вы́ветрыцца, ‑рыцца; зак.

1. Змяніцца, разбурыцца пад уздзеяннем ветру і іншых кліматычных умоў. Выветрыліся скалы. □ Некалі вывернутыя з магістральнага канала вялікія масы торфу ўжо выветрыліся. Паслядовіч. // Знікнуць пад уздзеяннем ветру, свежага паветра. У хляве пахла прэлым сенам, ..пылам і яшчэ нечым кіслым, відаць, конскім потам, які не выветрыўся за многія гады. С. Александровіч.

2. перан. Забыцца; знікнуць (пра пачуцці і пад.). Багата дзён прайшло з таго часу. Даўно выветрыліся з памяці тыя падзеі. Лынькоў. Сержант тады праўду казаў: «Размяк ты.., нянавісці ў цябе ні кроплі не асталося — выветрылася». Асіпенка. Нядаўняя смеласць, з якой ён абараняў Ганну, ужо выветрылася. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пу́та, ‑а, М пуце, н.

1. Вяроўка або ланцуг, якім перавязваюць пярэднія ногі каню ў час пасьбы. Жарабец.. [Зыгмуся] парваў быў раз пута і паўгоняў аўса стравіў. Чорны. [Васіль] з вераўчаным путам у руцэ павёў каня к узлеску, дзе пасвілі коней. Спутаў, пусціў пасвіцца. Мележ.

2. толькі мн. (пу́ты, ‑аў). Вяроўкі, кандалы і інш., якімі звязваюць каго‑н., каб пазбавіць свабоды рухаў. І вядуць па іх [сцежках] этапы не ў астрог пад путаў звон, а да явы да багатай жыватворчых нашых дзён. Машара. // перан.; звычайна чаго. Тое, што пазбаўляе волі, прыгнятае. Путы рабства. □ Ўжо многія народы путы збілі І ў будучыню ўпэўнена пайшлі. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звярну́ць, звярну́, зве́рнеш, зве́рне; звярні́; зве́рнуты; зак.

1. Памяняць напрамак руху.

З. у завулак.

З. гутарку ўбок (перан.).

2. каго-што. Накіраваць у які-н. бок ад дарогі (каня, машыну і пад.).

З. машыну з дарогі.

3. каго-што. Варочаючы, зрушыць з месца (разм.).

З. вялікі камень.

Горы з. (перан.: зрабіць вельмі многа).

4. што. Пералажыць, зваліць (віну, правіннасць і пад.) на другога (разм.).

З. усё на невінаватага.

5. што. Схіліць, павярнуць набок, убок (разм.).

З. галаву набок.

6. што. Неакуратна скідаць, зваліць у адно месца многія прадметы (разм.).

З. усё ў кучу.

Звярнуць на сябе ўвагу — вызначыцца чым-н., зацікавіць сабой.

Звярнуць увагу каго на каго-што — паказаць каму-н. на каго-, што-н., прымусіць заўважыць.

Звярнуць увагу на каго-што — заўважыць каго-, што-н., зацікавіцца кім-, чым-н., улічыць што-н.

|| незак. звярта́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 5 знач.), зваро́чваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—4 і 6 знач.) і зварача́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

е́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Жаласна стагнаць, крычаць ад болю. [Старая] ці то зламала, ці то вывіхнула нагу ў калене — не разабраць, але стогне і енчыць так, што сэрца разрываецца. Васілевіч. Енчылі непрыбраныя раненыя. Мележ. // Гаварыць з енкам, скардзячыся. — Братачка, паміраць збіраемся, — дрыжачым голасам енчыла жонка старога Хвядоса Пастарунка. Кавалёў. // Абзывацца крыкам, гукамі, падобнымі да енкаў. Журчала рака, і над ёй чалавечым голасам енчыла кнігаўка. Пташнікаў. Заблытаўшыся ў снезе, вецер енчыць. Сумётамі дарогу замяло. Макаль.

2. перан. Разм. Назойліва, надакучліва прасіць аб чым‑н.; ныць. Рыпелі вазы, папіскваў гармонік, жаласліва енчыў жабрак, выстаўляючы перад сабой аголеныя абрубкі рук. Мікуліч. Многія [мяцежнікі] падалі на калені, енчылі і прасілі літасці. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распа́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распарыць.

2. у знач. прым. Які стаў мяккім пад уздзеяннем пары, гарачай вады і пад.; прыгатаваны параннем. Распараныя венікі. □ Многія рыбы ўлетку добра ловяцца на чорны і белы хлеб, на рознае распаранае зерне, гарох. Матрунёнак. На ферме, цёплай і чыстай, густа пахла варанай бульбай і распараным вотруб’ем — свіней нядаўна кармілі. Савіцкі.

3. у знач. прым. Разгарачаны, разамлелы (ад гарачыні, парання і пад.). Выходзячы з ванны ў паласатай піжаме, пачырванелы, распараны, Іван Трахімавіч сказаў жонцы: — Гануля! Зірні там у партфель. Я табе падарунак прывёз. Корбан. — Больш няма куды. Па завязку. — Дзмітрый высунуўся з люка, абцёр распараны твар. Беразняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

першаро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Які нарадзіўся першым, раней за ўсіх астатніх. Першарадны сын.

2. перан. Кніжн. Які захоўвае свой натуральны стан, некрануты. Удалечыні ад заводскіх гудкоў, шуму вялікіх гарадоў.. [у Карпатах] пануе першародная цішыня. «Звязда». [Веньямін:] — Перад намі некранутая першародная прыгажосць. Будзем жа убіраць яе вачамі і вушамі, удыхаць грудзямі. Навуменка. Вунь зубастым каўшом праразае канаву Экскаватар праз глей першародных пластоў. Звонак. // Першапачатковы. Заўсёды, як гляне даўніна сівая У вочы, нібыта настаўнік суровы, Свой сэнс першародны тады набываюць І фарбы і гукі, пачуцці і словы. Панчанка. Многія з запісаных этнографам варыянтаў даюць магчымасць сцвярджаць, што пэўныя беларускія народныя песні, якія спяваюцца цяпер і вядомы вельмі шырока, «выраслі» з тых, што бытавалі ў першароднай форме ў XIX ст. і яшчэ раней. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак., кім-чым.

1. Праявіць да чаго‑н. вялікую цікавасць, цалкам аддацца якой‑н. справе, занятку. Захапіцца спортам. □ Многія аднакласнікі, у тым ліку і Грыша Верас, захапіліся зборам этыкетак. Жычка.

2. Поўнасцю паглыбіцца ў які‑н. занятак, забыўшыся аб усім астатнім. Манг зноў захапіўся працай і забыўся на голад. Маўр. Леанід так захапіўся ўрокам, што і не заўважыў, як ён закончыўся. Шахавец.

3. Залюбавацца, зачаравацца чым‑н. Зусім забыўся Голуб, дзе ён, захапіўся малюнкам ціхага поля, такога блізкага, роднага. Галавач. Я толькі з любімай магу захапіцца Успененым морам, паводкай зары. Панчанка.

4. Адчуць цягу, сімпатыю да каго‑н. Маша не магла забыцца, як .. [Славік] з першага позірку захапіўся ёй. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фу́тра, ‑а, н.

1. Валасяное покрыва на целе жывёл; шэрсць. Заглянуў Мароз у дупло, а там вавёрка ў шэрым футры спіць ды яшчэ хвосцікам, быццам коўдрай, накрылася, — добра ёй! П. Ткачоў.

2. Вырабленая шкура пушнога звера. Нарушэвіч пакорпаўся ў клумку і дастаў адтуль пышнае футра выдры. Машара. // Гэтыя шкуры як прадмет гандлю, вытворчасці. Лес, футра, бярозавы дзёгаць, шкіпінар ішлі ў многія краіны. «Звязда». Каштоўнае футра гэтага звера [бабра] скуплівалі замежныя камерсанты — яны плацілі чыстым золатам. Масарэнка.

3. Зімовая вопратка з вырабленых шкур пушнога звера. Казік памог.. [Мікалаю Мікалаевічу] ўздзець вялікае футра, падаў шапку. Грахоўскі. Вось па вуліцы ідзе дама ў кароткім футры з шэрага каракулю. Новікаў. / у перан. ужыв. Разам з хмарамі, якія віселі.. футрамі над зямлёй, завандравалі вятры. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. Дасягнуць якога‑н. узросту; пражыць да якога‑н. тэрміну, падзеі. Не дажыў мой бацька да цяперашніх радасных дзён, не дажылі і многія яго равеснікі — аднавяскоўцы. Кулакоўскі. // Дайсці ў жыцці да якога‑н. стану, выніку. [Каратай:] Хоць бы якая табачынка! Эх, дажылі казакі... Маўзон. — Дажыў ты, Гаранька. На вочы людзям сорамна выйсці! Савіцкі.

2. што. Разм. Прабыць астатак часу, тэрміну дзе‑н. Дажыць тыдзень у доме адпачынку.

3. (у спалучэнні са словамі «век», «гады», «час», «жыццё» і пад.). Закончыць сваё жыццё, сваё існаванне. Конь гэты адбрыкаў сваю маладосць і адрабіў сваю сілу ў Сурвілы, а да Гушкі прыйшоў дажыць сваю апошнюю старасць. Чорны.

4. што. Разм. Выдаткаваць на пражыццё; пражыць. Дажыць апошнія грошы.

•••

Дажыць да сівых валасоў — дажыць да старасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адка́з 1, ‑у, м.

1. Выкліканыя пытаннем або зваротам словы, выказаныя вусна ці пісьмова. Даць адказ. Ухіліцца ад адказу. □ Я ў той жа дзень, мой дарагі татуля, Пішу табе свой франтавы адказ. Астрэйка. // Расказванне вучнем урока; выклад матэрыялу на пастаўленае пытанне. Грунтоўны адказ.

2. Пачуццё, рэакцыя; водгук (у 4 знач.). Адказ жывога арганізма на раздражненне. // Выкліканыя чым‑н. дзеянні, учынкі. Калектывізацыя была адказам на многія жыццёвыя пытанні і грамадскія праблемы. Адамовіч.

3. Вынік рашэння матэматычнай задачы, прыкладу. Адказ сышоўся.

4. Тое, што і адказнасць (у 1 знач.). За зло мы ўсе адказ нясём... Колас.

адка́з 2,

У выразе: да адказу — да нельга, да канца. Мы цішком прытаіліся ля дзвярэй, а сэрца ў кожнага трывожна стукацела і нервы наструніліся да адказу. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)