се́рыя, ‑і, ж.

1. Шэраг аднародных прадметаў, якія маюць якую‑н. агульную прымету. Серыя станкоў. □ Раман «Зямля» з’явіўся пачаткам выдатнай серыі аповесцей і раманаў з жыцця беларускага народа. Адамовіч. // Паслядоўны рад якіх‑н. дзеянняў, падзей і пад. Серыя доследаў. Серыя гімнастычных практыкаванняў. Серыя выбухаў.

2. Шэраг вырабаў, машын, дэталей, зробленых па аднаму ўзору. Паравоз серыі ФД.

3. Частка вялікага кінафільма, якая дэманструецца самастойна на працягу цэлага сеанса. Кінафільм у дзвюх серыях.

4. Разрад, катэгорыя цэнных папер (грашовых знакаў, аблігацый ці дакументаў), якія абазначаюцца лічбамі або літарамі. Нумар і серыя бюлетэня. □ Дваццаць пяць тысяч! Я гляджу... нумар, серыя так і плывуць у мяне ў вачах. Рамановіч.

[Фр. série ад лац. séries.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зма́заць, змажу, змажаш, змажа; зак., каго-што.

1. Пакрыць слоем чаго‑н. тлустага, вадкага; памазаць. Змазаць лыжы. Змазаць пісталет. □ Медсястра таропка змазала ёдам скуру навокал раны. М. Ткачоў.

2. Сцерці, размазаць (пра што‑н. намаляванае, напісанае і пад.). Змазаць фарбу рукой. // Зрабіць некантрастным, расплывістым (пераважна пры фатаграфаванні).

3. і без дап. Разм. груб. Моцна стукнуць (па твары, вуху і пад.). — Вось я ўжо калі-небудзь ды змажу,.. месца жывога на табе не пакіну. Лынькоў.

4. Разм. Запэцкаць, вымазаць што‑н. Змазаць сукенку.

5. Зрасходаваць на змазку, змазванне. Змазаць увесь дзёгаць.

6. перан. Разм. Пазбавіць эфекту; сапсаваць, звесці на нішто. [Міхась] думаў, што ўсе пачнуць хваліць хараство верша, захапляцца трапнасцю дэталей... Ажно гэты дзядзька Лявон змазаў усё. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блок 1, ‑а, м.

Прасцейшае прыстасаванне для падняцця грузаў у выглядзе кола з жолабам, цераз якое перакінуты вяроўка, канат або ланцуг.

[Англ. block.]

блок 2, ‑а, м.

Аб’яднанне дзяржаў, палітычных партый, груповак для сумесных дзеянняў. Ваенны блок. Блок камуністаў і беспартыйных.

блок 3, ‑а, м.

1. Частка якой‑н. пабудовы, прылады, машыны і пад., якая сама складаецца з дэталей, элементаў. Блок цыліндраў. Блок матора. □ [Максім:] — Сам жа [Косця] прасіў паказаць будаўніцтва суцэльнымі блокамі. Грамовіч.

2. Штучна зроблены з бетоннай сумесі будаўнічы камень у выглядзе вялікай цагліны. Пустацелы блок. Шлакабетонны блок.

3. Комплекс будынкаў, якія маюць аднолькавае прызначэнне. Блок цэхаў жалезабетонных вырабаў. Хірургічны блок. Лагерны блок. □ Блокамі называюць баракі. Іх дзесяткаў чатыры, усе выходзяць тарцамі на адзіную вуліцу. Карпюк.

[Фр. bloc — аб’яднанне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпень, шпяня; мн. шпяні, ‑ёў; м.

1. Спец. Стрыжань падоўжанай цыліндрычнай ці чатырохграннай формы на паверхні дэталі, які ўваходзіць у паглыбленне другой дэталі для змацавання. Раніцою шпяні паступалі з перабоямі, давялося бегчы ў .. аддзяленне, званіць у камітэт камсамола — узнімаць бучу. Карпаў. // Завостраны стрыжань для насаджвання чаго‑н. Цяпер .. [Зіна] сядзела за столікам, дзе была раздатачная, і на вострыя, як шыла, шпяні натыкала чэкі, што брала ад афіцыянтак. Грамовіч. // Пра тое, што сваім знешнім выглядам, формай нагадвае такі стрыжань. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні, дзе .. выступалі адны толькі парыжэлыя купіны.. ды высокія шпяні алешын. Колас.

2. Частка ліцейнай формы, якая служыць для атрымання ўнутранай поласці адліўкі. На нашым участку мы робім шпяні для адліўкі дэталей аўтамабіляў. «Работніца і сялянка».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

партрэ́т, ‑а, М ‑рэце, м.

1. Малюнак, рысунак, вялікая фатаграфія чалавека або групы людзей. Скульптурны партрэт. □ На адной сцяне віселі партрэты Карла Маркса і Леніна. Колас. Змітрок і Таня разам глянулі на сцяну, дзе побач з партрэтам бацькі з нядаўняга часу вісеў і матчын партрэт. Ваданосаў. // Разм. Пра таго, хто вельмі падобны да каго‑н. — [Дачка] у яго адна была і, акрамя таго, — выліты партрэт нябожчыцы-жонкі. Мележ.

2. Апісанне знешнасці персанажа ў літаратурным творы. Вось як жывога, дзядзьку бачу. Я тут партрэт яго зазначу. Ён невысок, не надта ёмак. Колас. // Характэрныя рысы, агульная характарыстыка каго‑, чаго‑н. Часта з адзінкавых трапных дэталей або асобных персанажаў ствараецца калектыўны партрэт воінскай масы, народа. Дзюбайла.

•••

Кабінетны партрэт — фатаграфія пэўных памераў (18×24); невялікі партрэт.

[Фр. portrait.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядло́, а́; мн. сёдлы (з ліч. 2, 3, 4 сядлы́), ‑аў; н.

1. Сядзенне для конніка, якое мацуецца на спіне каня, асла і пад. Сядло на кані пабялела ад снегу: коннік гадзіны тры не сядзеў на ім. Мележ. Набыць адразу так шмат сёдлаў і адпаведных коней было даволі нялёгка. Брыль. Ваяка меў цудоўнага каня. На тым кані ён вецер абганяў. Сядло ўсё пазалочана на ім, вуздэчка ўся ў зіхценні залатым. Дубоўка. // Скураное сядзенне матацыкла, веласіпеда. Рэзка тузануўшы нагою рычаг, Казімір завёў матацыкл, сеў на сядло. Краўчанка.

2. Назва розных дэталей для апоры, насадкі чаго‑н. Сядло клапана.

3. Прадаўгаватая ўпадзіна між дзвюма вышынямі ў горным хрыбце. Сядло Эльбруса.

•••

Выбіць з сядла гл. выбіць.

Як свінні сядло (падыходзіць) — зусім не пасуе (не падыходзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́ба, ‑ы, ж.

Абл. Рабрына. Паламаны скабы і крануты лёгкія... З парванымі лёгкімі многа не нахліпаеш... Пташнікаў. / Пра вельмі худую жывёлу. Пасля таго як тут прайшоў фронт, .. [каня].. — адны скабы — калгаснікі падабралі на дарозе. Сабаленка.

скаба́, ы́; мн. ско́бы, ‑аў; ж.

1. Сагнутая паўкругам металічная паласа, якая ўбіта ў што‑н. і служыць для прымацавання чаго‑н., трымання, апоры пры пад’ёме і пад. Спускавая скаба. □ Ціхон сам зрабіў з тоўстага дроту скабу і забіў яе ў шула. Пальчэўскі. Падышоў да краю пляцоўкі, намацаў скобы на вагоннай сцяне і, як па лесвіцы, палез на дах. Карпаў. // Сагнутая пад вуглом жалезная паласа ці дрот, што служаць для сашчаплення якіх‑н. частак. Сашчапленне бярвення скобамі.

2. Разм. Тонкая падковападобная металічная пласцінка, якая набіваецца на абцасы абутку; падкоўка.

•••

Вымяральная скаба — падковападобны інструмент для кантролю размераў дэталей машын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тале́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Сталовая пасуда круглай формы з шырокім дном і прыўзнятымі краямі. Дэсертная талерка. □ Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю .. і селі піць чай. Колас. На талерках дыміцца лёгкай парай вараная ружаватая трусяціна. Навуменка. // Колькасць стравы, якая ўмяшчаецца ў такую пасуду. [Дзядзька:] — Была б у калгасе сталовая, то капусты б міску вычарпаў, адбіўную б умяў ці верашчакі б талерку блінамі вымачаў. Бялевіч. У міг з’явіўся на стале «журавель» з гарэлкай, а поруч з ім міска мёду і талеркі маласольных агуркоў. Васілевіч.

2. толькі мн. (тале́ркі, ‑рак). Ударны музычны інструмент, які складаецца з двух металічных дыскаў. Аркестравыя талеркі.

3. Спец. Назва розных дэталей, якія маюць форму дыскаў. Буферныя талеркі.

•••

Не ў сваёй талерцы — у нязвычным стане, не ў звычайным для сябе настроі.

[Ад ням. Teller.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ато́са (БРС), ато́с (Шат.), отʼо́са (Маслен.), ато́снік ’канец атосы’ (Маслен., Бяльк.), ато́ска, атосіна (Нас., Бяльк.), заотʼосник, наотʼосник, приотʼосник (Маслен.). Рус. дыял. паўд.-зах. отоса, отос, атос, атосы, атоса, укр. отеса, отісонька, польск. ociosy, otos(a), odos. Ст.-бел. отосе (1643). Паходжанне спрэчнае. Паводле Даля — з спалучэння от оси; Сцяц. (Слозаўтв., 177) лічыць прэфіксальным, у карысць чаго падосак ’дэталь воза’ (Касп.), польск. форма odos і шэраг іншых польскіх прэфіксальных назваў дэталей воза: nadośka, naośnik, zaośnik, podośnik. Супраць формы тыпу ацёса і пад. Таму нельга выключыць, што гэта народная этымалогія. Насовіч (Сб., 377), Атрэмбскі (SOc., 19, 457), Фрэнкель (756), Лаўчутэ (Kalbotyra, XXII (2), 83) і інш. (агляд — Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 84) лічаць запазычаннямі з літ. atãsaja, atãseja, лат. atsèja. Яблонскіс (296) уключыў слова атоса ў спіс «прапушчаных і няясных слоў». Супрун (Лекс. балтызмы, 43), Урбуціс (Baltistica, V (2), 1969, 161) далучаюць атоса да праблематычных балтызмаў. У сувязі са спробамі этымалагізацыі слова на славянскім грунце трэба ўлічыць яшчэ натоснік (Мядзв.) ’тое ж, што атоснік’ — ’канец атосы’; стос(а) частка воза’, укр. бойк. затоса ’атоса’ (Кміт па вусн. павед. Краўчука), што можа звязаць слова з коранем *tos‑, *tъs‑, а таксама словы тыпу рус. потесь ’гатунак вясла’, ст.-рус. потесъ ’зарубка’, што можа звязаць з коранем *tes‑ (цясаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ху́ткасць, ‑і, ж.

1. Ступень скорасці руху каго‑, чаго‑н. або распаўсюджання чаго‑н. Хуткасць палёту. Хуткасць святла. Хуткасць гуку. □ Ехалі з хуткасцю шэсцьдзесят кіламетраў у гадзіну. Гурскі. Поезд раптам здрыгануўся, зноў заляскаў буферамі, .. а потым марудна пачаў набіраць хуткасць. Кулакоўскі.

2. Ступень скорасці, з якой адбываецца якое‑н. дзеянне, працэс. Хуткасць рэзання. Хуткасць стральбы. □ Асаблівы непакой выклікаў той факт, што хуткасць асядання такой вялікай плошчы паверхні зямлі ўсё больш і больш паскараецца. Матрунёнак.

3. Ступень скорасці дастаўкі грузаў. Адправіць груз малой хуткасцю.

4. Ступень скорасці руху або вярчэння некаторых машын, якая залежыць ад парадку ўзаемадзеяння дэталей каробкі скорасцей. Уключыць хуткасць. □ [Ячны:] — Эй ты, Ластаўка! Трэцюю хуткасць уключым. Пайшла!.. Брыль. Так, ці даўно.. [Чыкуноў] як аб вялікім дасягненні пісаў вось аб гэтай канструкцыі механізма пераключэння хуткасці станка? Васілёнак.

5. У механіцы — адносіны пройдзенага целам шляху да адпаведнага прамежку часу. Раўнамерная хуткасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)