узляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.
1. Падняцца ў паветра, узняцца ўверх. Узляцелі самалёты. □ На Кладках загаманілі, і адтуль узляцела ўгару зялёная бліскучая ракета — пусцілі ваенныя. Пташнікаў. У кронах мільгнула вавёрка, З-пад ног узляцеў цецярук. Калачынскі. Матылёк устрапянуўся, спрабуючы ўзляцець. Аляхновіч. / у перан. ужыв. [Адзінцоў:] Ты [Калатухін] так высока ўзляцеў, што я палічыў за лепшае не напамінаць... пра беднага знаёмага! Мележ. / Пра дым, цару і пад. Угору ўзляцела воблака пылу. Шамякін. Падкіньце ў касцёр абярэмак галін, Каб іскры ўзляцелі вышэй вершалін. А. Вольскі. / Пра падкінутыя ўверх, раскалыханыя прадметы. Арэлі ўзляцелі высока. □ Узляцелі ў вышыню пілоткі, Грымнула «ура!» — канец вайне... Смагаровіч. / перан. Пра высокі голас, гучную песню. Вясёлы зухаваты голас узляцеў і апаў. Савіцкі.
2. Перамясціцца па паветры на верх, паверхню чаго‑н. больш высокага. Узляцелі вераб’і на страху. □ Узляціць на галінку адзін шчыгол, абтрасецца, нібы толькі што з вады, заспявае, а за ім другі. Федасеенка.
3. перан. Узарвацца, разляцецца на часткі ад узрыву. [Калядка:] — Бачыце, колькі тут бочак. Адна запалка — і ўсё гэта ўзляціць полымем у неба. Гэта ж не горш пораху — смала. Чарнышэвіч.
4. Разм. Вельмі хутка ўзбегчы, уз’ехаць на верх чаго‑н. Узляцець па лесвіцы на трэці паверх. □ Узляцеўшы на гару, убачыў [Васіль] перад сабой знаёмую дарогу з пабурэлым курганам. Мележ. // Хутка ўзняцца, падняцца. Тонкія пальцы Голуба нервова сціснулі смык — ён узляцеў у паветры і лёгка крануўся струн. Васілевіч. Рукі бандытаў вокамгненна ўзляцелі ўгору. Чарнышэвіч. Цёмныя Ядзіны вейкі здзіўлена ўзляцелі ўгару, яна паглядзела на Васіля вачыма, поўнымі нямой удзячнасці. Шашкоў. // перан. Узняцца ўверх. Яшчэ ляжыць пясок, і жвір, і друз, А сцены гмаху ў вышыню ўзляцелі. Звонак.
•••
Узляцець у паветра — тое, што і узляцець (у 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памагчы́, ‑магу, ‑можаш, ‑можа; пр. памог, ‑магла, ‑магло; заг. памажы; зак.
1. Аказаць дапамогу, садзеянне, падтрымку ў чым‑н. Памагчы грашыма. Памагчы пабудавацца. □ [Іван:] — Тут.. прарэзаць дзірку наскрозь цяжка будзе.. — Нічога. Я табе памагу, — падтрымаў Арцём. — Будзем рэзаць напераменку. Ставер. Прывіталіся [сыны].., пагаварылі. Старэйшы сын нават молат у рукі ўзяў — памог кавалю парог выкаваць. Якімовіч. [Зося:] — Ты паслухай.. Можа ты ведаеш [у каго крадзеныя грошы], то памажы следчым. Чорны. // Выратаваць, выручыць. [Човен] гойдаўся на хвалях і, здавалася, вось-вось схаваецца пад імі.. Лена стаяла на беразе і не ведала, як памагчы чалавеку. Ваданосаў. — Матуля, памажы мне! — Яшчэ ўсё задыхана шаптаў.. [палонны]. Брыль.
2. Аказаць патрэбнае дзеянне, даць патрэбны вынік. Лякарства памагло. □ Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Танк. Прыходзячы з работы дахаты, Дзяніс прымаў душ, абедаў і клаўся адпачываць. Асабліва аддаваўся адпачынку ў нерабочую суботу, а пасля — нядзелю.. Але, урэшце, і гэта не памагло. Цераз сем месяцаў мускулы звалі. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. узбег, ‑ла; заг. узбяжы; зак., на што.
1. Падняцца бягом куды‑н. уверх, на больш высокае месца, на вышыню. Узбегчы на трэці паверх. Узбегчы на пагорак. □ Лабановіч саскочыў з павозкі і ўзбег на ганак. Колас. // Імкліва ўз’ехаць (звычайна па вышыню). Грузавік у збег на ўзгорак. Гроднеў. // перан. Размясціцца на паверхні, што ідзе ўгору. Новыя гарадскія вуліцы ўзбеглі на бліжэйшыя пагоркі. В. Вольскі.
2. Бягом зайсці, трапіць куды‑н.; забегчы. Воўк узбег на поплаў. □ Стукнула брамка, і на двор узбегла дзяўчынка. Асіпенка. // Імгненна з’явіцца, выступіць; пабегчы. Крывавая падцечына ўзбегла на вока. Сабаленка. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, з’явіцца, прыйсці. Узбег смутак на твар. □ І тут, як кажуць, мімаволі ўзбегла па памяць вядомая песня. Грамовіч. З даяркамі Андрэй па-свойму, крыху грубавата, мог і жартаваць, і смяяцца, і ляпнуць, што ўзбяжыць на язык. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узві́цца, узаўюся, узаўешся, узаўецца; узаўёмся, узаўяцеся; зак.
1. Наматацца. Ніткі ўзвіліся на шпульку.
2. Імкліва падняцца ўверх, узляцець увысь. Клубок агню ўзвіўся ўгору і на міг асвятліў зямлю. Няхай. Над горадам узвіліся рознакаляровыя ракеты. Дудо. Глянуў заяц і здзівіўся — Раптам віхрам снег узбіўся. Танк. Чарада галубоў пранеслася пад соснамі, нізка абляцела вакол дома, памкнулася да вышкі, дзе была галубятня, і... зноў узвілася ўгару. Шамякін. / Пра песні, гукі, галасы і пад. Узвілася песня за гарой высокай. Панчанка. Быццам хочучы спалохаць мяне, прарэзліва ўзвіўся гудок над сцішаным прасторам. Сабаленка. / Пра каня. Конь узвіўся на дыбкі. Кулакоўскі. / Пра сцягі, заслоны і пад., якія хутка ўзнімаюцца ўверх. Строгія столкі заслоны ўзвіліся. Глебка. Над галовамі людзей, якія сышліся ў адзін гурт, узвілося, затрапятала, як жывое, чырвонае палотнішча. Сабаленка.
3. перан. Прыйсці ў раздражнены стан; узбурыцца. «Як з ночы? — узвіўся Селязнёў. — Чаму не далажылі адразу?» А Пракапенка толькі цепае плячыма. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; пр. узлез, ‑ла; заг. узлезь; зак., на што.
1. Залезці, узабрацца на што‑н. высокае, на верх, на паверхню чаго‑н. Узлезці на тэлеграфны слуп. Узлезці на рыштаванні. Узлезці на самы верх. □ Рыгор спрытна схапіў рэчы і ўзлез на заднюю пляцоўку задняга вагона. Гартны. Вязень узлез на столік, што стаяў пад акенцам, узяўся рукамі за краты, упёрся ў іх галавой і, прагна глядзеў на турэмны двор. Таўлай. // перан. Падняцца ўверх (па службе і пад.). А хацеў лічыцца Ён [Цярэшка] тузом у трэсце. Як жа падлаўчыцца — На пасаду узлезці. Гілевіч.
2. Разм. Надзецца, налезці (пра адзенне, абутак). Вот узлез на нагу. □ Прымяраю, ці ўзлезе на плечы Ватоўка, кашуля. Куляшоў.
3. Разм. Наступіць на што‑н. Андрэй не ведаў, куды падзецца ад сораму. Ён баяўся сустрэцца позіркам з Зояй, а тут па табе — на нагу ўзлез. Хадановіч.
4. Разм. Ступіць, уз’ехаць куды‑н. [Грасыльда:] — Вясна сёлета была халодная, дажджы. На поле не ўзлезеш. А сеяць — сёй. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; заг. падскоч; зак.
1. Зрабіць скачок уверх. [Мяч] падскочыў раз, другі, трэці і пакаціўся. Юрэвіч. Бусел з перапуду падскочыў на месцы, міжвольна распасцёр крылы, але тут жа зноў падцяў іх, каб не ўзняцца з гнязда. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Рэзка падняцца, павялічыцца. Падскочыла тэмпература. Цэны падскочылі. □ Падскочыць градусаў да трох Апоўначы марозік. Калачынскі. // Раптам з’явіцца. Падскочыла запаленне лёгкіх, і на што ўжо быў .. [дзед Тумаш] здаровы, а на чацвёртыя суткі зусім аслаб. Машара.
3. Наблізіцца скачкамі; хутка падбегчы, пад’ехаць да каго‑, чаго‑н. Прыстаў.. падскочыў да жанчыны ззаду, паваліў на зямлю, крутануў за руку, адводзячы ад пана паліцмайстра стрэлы. Мехаў. Лук’ян насцярожана падскочыў да акна. Усе падняліся з месца. М. Ткачоў. Да Міколкі падскочыў спешаны коннік, сівы нямецкі вахмістр. Лынькоў. // Разм. Хутка з’ездзіць, схадзіць куды‑н. [Антон:] — Ты пабудзь тут з таварышамі, а я падскочу на станцыю. Новікаў. [Хведар:] — Заўтра прывязём бензін, а сёння мне трэба са Сцяпанам у адно месца падскочыць. Асіпенка. // Разм. Падысці, пад’ехаць у патрэбны момант; падаспець. Добра, што падскочылі людзі, інакш бы ім абодвум былі канцы ў той багне. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панара́ма, ‑ы, ж.
1. Від мясцовасці (звычайна з вышыні), якая цягнецца вельмі далёка. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама. Колас. Панарамы лясоў і балот, Краявіды імшыстых нізін... І на Захад, на Поўнач, на Усход — Я ды край мой — адзін на адзін. Таўбін. // перан. Агульны шырокі агляд, апісанне якіх‑н. падзей у жыцці, у мастацкім творы. Перад намі ж не асобны гістарычны эпізод, не адна якая-небудзь з’ява, а хада гадоў, панарама мноства падзей перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Перкін. З майстэрствам .. пададзена ў рамане К. Чорнага «Вялікі дзень» панарама мнагадзённых баёў за Брэсцкую крэпасць. Кудраўцаў.
2. Вялікая карціна з аб’ёмным першым планам, змешчаная ўнутры круглага будынка з верхнім асвятленнем. Севастопальская панарама.
3. Абсталяванне, пры дапамозе якога невялікія карціны здаюцца павялічанымі пры разглядзе праз аптычнае шкло.
4. Спец. Аптычная прылада для павелічэння дакладнасці наводкі гарматы. Было відаць, як хлопцы на хвіліну прыпыняліся, наводчык прыпадаў да панарамы, страляў, пасля ўсе пасоўваліся зноў далей. Карпюк.
[Ад грэч. pán — усё і hórama — відовішча.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пад’ём, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. падняць (у 1–5 і 7 знач.) і падняцца (у 1 знач.).
2. Участак дарогі, які ідзе ўверх. На пад’ёме Высокай гары я дагнаў чалавека з фурманкай. Брыль. З пад’ёму цягнік імчаў хутка. Федасеенка.
3. Выпуклая верхняя частка ступні ад пальцаў да шчыкалаткі. Высокі пад’ём. Нізкі пад’ём. □ Ніна была ў кароценькім жакеце з чорным, пад коцік, каўняром, у хустцы. На нагах туфлі з раменьчыкам на пад’ёме. Арабей. // Частка абутку, якая аблягае гэтае месца нагі. Боты не блішчалі, а ў пад’ёме былі разрэзаны, каб можна было іх абуваць, калі мокрыя. Карпюк.
4. Сігнал да ўставання або да паходу. Прайграць пад’ём. □ — Пад’ём! Загасіць касцёр, — крыкнулі мы на хаду, схапілі свае рэчы і падаліся ў лес. Няхай. О, як жа звязана трывала Усё ў жыцці адным вузлом: Не зналі б мы цаны прывалам, Калі б не гралі нам пад’ём. Непачаловіч.
5. Тое, што і пад’ёмнік. Руднічны пад’ём.
6. У граматыцы — ступень набліжэння языка да паднябення. Гукі сярэдняга пад’ёму.
•••
Лёгкі на пад’ём гл. лёгкі.
Цяжкі на пад’ём гл. цяжкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адкі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Адхіліцца, адваліцца назад (пра чалавека, пра часткі яго цела). Ільіч весела засмяяўся, аж неяк адкінуўся назад, а потым пасуравеў і нахмурыў бровы, якія сышліся на пераноссі. Гурскі. Максім сядзеў спіной да акна, адкінуўшыся назад, на пачарнелы дубовы падаконнік. Кудравец. // Адваліцца, легчы на спіну. Палкоўнік, злосны і зняможаны, адкінуўся на падушку, з пакутніцкім выглядам заплюшчыў вочы. Чорны. // Хутка перамясціцца, аддаліцца ад чаго‑н. Інстынктыўна, як сядзеў, [Ігнат] адкінуўся яшчэ далей у глыб вагона. Галавач. [Сцяпан:] — Добра, што ў.. [чалавека] якраз граблі на возе былі, то ён стаўпцом.. [сабаку] па лбе стукнуў, дык той адкінуўся, а то парваў бы, з воза б сцягнуў. Крапіва.
2. Раптоўна адчыніцца, адваліцца, адпасці. Рэзка адкінуліся брызентавыя дзверцы ў кузаве. У вочы ўдарыў свет дня. Арабей. // Падняцца, апусціцца, адсунуцца ўбок (пра тое, што закрывае, захінае). Адкінуліся шторы — і ў акне з’явілася постаць.
3. Вярнуцца зноў, аднавіцца (пра хваробу). [Маці:] — З хваробай не жартуй: яшчэ другім наваратам адкінецца. Якімовіч.
4. перан. Перастаць цікавіцца, аддаліцца. І вось Тоня датанцавалася: адкінуўся Косцік, адкінуўся ў найвялікшым сумненні. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Хутка ўстаць, падняцца з месца. Сёмка паволі ўзняўся з канапы. Следам за ім борздзенька ўскочыў Харытон Ігнатавіч. Васілёнак. Не помнячы сябе, Грэчка стаў адпаўзаць назад, потым ускочыў і пабег. Мележ.
2. Скочыць на каго‑, што‑н. Сувязны ўскочыў на каня і паскакаў. М. Ткачоў. Салдат спрытна ўскочыў на падножку і ў момант апынуўся ў прасторнай кабіне самазвала. Васілевіч. Ускочыць на падаконнік, адвярнуць шпінгалеты — секунда часу. Вось толькі не была б прыбіта цвікамі рама. Хомчанка. // у што. Скочыць у сярэдзіну чаго‑н. Ускочыць у лодку. □ Лабановіч выбег на платформу і ўскочыў у першы пасажырскі вагон. Колас.
3. перан. Узнікнуць (аб прышчах, нарывах і пад.). Ускочылі мазалі на руках. □ На лбе ўскочыў гуз, але Андрыян не адчуваў болю. Марціновіч.
4. у што. Імкліва ўвайсці, сілай уварвацца куды‑н. Раптам адчыніліся дзверы і за мной у хату ўскочылі ўзрадаваныя дзеці. Ляўданскі. Група прарыву ўскочыла ў лес і адным ударам выбіла адтуль фашыстаў. Новікаў.
5. у што. Трапіць, папасці выпадкова куды‑н. Спалоханыя коні рванулі наперад, але колы таратайкі.. ускочылі ў правал. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)