скрыва́віць, ‑ваўлю, ‑вавіш, ‑вавіць; зак., каго-што.

Разм. Збіць, зраніць да крыві; пакрыць, запэцкаць кроўю. [Тодар:] — А Голавкокавага быў збілі на горкі яблык .. Скрывавілі ўсяго хлопца як мае быць. Крапіва. [Дубіцкі:] — Тады мяне тапталі нагамі, таварыш Кісялёў, мяне скрывавілі да таго, што я не мог ні ляжаць, ні сядзець. Чарнышэвіч. Раненне ў Міколы было не цяжкае — кантузія і некалькі невялікіх асколкаў парвалі пінжак ды скрывавілі плечы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Струт: але дух народу струт (А. Абуховіч). Значэнне няпэўнае; Пацюпа (Наша слова, 1995, 29 лістап.) узнаўляе як ‘параза’, спасылаючыся на ст.-бел. струтъ, якое Зізаній (79) тлумачыць “збурене мѣста албо люду побитье”. Няясна. Пацюпа (там жа) выводзіць з трут (гл.), параўноўваючы з літ. treñkti ‘грымнуць, ударыць’. Параўн. таксама ўкр. дыял. струт ‘выгоднае, зручнае месца’, якое спрабуюць звязаць з старым польск. stręt ‘перашкода’ (ЕСУМ, 5, 455). Фармальна адпавядае польск. strącicзбіць, скінуць’ (гл. стронціць), якое лічаць роднасным названаму літоўскаму слову (польск. trącic ‘штурхаць; чэш. trútiti ‘тс’, гл. Брукнер, 575; Махэк₂, 655)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

я́блык, ‑а; Р мн. ‑аў; м.

Сакавіты плод яблыні, звычайна акруглай формы. Летні сорт яблыкаў. Кісла-салодкі яблык. Абіраць яблыкі. □ У кош паклалі яшчэ і яблыкаў, наогул рознай садавіны. І ў выніку — атрымаўся вялізны, прыгожы тэатральны нацюрморт. Сабалеўскі. [Сусед] узяў антонаўку, зноў пакруціў яе ў руках, удыхнуў пяшчотны пах і зноў паклаў яблык на столік. Васілевіч. Па кветках яблыкаў не лічаць. Прыказка. Яблык ад яблыні далёка не падае. Прыказка.

•••

Адамаў яблык — цвёрды выступ на горле мужчыны; кадык.

Вочны яблык — шарападобнае цела вока.

Збіць (зрэзаць) на горкі яблык гл. збіць.

У яблыкі — з цёмнымі круглымі плямамі на поўсці (пра коней). Пярэдні ехаў Іван Боганчык на сівым у яблыкі жарабку. Пташнікаў.

Яблык разладу (кніжн.) — прычына, прадмет спрэчкі, сваркі, разладу (паводле старажытнага грэчаскага міфа аб спрэчцы багінь Геры, Афіны і Афрадзіты з-за таго, каму з іх павінен належаць яблык з надпісам «найпрыгажэйшай»).

Яблыку няма дзе ўпасці гл. упасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да падмыць.

2. звычайна безас. Разм. Пра моцнае жаданне што‑н. рабіць (зрабіць). Але іншы раз .. [Ігнася] так і падмывала сарвацца з месца, з крыкам праімчацца ўздоўж платоў і збіць з ног якога-небудзь важнага сямікласніка. Чарнышэвіч. Азёр дзівосных бачыў я нямала, І калі чуў, як гучна славяць іх, Мяне часамі крыкнуць падмывала: «А вы да нас загляньце хоць на міг!». Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счарні́ць, счарню, счэрніш, счэрніць; зак.

1. што. Зрабіць чорным (агнём, фарбай і пад.). Узняўся аднойчы раптоўна ўраган, Счарніў увесь дуб перунамі. Ставер.

2. перан.; каго. Разм. Зняславіць, нагаварыць чаго‑н. на каго‑н. Не можа ён [Звадыяш] і дня пражыць, Каб не счарніць каторага. Броўка. [Сямён Парфёнавіч:] [Шыковіч] хоча абяліць таго, хто сам сябе счарніў. Шамякін.

3. каго. Разм. Збіць, адлупцаваць. Хлопца .. Макрыны Рудак [Стэцкі] счарніў бізуном за тое, што карова ўбегла ў яго канюшыну. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́ркі, ‑ая, ‑ае.

1. З непрыемным едкім смакам (смакам палыну, гарчыцы); проціл. салодкі. Горкі перац. □ Горкая рэдзька, ды ядуць, кепска замужам, ды ідуць. З нар.

2. Поўны гора; цяжкі, гаротны. Горкая доля. Горкае жыццё. □ [Волька] пачала паціху галасіць над сваёй горкай жаночай доляй. Б. Стральцоў. // Выкліканы цяжкім горам. Горкія слёзы. □ Марыну бабка суцяшае, Каб горкі сум развеяць ёй. Колас. Усё часцей і часцей бацька садзіўся ля стала, паклаўшы пад бараду рукі, думаў горкую думу, цяжка ўздыхаў. С. Александровіч. // Які выклікае гора, непрыемнасці. Пачуць горкую вестку. Выслухаць горкую праўду.

3. Набыты ў выніку цяжкай працы, доўгіх выпрабаванняў. Горкі хлеб. □ [Усіх людзей] затрымаць не ўдалося, сёй-той, навучаны горкім вопытам, паспеў схавацца. Лынькоў.

4. Які жыве ў цяжкім горы; бяздольны. Горкая сірата. Горкі бядняк.

5. у знач. наз. го́ркая, ‑ай, ж. Гарэлка. На пачатак справы — чарка горкай, На прыправу — добрая гаворка. Панчанка.

•••

Горкая соль гл. соль.

Гора горкае гл. гора.

Горкае дзіця гл. дзіця.

Горкі п’яніца гл. п’яніца.

Збіць (зрэзаць) на горкі яблык гл. збіць.

Як горкая рэдзька гл. рэдзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Прыбіць што‑н. у многіх месцах, прыбіць усё, многае. На сценах дамоў і на дашчатых платах.. [фашысты] папрыбівалі загад, надрукаваны адразу на чатырох мовах. Сачанка.

2. каго. Разм. Вельмі моцна збіць усіх, многіх. — Чаму ў таку [збіраецца моладзь]? — здзівіўся Мілоўскі. — Каб бацькі не ведалі. Там такія хлапцы прыйшлі, што калі б бацькі даведаліся, папрыбівалі б да смерці. Галавач.

3. безас. Прыгнаць сілай вады, ветру ўсё, многае. Папрыбівала лодкі да берага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ашаламі́ць ’аглушыць, адурыць, здзівіць’ (БРС, Нас., Грыг.), ашыламіць (Бяльк.) ’збіць з толку, збянтэжыць’ (Сцяшк.), ашаламуціць ’адурыць словамі ці ўдарам’ (Чач., Шат.), укр. ошоломити ’аглушыць, увесці ў зман’, рус. ошеломить ’аглушыць моцным ударам, здзівіць’, польск. oszołomić ’адурыць, пазбавіць розуму’ (з усходнеславянскіх моў, гл. Брукнер, 170). Насуперак агульнапрынятай этымалогіі, што ўзыходзіць да Даля, згодна з якой рус. ошеломить ад шелом ’шалом’ (Праабражэнскі, 1, 674; Фасмер, 3, 179 і інш.), ад шолам ’шум’, гл. Супрун, Зб. Аванесаву, 244 і наст., дзе прыводзіцца семантычная, словаўтваральная, акцэнталагічная і гістарычная аргументацыя; параўн. таксама шаламіць ’шумець моцна, раздражняць, нерваваць’ і выраз «не шаламі галаву» (Янк. Мат.), якому семантычна адпавядаюць балг. ошумоглавя, макед. ошумоглави ’аглушыць ударам; ашаламіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Апавіць, абвязаць, абматаць што‑н. вяроўкай, дротам і пад. [Ніне] здавалася, што калючы дрот аблытаў, апутаў, як павуцінне, увесь горад. Мележ.

2. перан. Пазбавіць каго‑н. свабоды дзеянняў; падпарадкаваць сабе. Лазун хацеў бы валодаць усёй вёскай, трымаць яе ў сваіх руках, аблытаць павуцінай даўгоў, зрабіць залежнай ад сябе. Хромчанка.

3. перан. Збіць з толку, увесці ў зман. [Мелех:] Аблыталі мяне ліхія людзі, і я вялік грэх мог на душу ўзяць. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

опроки́нуть сов.

1. перакулі́ць, абярну́ць; (вывалить) вы́валіць; вы́куліць; (повалить) павалі́ць, звалі́ць;

2. (выпить) прост. перакулі́ць;

3. (заставить отступить) воен. адкі́нуць, збіць;

4. перен. (опровергнуть) абве́ргнуць; (разрушить) разбуры́ць;

опроки́нуть все расчёты разбуры́ць усе́ разлі́кі;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)