пасі́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Неактыўны, неэнергічны; абыякавы да ўсяго; проціл. актыўны. «Пасіўнае чаканне — вялікае глупства», — падумаў Ярохін. Шамякін. Сам жа Лабановіч на гэты раз, як бяспраўны настаўнік, сядзеў далей ад стала экзаменатараў у якасці старонняга і пасіўнага наглядальніка. Колас. На змену пасіўнай жальбе прыйшоў пратэст і жаданне волі, глыбокі голас, ускалыхнуты непадробнай страсцю, загучаў па-новаму. Васілевіч.
2. Спец. Які мае адносіны да пасіву (у 2 знач.).
3. Спец. Які мае адносіны да пасіву (у 3 знач.). Пасіўная канструкцыя.
•••
Пасіўны баланс гл. баланс 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасаро́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго.
1. Зрабіць так, каб было сорамна каму‑н.; пасарамаціць. Данілка хацеў пасароміць хлапчукоў, але яго апярэдзіў сусед. Кавалёў. Маша знайшла конюха і пасароміла яго за.. [дрэнныя] сані, загадала зацягнуць іх на вышкі. Шамякін. — Ты ведаеш, як пасароміў мяне гэты малады чалавек? — звярнуўся Аркадзь Цімафеевіч да Веры Васільеўны і расказаў, як Андрэй вырашыў асушыць Галы. Дуброўскі.
2. Зняславіць, абняславіць. Вучань я быў кемлівы, настаўніка не пасароміў. Шамякін. Сэрца маці згаджалася, а розум пратэставаў, баяўся, каб, крый божа, не нарабіла глупства па дурноце... Не пасароміла б сябе і яе, матку... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Базі́каць ’гаварыць тое-сёе; плясці глупства, пустасловіць’ (Нас.), базы́каць ’гаварыць абы-што’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Параўн. рус. дыял. базли́ть, базла́нить, база́нить ’крычаць’, бази́кать, базю́кать ’плявузгаць, гаварыць і г. д.’, укр. базі́кати ’плявузгаць’, базувать ’гаварыць’, ба́зі ’гутарка, базіканне’. Версій вельмі многа (агляд гл. Фасмер, 1, 106, параўн. і Бернекер, 47), але найбольш верагоднае, відаць, гукапераймальнае паходжанне гэтых слоў, як і грэч. βάζω ’базікаю, гавару’ (аб грэч. слове. гл. Фрыск, 1, 206–208, таксама Покарны, 91–92). З базі́каць, магчыма, звязана і базла́ць ’моцна крычаць’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́іць ’гаварыць, пускаць чуткі; малоць глупства, пустасловіць; расказваць казкі’ (Нас., Бяльк.), ба́яць (Шат., Касп.). Рус. ба́ить, ба́ять, укр. ба́яти ’апавядаць; вядзьмарыць’, польск. bajać, чэш. bájiti ’гаварыць’, балг. ба́я ’вядзьмару’, серб.-харв. ба̏јати ’тс’ і г. д. Прасл. bajati bajǫ да і.-е. *bhä‑ (: *bhō‑) ’гаварыць’: ст.-грэч. φημί, φᾱμί ’гавару’ φήμη, φᾱ́μα ’голас, чуткі’, φωνή голас’, лац. fāri ’казаць’, fāma ’слава, чуткі, апавяданне і г. д.’ Бернекер, 39; Фасмер, 1, 140; Кюнэ (Poln., 42) лічыць паланізмам (польск. bajanie) і аддзеяслоўнае ба́енне (Касп., Нас.). Няпэўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
авало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Захапіць, узяць сілай; завалодаць. Спроба ворага з ходу авалодаць пераправай.. не ўдалася. Брыль. // перан. Падначаліць сабе, падпарадкаваць свайму ўплыву. Авалодаць увагай.
2. Ахапіць, апанаваць (пра стан, думкі, пачуцці). Цяжкая стома авалодала ўсім целам, не хапала паветра. Гамолка. «Глупства ўсё гэта, не можа быць», — суцяшаў сам сябе Казімір, як бы баючыся таго новага пачуцця, што авалодала ўсёй яго істотай. Краўчанка.
3. Трывала засвоіць што‑н., навучыцца карыстацца, кіраваць чым‑н. Авалодаць англійскай мовай. Авалодаць агратэхнікай. Авалодаць станком.
•••
Авалодаць сабой — вярнуць страчанае самамавалоданне. Госць падаўся да дзвярэй, але зноў авалодаў сабою і спакойна сеў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Жвялі́ць ’бяззуба, комкаючы есці’ (мсцісл., Юрч. Сін., 80), жвяль, жвель ’выклічнік пра павольную яду’ (мсцісл., Нар. лекс., 175). В.-луж. zwalić ’гаварыць глупства’, славен. žveljáti ’есці марудна, перажоўваючы; нешта рабіць марудна’, серб.-харв. жва̀лити ’зацягваць цуглі; слінявіць, трымаючы ў губах (напр., люльку)’, балг. дыял. жваля ’перажоўваць’, жви́лим ’церці; піць’. Параўн. літ. žvelgseti ’многа гаварыць’ (Шырвід), лат. zvalkšét ’балбатаць, рабіць гук (пра падзенне прадмета і інш.)’ (Мюленбах-Эндзелін). У корані адлюстроўваецца, відаць, тое ж *žьv‑, што і ў жаваць (гл.), але адбывалася і кантамінацыя з гукапераймальным *žv‑ (параўн. жвякаць), прычым аснова ўтвараецца з рознымі галоснымі (a‑, ‑ě‑, ‑i‑) і зычным ‑l‑ (дэтэрмінатывам?).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
упа́ртасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць упартага (у 1 знач.). Упартасць старшыні, яго спакойная настойлівасць і бязлітаснасць да гультаёў натхнялі.. [калгаснікаў]. Шамякін. Камсамольцы і моладзь рэспублікі актыўна працуюць на буйнейшых новабудоўлях, з вялікай упартасцю змагаюцца за тэхнічны прагрэс. Машэраў. Шафёр круціць абаранак, думае аб здзіўляючай упартасці хлапца і, азірнуўшыся, ківае на яго забінтаваныя рукі. Ракітны.
2. Незгаворлівасць, імкненне рабіць што‑н. толькі па-свойму, наперакор каму‑н. [Барташэвіч] хадзіў па горадзе сам не свой і ўжо шкадаваў, што з-за нейкага там глупства, з-за ўпартасці пасварыўся з адзіным блізкім.. і дарагім чалавекам у Вільні. Карпюк. / у вобразным ужыв. Тры дні з упартасцю тупою Ліў дождж на лес і сенажаць. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Мелюзгва́, мілюзге́ча, мілюзня́ ’малеча (дзеці)’, ’дробязь, глупства’. Рус. мелюзга́, мелузга́ ’мальга’, цвяр. мелюза ’дробны акунь’, пск., цвер. мелю́зговатый ’дробны’, цвяр. мелюно́к ’дробная рыба’. Балтызм. Параўн. лат. maĩle ’малеча моль-рыба’, літ. máila, zmaila ’тс’, maĩlius ’дробная рыба драбната’, а таксама рус. мель ’тс’, мелёк, мели́к ’дробна акунь’, укр. мілька ’тс’ (Буга, Rinkt., 1, 464). Аднак Фасмер (2, 596) суадносіць з рус. мелкий, мелю, што можна разглядаць як народную этымалогію. Нарашчэнне асновы ‑ʼуз‑ надае аснове дадатковае адценне ’дрыжаць, мільгаць’ (параўн, рус. арханг. мельзить ’здавацца дрыготкім’, ’мільгаць ва ўяўленні’, пск., цвяр. мелюзить ’мітусіцца, надакучліва мільгацець перад вачыма’. Зборныя суфіксы ‑г‑в‑а, ‑ня, ‑еча параўн. у мальга́ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трынь-трава́, сін. тынь-трава́ ‘глупства, нічога не вартая рэч або справа’ (Нас.). Сюды ж адносяць і трын-трава (гл.). Параўн. рус. варонеж. трынь‑трава́ ‘пра нягоднага, дрэннага чалавека’ (1848 г., СРНГ). Нягледзячы на шматлікія спробы этымалагізацыі, застаецца «цёмным» словазлучэннем, асабліва адносна першай часткі, гл. Фасмер, 4, 112. Пры ўліку адмоўнай характарыстыкі найбольш прымальнай застаецца сувязь з тры́на ‘сенная труха’ (гл.), параўн. укр. три́нити ‘пераўтвараць у труху’, г. зн. ‘перацёртая трава’, гл. Кошалеў, Език и литература, 1964, 4, 101–106. У рамках падобнага падыходу Арол (4, 111) збліжае архаізм трынь з літ. trũnys ‘гнілы, збуцвелы’ роднасным з *tryti ‘церці’ (Смачынскі, 692). Гл. і тынь-трава.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
апраўда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Даказаць чыю‑н. невінаватасць. [Шашы] хацелася апраўдаць Максіма. Шамякін. // Вынесці прыгавор, які заключае прызнанне падсуднага невінаватым.
2. Даказаць магчымасць чаго‑н. [Лабановіч:] — Калі за прыродаю пайсці, то можна апраўдаць рознае глупства, асабліва, калі пры гэтым пачнеш яшчэ патураць сабе. Колас. // Паслужыць асновай для апраўдання чаго‑н. Памог выпадак, які паклаў канец ваганням Веры Антонаўны і крыху апраўдаў яе ў вачах Васіля Пятровіча. Карпаў.
3. Праявіць сябе вартым чаго‑н. Умей адважна, друг, змагацца І ворагаў перамагаць, Каб добры гонар сына працы Жыццём і смерцю апраўдаць. Глебка.
4. Кампенсаваць, акупіць. [Осіпава:] — Больш, хоць забі, не дам. А то і ягад сваіх не апраўдаю. Пятніцкі.
5. Афіцыйна пасведчыць дакументамі зробленым выдаткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)