вастры́ць, вастру, вострыш, вострыць; незак., што.
1. Рабіць што‑н. вострым. Вастрыць нож. Вастрыць аловак. □ Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны.
2. перан. Рабіць што‑н. больш успрымальным. Вастрыць слых.
•••
Вастрыць зброю — рыхтавацца да ўзброенага нападу на каго‑н., да вайны.
Вастрыць (тачыць) зуб (зубы) — а) на каго. Маючы злосць на каго‑н., імкнуцца нашкодзіць яму, нарабіць непрыемнасцей; б) на што. Мець вялікае жаданне завалодаць чым‑н., захапіць што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́дасны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адчувае радасць. Натомленая, але радасная ўвайшла ў хату Люба. Мурашка. І, радасны, дамоў сястрычку нёс, Не чуючы, што анямелі рукі. Тармола. // Які выяўляе радасць. Радасны позірк. □ Ясней сонца ўзнялося пад самае неба гучнае і радаснае ўра. Лынькоў.
2. Які выклікае, прыносіць радасць. На дарозе, сярод акіяна, .. [людзей] дагнала радасная вестка: рускія разбілі немцаў. Шамякін. // Якому ўласціва радасць. Аж захапіць дух блазноце Нейкі радасны парыў, І ў самоцеадзіноце Песні, байкі ён [Сымонка] тварыў. Колас. Многа клопату, многа ў старой, Ды ўсё радасны клопат. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разрасці́ся, ‑расцецца; пр. разросся, ‑раслася, ‑лося; зак.
1. У выніку росту стаць большым, гусцейшым, захапіць больш месца. Цяпер ліпы разрасліся так густа, што здалёку здаваліся адным суцэльным гаем. Якімовіч. [Макрына:] — А надвячоркам пасадзім капусту. Пара садзіць — разраслася расада, пачынае старэць. Баранавых.
2. Стаць большым па велічыні, па колькасці. Увесь пасёлак разросся, абзеляніўся і нагадвае далекаваты прыгарад. Кулакоўскі. За апошнія гады горад разросся, і былая ўскраіна ўпрыгожылася вялізнымі шматпавярховымі дамамі. Пальчэўскі. // Стаць мацнейшым па праяўленню. Гучаў недзе і голас сумнення, але Мікалай не даваў яму разрасціся. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
немагчы́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Неажыццявімы, невыканальны. [Каліноўскі] здагадваўся, што без змены эканамічнага, матэрыяльнага жыцця людзей немагчымы якія-небудзь змены грамадскага і дзяржаўнага ладу. Лушчыцкі. // у знач. наз. немагчы́мае, ‑ага, н. Тое, што нельга ажыццявіць, выканаць. [Шафёр:] — Трэба было спытаць, як хлопец дабраўся сюды, як не трапіў у рукі ворагу, а не патрабаваць немагчымага. Кулакоўскі.
2. Такі, што нельга вынесці, выцерпець; нясцерпны. Немагчымая гарачыня. Немагчымы боль. □ Вельмі карэктна Іван Іванавіч пісаў пра немагчымую абстаноўку ў інстытуце. Асіпенка. // Незвычайны. Каб захапіць слухачоў, Генька часта ішоў на самыя немагчымыя гіпербалы. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
істо́та, ‑ы, ДМ ‑тоце. ж.
Жывы арганізм; чалавек або жывёліна. Навокал быў зусім невялікі свет жывых істот і рэчаў, якія я ўмеў назваць. Брыль. Выявілася, што гэта істота ёсць жанчына, ды яшчэ маладая і прыгожая. Чорны. // (з азначэннем). Чалавек, жывёліна як носьбіт пэўнай уласцівасці, якасці. Часта выяўлялася.. непасрэднасць дзіцячай істоты, якая вельмі развясельвала настаўніка і ўсю школу, выклікаючы цэлыя выбухі смеху. Колас. // (звычайна з займ. «уся»). Ужываецца для абазначэння сукупнасці ўсіх фізічных і душэўных сіл і ўласцівасцей чалавека. Хацелася нечага большага, важнейшага, такога, што б магло захапіць усю істоту. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заара́ць 1, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што.
1. Аручы, прыкрыць, засыпаць зямлёй. Заараць лубін. □ Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне заараў у глебу разам з гноем. Ермаловіч.
2. Разм. Аручы, захапіць кавалак чужой зямлі, чужога ўчастка. То закосіш чужога трохі, то заарэш, а праз гэта кожны дзень сваркі, панятыя. Галавач.
3. Абл. Узараць. Група партызан — дзесяць падвод — ехала ў вёску памагчы сялянам заараць зямлю пад жыта. Пестрак.
•••
Заараць носам (зямлю) — упасці ніцма ад удару або спатыкнуўшыся.
заара́ць 2, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак.
Разм. Пачаць араць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зачэ́рпнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нем, ‑неце і зачарпну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што і чаго.
1. Чэрпаючы, набраць чаго‑н., захапіць пэўную колькасць чаго‑н. Зачэрпнуць сачком рыбіну. □ Васіліна паднялася да бункера і, перагнуўшыся цераз борт, зачэрпнула жменю зерня. Хадкевіч. Сотнікаў зачэрпнуў жменяю снегу, пасмактаў. Быкаў.
2. Нечакана набраць (вады, пяску і пад.). Лодка хіснулася, зачарпнула вады, дзеці спалохана запішчэлі. Маўр.
3. перан. Узяць, прыдбаць што‑н., абагаціцца чым‑н. Зямля Беларусі, зялёныя долы! З крыніц тваіх чыстых пад шумнай вярбой Зачэрпнулі думы Купала і Колас. На кожнай сцяжынцы іх песня і голас... Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
авало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Захапіць, узяць сілай; завалодаць. Спроба ворага з ходу авалодаць пераправай.. не ўдалася. Брыль. // перан. Падначаліць сабе, падпарадкаваць свайму ўплыву. Авалодаць увагай.
2. Ахапіць, апанаваць (пра стан, думкі, пачуцці). Цяжкая стома авалодала ўсім целам, не хапала паветра. Гамолка. «Глупства ўсё гэта, не можа быць», — суцяшаў сам сябе Казімір, як бы баючыся таго новага пачуцця, што авалодала ўсёй яго істотай. Краўчанка.
3. Трывала засвоіць што‑н., навучыцца карыстацца, кіраваць чым‑н. Авалодаць англійскай мовай. Авалодаць агратэхнікай. Авалодаць станком.
•••
Авалодаць сабой — вярнуць страчанае самамавалоданне. Госць падаўся да дзвярэй, але зноў авалодаў сабою і спакойна сеў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укра́сці, украду, украдзеш, украдзе; пр. украў, украла; зак., каго-што.
Узяць цішком, прысвоіць сабе чужое. [Прыбіральшчыца:] — Надоечы я адну дзяўчыну мусіла суцяшаць .. Дакументы і грошы ў яе прапалі. Дзе падзеліся — не знае. Ці ўкралі, ці згубіла — невядома. Грамовіч. // перан. Падманам, інтрыгай прысвоіць, захапіць што‑н. (уладу, славу і пад.). [Лабыш:] Во жулік... Атруціў, забіў, зарэзаў... і абакраў! Славу маю ўкраў!.. Козел. // перан. Выкарыстаць што‑н. за кошт іншых, пазбавіўшы каго‑н. чаго‑н. Трэба біць, біць іх больш, ворагаў, што хочуць украсці .. наша шчасце. Шамякін.
•••
З-пад сучкі яйцо ўкрасці — быць хітрым, вёрткім, з адчайна-зухаватымі выхадкамі.
У бога цяля ўкрасці — быць выключэннем сярод іншых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́па, -ы, мн. -ы, лап, ж.
1. Ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак.
Каціная л.
2. Аб руцэ або назе чалавека (разм.).
Вялізная л.
Брыдкія лапы.
3. Галіна хвойнага дрэва.
Пышныя лапы ялін.
4. Расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах для выдзірання цвікоў, а таксама інструмент з такім канцом (спец.).
5. Шып на канцы бервяна (спец.).
Рубіць у лапу.
◊
Даць у (на) лапу — падкупіць каго-н. (разм.).
Налажыць лапу на што-н. — захапіць што-н., падпарадкаваць свайму ўплыву (разм.).
Папасціся ў лапы каму-н. — апынуцца ў залежнасці ад каго-н. (разм.).
У лапах каго-н. — быць у поўнай залежнасці.
Хадзіць на мяккіх лапах — хадзіць цішком; выслужвацца перад кім-н. (разм., неадабр.).
|| памянш. ла́пка, -і, ДМ -пцы, мн. -і, -пак, ж. (да 1—3 знач.).
|| прым. ла́пны, -ая, -ае (да 1, 3 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)