улюбі́цца, улюблюся, улюбішся, улюбіцца; зак.

Закахацца ў каго‑н. [Люднікаў:] Дык чаго ты плакала, можа, улюбілася ў каго? [Ніна:] Я не ўлюбілася. Кучар. // Захапіцца чым‑н., паддацца хараству чаго‑н. Улюбіцца ў кнігі. □ Ленінград! Я ўлюбіўся ў тваю прыгажосць! Ставер. Але мы, улюбіўшыся насмерць у шляхі, пракладзеныя ў заўтра, навучылі песню разумець, што ў змаганні і загінуць варта. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наказа́ць сов.

1. (поручить сказать) переда́ть;

брат ~за́ў, што за́ўтра прые́дзе — брат переда́л, что за́втра прие́дет;

2. (дать наказ) наказа́ть; веле́ть;

3. разг. наговори́ть, насказа́ть;

а́лі мно́га наві́н — наговори́ли (насказа́ли) мно́го новосте́й

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

наклю́нуцца, ‑нецца; зак.

1. Стаць прабітым дзюбай (пра шкарлупіну яец, з якіх вылупліваюцца птушаняты).

2. Пачаць прарастаць, распускацца (пра зерне, пупышкі). Кроплі шумна капалі з галінкі, і ўся бярозка варушылася, быццам ад ветру. Яе шакаладныя пупышкі ўжо наклюнуліся. Хомчанка.

3. перан. Разм. Выпадкова трапіцца, абазначыцца, намеціцца. Наклюнулася добрая работа. □ [Лашук:] — Заўтра канчаткова рашу, ці можна прымяніць тут адзін варыянт. Сёе-тое ўжо наклюнулася. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хі́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Слабы, хваравіты. [Дачка:] — Калі ты ўжо нядужы і хілы, Калі ў сэрцы няма болей сілы, Дык я заўтра сама завяду Гадаванку маю ў чараду. Глебка. // Які дрэнна расце, чахлы. Такое высокае і сакавітае конскае шчаўе расло, што між яго трэба было адшукваць рэдкія і хілыя кусцікі чырвонай канюшыны. Пянкрат. // перан. Стары, трухлявы. Два хляўцы з паветкамі, хілы плот панік. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

або́, злуч.

1. размеркавальны. Ужыв. для супастаўлення членаў сказа і сказаў з узаемным выключэннем, паказваючы на катэгарычнасць выбару аднаго з іх.

Або заўтра, або паслязаўтра.

Або пан, або прапаў (прыказка). Пашукай на паліцы або ў шафе.

Дрыгва зацягне кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок.

2. пералічальна-размеркавальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні.

Каго ты ні вазьмі, дык гэта або матэматык, або фізік, або хімік.

3. далучальны. Ужыв. для злучэння розных назваў аднаго і таго ж паняцця, для паяснення, у знач. іншымі словамі, гэта значыць.

Берагавыя ластаўкі, або беражанкі, спрытна ляталі над вадой.

4. у знач. пыт. часц. Ужыв. ў пачатку пытальных сказаў у знач. хіба?, няўжо? (разм.).

Або ты не ведаеш пра гэта?

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Наза́ўтра ’на наступны дзень’. Іншыя формы: наза́ўтрэ, наза́ўтрае, наза́ўтрая, наза́ўтрыя, наза́ўтрага (Сл. ПЗБ, Жд. 1; жлоб., Мат. Гом.; калінк., З нар. сл.), наза́ўтро, наза́ўтрэй (ТС). Са спалучэння на і заўтра (гл.), што ўяўляе род. скл. адз. л. ад назоўніка *utro з прыназоўнікам *za. Паводле Карскага, апошняя форма часта разглядаецца ўжо як наз. скл. і можа стаяць пасля розных прыназоўнікаў, у залежнасці ад чаго змяняецца і канцавое ‑а: na zau̯tra, u̯ zau̯try, da zau̯try (Федар.), можа таксама прымаць канчаткі прыметнікаў (Карскі 2-3, 74–75), як гэта дэманструюць прыведзеныя формы. Падобныя ўтварэнні вядомы іншым славянскім мовам, параўн. рус. наза́втра, наза́втрие, наза́втрия, наза́втрее, наза́втраго і пад., укр. наза́втра, наза́втре, польск. nazajutrz, nazautrze, чэш. nazítrí, в.-луж. nazajtra, н.-луж. nazajtša і інш., аднак узніклі яны, відаць, самастойна ў кожнай з іх, параўн. Шустар-Шэўц, 13, 995.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прачу́лы, ‑ая, ‑ае.

Напоўнены вялікім пачуццём. Хай новыя людзі на заўтра пабачаць, Як сэрцы імкнуліся край будаваць, Пабачаць і ў песнях прачулых адзначаць Адважных байцоў незлічоную раць. Куляшоў. У трыццатыя гады паэт стварае самыя прачулыя свае вершы, дзе ўсімі гранямі пераліваюцца пачуцці радасці жыцця, свабоднай працы. Навуменка. Многа цёплых, прачулых слоў давялося пачуць Барысу ад прысутных пра сям’ю старога чыгуначніка Фёдара Цімафеевіча Даражкова. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахваля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак., чым і з дадан. сказам.

Разм. Хваліцца, выхваляцца. — З нашага калодзежа вада заўсёды смачная, — пахваляўся ў сваю чаргу бацька. Сабаленка. Атуленыя садамі і таполямі, дамы стаялі абапал шашы, як бы пахваляліся сваёй прыгажосцю, запрашалі да хатняй цеплыні. Лупсякоў. Заўтра ён, Барашкін, прыйдзе на працу ў гэты цэх, і зноў убачыць сваіх сяброў, і будзе зноў пахваляцца, якая ў яго слаўная дачка. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рахава́ць, рахую, рахуеш, рахуе; незак.

Разм.

1. Рабіць разлікі, падлікі. — Ну, як жа, рахубу ад свайго інтэрасу маеш? — запытаўся .. [Кірыла] у Красуцкага. — Ды як вам Сказаць, дзядзька Кірыла, не рахаваў яшчэ. Скрыган.

2. Узважваць, прыкідваць, разлічваць. — Я думаю, таварышы ўпаўнаважаныя, што сёння мы не пойдзем ужо нікуды, а размяркуем нашы сілы, прыкінем, як і што будзем рабіць заўтра, — рахаваў гарбузаваты старшыня Лапухоўскага сельсавета Свірыд Лопух. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэлегра́ма, ‑ы, ж.

Паведамленне, перададзенае па тэлеграфе. Вечарамі па сценах .. няспыннай стужкай бягуць светавыя літары тэлеграм, толькі што атрыманых рэдакцыяй з усіх канцоў свету. Новікаў. Пасля .. старшыня райвыканкома зачытаў прывітальныя тэлеграмы ў адрас Ахрэма Іванавіча. Кавалёў. [Ян:] — Заўтра тэлеграму адбі. Прыедзе ці не, а паведаміць ты павінен. Чарнышэвіч. // Бланк з такім паведамленнем. Праз тыдзень Ваўчок атрымаў тэлеграму з Чкалава: «Трактары адгружаны, эшалон адпраўляецца. Лясовіч». Хадкевіч.

[Ад грэч. tēle — далёка і gramma — запіс]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)