і пералескаў, ахутала бярозавыя гаі і прысады ля дарог. Хадкевіч. Мутная імгла заслала старэчыя вочы дзеда Кандрата. Пестрак. / у безас. ужыв. Родны бераг імглою заслала. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)