пы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чым. Раскідаць кроплі вадкасці, іскры, дробныя часцінкі чаго‑н. Калі Павел прыбег на панскі двор, там ужо было многа крошынцаў, а маленькі вёрткі чыноўнік Нервалодаў нешта крычаў і пырскаў слінаю на сялян. С. Александровіч. Язэп бачыў, як тол знік пад вадой, як цягнуў у глыбіню шнур, як той гарэў і пырскаў іскрамі. Асіпенка. // Рассейваць кроплі вады або якой‑н. вадкасці куды‑н. з якой‑н. мэтай. Маці набірае з конаўкі поўны рот вады і пырскае ў мой твар. Бядуля. [Тася Кабрынец] да свірна прыйшла, дзе пратручваюць сяброўкі льнасемя. Пырскаюць на яго спецыяльным растворам. Бялевіч.

2. Разлятацца, рассейвацца кроплямі, дробнымі часцінкамі. Афіцэр крычыць, аж пена з рота пырскае. Кулакоўскі. [Яўхім і Рыгор] удвух ідуць мокрым поплавам і вада пырскае з-пад іх ног. Чорны. / Пра дробны дождж. Пачаў пырскаць дробны дожджык, але цяпер ён быў няшкодным, нават адкрытае вогнішча ад гэтага не цярпела. Маўр. // перан. Моцна выяўляцца (пра пачуцці, настрой). [Злосць] поўніла ўсю .. істоту [Соміка], пералівалася цераз берагі, пырскала, біла фантанам. Крапіва. Гуллівы настрой, здавалася, так і пырскаў з.. [Таніных] агністых вачэй. Марціновіч.

3. Імкліва разбягацца, скакаць, накіроўвацца ў розныя бакі. Бясконцым.. хорам сакаталі конікі і пырскалі з-пад ног на ўсе бакі. Дуброўскі.

4. Не стрымаўшыся, пачаць смяяцца. Палашка грозна аглядала.. [дзяўчат] і выходзіла. Дзяўчаты не вытрымлівалі і дружна пырскалі смехам. Лынькоў. Шапталіся, паціху пырскалі ад смеху. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассы́паць, ‑сы́плю, ‑сы́плеш, ‑сы́пле; зак., што.

1. Высылаць, рассеяць па паверхні (што‑н. сыпкае, дробнае). Рассыпаць пацеркі. □ Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, з’ела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата. Якімовіч. // Даць магчымасць (валасам) свабодна легчы, упасці. Стася якраз скончыла пераабувацца, устрасянула галавой, рассыпала цёмна-русыя валасы, склала далоні ў прыгаршчы, правяла па валасах ад ілба да патыліцы з аднаго боку галавы, потым — з другога. Карпюк. // Раскідаць па якой‑н. паверхні, насыпаць на што‑н. з пэўнай мэтай. Калі б раскапаць Гімалаі і рассыпаць па ўсёй зямлі, то атрымаўся б суцэльны пласт таўшчынёй каля 20 метраў. Матрунёнак. Усё пры сяўбе падначалена строгаму, дакладнаму рытму.. Нават адчуваеш вагу зерняў, якія трымаеш у жмені і павінен раўнамерна рассыпаць за ўзмах. Навуменка. // перан. Размясціць уроскідку на якой‑н. прасторы. Пасёлак Медзякова шырока рассыпаў па стэпе свае малюсенькія, як белыя гарошынкі, саманныя домікі. Хведаровіч.

2. Насыпаючы, раздзяліць, размеркаваць што‑н. сыпкае. Рассыпаць цукар па шклянках. Рассыпаць мяшок мукі на тры часткі.

3. Абазвацца частымі перарывістымі гукамі. На мяне пазіраюць Маўкліва цымбалы, якія Не паспелі рассыпаць Напевы свае трапяткія. Макаль. А воддаль на лазе і ліпах Чачотку салавей рассыпаў. Астрэйка.

рассыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да рассы́паць.

•••

Рассыпаць перлы — вельмі расхвальваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што. Павярнуць процілеглым бокам, павярнуць з аднаго боку на другі. Па меры таго, як Віктар чытаў [ліст], твар яго то чырванеў, то рабіўся бледным. Ён хуценька перавярнуў ліст і глянуў на подпіс. Даніленка. [Маці] дастала з печы скавародку, перавярнула аладку на другі бок. Брыль. // Перакуліць. Фурман усю ўвагу аддаваў на тое, каб не перавярнуць саней. Бядуля.

2. перан.; што. Рэзка, карэнным чынам змяніць што‑н. Гэты папрок перавярнуў усё ў маёй душы. Дуброўскі.

3. што. Бязладна раскідаць, перабіраючы што‑н. у пошуках чаго‑н.; ператрэсці. [Гануля] перавярнула ўсе рэчы і так-такі нічога не знайшла. Гурскі. Партызан не знайшлі, хоць і перавярнулі ўвесь гарадок. Шамякін.

4. каго-што ў каго-што. Пераканаўшы, схіліць да якіх‑н. змен, перамен. Перавярнуць у сваю веру. // У казках і народных павер’ях — ператварыць у каго‑, што‑н. з дапамогай чараў. Перавярнуць у ваўка.

5. што. Разм. Змяніць, сказіць сэнс, змест чаго‑н., падаць што‑н. у скажоным выглядзе. Што я чуў, дык пераверне, І пайшла пісаць губерня, Бо даўгі яго язык Да спакою не прывык. Крапіва. // каго. Выдаць за каго‑н. іншага. — Вось табе і на: з сваяка ды ў госця перавярнулі, — жартаваў Хлор. Гартны.

6. што і чаго. Разм. Выканаць вялікі аб’ём работы. Трэба перавярнуць гару кніг, каб дазнацца, што з чым параўноўваецца. Лужанін. — Эх ты, белалобы! Колькі трэба будзе перавярнуць работы. Паслядовіч.

•••

Горы перавярнуць — выканаць вялікую работу.

Перавярнуць уверх дном — тое, што і перавярнуць усё на свеце.

Перавярнуць (увесь) свет — зрабіць нешта незвычайнае, немагчымае.

Перавярнуць усё на свеце — а) змяніць усё карэнным чынам; б) прывесці ўсё ў хаатычны стан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Шырока развесці ў бакі. Раскінуць крылле. □ А Нінка яшчэ спіць. Як міла раскінула яна свае тонкія ручкі, як хораша ёй са смуглаватым румянцам першага вясновага загару!.. Брыль. Хлопчык, як угледзеў Галю, раскінуў рукі і пабег да яе. Сабаленка. // Шырока распасцерці ў розныя бакі. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнай голле. Дуброўскі. // Адкінуць у бакі, разгарнуць, раскрыць. Тады Хвядзько злез [з воза], сам раскінуў вароты і ўвёў фурманку. Лобан. Вось раскінулі хлопцы варты, І на новай зялёнай трохтонцы, Як на сцэне, з раёна артыст Заспяваў аб радзімай старонцы. Нядзведскі.

2. Разаслаць, разгарнуць на паверхні што‑н. Люба раскінула на падлозе брызент — паслала сабе і Васілю. Даніленка. Прося здагадалася: сцягнула посцілку, раскінула на падлозе і натаптала клунак. Паўлаў. // Раскласці што‑н. складзенае. Раскінуць стол. Раскінуць антэну. // Знайшоўшы месца, паставіць, размясціць што‑н. Раскінуць палаткі. □ Падобна было на першы погляд, што тут [на ўзлеску] проста раскінулі свой часовы лагер маладыя турысты. Хадкевіч.

3. Распасцерці, працягнуць на вялікай прасторы. Вецер мяккі, Цёплы і сіні прыходзіць на помач, Гоніць крылатыя лодкі, Быццам іх хоча ўдаль заманіць, Туды, дзе сінія хвалі Раскінула Нарач на поўнач, На поўдзень, на захад, на ўсход. Танк.

4. Раскідаць, рассыпаць па чым‑н. што‑н. Сцяпан выскубнуў колькі ахапкаў сена, раскінуў іх па доле. Скрыган. Ганна раскінула падушкі на ложку, паслала белыя, як снег, просціны — словам, пасцель падрыхтавала так, як мае быць. Гроднеў. // перан. Разм. Размеркаваць, раздзяліць што‑н. паміж кім‑, чым‑н. Раскінуць абавязкі.

•••

Раскінуць розумам — падумаць, памысліць.

Раскінуць рукамі — тое, што і развесці рукамі (гл. развесці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разабра́ць, разбяру, разбярэш, разбярэ; разбяром, разбераце; заг. разбяры; зак., каго-што.

1. Разняць што‑н. на састаўныя часткі. Разабраць радыёпрыёмнік. Разабраць гадзіннік. □ Сцёпка разабраў затвор, пачысціў, змазаў, зноў сабраў. Хомчанка. // Разбурыць што‑н., разняўшы на часткі. Разабраць рэйкі на чыгунцы. □ Хату немцы разабралі. Бярвенні ім на бункер спатрэбіліся. Б. Стральцоў. // Раскідаць друкарскі набор, расклаўшы знакі набору па касах. Разабраць набор.

2. Узяць усё па частках, па адным. Сёння ў шэсць гадзін усе коней разабралі, гэта адзін Паўлік заспаў. Гаўрылкін. Дзіва проста! Ці не хопіць? Колькі можна пазычаць! Разгадаў, нарэшце, хлопец Гэту тактыку дзяўчат. Усміхнуўся хітравата Да сяброўкі дарагой: — Як відаць, у вас дзяўчаты Разбяруць увесь пакой. Гілевіч. // Раскупіць. За тыдзень разабралі ўвесь тыраж кнігі. □ — Давай перакушу крыху ды пайду, а то газу разбяруць... Чарнышэвіч.

3. Прыводзячы ў парадак, рассартаваць, аддзяліць адно ад другога. Разабраць рэчы. Разабраць бялізну. // Узяць правільна (лейцы і пад.). Лётчыкі селі ў лодку. Макараў на нос, а Дым разабраў вёслы. Алешка. // Разаслаць, рыхтуючы для спання. Разабраць ложак. □ [Алена] хуценька разабрала яго пасцель, зацягнула над ложкам занавеску. Кулакоўскі. // Расчасаць, прыгладзіць (валасы).

4. Спарадкаваць, раздзяліўшы мяса і вантробы, парэзаўшы на часткі (пра мясную тушу). І кабан і воўк — каштоўны здабытак. З ваўка можна злупіць скуру, а кабана разабраць і даставіць дадому. Колас.

5. Адрозніць, распазнаць што‑н. (слыхам, зрокам і пад.). Разабраць почырк. □ Ліда схілілася над .. [раненым], каб чуць, каб разабраць усе словы. Шамякін. Пачуліся ціхія крокі, і ў цемры.. [Прылепка] разабраў ледзь прыкметную постаць чалавека. Дуброўскі.

6. з дадан. сказам і без дап. Уясніць для сябе, усвядоміць. На адной палянцы цвілі кветкі, вельмі падобныя да нашага сну. Насілу разабраў, што гэта гіяцынты — такія буйныя і так многа было іх. Лужанін. Стралялі ў двары, за будынкамі, і цяжка было разабраць, дзе рассыпаліся нашы, а дзе былі немцы. Няхай. Здзекаваўся .. [Васіль], жартаваў ці праўду казаў, яна [Аня] не ўмела разабраць ды і не хацела. Васілевіч. // Зразумець сэнс чаго‑н. Разабраць стараславянскі надпіс. □ Спачатку я амаль нічога не мог разабраць у гэтай кнізе, а потым навучыўся чытаць лепш. Кулакоўскі.

7. і без дап. Разгледзець, абмеркаваць (пытанне, справу і пад.). Як толькі пачаўся прыём [у члены партыі], разабралі заяву камбрыга. Мележ. Кожнаму хацелася паслухаць, сваім вокам пабачыць: як яно там, як разбяруць ды вырашаць. Лынькоў. // Прааналізаваць, даць крытычную ацэнку. Разабраць творчасць паэта. Разабраць сачыненні вучняў. // У граматыцы — даць аналіз для выяснення саставу, пабудовы. Разабраць сказ па часцінах мовы.

8. Разм. Ахапіць, апанаваць (пра моцнае пачуццё, жаданне і пад.). Хлопчыка разабрала цікаўнасць. Гамолка. Злосць разабрала Мар’яну, калі дачулася пра сынавы клопаты. Пальчэўскі. // безас. Разм. Пра вышэйшую ступень праяўлення якога‑н. пачуцця, стану. — Чаго вас там разабрала? — хрыплым голасам, спрасоння, прабурчаў .. [бацька]. Арабей. // Разм. Выклікаць ап’яненне. Гарэлка яго [Янушка] крышку разабрала, расчуліла на сонцы. Дайліда.

•••

Не разбяры-бяры — пра што‑н. вельмі заблытанае, незразумелае.

Разабраць па костачках — старанна, дэталёва абмеркаваць, абгаварыць каго‑, што‑н.

(Усю) ноч разбяруць — не будзе калі спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Адпусціць, вызваліўшы ад заняткаў, абавязкаў (усіх, многіх). Корзун распусціў дзяцей на тыдзень, пакуль кончыцца разводдзе. С. Александровіч. // Дазволіць, даць магчымасць разысціся, разбегчыся. Праз хвіліну Генрых Візэнер распусціў строй і з трыма салдатамі накіраваўся ў хату. Шамякін. // Расфарміраваць, ліквідаваць (установу, прадпрыемства, арганізацыю і пад.). Калі пачалі галасаваць прапанову Алеся: хто за тое, каб культурна-асветніцкі гурток распусціць і ўсю працу весці ў ячэйцы, — у класе ўзняўся зноў дружны гоман. Галавач. — Таварыш камандзір, Іван Іванавіч распусціў сваю брыгаду. Шчарбатаў.

2. Развязаць, паслабіць (што‑н. завязанае, сцягнутае). Павел з выглядам пераможцы паставіў на траву паўнюсенькі рэчавы мяшок і паволі распусціў зашмаргу. С. Александровіч. У адказ .. [Алесь] распусціў гальштук і пацягнуў з мускулістай і стройнай шыі ланцужок. Караткевіч. // Развязаць, зняўшы завязку. — Ідзі, Люба, у пуню, прынясі пару кулёў, распусці на падлозе людзям спаць. Чорны. // Расплесці (касу). — Як распусціць [пані], бывала, чорныя косы, дык ледзь не да долу звісалі... Колас. // Раскідаць што‑н. вязанае, спусціўшы з петляў. Тады Аграфена Карабанава распусціла па нітцы свой світар. Лупсякоў. // Зрабіць шырэйшым. — Вось тут трэба крышку падрэзаць, а ўнізе распусціць, — казала Ганна Лявонаўна, паказваючы на паясніцу. Корбан.

3. Разгарнуць што‑н. згорнутае, складзенае. Іра адразу ж дастала парасон і распусціла яго, як грыб, над галавой. Сабаленка. // Расправіць, раскласці ў якой‑н. прасторы, на якім‑н. месцы. [Сувязная] была апранута па-сялянску, вялікую цёплую хустку павязала на патыліцы, а махры распусціла на плячах і на грудзях. Новікаў. Дуб галлё распусціў каранасты над ім [курганам], Сухазелле ў грудзі ўпілося. Купала. // Выставіць наверх, выпусціць (кіпцюры). [Кот] грозна натапырыў рэдкія вусы, замурлыкаў і распусціў свае вострыя кіпці... Бядуля. // Раскрыць, разгарнуць (пра пупышкі, лісце і пад.). [Яблыня] распусціла маленькія лісточкі. М. Ткачоў.

4. Разм. Дапусціць да свавольства, зрабіць недысцыплінаваным, знізіўшы патрабавальнасць, аслабіўшы нагляд. Распусціць дзяцей. Распусціць работнікаў. □ — Вы, дзядзька Ліпскі, трымаеце сваю дачку ў добрай строгасці. — А як жа, распусці іх, — прагаварыў Ліпскі. Лупсякоў. — Разгільдзяй той распусціў роту! — Гэта быў намёк на ранейшага камандзіра роты. Быкаў.

5. Зрабіць вадкім або напаўвадкім, растапіць. Распусціць масла. // безас. Размачыць, зрабіць гразкім. Была незвычайная бездараж. Дарогі ўсе распусціла. Мележ. Але стэп распусціла, верхні, чарназёмны пласт увесь час сплываў у нізіну, і цяжка было паверыць, каб слупы ўтрымалі напор ветру. Лупсякоў.

6. Разм. Прымусіць разысціся ў якой‑н. вадкасці. Распусціць фарбу ў вадзе. // Распаўсюдзіць вакол сябе. Кнігі сапраўды распусцілі па хаце нейкі свой пах, як і ўсякая рэч, якую даўно не чапалі. Ермаловіч.

7. Расказаць многім (чуткі, плёткі). Гардыенка распусціў чуткі, што Тарас Ігнатавіч сам не ведае матэматыкі. Чарнышэвіч.

8. Распілаваць удоўж. Мусіць, не ўтрымаўся які грамычакін — цішком зрэзаў адно-другое дрэва, а пасля распусціў на шалёўку. Даніленка.

•••

Распусціць вушы — тое, што і развесіць вушы (гл. развесіць).

Распусціць нервы — даць волю пачуццям, настрою. «Старэеш, Андрэй Бабейка, — папракнуў ён сябе, адвязваючы стаенніка і ўсаджваючыся ў брычку. — Старэеш, і нервы распусціў, і язык». Хадкевіч.

Распусціць нюні — расплакацца, разжаліцца. — А гэта чаго сырасць разводзіць? — Віцька кіўнуў галавой на дзяўчыну. — Майстар пасватаўся, вось і распусціла нюні. Асіпенка. — Ты не калека. Толькі абмяк, нюні распусціў. Машара.

Распусціць язык — нагаварыць многа лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)